Адну са сваіх кніг Яўген Еўтушэнка назваў «Беларуская крывінка».
Пра тое, што зьвязвала знакамітага Яўгена Еўтушэнка зь Беларусьсю, «Свабода» пагутарыла з паэтам Уладзімерам Някляевым.
— Уладзімер Пракопавіч, перад нашай гутаркай я праглядзеў многія расейскія сайты і зьдзівіўся, як стрымана адрэагавала расейская эліта на сьмерць паэта, якога ўсё ж ведае кожны адукаваны чалавек у Расеі. У чым прычына такой стрыманасьці?
— Еўтушэнка — складаная постаць ня толькі ў расейскай паэзіі, але і ў найноўшай гісторыі Расеі. Я ня ведаю ў гісторыі сусьветнай літаратуры выпадку, калі б выраблялі чучала, падобнае да нейкага літаратара, і спальвалі яго. А чучала Еўтушэнкі спалілі ў Маскве, у двары Саюзу пісьменьнікаў. Гэта было ў пачатку вострых 90-х гадоў. Еўтушэнка быў голасам «шасьцідзесятнікаў», голасам часу, які называўся «адлігай», ён быў голасам перабудовы, ён не маўчаў і ў застойныя брэжнеўскія гады. Яго голас ня быў голасам палітыка ці дысыдэнта, гэта быў голас паэта. Сёньня ў Расеі падняліся на паверхню людзі, якія тое, што зрабіў Еўтушэнка, сталі прытоптваць. Але ўсё, што ён рабіў, па ягоным перакананьні, працавала на карысьць Расеі, на карысьць расейскай літаратуры. Ён памыляўся, іншым разам лез не туды і крычаў ня тое, але ўсё гэта было шчырым. У яго была неверагодная слава, такой славы ўжо больш ні ў каго ня будзе. Аднойчы Яўген спытаўся ў мяне (неўзабаве пасьля таго спаленьня ў двары Саюзу пісьменьнікаў): «Валодзя, за што ж мяне так ня любяць?» І я адказаў: «Зайздросьцяць!» Ён усьміхнуўся: «Ну тады я іх разумею. Іншым разам я сам сабе зайздрошчу». Ацэнка Еўтушэнкі як паэта, як грамадзяніна, які цягнуў на сабе неверагодны літаратурны і грамадзянскі цяжар, яшчэ наперадзе. Прыйдуць нашчадкі, незаангажаваныя ў сёньняшнім часе, у сёньняшніх разборках, хто першы, хто другі, і я перакананы, што ўсе яны падымуць рукі за паэта Яўгена Еўтушэнку.
— У сьнежні 2010 году, калі вы знаходзіліся ў сьледчым ізалятары КДБ, Еўтушэнка праз расейскае тэлебачаньне зьвярнуўся да кіраўніцтва Беларусі з даволі рэзкім патрабаваньнем вызваліць паэта Някляева. Потым яго зварот перадрукавалі многія СМІ. Наколькі важным быў для вас гэты чын салідарнасьці?
— Пра яго я даведаўся абсалютна выпадкова. Быў дзяжурным па камэры і, выносячы сьмецьце, у скрыні, куды выкідваліся скарыстаныя ў прыбіральні паперы, убачыў адарваны шматок газэты, на якім прачытаў: «Твой брат Евгений Евтушенко». Пасланьне тое заканчвалася словамі: «Держись, Володя!». Тады я паверыў у існаваньне цэхавага паэтычнага братэрства, пра якое мы зь Еўтушэнкам часта размаўлялі, калі я яшчэ вучыўся ў маскоўскім Літінстытуце. А тады, у 2010-м, ён паступіў як сапраўдны сябар і брат. Сяброўству і братэрству ён быў верны ўсё жыцьцё. Колькі ён дапамагаў другім! Паверце, ніхто не зрабіў столькі для іншых паэтаў, колькі зрабіў Еўтушэнка. Я маю на ўвазе ня толькі ягоныя паэтычныя анталёгіі, над якімі адмыслоўцы вачыма лыпалі: дзе ён адкапаў столькі невядомых імёнаў?! А і сапраўды наадкопваў.
— Вы згадалі свае літінстытуцкія часы. Наколькі я ведаю, вы тады стаялі на моўным раздарожжы. А Еўтушэнка не агітаваў вас пісаць па-расейску?
— Вось чаго не было, таго не было. Іншая рэч, што ён мяне моцна ўцягваў у жывую расейскую літаратуру. Увогуле, упершыню я пачуў Еўтушэнку яшчэ да Літінстытуту, у 1961 годзе, мне тады было гадоў пятнаццаць. Я прыехаў у Менск паступаць у тэхнікум сувязі, прачытаў у газэце пра паэтычныя выступы ў Маскве, зарабіў грошай на разгрузцы вагонаў і паехаў зь сябрам у Маскву. І мы былі на плошчы Маякоўскага, слухалі Еўтушэнку, Вазьнясенскага, і я быў уражаны неверагодна. Прыехаў хлопчык з маленькага гарадка, а тут стаіць Маякоўскі, тлум народу, паэты выступаюць — усё гэта паўзьдзейнічала на мяне, як мала які твор мастацтва.
— Адна з кніг Еўтушэнкі называлася «Беларуская крывінка». Пра свайго дзеда-беларуса ён неаднойчы згадваў у друку. Але як глыбока ў ім жыло тое беларускае? Скажам, як ён ставіўся да незалежнасьці Беларусі?
— Сказаць папраўдзе, асаблівых посьпехаў у агітацыі за незалежнасьць і эўрапейскі шлях Беларусі я не займеў. Еўтушэнка, трэба сказаць, ня быў паэтам імпэрскім, але быў такім...
— Такім савецка-саюзным?
— Магчыма, савецка-саюзным. Вялікая прастора ад Сахаліну да Берасьця была ягонай прасторай. І меншай яму ня трэба было, у меншай ён пачынаў быццам трохі задыхацца. Але на беларускую незалежнасьць ён не пасягаў. Калі ён пазалетась апошні раз прыяджаў у Менск, у адным зь інтэрвію ў яго пра нешта падобнае спыталіся. І ён адказаў, маўляў, я ведаю, што ў Беларусі ідуць працэсы нацыянальнага будаўніцтва, што вы хочаце адысьці ад Расеі ў Эўропу. Гэта вашая справа, і я ні ацэньваць яе, ні даваць нейкіх парадаў ня буду. Як вы самі вырашыце, так і рабіце. Тое самае ён увесь час казаў мне: «Валодзя, ты меў шанец стаць вялікім расейскім паэтам, але ты выбраў іншы шлях. Гэта твой выбар, і я да яго ніякіх прэтэнзій ня маю».
— У апошні прыезд Еўтушэнкі ў Менск у яго была вечарына ў менскай філярмоніі і — сустрэча з Лукашэнкам. Якія ў іх маглі быць агульныя інтарэсы? Ён жа ведаў, хто засадзіў вас за краты ў тым жа 2010-м.
— Мы зь Еўтушэнкам пасьля тае вечарыны доўга прагаварылі ў кавярні. Ён адразу спытаўся: «Як ты думаеш, чаго я прыехаў?» — «На паэтычную сустрэчу — звычайная для цябе справа». — «Не. Я прыехаў, па-першае, з-за Ўкраіны, па-другое, з-за цябе. Заўтра я сустракаюся з Лукашэнкам і найперш буду размаўляць зь ім пра Ўкраіну, бо я спаць не магу, я пісаць не магу, я не разумею, як усё гэта магло стацца, як усе раптам звар’яцелі. Для яго ўкраінская праблема было вельмі балючай, і нехта яму ў Маскве нагаварыў, што Лукашэнка, які ўжо тады заняў нішу перамоўніка, мае на ўкраінскія падзеі нейкі ўплыў. А пасьля Еўтушэнка дадаў: «Цябе пасьля 2010 году не пакінулі ў спакоі, не выдаюць у Беларусі, нікуды не пускаюць, і я паспрабую выправіць становішча». На што я адразу сказаў: «Жэня, Украіна, я разумею, — сьвятое. Любыя праблемы, якія ты лічыш важнымі, абгаворвай з Лукашэнкам. Але пра мяне я цябе прашу нават не заікацца». Еўтушэнка пагадзіўся: «Добра, калі ты ня хочаш, ня буду». Але пасьля патэлефанаваў ужо з Масквы: «Я нібы не стрымаў слова, але Лукашэнка сам пачаў. Маўляў, «я ведаю, ты зь Някляевым сябруеш, дык і я ж некалі зь ім сябраваў, а ён наша сяброўства не ацаніў і перайшоў на другі бок. Але калі ён перадумае, няхай прыходзіць, я зла на яго не трымаю. Гэта яго нехта загітаваў, падгаварыў і абдурыў, як хлопчыка». Гэта мяне, які жыцьцё пражыў, абдурылі, як хлопчыка... Я пасьля Еўтушэнку расказаў, як усё было, як Лукашэнка абдурыў і мяне, і шмат каго яшчэ, і, самае галоўнае, як ён абдурыў беларусаў і Беларусь.
— У сеціве ў апошнія дні зь вершаў Еўтушэнкі найчасьцей сустракаюцца «Бабін Яр» і «Танкі ідуць пра Празе», напісаныя яшчэ ў 60-я гады. Я іх чытаю і не магу зразумець, як яму такое сыходзіла з рук? Не саслалі, ня выслалі...
— Вось тады і ўзьнікла неўміручая легенда, а па-сутнасьці плётка пра супрацоўніцтва Еўтушэнкі з КДБ. Маўляў, нікому не дазваляецца тое, што дазваляецца яму, такое піша і — выязны, і не пакараны. Не па той прычыне Еўтушэнку дазвалялася тое, што не дазвалялася нікому. Проста нехта адзін мусіў быў і такім. Гэта прынцып любой таталітарнай сыстэмы. Неабходна выпускаць пару. Нават пры Сталіне быў Талстой (яго называлі «чырвоным графам»), які ў Парыжы выказваўся так, што яго можна было расстраляць па прыезьдзе ў СССР, а яго прымалі, зь ім пілі каньяк і закусвалі ікрой.
— У біяграфіі Еўтушэнкі ёсьць яшчэ адзін беларускі эпізод. Пасьля менскай прэм’еры Трынаццатай сымфоніі Шастаковіча, напісанай паводле «Бабінага Яру», у ЦК КПСС паступіў данос ад аднаго беларускага пісьменьніка-камуніста. Ён захаваўся ў маскоўскім архіве і апублікаваны ў еўтушэнкаўскай кнізе «Шасьцідэсантнік» (2006). А ці абмяркоўвалі вы гэты эпізод?
— Абмяркоўвалі. Той ліст у ЦК КПСС напісаў някепскі драматург, прыстойны, як мне ўяўлялася, чалавек, які блізка сябраваў з Генадзем Бураўкіным, Мікалай Матукоўскі. Ён і зь Еўтушэнкам быў добра знаёмы, сустракаў яго, калі той прыяжджаў у Менск, запрашаў дахаты, дзе накрываўся стол, вяліся размовы. А пасьля зьявіўся тэкст, які, кажучы папросту, быў падобны на прынцыповы партыйны данос. Маўляў, Еўтушэнка і Шастаковіч напісалі сымфонію-араторыю, і ў час яе выкананьня ў Менску негабрэі коса пазіралі на габрэяў... Пасьля Еўтушэнка мне расказваў, як яны з Матукоўскім езьдзілі на магілу бабулі паэта ў вёску Хомічы на Гомельшчыне. «Ён стаяў са мной у абдымку над магілай і плакаў. Дык калі ён быў шчыры — тады, калі пісаў данос, ці калі плакаў?» — пытаўся ў мяне Еўтушэнка. І я адказаў: «Відаць, у абодвух выпадках быў шчыры. Такі ўжо мы, беларусы, народ».
— Вы згадвалі еўтушэнкаўскія паэтычныя анталёгіі. Мне Ігар Шклярэўскі падараваў адну зь іх — чатыры таміны «Дзесяць вякоў расейскай паэзіі», якую сам складальнік называў «мая ўласная піраміда Хеопса». Ад «Слова пра паход Ігаравы» да нашых дзён. А ці ведаў Еўтушэнка беларускую паэзію? Ці чытаў каго, апрача Някляева?
— Ён чытаў у маёй прысутнасьці вершы на беларускай мове — гэта было ў Віцебску. Чытаў на памяць верш Багдановіча: «І куды мы сьпяшаемся так, / надрываючы ўсе свае сілы, / калі ціха паўзучы чарвяк / нас дагоніць на краю магілы». Казаў, што гэтыя чатыры радкі сьведчаць, што ў беларускай паэзіі быў геній. А яшчэ ён любіў Барадуліна, Стральцова, Караткевіча. Яго цікавіла наша паэзія, бо ён жа дэкляраваў сваю беларускасьць. Ён і ў мяне некалькі вершаў выбраў і пераклаў. Праўда, пасьля цытаваў як сваё, як лепшыя ўзоры, гэта за ім вадзілася. Ён быў добры, вясёлы, любіў, калі яго кахалі прыгожыя жанчыны. Ён ішоў адкрыта да людзей і быў удзячны многім, менш яму былі ўдзячныя.
— Нават былыя сябры. Нядаўна па адным з расейскіх тэлеканалаў ішоў сэрыял, зьняты па рамане Васіля Аксёнава «Таямнічая жарсьць», пра паэтаў-шасьцідзясятнікаў. Там Еўтушэнка фігуруе як Ян Тушынскі і выглядае даволі карыкатурна.
— Я змог паглядзець тое кіно хвілінаў дзесяць — мыльная опэра. Людзі абсалютна не разумелі, што яны здымалі, каго яны здымалі. Еўтушэнку вельмі не спадабаўся раман Аксёнава. Я некалькі разоў чуў ад яго: «Што Вася напрыдумляў?! Ён выставіў наша літаратурнае братэрства ў нейкім вадэвільным сьвятле». І ў дадзеным выпадку Яўген не за сябе перажываў. Скажам, яму было крыўдна за Бэлу Ахмадуліну, за Робэрта Раждзественскага. Ды і за Вазьнясенскага. Яны ў рамане паказаныя зусім не такімі, якімі былі ў жыцьці. Гэта Аксёнаў так да іх ставіўся. Што ж, ён не стаяў на сцэне так, як стаялі тыя чацьвёра, ён ня быў у ліку тых, пра каго Вазьнясенскі пісаў: «Нас многа, нас, мабыць, чацьвёра». Усе астатнія былі трошкі збоку.
— Жаданьне Еўтушэнкі быць пахаваным поруч з Барысам Пастарнакам, яно правамернае?
— Я ня ведаю другіх паэтаў, каго б Еўтушэнка так любіў, як Пастарнака. І ягонае жаданьне вынікае зь любові да свайго куміра, а не з таго, каб зь ім зраўняцца, як гэта цяпер стараюцца падаць. Калі ўсё ж іх параўнаць... Пастарнак — гэта адпаліраваная паэзія, у кожным сваім вершы, у кожным радку. У Еўтушэнкі гэтага, безумоўна, няма, тут ён прайграе. Але Еўтушэнка выйграе ва ўплыве ім зробленага. Ён не атрымаў Нобэлеўскай прэміі, але я ня памятаю, каб ён выказаўся на адрас нейкага нобэлеўскага ляўрэата зь непавагай. Ён казаў: «Валодзя, Нобэль — гэта лятарэя. Я выйграю ў іншым месцы». Еўтушэнка, безумоўна, паэт часу. Але ён настолькі моцны і запатрабаваны паэт свайго часу, што застанецца разам з гэтым часам у гісторыі той краіны, у якой ён пісаў, кахаў, сябраваў і жыў.