Як прадстаўнікі слаўнага роду захавалі духоўную сувязь з гістарычнай радзімай.
Сёння прадстаўнікі княжацкага роду Сапегаў жывуць па ўсім свеце, яны захавалі духоўную сувязь з гістарычнай радзімай і шануюць свайго знакамітага беларускага продка — канцлера Льва Сапегу, які нарадзіўся 460 гадоў таму.
Сапегі зрабілі вельмі шмат для старажытнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Самым знакамітым прадстаўніком гэтай сям’і быў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Таленавіты дзяржаўнік, дальнабачны палітык, князь Леў стаў аўтарам першай еўрапейскай канстытуцыі — Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Дарэчы, гэты збор законаў дзейнічаў на беларускіх землях да першай паловы ХІХ стагоддзя, амаль два з паловай стагоддзя.
Ружаны ў валоданні Сапегаў апынуліся ў 1598 годзе, калі Леў Сапега набыў гэты маёнтак разам з суседнімі фальваркамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Ружан змянілася шэраг гаспадароў. За тое, што Сапегі падтрымалі інсургентаў падчас паўстання 1830–1831 гг., усе «сапежынскія ўладанні» былі рэквізаваны расійскімі ўладамі.
ХХ стагоддзе знесла з карты свету імперыі, на змену якім прыйшлі нацыянальныя дзяржавы. Ружаны апынуліся ў складзе адроджанай Польшчы. Спачатку 1920-х гадоў свае правы на Ружанскі палац заявіў міністр замежных спраў Польшчы Яўстафій Каэтан Сапега. Аб гэтым чалавеку варта расказаць падрабязней. Князь нарадзіўся ў 1881 годзе ў Заходняй Украіне, але пасля вучобы перабраўся на Гарадзеншчыну. З 1916 года актыўна заняўся палітыкай. Цесна ўзаемадзейнічаў з Юзэфам Пілсудскім. У лістападзе 1918 года Сапега ўзначаліў Камітэт абароны ўсходніх крэсаў. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне. Аднак доўга паваяваць не ўдалося. Хутка князя Сапегу накіравалі ў Лондан у якасці польскага амбасадара ў Вялікабрытаніі.
4 чэрвеня 1920 года Яўстафій Сапега ўдзельнічаў у падпісанні Трыанонскага трактату — мірнай дамовы паміж краінамі Антанты і Венгрыяй, а літаральна праз пару тыдняў князь быў прызначаны міністрам замежных спраў Польшчы. Дзякуючы яго дыпламатычнай актыўнасці Польшчы ўдалося заключыць саюзніцкія дамовы з Францыяй і Румыніяй.
У 1921 годзе Сапега прадстаўляў інтарэсы Польшчы на мірных перамовах з Літвой. Аднак неўзабаве ў сувязі з крытыкай з боку нацыянал-дэмакратаў князь вымушаны быў пакінуць пасаду міністра. Зрэшты, з палітыкі Сапега не сышоў. У 1920-я гады ён абіраўся дэпутатам польскага сейма.
Дзякуючы яго намаганням у адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам ад 1921 года з савецкай Расіі атрымалася вярнуць вялікую колькасць «сапежынскіх» багаццяў, выкрадзеных Расійскай імперыяй у ХІХ стагоддзі. Сын міністра Ян Анджэй Сапега, будучы па адукацыі інжынерам, пачаў прыводзіць у парадак маёнтак. Разам з малодшым Сапегам ў Ружаны прыехала і яго жонка Марыя. Жанчына нарадзілася ў 1914 годзе пад Замосцем, але Ружаны сталі для яе другой радзімай. Неўзабаве ў гэтай пары з’явіліся нашчадкі: у 1935 годзе нарадзіўся сын Ян, а праз два гады яшчэ адзін хлопчык, якога назвалі Ежы.
Ян Анджэй Сапега ў 1929–1930 гадах скончыў Кавалерыйскую школу падхарунжых рэзерву і адслужыў у 1-м уланскім Крэхавецкім палку. У 1933-м маладому князю было прысвоена званне падпаручніка. Будучы прафесійным інжынерам лясной прамысловасці, Ян Анджэй актыўна займаўся развіццём Ружанскай пушчы. Маладая князёўна Марыя арганізавала ў Ружанах школу для мясцовых жанчын, якую наведвалі і мясцовыя беларускія сялянкі.
Мірнае жыццё ў Ружанах
Па ўспамінах відавочцаў, багацце Сапегаў у вочы не кідалася. Князі жылі ў вялікім двухпавярховым драўляным доме, у якім было 14 пакояў. На сценах дома віселі паляўнічыя трафеі, а на падлозе ляжалі шкуры мядзведзяў. Каля параднага ўваходу была разбіта вялікая круглая клумба з жоўтай пясочнай дарожкай вакол. За домам знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы і лядоўня.
Сапраўднай гаспадыняй дома была князёўна Марыя Сапега. Яна любіла ладзіць прыёмы, на якія прыязджалі не толькі прадстаўнікі знатных польскіх сем’яў, але і госці з іншых еўрапейскіх дзяржаў. Частымі у Ружанах былі княжацкія палявання, пасля якіх Сапегі частавалі гасцей вытанчанымі стравамі. Усё як у часы Вялікага Княства Літоўскага. Для княжацкага стала ў асноўным выкарыстоўвалі прадукты мясцовай вытворчасці, аднак каву і сметанковае масла заказвалі са Швейцарыі. Вось такое сціплае абаянне польска-беларускай буржуазіі.
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў міністра Яўстафія Сапегі асабістым кухарам быў беларус са Скідзеля — Ян Цыдзік. Гэта быў высокаадукаваны і добра выхаваны чалавек. Па ўспамінах яго дачкі, працаваць Цыдзіку даводзілася шмат, князі любілі добра прыгатаваную ежу, але затое шчодра аплачвалі працу беларускага кухара. Акрамя гэтага, Сапегі аплачвалі і арэнду дома, у якім жыў з сям’ёй іх асабісты кухар. На святы, Каляды і Новы год кухар атрымліваў «бонус» у выглядзе прэміі і падарункаў. Сапегі часта наймалі беларускіх сялян на розныя працы і шчодра плацілі ім за выкананую працу. Выплаты праводзіліся па суботах і без затрымак.
Вераснёўская трагедыя
Пасля нападу Германіі на Польшчу Ян Анджэй Сапега быў прызваны ў армію і з першага дня ўдзельнічаў у вайне супраць нацыстаў. У Ружанах засталася яго жонка з маленькімі дзецьмі. Пасля 17 верасня мірныя некалі Ружаны ператварыліся ў бурлівы кацёл. На вуліцах раптам з’явіліся людзі з чырвонымі апаскамі на рукавах. Яны агітавалі сялян, заклікаючы іх расправіцца з «памешчыкамі» да прыходу Чырвонай Арміі.
Марыя Сапега не ўсведамляла, у якой небяспецы знаходзілася яна і яе дзеці. У любы момант у дом маглі ўварвацца узброеныя «рэўкомаўцы» і ўчыніць самасуд. Князёўну выратаваў кухар, беларус Ян Цыдзік. Ён літаральна сілай пасадзіў дзяўчыну ў машыну, абклаў дзверы падушкамі і прымусіў з’ехаць з Ружан. Але неўзабаве машыну абстралялі. Кіроўца спалохаўся і ўцёк. Тады князёўна сама села за руль і паехала. Машына была пасечана кулямі «рэўкомаўцаў», але на шчасце ніхто з яе пасажыраў не пацярпеў. Марыя і яе дзеці даехалі да Слоніма, а адтуль у нейтральную Літву. Уратаваўшыся ад бальшавікоў, жанчына праз Швецыю перабралася ў Францыю.
А тым часам, 22 верасня 1939 года ў Ружанах НКУС арыштаваў былога міністра замежных спраў Польшчы Яўстафія Сапегу. Афіцэры ў васільковых фуражках, якія праводзілі арышт, ужо ў думках «свідравалі» дзірачкі на гімнасцёрках для новых ордэнаў. Ім у рукі трапіў былы паплечнік Пілсудскага, адзін з вядучых палітыкаў «панскай Польшчы». Міністра даставілі ў турму НКУС у Гродна, а затым адправілі ў Маскву.
На Лубянцы Сапегу актыўна дапытвалі, спрабуючы вывудзіць з яго як мага больш інфармацыі аб дзяржаўных сакрэтах Польшчы. Усвядоміўшы, што Сапега не ідзе «на кантакт са следствам» бальшавікі арганізавалі судовы працэс, на якім грамадзяніна замежнай дзяржавы, былога міністра замежных спраў Польшчы, прысудзілі ... да смяротнага пакарання.
Аднак праз некаторы час, прысуд быў заменены: Яўстафія Сапегу асудзілі на 10 гадоў папраўчых работ у ГУЛАГу. Хутчэй за ўсё не абышлося без умяшальніцтва з-за мяжы, як гэта было ў выпадку з Лявонам і Янушам Радзівіламі, якіх выпусцілі з турмаў НКУС пасля таго, як за іх «папрасіла» італьянская каралеўская сям’я і асабіста Беніта Мусаліні.
Але Сапегу не вызвалілі. Яму толькі змякчылі прысуд. Захаваліся ўспаміны аднаго з вязняў Бутырак Юрыя Юркевіча у якіх ён апісвае сваю выпадковую сустрэчу з князем. «Гэта быў высокі, плячысты і худы чалавек, з арліным носам, гадоў за 60. Нага ў яго не згіналася, як казалі, ад будзёнаўскай кулі ў калене. Князь Яўстафій Сапега. Размаўлялі мы з ім у этапнай зале Бутырак перад адпраўкай у лагер. Прывялі яго туды прама з камеры смяротнікаў пасля замены расстрэлу на лагер. Ён апынуўся ў вялізным натоўпе побач са мной. Селі мы пад сценкай на свае вузельчыкі. Ён папросту прыняў ад мяне кавалак хлеба. Мы запалілі. У камеры смяротнікаў Сапегу амаль не кармілі і не давалі паліць. Разгаварыліся. Рускім ён хоць і валодаў, але гаварыў з цяжкасцю, і мы перайшлі на ангельскую. Глядзеў ён на сваё становішча спакойна і нават з некаторай доляй гумару. Спытаў, хто я. Адказваю: інжынер. Ён: добра, будзеш заняты ў лагеры, а вось я без спецыяльнасці.
— А як жа вы, прабачце, жылі? — пытаюся Сапегу.
— Памешчык, — кажа.
— А можна спытаць, прабачце, колькі было зямлі?
— 170 тысяч гектараў, — адказвае.
Пасля нехта з палякаў казаў, што яму належала амаль уся Гарадзеншчына. Мы з Сапегам з’ехалі адным этапам і апынуліся на адным і тым жа лагпункце».
Але былому міністру пашанцавала. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз, у адпаведнасці з савецка-польскай дамовай ад 1941 года, з савецкіх турмаў і лагераў сталі вызваляць польскіх грамадзян. Выйшаў на свабоду і былы міністр Сапега. Неўзабаве князь эвакуіраваўся ў Тэгеран, а адтуль у Найробі у Кеніі. У Афрыцы князь працаваў па лініі Польскага Чырвонага крыжа. Знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад дома, Сапега часта ўспамінаў Ружаны і радавы маёнтак, але ўбачыць родныя мясціны былому міністру было ўжо не наканавана. Памёр Яўстафій Сапега ў Найробі ў 1963 годзе.
Шлях князёўны
Не менш складаным быў лёс і ў князёўны Марыі Сапегі. Падчас акупацыі Францыі нацысцкімі войскамі яна дапамагала французскаму супраціву, але хутка жанчыну арыштавалі і кінулі ў турму. Па ўспамінах князёўны, яна сядзела ў адзіночнай камеры, але праз сцяну перагаворвалася з дзяўчынай, што гаварыла па-руску. Хто была тая незнаёмка, навучыўшая князёўну рускім песням, мы ужо не даведаемся. Прозвішча, якое насіла князёўна з Ружан, згуляла для яе ролю выратавальнага круга. Неўзабаве Марыю Сапегу выпускаюць з турмы і пры садзейніцтве князёў Любамірскіх дазваляюць выехаць у Вялікабрытанію. Казалі, што за прадстаўніцу знакамітага беларуска-польскага роду заступіліся высокапастаўленыя чыны Ватыкана.
У Лондане Марыя сустрэлася з мужам, які быў афіцэрам Брытанскіх каралеўскіх ваенна-паветраных сіл. Неўзабаве ў іх нарадзілася трэцяе дзіця. Князь Ян Анджэй Сапега прайшоў усю вайну і быў узнагароджаны шматлікімі польскімі і брытанскімі ўзнагародамі. Ён памёр у Лондане ў 1989 годзе. Князёўна Марыя пражыла на Туманным Альбіёне да 1992 года, а затым вырашыла вярнуцца ў Польшчу. У 2003 годзе Марыя Сапега ўпершыню з 1939 года наведала беларускія Ружаны. Яна аказала дапамогу ў аднаўленні касцёла Святой Тройцы. Да самай смерці ў 2009 годзе князёўна займалася дабрачыннасцю: дапамагала дзецям, хворым на анкалогію.
Улетку 2008 годзе у Ружанскім палацы былі пачаты археалагічныя і рэстаўрацыйныя працы. Зараз адноўлена ўязная брама і флігелі. У планах адраджэнне і самога «беларускага Версалю».
Ігар Мельнікаў, novychas.by