Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сцяг жыцця

10.04.2017 политика
Сцяг жыцця

Айчынная гісторыя павінна быць не толькі ў галаве, але і ў крыві, у кожнай клетачцы.

Апошнія падзеі ў Беларусі высвечваюць не толькі палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы, якія трэба тэрмінова рашаць з’яднанай народнай грамадой. З няменшай адказнасцю мы павінны паставіцца да лёсу роднай мовы і спрадвечных нашых сімвалаў, да ўмацавання нацыянальнага духу.

Мне добра помніцца восень 1991 года. 19 верасня пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь — і зацвердзіла ў якасці дзяржаўных сімвалаў герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Вялікая радасць поўніла сэрцы многіх людзей, бо выразна працягнулася трывалая нітка сувязі з гераічным мінулым, з нашымі слаўнымі продкамі.

Ніколі не забуду і яшчэ адзін, больш сціплы, але варты згадкі эпізод. Быў травеньскі сонечны дзень 1995 года. У сталіцы ля абеліска Перамогі прад чарговым высокім госцем Беларусі, які ўсклаў вянок, чаканілі крок бравыя вайскоўцы з роты ганаровай варты. На фоне ярка-блакітнага глыбокага неба з рэдкімі аблачынкамі і мора пяшчотнай зялёнай лістоты вясновых дрэў лунаў бел-чырвона-белы сцяг, які ўрачыста і горда нёс прыгожы афіцэр, такі да кропелькі наш сваім маладым, натхнёным абліччам.

Сёння ніякія мае словы не перададуць той цудоўны малюнак, што адкрыўся вачам па дарозе ў рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе я працаваў галоўным рэдактарам. Гэта трэба было бачыць. Як хораша стала на сэрцы ў радасныя хвіліны! Нездарма спецыялісты з розных краін лічаць спалучэнне колераў у нашым нацыянальным сцягу самым дасканалым, лепшага проста нельга прыдумаць. Таму ён так уладарна ўздзейнічае на чалавечыя пачуцці, таму яго шануюць усе людзі свету, якія ведаюць нашу няпростую гісторыю…

Відаць, тады бел-чырвона-белы сцяг апошні раз лунаў свабодна ў суверэннай краіне, бо затым адбыўся ганебны рэферэндум. Насельніцтва, якое яшчэ не ачомалася ад савецкай прапаганды, было ўшчэнт задурана «саўгасным папулізмам» новага правіцеля і паслухмяна пайшло да выбарчых урнаў, каб бяздумна абразіць родную мову, нацыянальныя сімвалы, даць «зялёную вуліцу» ўзурпацыі ўлады.

Ці ж можна забыцца на тое, як загадчык гаспадаркі адміністрацыі прэзідэнта рваў святыню на шматкі і на іх раздаваў аўтографы, як скінутая на дол выява «Пагоні» гадамі валялася ў двары Дома ўраду, як дылетанты з атачэння «правадыра» наспех, прымітыўна, «на калене» марафецілі сімвалы савецкага часу, варганілі «новыя» сцяг і герб, пад якімі жыве Беларусь?

Кан’юнктурнасць, несправядлівасць тых маніпуляцый настолькі відавочная, што я з імі ніколі не прыміруся, пастаянна ў друку ўзнімаю тэму вяртання роднай мовы і нацыянальных сімвалаў. Шкада, што абыякавымі да праблемы застаюцца не толькі ўладныя асобы, але і многія прадстаўнікі апазіцыі, незалежныя журналісты, дзеячы культуры, мастацтва. Да іх ніяк не даходзіць важнасць непахіснай вернасці свайму роду…

У будзённым феадальна-прыгонным быцці, у «марафоне на выжыванне», які аўтарытарны рэжым наладзіў мільёнам беларусаў, мала хто думае пра ўласны адзіны, непаўторны лёс, пра высокае прадвызначэнне ў зямным свеце, пра сваю моцную знітаванасць з айчыннай гісторыяй. А ў час пратэстных маніфестацый якраз больш востра абуджаецца пачуццё прыналежнасці да нацыі, гонар за продкаў, якія пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня» баранілі родную зямлю і сваю свабоду.

Глыбокае разуменне ролі нацыянальных святыняў выявіў А. Асмалоўскі, які 25 сакавіка смела ўзняў над людской грамадой знявечанае амапаўцамі палотнішча са словамі: «Поднимаем флаг обратно!» У інтэрв’ю прадпрымальнік і грамадскі актывіст сказаў: «Я совершил символический поступок. Флаг должен подняться. И в прямом, и в переносном смысле. /…/ Это наш настоящий флаг. Фактически он символизирует «Погоню». Какие бы легенды ни придумывали. Для нас это святой символ, под которым наши предки отстояли страну, которую мы имеем сегодня».

Думаю, што айчынная гісторыя павінна быць не толькі ў галаве, але і ў крыві, у кожнай клетачцы. Тады мы выстаім.

Маё меркаванне падзяляе таленавіты футбаліст Вячаслаў Глеб: «…Кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю. Для мяне гэта як аксіёма. Той, хто ня ведае сваіх каранёў, наўрад ці можа сябе лічыць паўнавартасным грамадзянінам Беларусі. Наша гісторыя — яна наша, ад яе нікуды не падзецца. Хочаце маё меркаваньне? Я таксама лічу: «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта нашы адвечныя сымбалі. Абвясьцілі рэфэрэндум, зноў вярнулі чырвона-зялёны сьцяг і герб. Ня ведаю, як той плебісцыт праходзіў, але мы, відаць, адзіная краіна, якая захавала савецкія атрыбуты. Чаму так здарылася? Хто яго ведае. Магчыма, нам іх проста навязалі. Было б нават цікава паглядзець на вынік, каб такі рэфэрэндум правялі зараз».

Я нездарма цытую шчырыя, разумныя словы прадпрымальніка і футбаліста, бо гэта паказвае, што лёс роднай мовы, сімвалаў, іншыя нацыянальныя праблемы хвалююць значную частку грамадства, а не «жменьку свядомых», як гэта спрабуе падаць з трыбун і ў СМІ аўтарытарны рэжым.

Тое, што ў нашай краіне жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, мяне ніколі не абцяжарвала. Не яны перашкаджаюць беларусам вярнуць самасвядомасць, павагу і любоў да ўсяго крэўнага. Я вырас у вёсцы, дзе жылі і рускія, і ўкраінцы, і літоўцы, і латышы, і яўрэі. Наадварот, такім чынам кожны з нас, прадстаўнікоў карэннай нацыі, можа даведацца, да якой ступені ён беларус. Расійскі журналіст і пісьменнік, даследчык архангельскай Поўначы, у прыватнасці побыту спецперасяленцаў сталінскага часу, А. Ларын слушна сцвярджае: «Только различие национальных типов, когда они живут вместе и сообща, позволяет каждому быть самим собой. Ощущать единственность своего языка, самоценность своих национальных традиций и привычек».

Мяне больш хвалюе тое, што адміністратыўны рэсурс страхам, а халуйская машына прапаганды цынічнай хлуснёй давялі вялікую частку насельніцтва да сапраўды замбіраванага стану, выйсці з якога надзвычай цяжка. Тым не менш пэўны зрух адбыўся, і я спадзяюся, што ўвага да нацыянальных праблем будзе расці.

На другі дзень пасля «чорнага рэферэндуму» (15.05.1995 г.) я напісаў верш «Сцяг жыцця», які не страціў сваёй актуальнасці:

Яго неаднойчы з нянавісцю лютай

За дрэўка хапалі,

нібыта за горла,

І долу хілілі,

каб зведаў пакуты…

Сцяг жыцця застаецца гордым.

Яго абліваюць свае і прыблуды

З вар’яцкім хіхіканнем,

рогатам,

свістам

Гнілымі памыямі,

чорным брудам…

Сцяг жыцця застаецца чыстым.

Яго на шляху агнявым,

пакручастым

Драпежная зграя спрабуе знявечыць:

І паліць,

і топча,

і рэжа на часткі…

Сцяг жыцця застаецца вечным.

Насуперак енку фальшывых прарокаў,

Якія пускаюць абразы,

як стрэлы,

Не сыдзе ў нябыт

і не выпадзе з вока

Сцяг жыцця — бел-чырвона-белы!

Сёння для многіх беларусаў стала зразумелым, што аўтарытарны рэжым — гэта зло, ад якога трэба пазбаўляцца, адсюль вынікае такі актыўны грамадзянскі пратэст.

Я веру ў тое, што хутка мы ўсвядомім і яшчэ адну важную ісціну: родная мова і святыя сімвалы продкаў — наш абярэг на шляху ў будучыню. Без іх вяртання ў будзённае жыццё краіны і нацыі ў нас ніколі нічога талковага не атрымаецца.

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]