Апавяданне «Пятнаццацісуткавая Беларусь» не пра мяне, яна пра Беларусь і беларусаў, якімі нас зрабілі за апошнія 25 гадоў.
Дзякуй, дзякуй, дзякуй, сябры, за падтрымку!
Акрамя неверагодна прыемных эмоцый убачыць усіх, хто прыйшоў мяне сустракаць, выхад з Акрэсціна адразу прынёс і тры непрыемныя неспадзяванкі.
Ужо на выхадзе за КПП ізалятара мяне хутка пазвалі і папрасілі вярнуцца назад ды пачакаць тры хвіліны. Зайшоў, пачакаў, думаў, што баяцца на некалькі хвілін выпусціць раней за патрэбны час, адзначаны ў пратаколе.
Выходжу: няма нікога, толькі невядомая машына і ў ёй здымае мяне чалавек на камеру. Пад’язджае таксі, адтуль журналісты радыё «Свабода» выходзяць, кажуць, што павінна быць шмат людзей і дзіўна, што няма нікога.
Па выніку аказваецца, што за некалькі хвілін да майго вызвалення выехала з Акрэсціна машына міліцыі, а ў ёй сядзеў чалавек у акулярах і ўсім з яе махаў рукою. Усе прысутныя падумалі, што гэта я і мяне павезлі ў Ленінскі РАУС, дзе 26 сакавіка складалі пратакол затрымання, і кінуліся па машынах, каб таксама ехаць туды.
Толькі калі ў твітары з’явілася інфа, што я на волі і чакаю ля Акрэсціна, стаю адзін, то развярнуліся і паехалі назад. Туды ж вярнулася і міліцэйская машына, у якой быў фэйкавы Белавус.
Цырк!
Другая неспадзяванка была з тэлефонам. Уключаю яго, а мне паказвае, што няма сім-карты. Адчыняю, а яна там ёсць. У свой пяты айфон я калісьці крыва сам абрэзаў сімку, і яна была проста прамавугольнай формы, але заўжды падтрымлівалася тэлефонам. Мабыць, яе з тэлефона даставалі і потым няправільна паклалі назад, не тым бокам, бо, калі я яе перавярнуў і ўставіў, усё запрацавала.
Папаліліся!
З 10 лістоў, якія напісала Каця, мне дайшло толькі два — і ўсё. Мне не перадалі ў ізалятар, не аддалі на выхадзе ніводнай паштоўкі ці ліста, якія пісалі шматлікія незнаёмыя людзі, маці, родныя, сябры і знаёмыя.
Вось такім быў першы дзень. А зараз да апавядання «Пятнаццацісуткавая Беларусь». Асадкі ды алоўкі нам не перадавалі, таму гэтае апавяданне я пісаў усе 15 сутак у галаве, кожны дзень, са з’яўленнем новых герояў, дапаўняючы яго.
«Пятнаццацісуткавая Беларусь» не пра мяне, яна пра Беларусь і беларусаў, якімі нас зрабілі за апошнія 25 гадоў. Хто зрабіў? Здагадайцеся самі.
Першыя дні, абдумваючы і пераглядаючы ў памяці падзеі 25 і 26 сакавіка, заставалася толькі адна эмоцыя — злосць.
Злосць на амапаўцаў, якія запіхнулі мяне і Кацярыну ў аўтазак ды вазілі коламі вакол Кастрычніцкай плошчы, перакідваючы з аўтазака ў аўтазак, з выскалам бяздушна мацюкаючыся паміж сабою. Тут злосць узрастала, бо свае 15 сутак я сядзеў таксама нібыта за мацюкі.
Злосць на маладых курсантаў-практыкантаў, якія, калі нас са Стасем і Уладзіславам Карпавым ды яшчэ дзясяткам чалавек выгрузілі ў нейкі незразумелы гараж, прымусілі ў пакет скласці ўсе асабістыя рэчы, зняць шнуркі з абутку, абрэзалі ўсе матузкі на вопратцы ды за спінай пераціснулі рукі пластыкавымі хамутамі. Толькі праз хвілін 20, калі нас пачалі вадзіць на адкатку пальцаў у будынак, я даведаўся, што гэта Ленінскі РАУС.
Злосць на супрацоўнікаў РАУСа, якія не далі магчымасці папярэдзіць нікога, дзе я і што са мною, не патлумачылі, за што і чаму затрыманы, а проста праз гадзіны дзве сунулі мне шаблонны раздрукаваны пратакол пра маю лаянку. Зразумела, што абвінавачванне гэтае я не прызнаў.
Злосць на ментоў, іначай не назаву, якія адабраных для сутак людзей прымусілі цалкам распрануцца, зняць майткі і тры разы глыбока прысесці.
Злосць на тыя задаволеныя твары, якія грузілі нас па «стаканах» аўтазака і везлі на Акрэсціна, таксама без ніводнага слова, тлумачэння і жалю ў вачах.
Злосць на міліцыянтаў з Акрэсціна, для якіх мы зноў без майткоў прысядалі, перад тым як трапіць у камеры.
Злосць на тое, што двое сутак, перад судом і ў дзень суда, нас ні разу не кармілі, а тое, што давалі, і есці не хацелася, а на выхадзе атрымаў рахунак на аплату па 11,50 руб. за кожны дзень харчавання. Найбольш здзекліва выглядалі дзве-тры разынкі ў штодзённай ранішняй кашы. Панавыкавырвалі! Ды што там харчаванне! Складаней было курыльшчыкам, якім забаранілі паліць, на шпацыр не вадзілі ды яшчэ днём забаранялі класціся на ложкі з бруднымі смярдзючымі матрацамі. У ЦІП (Цэнтр ізаляцыя правапарушальнікаў) за дзённае ляжанне на ложках ва ўсіх у камеры скручвалі і забіралі матрацы, пакідаючы толькі каркасы жалезных нараў.
Злосць на фэйкавых хлуслівых амапаўцаў-сведкаў, якія, чырванеючы. як буракі, некалькі разоў мянялі свае фантастычныя паказанні, калі не бачылі сябе на відэа затрымання, пра якое так упэўнена распавядалі да гэтага. У выніку, каб суду хоць нейк зляпіць рэалістычную карцінку, тэрмінова выклікалі на пасяджэнне цэлага намесніка камандзіра АМАП Сяргея Мірончыка, які прысутнічаў на відэа затрымання.
Злосць на суддзю Дзмітрыя Астапенку, які судзіў, судзіў мяне з раніцы да вечара, і выканаў загад — даў па максіме — 15 сутак.
Далей былі суткі. Новыя знаёмствы, неверагодныя гісторыі ды лёсы людзей. За пятнаццаць сутак я змяніў 6 «хатаў» і каля 30 суседзяў па нарах. Сярод першых маіх сужыцеляў, з якімі я горача і эмацыйна дзяліўся сваёй злосцю, былі звычайныя мужыкі, былыя сядзельцы за справу і без яе.
Яны мне сказалі: «Паша, твая партызанская вайна супраць суддзі, хлусаў-амапаўцаў, міліцыянераў будзе бессэнсоўнай. Сабе горш зробіш. Яны пешкі «голага караля», якія ніколі не скажуць яму пра гэта, а далей будуць лісліва падтрымліваць ілюзію дабрабыту гэтага каралеўства».
І я зразумеў. Выходзіць, што гэта як змаганне з любай настаўніцай беларускай мовы, якая заклала любоў і павагу да роднага слова, раскрыла свет Багдановіча і Караткевіча. Можа, у гэтай настаўніцы над ложкам вісіць партрэт маладога Купалы з вусікамі, яе маленькая сэксуальная фантазія. А ў дзень «Х» яна ўсё адно з дрыготкімі рукамі паставіць 82% за Лукашэнку і пойдзе дахаты дачытваць дзіцячыя сачыненні па апавяданні Быкава «Жураўліны крык».
Яна, гэтая настаўніца, як і амапаўцы, як і ўчастковыя, якія на сваіх раёнах звычайна ловяць п’яніц і бандытаў, а ў дзень суда былі назіральнікамі і праважатымі затрыманых у судовыя залі, яны — маленькія пешкі, якімі, можа, і быць не хочуць, але так склаўся лёс.
Усе гэтыя думкі праз некалькі дзён супакоілі перадачкі з кнігамі.
Асобна скажу пра кнігі. Да Акрэсціна апошнюю мастацкую кнігу я прачытаў гады тры назад. Я іх набываў, атрымліваў, падтрымліваў на «Талацэ», але не чытаў, бо не было часу. Сярод 10-ка прачытаных кніг адзначу кнігу Андруся Горвата. Пасля выдання я атрымаў «Радзіва «Прудок» адным з першых. Але яна чакала свайго часу. Андрусь цяпер можа ганарыцца: яго кніга была ў турме, яе чыталі і пускалі па коле. Мела гэтая кніга і яшчэ адну функцыю: у ёй Каця прыляпіла да адной са старонак і так перадала нашую сумесную фотку. Была яшчэ адна кніга і ў Аляксандра Баразенкі.
Да Андруся ёсць адна просьба: пішы яшчэ, каб тваіх кніг хапала не на адзін дзень чытання, а мінімум на 10, і нарэшце запусці «Радзіва» ў шырокі свет, каб яна па-людску прадавалася ва ўсіх кнігарнях і крамах.
Усё, што адбывалася на Акрэсціна, я пачаў успрымаць як спектакль, п’есу даўжынёю ў 15 сутак са шматлікімі імправізацыямі. У ёй сутачнікі, у тым ліку і я, — галоўныя акторы, ёсць масоўка з супрацоўнікаў ізалятара, абслугоўваючага персаналу, а ёсць і гледачы, якія ў жывым эфіры назіраюць за намі праз камеры відэаназірання, што вісяць у кожнай «хаце».
Сувязь з вялікім светам у нас была аднабаковая. Мы атрымлівалі ежу, кнігі, газеты, а перадаць ці занатаваць нічога не маглі. Усе асадкі і алоўкі з перадачак забіралі, усе просьбы даць нешта пішучае, каб хоць разгадаць крыжаванку, ігнараваліся.
Зазначу, што ігнараваліся амаль усе пажаданні: схадзіць пакурыць — не; даць швабру і анучу, каб прыбрацца, — навошта; памыцца — потым, дома памыешся і г.д. Вялізным было парушэнне і ў тым, што ў пяцідзённы тэрмін так нікому і не прынеслі копіі судовых пастаноў аб правапарушэнні, што не дазволіла не толькі спраўдзіць, за што сядзім, але і падаць на абскарджванне.
У мяне быў адвакат, з ім мы паспелі абскардзіць рашэнне, але вынікаў гэта не дало ніякіх і вынесены прысуд пакінулі без зменаў.
Дык вернемся да спектаклю.
Паколькі занатаваць не было магчымасці, то агульны сюжэт пятнаццацісуткавай п’есы я захаваў у памяці і перадаў у гэтым апавяданні. Але аповед будзе не поўным, калі, акром сябе, я не пазнаёмлю вас з іншымі галоўнымі героямі. Іх агулам, хто сядзеў са мною ў розныя дні, — 30 чалавек, але я вам распавяду пра 15. Іх лёсы, жыццёвыя гісторыі і асобы мне падаліся найбольш цікавымі.
Мікіта, 20 з нечым гадоў. У «хаце» мы яго жартам называлі «сакратаром». Ён з гонарам распавядаў, што два гады таму прыйшоў у «Моладзь БНФ». Сярод усіх палітычных арганізацый гэтая яму была найбольш блізкая па сваіх ідэях. І за два гады ён ўжо стаў сакратаром «моладзі». Яго разам з двума сябрамі ўзялі 26 сакавіка. Казаў, што проста побач ішлі ў пераходзе. Там і ўзялі. Яму далі 10 сутак, а сябрам — вялікія штрафы. Хлопец перажываў за каледж. Ён там адвучыўся ўжо чатыры гады і засталося толькі атрымаць дыплом. Акурат 25 сакавіка яго разам з усімі прысутнымі паклалі тварам у падлогу ў офісе «Вясны». Пасля адпусцілі, а 26 — ужо не.
Раман Пратасевіч, 22 гады, вядомая асоба. 25 сакавіка яго затрымалі з калегамі — замежнымі журналістамі — напачатку акцыі, вечарам адпусцілі. А 26-га ён ізноў працаваў на акцыі, але забыўся дома пасведчанне, быў выцягнуты з натоўпу журналістаў і атрымаў 12 сутак. Седзячы ў аўтазаку, ён паспеў са «стакана» ў твітар весці жывую трансляцыю.
Гэтага нахабства і не змаглі яму прабачыць міліцыянты. Ромавай актыўнасці і ініцыятыўнасці можна толькі пазайздросціць. У свае 22 гады кім і дзе ён толькі не працаваў. У 16 гадоў малады фізік-геній уцягнуўся ў справы «Маладога фронту», што бацькі, выкладчыкі Вайсковай акадэміі, не здолелі ні зразумець, ні дараваць. Выгналі праз гэта з Ліцэя БНТУ.
Пасля знаёмства з Уладзімірам Чудзянцовым яго захапіла журналістыка, працаваў на Tut.by, потым рабіў шматлікія рэпартажы для Onliner.by, ездзіў самастойна фрылансерам на фронт ва Украіну, хадзіў сталкерам у мёртвы горад Прыпяць. Апошні год пісаў для «Камсамолкі», але так і не знайшлі там яму месца ў штаце. Менавіта Раман для kp.by пісаў пра абарону Курапатаў і дзяжурыў з фотаапаратам там амаль усе дні. 14 красавіка яго зноў будуць судзіць за «мітынгі ў Курапатах». Зараз хлопец шукае сабе пастаяннае месца працы. Выдатна валодае беларускай, рускай і англійскай мовамі.
Хлопец, забыў імя, у чорным бомберы, трапіў у аўтазак выпадкова. Проста ішоў уздоўж праспекта з боку Купалаўскага тэатру. Узялі ў пераходзе. У яго гісторыі самае цікавае, што ён кожную раніцу развозіць малако па дзіцячых садках. Колькі ён ні прасіў, каб далі папярэдзіць кіраўніцтва, што ўсе накладныя і ключы ад буса ў яго ў хаце і што а пятай ён не павязе малако ў садкі, міліцыянты глядзелі на яго абыякава — загаду не было, ініцыятыва караецца. У выніку ў панядзелак ён атрымаў штраф — 30 базавых, амаль месячны яго заробак, і пайшоў дахаты.
Дзядзька з Фаніпалі, 46 гадоў, стаў маім турэмным настаўнікам, дзяліўся вялікім досведам сядзенняў. У яго раней былі і вялікія тэрміны, і шмат дзівосных жыццёвых прыгодаў. Першыя дні ён усім распавядаў, што 25 сакавіка аказаўся ў месцы падзей выпадкова — прыехаў па сэкс да дзеўкі і ў гэтым раёне было месца сустрэчы. Пазней, калі размовы сталі больш шчырымі, стала зразумела, што ехаў ён на Дзень Волі мэтанакіравана. У Фаніпалі жыццё стала зусім складаным, працы няма, з жонкай разышліся, пакінуў ёй і дзецям дом, які так доўга будаваў. А тут яшчэ і гэтыя дурныя законы. Вырашыў: трэба ісці. А пасля яшчэ распавёў, што чытае паблік «Мая краіна Беларусь», у захапленні ад Паліны Рэспублікі, зачараваны голасам Русі. Таму дакладна 25 сакавіка ён быў не выпадковым госцем, не баіцца і яшчэ пойдзе.
Дзімон, 32 гады, у камеру заляцеў як віхор. З падбітым тварам і ні хвіліны не спыняючыся на месцы, ён распавядаў сваю гісторыю. Дзімон — спартовец, доўга займаўся тайскім боксам ды і зараз трымае добрую форму. Хлопец з раёну, якога абурыў закон аб дармаедстве. Ён ў «Аднакласніках» начытаўся пра мінулыя акцыі, выпіў бутэльку гарэлкі і пайшоў 25-га шукаць прыгодаў. І хутка гэтыя прыгоды знайшоў. Ля кардона ў раёне плошчы Калініна паспрабаваў прайсці далей, АМАП не пускаў. Ён тады з мацюкамі сказаў: «Выходзьце па адным, хто смелы!» І пачалася там валтузня. Раптоўна з’явіўся супрацоўнік у штацкім, адцягнуў яго ўвагу і з правай заехаў у сківіцу. Дзімон і сеў. Пасля, тварам у падлогу, прафілактычны дубінал у аўтазаку і пяць сутак. Яму было складана есці, гаварыць, вельмі балела сківіца, але ён увесь час усміхаўся і зноў, і зноў распавядаў пра свае прыгоды. Дзімон казаў, што ў часе бойкі яго воплескамі гучна падтрымлівалі мінакі, а ў судзе яму сказалі, што той стаў зоркай «Ютуба». Хто бачыў відэа з бойкай Дзімона?
Бомж Антон, 45 гадоў, стаў забаваю 10-х сутак. Ён зусім выпадкова, сам не чакаючы гэтага, стаў «палітычным». Бамжуе Антон ужо 15 гадоў. Пасля таго, як разладзілася з жонкай, ён сышоў у нікуды. Спецыялізуецца Антон на здачы шклатары і металаў. 23 сакавіка, ужо крыху паддатым, ён ішоў па горадзе. У руках была першая знаходка — металічны ланцужок. І тут на шляху — помнік міліцыянту-гарадавому.
Праз імгненне Антон ускінуў гэты ланцуг на шыю гарадавому і падумаў: «О, прыгожа!» Толькі не ведаў Антон, што 12 сакавіка ў гэтага ж гарадавога вісела пятля на шыі ад анархістаў. Супала. Доўга чакаць не давялося — набеглі, скруцілі і адправілі яго спачатку на 3-е сутак, а потым дадалі яшчэ 10, як «палітычнаму». І цяпер сядзеў з намі Антон і дзяліўся сваім 15-гадовым досведам жабрацкага жыцця. Жаліўся, казаў, што хоча з гэтага дна выпаўзці, а не ведае як. Хоча пачаць з узнаўлення пашпарта, які застаўся пасля ўцёкаў з працоўнага рабства пад Смаленскам. Мы з Раманам Пратасевічам цэлы праект прыдумалі з Антонам.
Спачатку хочам распавесці пра гісторыю яго жыцця, яна даволі ўнікальная. Далей Рома плануе пражыць тыдзень з Антонам яго звычайным жыццём — спаць на традыцыйных сезонных ляжанках у пад’ездах, збіраць бутэлькі і метал, жабраваць, есці на сметніку Журавінкі, камунікаваць з блізкімі па духу. А пасля будзе праца над кнігай пра «мінскае дно» і краўдфандынг. Унікальнасць Антона ў тым, што ён вельмі добры апавядальнік, які дэталёва памятае імёны, адрасы, колькасць выпітага, скрадзенага ці сумленна заробленага, выпадкі, факты, падзеі яго кола людзей. Думаю, што гэта зможа і дапамагчы Антону пакінуць дно і будзе цікава іншым. Раман з Антонам трымае сувязь.
Дызайнер Яўген, яму да 30 год, дакладна быў выпадкова сярод нас. Але так склаўся лёс, што ён жыве ля Акадэміі навук. Двухметровы хлопец пасля трэніроўкі заходзіць у свой двор, а яго не пускаюць. Ён пачынае незадаволена пытаць: «Што да чаго, я тут жыву!» А яму ў адказ: «Наш кліент». Тварам у падлогу, кайданкі на рукі і ў такім становішчы ў РАУС, потым суд і 10 сутак. Яго счасаны лоб зажыў якраз перад выхадам на волю. На Акрэсціна бацькі яму перадалі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Начытаўшыся, Яўген сніў, што стаў Алесем Загорскім, галоўным гороем кнігі, і ўсе прыгоды адбываюцца з ім. За апошнія суткі і я перачытаў «Каласы…». Гэтым разам раман уразіў мяне яшчэ больш, чым у школьныя гады.
Іван, 35 гадоў, прыйшоў на Дзень Волі мэтанакіравана. Ён шабашыць, мае двух дзетак, жонку і проста незадаволены тым, што адбываецца ў краіне. Іван шмат не гаварыў, больш стараўся нейкі занятак сабе знайсці. Зрабіў з пластыкавай бутэлькі крук, ім праз сетку спрабаваў прыадчыніць фортку, каб хоць крыху свежага паветра трапляла ў камеру. То выдумляў мацаванне, каб зручна павесіць туалетную паперу. Ён жа самастойна засвоіў майстэрства лепкі з хлеба. Зляпіў шашкі, шахматы з чорнага і белага хлеба, кубікі і ўзнавіў на лаве разметку гульнявой дошкі.
Віктар, каля 50 гадоў, ад пачатку затрымання 25 сакавіка аб’явіў галадоўку. Усе дні піў толькі ваду з крана, ляжаў ці рабіў фізічныя практыкаванні. Палітычна адукаваны, шчупленькі, але спартовага целаскладу дзядзька, атлет, марафонец, на сёмыя суткі пачаў страчваць прытомнасць, і яго забралі ў шпіталь. Нягледзячы на галадоўку, у шахматы ён выйграў усе партыі, ні разу і нікому не прайграў.
Сапраўдным «кадрам» быў дзед Сяргей з Гродна. Перадпенсійнага ўзросту, з двума зубамі ў роце, былы школьны настаўнік гісторыі, прыехаў у Мінск адмыслова. Ён быў на ўсіх мітынгах у Гродне, а 25-га ўзяў квіткі на цягнік туды і вечарам назад, каб паглядзець, а як жа ўсё праходзіць у Мінску. Па выніку застаўся ў сталіцы на 12 сутак. Савецкі настаўнік, з вышэйшай адукацыяй, напачатку 90-х часцяком пачаў выпіваць з «фізруком» і «трудавіком». Усё больш і больш. Не п’яным, але з перагарам пачаў прыходзіць на заняткі і з часам згубіў працу. Сваркі з цешчай і жонкай прымусілі нават год жыць у халодным гаражы і спаць у разабраным ды часткова распрададзеным на запчасткі «Масквічы». Колькі б ён жыў і мерзнуў у гаражы невядома, калі б неяк не распаліў вогнішча, каб сагрэцца, не заснуў ды не прачнуўся ў кустах ўжо ля выгаралага гаража. Жонка пусціла зноў у хату, ён не перастаў піць, цешча памерла. Жонка і зараз выкладае ва ўніверсітэце, здае кватэру маці і яе гараж ды ўтрымлівае за гэтыя грошы мужа. А ён шукае ў Гродне працу, хоць дворнікам, але ўсё ніяк не можа знайсці.
Паступова палітычныя сутачнікі, якія атрымалі па 7 ці 10 сутак, пачалі выходзіць. А ў маёй п’есе з’яўляліся новыя героі, жыццё якіх зусім не выглядае геройскім. Крадзяжы, п’янкі, бойкі, наркотыкі, але ў кожнага нешта сваё, нейкая свая гаротная праўда.
Дзядзьку з Зеленбуда здала падчарка, якую дзіцём, разам з жонкай і яшчэ адным малым, ён прыняў як сваіх. Дзяўчына вырасла і не хоча больш трываць у хаце п’янага не роднага бацьку. Таму і выклікае пры любой нагодзе міліцыю, каб забралі ці хоць на суткі, а лепш на год у ЛТП. Трактар з чырвоным дахам, якім кіруе гэты дзядзька, кожны дзень з 6-й да 15-й можна сустрэць у горадзе. Чысціць сцежкі і паркі, цягае і прыбірае пясок з шашы. Раней працаваў трактарыстам у Адміністрацыі прэзідэнта і Драздах. Распавядаў, што неяк чысціў снег у Драздах і выпадкова прыбіў каўшом сабаку пароды чау-чау, якая раптоўна выбегла на дарогу. Да трактара са свайго двара выйшаў Віктар Шэйман, глянуў на забітага сабаку, махнуў рукою і пайшоў. Гэта быў ягоны пёс. Трактарысту нічога не было.
Алекс, 32 гады, прафесійны вор, былы наркаман, які і пачаў цягаць з крамаў дарагія тавары, каб удвая танней пасля прадаваць і набываць новыя дозы. Узяў вялікую скрынку цукерак «Рафаэла», якая па 30 рублёў, а спіхнуў па 15. Скардзіўся, што цяпер паўсюль камеры, «працаваць» немагчыма. Калі адразу не злавілі, то пасля, калі зноў у гэтай краме з’явішся, абавязкова зловяць. Так і гэтым разам атрымаў пяць сутак. У гэтым годзе на сутках за дробныя крадзяжы ўжо адседзеў месяц, раней былі і тэрміны, і незлічоная колькасць сутак. І разумее сам, што трэба спыніцца, шукаць працу, а не можа. Прызвычаіўся так.
Глеба прывезлі пасля чатырох дзён запою, два дні ляжаў і адходзіў. Дзядзьку Сашу злавілі ля ракі ў Чыжоўцы, як толькі дастаў бутэльку і хацеў пахмяліцца. Арцём ішоў крыху п’янаваты з піцэрыі. У Шабанах спыніўся на мосце пастаяць, перадыхнуць. Стаяў, паліў, глядзеў на дарогу. Пад’ехала машына міліцыі: «Малады чалавек, не прыгайце!» — «Я не збіраўся!» — «Нам пазванілі і паведамілі, што на мосце чалавек стаіць і хоча прыгнуць!» — «Вы што, дурныя, я проста стаяў, глядзеў на дарогу і чакаў аўтобус!» — «Праедземце з намі, напішаш тлумачэнні!» Хлопец атрымаў 5 сутак.
І яшчэ шмат і шмат такіх гісторый. Агульнае, што ёсць паміж гісторыямі «не герояў», акрамя гарэлкі, — гэта не аплочаныя ранейшыя штрафы, якія і прымусілі суддзяў гэтым разам не штрафаваць, а даць 5 ці 10 сутак.
Адныя — крадуць, б’юць і п’юць, іншыя — хапаюць, б’юць і хлусяць. Хто лепшы? Хто горшы? Не мне судзіць.
Такая вось атрымалася мая пятнаццацісуткавая Беларусь.
Я хачу падзякаваць маёй Каці, маім сябрам, родным, знаёмым, якія дапамагалі ў судзе, працягвалі плённую працу без мяне, падтрымлівалі словамі, перадачкамі і дзеяннямі.
Гэтыя 15 сутак сталі і карыснымі, дапамаглі яшчэ больш умацаваць нашую каманду і прайсці нечаканы краш-тэст.
А цяпер да далейшай працы — будаваць не такую, іншую Беларусь.
Павел Белавус, Facebook