Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Велікодныя і перадвелікодныя звычаі беларусаў

15.04.2017 общество
Велікодныя і перадвелікодныя звычаі беларусаў

Найбольш актыўна да Вялікадня ў беларускай вёсцы рыхтуюцца ў апошні тыдзень.

У вёсцы Данілевічы каменны крыж завуць «дзевачкай», ці Еўкай. Еўцы на Вялікдзень нясуць пачастункі (яйкі, булкі, цукеркі), а на Спаса кладуць яблык. А ў велікодную ноч паляць вогнішчы перад хатамі і страляюць (лічылася, што такім чынам «клічуць Ісуса Хрыста»), піша «Новы час».

Найбольш актыўна да Вялікадня ў беларускай вёсцы рыхтуюцца ў апошні тыдзень. Шчырыя вернікі трымаюць Вялікі пост і такім чынам рыхтуюцца да свята за 40 дзён. Аднак, самая актыўная падрыхтоўка пачынаецца з Вербніцы. І ў вёсках, і ў гарадах вербачкі часта свецяць нават людзі, што ў царкве на працягу года не бываюць.

Вясковыя хутчэй прыйдуць у царкву са звычайнымі «коцікамі», хіба павяжуць чырвонай ніткай. У Мінску ж сёлета ў якасці ўпрыгожвання вербачак заўважаныя сухакветы, стужачкі, штучныя кветкі, фігуркі матылёў і птушак.

Пасля асвячэння вербачкі захоўваюцца за абразамі на працягу года, часта разам з грамнічнымі (асвечанымі 2-га ці 15-га лютага) свечкамі. Перад наступнай Вербніцай старыя вербачкі спальваюць.

Фота: novychas.by

Дзе-нідзе сустракаецца звычай адносіць вербачкі на могілкі. Гэта могуць быць як проста «коцікі», так і адмыслова ўпрыгожаныя галінкі вярбы, як, напрыклад, у Докшыцкім раёне.

Да Чыстага чацвера прыбіраюць хату і гаспадарчыя будынкі. Самім, вераць, трэба памыцца да ўзыходу сонца. Істотная частка падрыхтоўкі да Вялікадня — гатаванне святочнай ежы. І ў вёсцы, і ў горадзе фарбуюць цыбульнікам яйкі, пякуць булкі. Звычайна гэта адбываецца ў Вялікую суботу. Бывае, што яйкі распісваюць воскам. Калі ў хаце нехта памёр на працягу апошняга года, яйкі не фарбуюць.

У вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёну прынята было ў велікодную ноч паліць вогнішчы перад хатамі і страляць (лічылася, што такім чынам «клічуць Ісуса Хрыста»). У некаторых хатах замест вогнішча пакідаюць святло гарэць усю ноч у адным пакоі ці запальваюць свечку. У в. Сіманічы Лельчыцкага р. тлумачаць гэтыя звычаі тым, што ў велікодную ноч Бог ходзіць па зямлі і завітвае на вогнішча ды святло пагрэцца, прыносіць гаспадарам Долю. Сустракаюцца таксама тлумачэнні, што ў светлую ноч усё павінна быць светлым.

Па ўсёй Беларусі перад Вялікаднем абнаўляюць тэкстыль на прыдарожных крыжах. У Лельчыцкім раёне ў дадатак да таго «пераапранаюць» каменныя крыжы. Старую «вопратку» паляць у Вялікую суботу, а на Вялікдзень з самага ранку павязваюць на крыжы новыя «аброкі» (фартушкі, хустачкі, каралі).

У вёсцы Данілевічы каменны крыж завуць «дзевачкай», ці Еўкай. Па легендзе, у камень ператварылася дачка, праклятая маці за ляноту. Быццам бы яны жалі, насоўвалася хмара, і старэйшая жанчына хацела дажаць да канца поля, пакуль не пойдзе дождж. Дачка ж не паспявала за маці і тая, раззлаваўшыся, сказала: «Каб жа ты камянём стала!» Пашкадавала пра свае словы, ды было позна…

Фота: novychas.by

Еўцы на Вялікдзень нясуць пачастункі (яйкі, булкі, цукеркі), а на Спаса кладуць яблык.

У Данілевічах на Вялікдзень водзяць карагоды, наведваюць могілкі, жанчыны апранаюць даўнейшыя святочныя строі (ці хаця б фартухі ад іх).

У вёсцы Крамянец Лагойскага раёна на Вялікдзень носяць пачастункі да Святога каменя. Ён мае паглыбленні-»слядкі» (навукоўцы атрыбутуюць яго як валун-следавік Бронзавага веку). Невядома дакладна, для якіх культаў выкарыстоўваліся такія камяні ў даўніну. З пачатку ХХ ст. фіксуюцца павер’і, што вада са «слядкоў» гаючая. Паглыбленні нібыта з’явіліся ад таго, што на камяні пастаяў ці то сам Бог, ці то Багародзіца.

Фота: novychas.by

Пра крамянецкі камень распавядаюць, што, падважыўшы яго на калах у засуху, 9 удоў разам могуць выклікаць дождж; што камень нельга ссунуць з месца і што калі рабілася такая спробы, то пачалася залева, якую спынілі толькі вяртаннем камяня на месца… Як і да Еўкі з Данілевічаў, да Святога камяня ідуць на Вялікдзень на досвітку і таксама носяць яблыкі на Спаса. Завітваюць і ў любы іншы час, абавязкова з пачастункам ці грашыма (іх потым збіраюць і аддаюць на царкву).

У паўночнай і ўсходняй Беларусі на Вялікдзень абыходзілі двары валачобнікі, славячы гаспадароў песнямі і збіраючы пачастункі. Дзе-нідзе звычай захаваўся ці ўзноўлены мясцовымі энтузіястамі. Традыцыйна ў валачобнікі хадзілі мужчыны, у апошнія дзесяцігоддзі далучаюцца і жанчыны.

У заходняй Беларусі на Вялікдзень абыходзяць двары дзеці. Іх завуць «жакамі» ці «жачкамі». У некаторых вёсках яны спяваюць, у іншых — дэкламуюць вершыкі. За гэта дзяцей частуюць слодычамі. У адрозненні ад купальскіх ці калядных, велікодныя песні надзвычай рэдка выкарыстоўваюцца сучаснымі музыкамі для інтэрпрэтацый. Як НЧ нядаўна пісаў, звычай «жакі» пераасэнсаваў бард Сяргей Башлыкевіч у аднайменнай песні.

З Вялікадня (у некаторых раёнах — з Дабравешчання) у Беларусі пачынаюцца «стрэльныя» карагоды. «Водзяць стралу» («стрылку», «сулу») 40 дзён, а на Ушэсце «хаваюць» (закопваюць у жыта нейкі прадмет. Гэта можа быць нешта металічнае, грабеньчык ці лялька). У Бездзежы на Вялікдзень водзяць карагод ля царквы, спяваючы песню «Ты лыты, лыты стрылка». Стаяць 3 купкі дзяцей, а вакол іх старэйшыя ўдзельнікі ідуць змейкай.

У Маркавічах «стрэльныя» карагоды пачынаюцца на другі дзень Вялікадня, у панядзелак. Удзельнічаюць толькі дзяўчаты. На скрыжаванні дарог ставяць трох малых, абыходзяць іх змейкай, падкідаюць. Такі карагод завецца «крывы танок».

Абрад “Сула” у в. Маркавічы Гомельскага р., 2014 г.
Фота: novychas.by

Вялікдзень — істотнае свята і для вяскоўцаў, і для гараджанаў. Да таго ж захоўваюцца мясцовыя формы яго падрыхтоўкі і правядзення, настолькі адметныя, што некаторыя з іх маюць статус нематэрыяльнай гістотрыка-культурнай каштоўнасці Беларусі (у Данілевічах і Бездзежы, а таксама — звычаі распісваць яйкі і вырабляць «пальмы» на Вербніцу ў Сапоцкіне Гродзенскага раёна, хросны ход у чацвер пасля Вялікадня ў в. Аброва Івацэвіцкага р.). У святкаванні беларускага Вялікадня шчыльна перапляліся хрысціянскія і дахрысціянскія ўяўленні.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]