Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як два энтузіясты агучваюць вядомыя фільмы па-беларуску

16.04.2017 культура
Як два энтузіясты агучваюць вядомыя фільмы па-беларуску

Такі занятак прыдумала сабе сямейная пара, іх творчыя псеўданімы — Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц.

Восем фільмаў яны ўжо агучылі і выклалі ў адкрыты доступ.

Усё трымаецца выключна на альтруізме. Для Адама і Ташы галоўнае — развівацца самім і развіваць Беларусь.

Апошнія 10 гадоў Адам працаваў у Навукова-даследчым інстытуце транспарту. Урэшце рэшт надакучыла, і ён вырашыў зладзіць перазагрузку — сканцэнтраваўся на агучцы. Таша цяпер у дэкрэтным адпачынку, таму па магчымасці дапамагае мужу ў справе, пiша «Новы час».

«Мы хацелі размаўляць на роднай мове, агучка — адзін са спосабаў паглыбіцца ў асяроддзе. Гэта наш маленькі ўнёсак у справу пашырэння беларускасці. Нам гэта падабаецца, мы адчуваем унутранае задавальненне, — тлумачыць Адам.

— Аднойчы я знайшоў сайт з аўдыёдарожкамі да фільмаў. Там іх было каля дзвюх тысяч — на англійскай, столькі ж — на рускай, адсоткаў на 30 менш — на ўкраінскай. А далей — на літоўскай, балгарскай, французскай, індускай… Здагадайцеся, на якой не было ніводнай?»

Адам і Таша займаюцца толькі агучкай. Голас, запіс, постпрадакшн і рэліз — гэта іх работа. Спачатку бралі тыя тэксты, што ўжо існуюць у сеціве, таму выбар быў не надта багаты. Нядаўна пачалі шчыльна супрацоўнічаць з перакладчыкам Цімафеем Каліноўскім. Менавіта ён пераклаў улюбёны фільм Адама і Ташы «Капітан Фантастык», які яны пасля агучылі.

Адам заўважае, што агучыць фільм не так і проста. Трэба і тэкст выразна ды правільна прачытаць, і эмоцыі перадаць, і пачуцці.

«Асобныя сказы ў дыялогах даводзіцца адаптоўваць пад маўленне, бо часам велізарныя дзеепрыметнікавыя звароты ў арыгінале гучаць як некалькі словаў», — распавядае Адам.

Звычайна агучка аднаго фільма займае каля двух тыдняў.

«Пакуль зваротная сувязь зусім невялікая, нават людзі з нашай суполкі не надта глядзяць, — заўважае Адам. — Але мы разумеем, што для таго, каб нас глядзелі, патрэбная доўгая планамерная праца. Хацелася б развіваць праект і падвышаць уласны узровень.

У той жа Расіі ці Украіне існуе шмат студый і рэліз-суполак, якія перакладаюць і агучваюць фільмы. Адны ствараліся прафесійнымі перакладчыкамі, акцёрамі і гукаінжынерамі. Іншыя выраслі з аматарскіх ініцыятыў і цяпер наступаюць прафесійным на пяткі, канкуруюць з імі і нават робяць агучкі па замове дзяржтэлеканалаў. Беларусі ж у гэтай справе трэба пракладаць свой шлях».

Паглядзець беларускамоўныя фільмы, якія агучылі Таша і Адам, можна ў іх суполцы «УКантакце». Сюды яны выкладаюць усе новыя работы. Тут жа можна адшукаць анонсы кінапаказаў у розных гарадах Беларусі, дзе ўдзельнічаюць гэтыя фільмы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]