Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Бацькі ў Горадні змагаюцца з чыноўнікамі за беларускамоўную групу ў садку

18.04.2017 общество
Бацькі ў Горадні змагаюцца з чыноўнікамі за беларускамоўную групу ў садку

Ініцыятары стварэньня беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку сабралі 8 ахвотных, чыноўнікі кажуць, што для адкрыцьця трэба 12.

У Горадні аддзел адукацыі гарвыканкаму спасылаецца на палажэньне аб камплектацыі ўстаноў дашкольнай адукацыі, дзе напісана, што рознаўзроставая група павінна ўключаць 12 чалавек. Бацькі зьвярнуліся са скаргай у аблвыканкам, паведамляе «Радыё Свабода».

Бацькі, якія хочуць аддаць сваіх дзетак у беларускамоўную групу ў дзіцячым садку, пачалі хадзіць да чыноўнікаў задоўга да першага верасьня.

Аксана Станкевіч, якая разам з мужам ініцыявала стварэньне беларускамоўнай групы ў садку, сказала Свабодзе, што напачатку чыноўнікі вельмі спрыяльна паставіліся да іхнай ініцыятывы. Праўда, шукаць зацікаўленых бацькоў не дапамагалі. Тым ня менш яны самі праз інтэрнэт рабілі аб’явы, і ахвотныя знайшліся. Але пакуль такіх дзетак у раёне набралася толькі восем.

— Муж хадзіў у гарвыканкам, патлумачыў гэтую сытуацыю. І там, дарэчы, да яго ініцыятывы вельмі прыязна паставіліся. А празь некаторы час адтуль прыходзіць афіцыйны ліст, у якім чыноўнікі спасылаюцца на палажэньне аб камплектацыі ўстаноў дашкольнай адукацыі, дзе нібыта напісана, што рознаўзроставая група павінна ўключаць 12 чалавек. І толькі тады, маўляў, могуць адкрыць беларускамоўную групу.

Аксана Станкевіч кажа, што такое стаўленьне выглядае дзіўным. Бо аддзел адукацыі павінен жа быць зацікаўлены ў адкрыцьці беларускамоўных групаў і клясаў у школах, нешта рабіць дзеля гэтага — хаця б зьмясьціць абвестку на сваім сайце, што такая група набіраецца.

— Мы перакананыя: каб падобная ініцыятыва паходзіла ад аддзелу адукацыі, то і ў людзей было б іншае стаўленьне. Тым больш што ў нас сабралася ўжо восем дзетак, і за вясну і лета могуць знайсьціся і астатнія ахвотныя. Мы напісалі скаргу ў аблвыканкам і спадзяёмся, што там нашу ініцыятыву разгледзяць больш уважліва. Больш за тое, мясцовыя ўлады маюць права карэктаваць гэтую лічбу — 12. Канстытуцыя і законы Беларусі гарантуюць нам навучаньне на адной зь дзяржаўных моваў.

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Гарадзенскага гарвыканкаму карэспандэнт Свабоды пацікавіўся, ці існуе наагул у іх праграма па пашырэньні беларускага школьніцтва і беларускамоўных групаў у садках. Начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму Андрэй Сяманчык катэгарычна адмовіўся адказваць.

— У нас гэтае пытаньне прапрацоўваецца... — адзінае, што сказаў ён Свабодзе.

Генадзь Семянчук, які хоча, каб ягоны ўнук наведваў беларускамоўную групу ў садку, сказаў, што ў Кастрычніцкім раёне Горадні наагул няма ніводнай беларускамоўнай групы ў садках. І гэтая ініцыятыва, паводле яго, магла б зрушыць сытуацыю зь месца.

— Думаю, што чыноўнікам не складана адкрыць гэтую групу, але відаць, што яны страхуюцца. Нават калі б пачалі з васьмі чалавек, то ўжо тады я перакананы, што знайшліся б людзі, якія б захацелі далучыцца. Трэба зрабіць першыя крокі ў гэтым кірунку. Ну паказалі ж пра нашу ініцыятыву сюжэт на мясцовым тэлебачаньні, і толькі добрыя водгукі былі.

Кіраўнік гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алесь Крой таксама хадзіў па чыноўніцкіх кабінэтах разам з бацькамі. Паводле яго, усё ўпіраецца ў інструкцыі, на якія спасылаюцца чыноўнікі.

— Відавочна, што ў такой сытуацыі ўсё залежыць ад бацькоў. Калі яны настаяць на сваім і калі іншыя далучацца да іх, то будуць і беларускамоўныя групы ў садках, і клясы ў школах. ТБМ надае дапамогу, якую можа, але ўсё, паўтаруся, залежыць ад саміх бацькоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]