У Менску прайшоў маратон салідарнасьці з палiтвязьнямi.
У сталічнай кнігарні «ЛогвінаЎ» прайшоў інтэлектуальны маратон на знак салідарнасьці з усімі, хто ўдзельнічаў у сакавіцкіх пратэстах і дэманстрацыях і хто цярпіць перасьлед і неабгрунтаваныя абвінавачаньні, паведамляе «Радыё Свабода».
Ініцыятарамі інтэлектуальнага маратону сталі філёзафы. Іх падтрымалі літаратары, якія чыталі свае творы і творы ўлюбёных клясыкаў.
Адкрылі імпрэзу прафэсар філязофіі, выкладчыца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Тацяна Шчытцова і сацыёляг, каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту» Тацяна Вадалаская:
«Галоўны супраціў — у нашых галовах, у нашым асэнсаваньні свабоды, годнасьці».
Андрэй Хадановіч прачытаў верш нобэлеўскага ляўрэата Чэслава Мілаша, які той напісаў 67 гадоў назад. А таксама выканаў песьню «Муры»:
«Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне
І пахавае сьвет стары!»
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч кажа:
«Тыя, хто праходзіць зараз па так званай „справе патрыётаў“ — сапраўдныя патрыёты. У нас часта блытаюць паняцьці „патрыятызм“ і „нацыяналізм“. Патрыятызм — гэта любоў да радзімы, веданьне роднай мовы, веданьне гісторыі Бацькаўшчыны».
Спадар Пятровіч таксама прачытаў два свае тэксты.
Некаторыя ўдзельнікі маратону чыталі не свае, але ўлюбёныя тэксты. Павал Баркоўскі ўзгадаў паэтычныя радкі Якуба Коласа «Сябрам-выгнаньнікам»: «Гэй вы, смутныя, гэй вы, бедныя, мае мілыя сябры-згнаньнікі». Адна з ініцыятараў імпрэзы Тацяна Вадалаская прачытала тэкст Германа Гесэ пра фэльетаністаў. Аксана Шэлест абрала тэкст Вацлава Гаўла.
Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч сказаў, што некалькі ягоных сяброў цяпер за кратамі, у тым ліку і Міраслаў Лазоўскі. І ўзгадаў адзін са сваіх старых тэкстаў 2000 году.
Альгерд Бахарэвіч прачытаў свой верш пра вуліцу Таёжную, дзе ён нарадзіўся. Паэтка, перакладчыца Юля Цімафеева прадэклямавала свае вершы пра зубатыя кветкі і пра дзьверы.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец узгадаў твор, які ён прысьвяціў вязьням турмы КДБ — «амэрыканкі», якія трапілі туды пасьля падзей Плошчы 2010 году.
Паэт Віктар Жыбуль прадэклямаваў жартаўлівыя радкі: «Паветра належыць дзяржаве, а ты хацеў прысвоіць яго сабе», «Як апынуўся ты на зоне? Ты вось прайшоўся па газоне», «Я, мабыць, адзіны пасажыр у салёне, напоўненым кантралёрамі».
Паэтка, перакладчыца Вера Бурлак заўважыла, што ў яе мала вершаў, прысьвечаных свабодзе слова, свабодзе думкі, бо яна думала, што гэтыя свабоды ёсьць. І прачытала верш «Урна» — пра рэч, якая звычайна выкарыстоўваецца для сьмецьця або для сьмерці. І яшчэ верш пра шыбеніцу, якую паставілі на вуліцы Каліноўскага для дзяцей. І што вырастуць зь іх «лепей шыбенікі, чым каты».
Паэтка Валянціна Аксак прачытала дзёньнікавыя нататкі, напісаныя пад уражаньнем ад затрыманьня і вызваленьня маладафронтаўцаў, цесьляроў Зьмітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага.
Пад гукі дуды ў выкананьні Алеся Мікуса прысутныя хорам прасьпявалі гімн «Белага легіёну».
«Масіраванай атакай добрай беларускай музыкі» назваў Андрэй Хадановіч выступ Лявона Вольскага. Лявон пажартаваў: «Трэба спыніць наўпроставыя трансьляцыі, бо людзі ня ходзяць на канцэрты, а ляжаць на канапе і слухаюць».
«Адкуль ні ўцякай, куды ні бяжы — і тут ты чужы, і там ты чужы», «Ламай сцэнар, ламай схему, ламай структуру, ламай сыстэму!» — падпявала Вольскаму публіка.
Усяго ў інтэлектуальным маратоне ўзялі ўдзел каля 40 літаратараў, музыкаў, філёзафаў: Валянціна Аксак, Валянцін Акудовіч, Аляксей Андрэеў, Ігар Бабкоў, Павал Баркоўскі, Андрэй Бастунец, Альгерд Бахарэвіч, Міхаіл Баярын, Сабіна Брыло, Тацяна Вадалаская, Руслан Вашкевіч, Лявон Вольскі, Улад Вялічка, Віктар Жыбуль, Анатоль Івашчанка, Павал Касьцюкевіч, Уладзь Лянкевіч, Уладзімер Мацкевіч, Сяргей Пукст, Антон Рудак, Дзьмітры Строцаў, Андрусь Такінданг, Андрэй Хадановіч, Cяргей Харэўскі, Юля Цімафеева, Тацяна Шчытцова, Аксана Шэлест ды іншыя.