Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Адам Глобус: Трэба жыць ня толькі для сябе, але і для некага

19.04.2017 общество
Адам Глобус: Трэба жыць ня толькі для сябе, але і для некага

Знакаміты беларускі пісьменьнік і мастак распавёў пра малавядомыя бакі свайго жыцця.

Журналіст «Радыё Свабода» Ян Максімюк паразмаўляў з мастаком і пісьменьнікам Адамам Глобусам.

- Я табе прапаную паразмаўляць пра лягчэйшыя і больш прыватныя тэмы — прыкладам: што табе дае радасьць і задавальненьне ў жыцьці, а што не. Ты згодны?

- Канешне, згодны.

- Калі я кажу пра задавальненьне і радасьць, дык я тут маю на ўвазе перш за ўсё тое, ці любіш ты смачна паесьці і папіць добрага віна, а ня тое, ці любіш ты пісаць шэдэўры па-беларуску і падтрымліваць беларускую мову. Ну дык — любіш смачна паесьці?

- Не. Ведаеш — не. Я люблю, калі няма адчуваньня голаду. Мне галоўнае — спатоліць голад. І таму я мінімалізую. Я люблю курыны булёнчык… Я сьціплы чалавек. Я не гурман.

Адам Глобус, «Малады хлопец», 2016 год. Папера, акрыл 30×21 см

- Дык табе ўсё роўна, дзе паесьці — у забягалаўцы ці дома?

- Не, не! Мне не ўсё роўна. Кожную раніцу ў мяне рытуал: пасьля ранішняй прабежкі ў парку я сьнедаю з жонкай. І кожны дзень у сем вечара я вячэраю дома з жонкай. Для мяне вельмі важна — сьнедаць і вячэраць у сваёй хаце. Забягалаўкі я не люблю.

- А хто з вас робіць сьняданак і вячэру? Жонка рыхтуе, ці ты?

- Жонка. Ну, калі няма жонкі, дык даводзіцца самому. Але калі няма жонкі, дык наогул прыходзіць дачка і робіць. Я не кулінар.

Праўда, былі часы, калі я працаваў на рэстаўрацыі касьцёла, і там мы па чарзе рабілі кулінарныя практыкаваньні. Кожны з нас павінен быў умець прыгатаваць добры абед ці сьняданак… Але гэты час прамінуў даўно. Так што гатаваць я ўмею, але цяпер не знаходжу ў гэтым задавальненьня.

- А абеды дзе ясі? У рэстаран ходзіш?

- Не, у рэстаран не хаджу. Я трываю да вячэры. Я магу нешта перакусіць у майстэрні, таму што там праводжу свой асноўны час. Папіць гарбаты зь нейкай цукерачкай, схадзіць з братам на каву, нават зьесьці пірожнае, пакуль няма цукровага дыябэту. Я ем два разы на дзень. Часам здараецца яшчэ нейкая перакусачка.

- Жонцы з табой, відаць, нескладана, калі ты такі непатрабавальны ў ежы…

- Так, жанчыны кажуць, што сапраўды са мной няма гэтай праблемы… Я магу пабегчы ў майстэрню з вараным курыным яйкам у кішэні і зьесьці пры нагодзе…

Адам Глобус, «Сюзана», 2016 год. Папера, акрыл 30×21 см

- Зь ежай мы збольшага разабраліся. А як зь віном? Якое віно табе найбольш даспадобы? Ці, можа, гарэлка?

- Харошае пытаньне! Я 15 гадоў ня п’ю. Зусім ня п’ю…

- Вельмі добра. А чаму ты кінуў выпіваць — таксама, як і я, жонцы паабяцаў?

- Не, не таму. Па-першае, людзі, зь якімі я выпіваў, зь якімі мне было цікава выпіць, пачалі сыходзіць у нябыт… І гэта мяне крышку напужала… І яшчэ, калі я дайшоў да таго, што штовечар мог выпіць пляшку гарэлкі, я зразумеў — або я яе кіну, або яна мяне загоніць на Кальварыю вельмі хутка…

Прытым, я знайшоў харошую формулу, для мяне вельмі важную: трэба жыць ня толькі для сябе, але і для некага. І калі ты выносіш гэтую праблему вонкі — што ты жывеш таксама для ўнука, для дачкі, для сваіх любімых людзей, а ня толькі для сябе — то тады кінуць лягчэй…

- А калі ты яшчэ выпіваў — то табе было ўсё роўна штó, ці быў усё ж нейкі ўлюбёны напой: гарэлка, віно, піва?

- Скажу вельмі важную для мяне рэч: калі я ўжо кінуў, то цяпер часам хочацца выпіць. Я думаю, гэта натуральна: кожнаму, хто кінуў, час ад часу хочацца выпіць. Хочацца менавіта стограмовік гарэлкі. Нездарма на нашых могілках ставяць стограмовік і прыкрываюць лустачкай хлеба. Калі хочацца выпіць, то толькі гарэлкі. Я наогул зразумеў, што я — чалавек гэтых шыротаў, то бок чалавек гарэлкі. Гэта наш напой. Ніякае віно, ніякае піва…

- Значыць, і пра віно мы праясьнілі сытуацыю. А што жанчыны — пагаворым крыху?

- Ой, гэта ж самае маё! Таму што, у адрозьненьне ад усіх астатніх, жанчыны мастаку шмат што дазваляюць. Ведаеш, у мяне заўсёды поўная майстэрня прыгожых аголеных жанчын. Тым больш што сёньня натуршчыца каштую ня так дорага — два рублі за гадзіну. Я сказаў бы, што гэта даволі танна… Я магу сабе дазволіць поўную майстэрню жанчын…

- Гэта, я сказаў бы, тэхнічны погляд мастака на справу. А маё пытаньне пра жанчын будзе пра іншае. Калі ты бачыш на вуліцы прыгожую, спраўную жанчыну — то якая ў цябе першая думка?

- Гэта такое грунтоўнае пытаньне, а ў мяне думкі ідуць у іншы бок. Па-першае, я заўсёды прымяраю жанчыну на натуршчыцу. Ты выбачай — ня думаю пра ложак і пра інтэлектуальную размову, а прымяраю, ці можа яна быць натуршчыцай. І таму я гляджу на яе вокам не самца, а мастака. Гэта кепска, канешне.

Я ніколі не бяру натуршчыц з вуліцы. Я даўно забараніў сабе гэта. І ніколі насамрэч з жанчынамі з вуліцы на гэтую тэму не гавару. Я бяру толькі прафэсійных натуршчыц — з Акадэміі мастацтва, дзе ім ужо растлумачылі, як трэба распранацца, як ня трэба гаварыць мастаку, што ты думаеш пра яго творчасьць… Там ёсьць цэлая інструкцыя, па якой іх адбіраюць. І таму да мяне прыходзяць толькі прафэсійныя натуршчыцы.

Што тычыцца маіх адносін з жанчынамі, гэта зусім іншы сьвет. Я ніколі ня блытаю адносіны інтымныя з адносінамі да натуршчыцы.

Адам Глобус, «Радасьці быцьця», 2016 год. Папера, акрыл 21×30 см

- Пра віно было, пра жанчыны было… У Польшчы дадаюць да гэтага яшчэ сьпеў: wino, kobiety i śpiew. Ты ўмееш сьпяваць? Сьпяваеш сабе, калі дома?

- Я заўсёды сьпяваў. Я лічу, што піць і сьпяваць — гэта адзін і той самы дзеяслоў. Калі выпіў, то і пасьпявай. У мяне ў майстэрні заўсёды ёсьць музыка і я заўсёды сьпяваю. І я вельмі рады, што Нобэлеўскую прэмію далі сьпеваку. Ну, ня важна, што я гэтага сьпевака не люблю, але сама тэндэнцыя, што далі прэмію чалавеку, які сьпявае — гэта, на мой погляд, вялікі прарыў. Таму што чалавек, які сьпявае — гэта добры чалавек. Прынамсі, мне так думаецца.

- А ты мяне не падводзіш пад дурнога хату? Некалькі разоў нам з табою здарылася, што мы разам выпівалі, і то нават не зусім памяркоўна, але я ня чуў, каб ты сьпяваў?

- Справа ў тым, што калі мы з табою выпівалі, там вакол нас было столькі клясных сьпевакоў, і Лявон Вольскі, і Кася Камоцкая… Таму мы тады і ня лезьлі са сваімі сьпевамі… А я ж столькі тэкстаў песень напісаў, і для «Песьняроў», і для Камоцкай, і каму я толькі яшчэ не пісаў…

- А што ты яшчэ любіш рабіць? Магчыма, пасьля натуршчыц і сьпеваў у цябе ўжо і часу не застаецца на іншае?

- Не, яшчэ застаецца. Я люблю бегаць у парку. А пасьля прабежкі ў парку я вяртаюся дахаты і пішу хайку. Вось так пачынаецца мой дзень. Гэта для мяне вельмі важнае. А ведаеш, што найважнейшае? Я лічу, што мне дадзена ўсяго — грошай, прыгажосьці, здароўя — больш, чым я заслужыў. І таму мне лёгка жывецца. Таму я шчасьлівы.

- У людзей бываюць розныя хобі ў жыцьці — адны вудзяць рыбу, іншыя ходзяць на футбольныя матчы… А ў цябе ёсьць нешта такое?

- Ёсьць адно такое хобі, яно крышку вычварэнскае. Калі мне кепска ў жыцьці, то я чытаю рускую клясычную літаратуру. І тады я разумею, як чалавеку можа быць насамрэч фігова. Калі я чытаю, як Прышвіну ці Буніну было кепска, дык мне ўжо быццам бы і ня так дрэнна…

- На мінулым тыдні, калі мы дамаўляліся наконт гэтай размовы, ты згадаў, што неўзабаве едзеш у Парыж пісаць нейкую кнігу…

- У Парыж запрасілі і прапанавалі напісаць кніжачку пра Парыж. Запрасілі на тры месяцы пажыць у майстэрні ў тамтэйшым Cité Internationale des Arts і напісаць «казкі пра Парыж». Я паеду на месяц, спадзяюся, мне ўдасца і напісаць гэтую кніжачку, і зрабіць ілюстрацыі да яе…

- А на якой мове ты дамаўляесься са сваімі французамі — ты вывучыў францускую?

- Не, я ня вывучыў францускую. І я ня буду зь імі дамаўляцца.

- Дык ты бярэш з сабой перакладчыка?

- Заўсёды ёсьць жанчыны, якія мяне «ўсынаўляюць». Якія пішуць за мяне розныя лісты і робяць патрэбныя дакумэнты… Да таго, я еду ў Парыж з жонкай, а жонка гаворыць па-ангельску…

А цяпер мне далі і другі грант, з The Malevich Society, каб я напісаў кніжку для дзяцей пра Малевіча. Там іншыя дзяўчаты пісалі за мяне лісты і афармлялі дакумэнты… Раней у мяне былі замовы выключна з усходу, з Масквы, а цяпер вось бачыш — з Парыжу і Нью-Ёрку…

- Можна сказаць — нарэшце дачакаўся…

- Па-мойму, тут трэба сказаць — усяму ёсьць свой час.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]