Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Станіслаў Шушкевіч: Гэтай уладзе ў Курапаты лепш ня лезьці

21.04.2017 политика
Станіслаў Шушкевіч: Гэтай уладзе ў Курапаты лепш ня лезьці

Камуністычны рэжым мае ў Беларусі «дастойнага пераемніка».

Праг гэта першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў «Радыё Свабода».

— Спадар Станіслаў, амаль 23 гады гэтая ўлада нічога не рабіла, каб належным чынам ушанаваць Курапаты як месца масавых расстрэлаў. Наадварот, праз урочышча то акружную дарогу вялі, то розныя «бульбаш-холы» там будавалі. І раптам ні з пушчы ні з поля дзяржава намерылася ўзьвесьці там мэмарыял, прычым у сьціслы тэрмін. Адкуль і для чаго такая надзвычайшчына?

— Камуністычная ўлада мае ў Беларусі дастойнага пераемніка — уладу лукашэнкаўскую. Дык як жа апошняя магла дазволіць раскрыць злачынства, учыненае сваёй папярэдніцай? Прыгадайце, якая супярэчлівая інфармацыя зьяўлялася пра Курапаты яшчэ зусім нядаўна — і пра колькасьць ахвяраў, і пра тых, хто расстрэльваў. І тут напрошваецца аналёгія з далёкай гісторыі. Успомніце Катынь. Як адразу пасьля вайны вядомыя грамадзкія дзеячы СССР падпісаліся пад пратаколам камісіі, дзе сьцьвярджалася, што польскіх афіцэраў у Катыні расстрэльвалі фашысты. І многія, калі ня ўсе, пабачыўшы там подпіс пісьменьніка Аляксея Талстога ды іншых аўтарытэтных творцаў, паверылі, што, акрамя фашыстаў, такога ніхто зрабіць ня мог. Вы кажаце, лукашэнкаўская ўлада ў Беларусі нічога не рабіла? Улада зрабіла «Лінію Сталіна», таму што якраз такі «мэмарыял» адпавядае яе інтарэсам. Улада і яе адэпты паўтараюць: не забывайце таго добрага, што было ў Савецкім Саюзе. А галоўны расейскі камуніст Зюганаў піша, што не мільёны невінаватых былі ў СССР расстраляныя, а «ўсяго 800 000». Васямсот тысяч — гэтага яму мала... Увогуле, мы жывём у страшны час са страшнымі кіраўнікамі, якіх ужо ўвесь сьвет адрынуў. Таму і даводзіцца ім прыкідвацца больш-менш сучаснымі, ляяльнымі, каб спадабацца МВФ, каб Захад лепей ставіўся. Іх да гэтага эканоміка прымушае, хоць нам даводзяць, што ёсьць нейкі там прырост у прамысловасьці. Насамрэч у нас спад эканамічны, фактычны крызіс, і набліжаецца дэфолт. А дэфолт — страшная рэч для дзяржавы. І вось неабходна, каб МВФ даў тыя 3 мільярды даляраў, якія просіць Беларусь. Таму і было абвешчана пра намер мэмарыялізаваць Курапаты, абвесьцілі мастацкі конкурс. Ці ж так абвяшчаюцца конкурсы? Ці ж так працуюць мастакі?

— Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк заклікаў беларускіх скульптараў ня ўдзельнічаць у тым конкурсе. Сумняваюся, каб яны да яго прыслухаліся. Паводле маёй інфармацыі, праекты ўжо паступаюць у Мінкультуры.

— А вы пастаўце сябе на месца скульптара. Вось абвешчаны конкурс па Курапатах. І калі ён ня ўдзельнічае, то тэма Курапатаў для яго як бы не існуе. Я думаю, Зянон трошкі пасьпяшаўся зрабіць такую заяву. Трэба ўсё ж шукаць шчыліну, у якую можна ўлезьці зь цікавай прапановай. Хоць я яго ў гэтай сытуацыі добра разумею. Курапаты — гэта ягонае дзецішча, а яго адтуль імкнуцца адсунуць... На месцы Пазьняка я б напісаў ліст і прыехаў бы сюды гэтым займацца.

— Нават калі б ён і прыехаў, наўрад ці яго дапусьцяць да канкрэтнай справы. Занадта рознае разуменьне праблемы. Лукашэнка, гаворачы пра Курапаты, казаў пра мэмарыял усім загінулым...

— Пра мэмарыял усім загінулым, з усіх бакоў, у Беларусі можна толькі марыць. Дарэчы, я падобны мэмарыял бачыў у Гішпаніі. Прабачце, гэта зусім іншая тэма, і месца павінна быць іншае. Наш усенароднаабраны, як заўсёды, прайшоўся па версе, яшчэ і тут стварыўшы праблему. І сапраўды, да мэмарыялу «ўсім загінулым» прыйдзе і ўнук загінулага там пісьменьніка, і кіраўнік МУС у форме НКВД. І гэта будзе блюзьнерства. Дык жа да гэтага ўсё і вядзецца. Паглядзіце даведнікі сьветлай памяці Леаніда Маракова — колькі людзей загінула... Я не выключаю, што ў Курапатах маглі загінуць і прыстойныя супрацоўнікі таго ж НКВД. Усё магло быць. Але там ляжаць тысячы забітых менавіта НКВД, і гэта трэба абазначыць. Сёньня тысячы загінулых у Курапатах патрабуюць помніка. І крывадушнічаць тут недапушчальна. Добра сказала Сьвятлана Алексіевіч, што ўзначаліць такую справу маральнае права мае толькі Зянон Пазьняк. І калі ўлада не крывадушнічае, калі яна шчыра хоча зрабіць у Курапатах помнік, яна павінна яго запрасіць.

— Думаю, прапанова наконт Курапатаў была нечаканай і для самой Алексіевіч. Навошта ў такой ролі ўладзе спатрэбілася менавіта яна?

— Мне здаецца, каб прынізіць Алексіевіч. Тэлефанаваньне ад нейкага чыноўніка з Адміністрацыі прэзыдэнта — гэта прыніжэньне для нобэлеўскай ляўрэаткі. Калі б ёй патэлефанаваў сам прэзыдэнт і запрасіў на размову, каб абгрунтаваць сваю прапанову, а заадно папрасіць прабачэньня, што належным чынам не павіншаваў яе з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі, гэта была б іншая справа. А так... Быўшы старшынёй Вярхоўнага Савету і прачытаўшы «Ў вайны не жаночы твар» і «Цынкавыя хлопчыкі», я патэлефанаваў Алексіевіч і прапанаваў ёй пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суду. Яна адмовілася, маўляў, «я ж не юрыст-прафэсіянал». А я сказаў, што дам ёй дастаткова прафэсіяналаў, на такой пасадзе галоўнае — быць сумленным чалавекам. Заўважце, Алексіевіч не была тады нобэлеўскім ляўрэатам, але яна была для мяне аўтарам, які напісаў праўдзівыя кнігі. Паўтаруся, не супрацоўнікі адміністрацыі павінны былі ёй тэлефанаваць, а толькі прэзыдэнт. Нобэлеўскі ляўрэат — не такая частая зьява.

— Як на добры розум, Курапаты мусілі стаць нацыянальным мэмарыялам яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Была ж і адпаведная пастанова ўрадам прынятая. Што перашкодзіла яе выканаць у той час, калі кіраўніком Беларусі былі вы?

— Вы не зусім правільна ставіце акцэнты. У пачатку 90-х ішлі спрэчкі, хто расстрэльваў у Курапатах — камуністы ці фашысты. І пракуратура спачатку заявіла, што гэта злачынства фашыстаў, гучалі і другія заявы. Мы тады не дайшлі яшчэ да таго этапу, калі трэба ставіць мэмарыял. Паўтаруся, не было прамога дакумэнтальнага пацьверджаньня. Была заява Зянона Пазьняка, усе яго паважалі і яму верылі, але неабходна было тую заяву юрыдычна канчаткова аформіць і паставіць кропку. А гэта не было зроблена.

— Але ж урадавая пастанова была?

— Была. Але ж былі і спосабы затармазіць яе выкананьне. І мне цяжка канкрэтна назваць тыя спосабы. Я доўга не разумеў, хто быў галоўным тормазам у Белавескай пушчы. Гэта высьветлілася толькі пасьля таго, як Кебіч напісаў успаміны. Я іх прачытаў і зразумеў, што галоўным тормазам быў Кебіч, а я «прымусіў» яго падпісаць Белавескае пагадненьне. А я ж добра памятаю, як ён, наадварот, вельмі хацеў яго падпісаць. Але сёньня, каб Лукашэнка на яго скоса не паглядзеў, ён і прыкідваецца мяккім і пушыстым. Што да тае пастановы, то, ведаеце, прыняць рашэньне пра ўшанаваньне — гэта адно. А вось знайсьці сродкі — гэта другое. Пастанова аб ушанаваньні Курапатаў была, але ажыцьцявіць яе было цяжка, мы тады былі вельмі бедныя. Я ня думаю, што можна было знайсьці такія сродкі, каб ушанаваць па-сапраўднаму.

— Розныя выказваюцца прапановы, розныя гучаць ідэі, якім павінен быць курапацкі мэмарыял. Лукашэнку ён бачыцца ў выглядзе сьціплай капліцы, Пазьняку — як Сьцяна памяці... А як вам той мэмарыял ўяўляецца? Ну напрыклад, што рабіць з тымі памятнымі камянямі і іншымі знакамі памяці, якія ўжо ёсьць у Курапатах?

— Найперш трэба стварыць камітэт ці раду, куды ўвайшлі б людзі зь незаплямленай рэпутацыяй. І ўжо яны мусяць вырашыць, што, як і калі павінна быць зроблена. Такіх людзей наша сёньняшняя ўлада наўрад ці зьбярэ. Таму па-ранейшаму будзе працаваць піраміда: «Я начальнік — ты дурань». І як скажа самы высокі начальнік, так зьнізу і будзе рабіцца. Скажа Лукашэнка зрабіць капліцу — зробяць капліцу, але гэта будзе помнік яму, а не ахвярам камуністычнага тэрору. І ўсё ж у кожным выпадку ў Курапатах трэба захаваць і крыжы, і камяні, і лаву Клінтана, якая была ўстаноўленая па ўзгадненьні зь беларускім бокам. Захавацца ўсё гэта можа толькі ў тым выпадку, калі Курапаты будуць пад аховай дзяржавы. А так там і лаўку ламалі, і крыжы. Я не выключаю, што гэта сама дзяржава і рабіла, яе «людзі ў цывільным». Кіраўнік Беларусі ня раз публічна шкадаваў, што ня стала СССР, а гэта ж была дзяржава гулагаў, якая мільёны бязьвінных людзей пахавала. Таму пра якое належнае ўшанаваньне можа быць гаворка? Гэтай уладзе ў Курапаты лепш ня лезьці.

— Мы гутарым з вамі акурат напярэдадні Радаўніцы. Каго вы памінаеце, чые магілы адведваеце ў гэтыя дні?

— Радаўніца для мяне — сьвята радзіннае. Мы адведваем магілы родных на Кальварыі, дзе пахаваныя мае дзед з бабуляй, і на Паўночных могілках, дзе пахаваная мая маці. Таксама мы з жонкай езьдзім у Шчытомірычы пад Менскам, на магілу бацькі — ён там, на радзіме, захацеў быць пахаваным.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]