Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мы ганарымся»

29.04.2017 политика
«Мы ганарымся»

Бацькі і жонка распавялі пра затрыманага па справе «Белага легіёну» Віктара Мароза.

Чацьвёрты тыдзень трохагдовы Ярамір ня можа дачакацца, каб пасьля працы дахаты вярнуўся ягоны тата. З СІЗА КДБ ад Віктара Мароза толькі прыходзяць лісты з казкамі пра эльфаў і малюнкамі Сонечнай сыстэмы. Жонка і бацькі затрыманага па справе «Белага легіёну» распавялі Свабодзе, чаму яны чакалі затрыманьня.

Гэта патрыятызм, у тым рэчышчы, у якім мы выхоўвалі сына

«Калі я толькі пачуў пра гэтую справу, я чакаў, што па сына прыйдуць, — распавядае пра Віктара бацька Генадзь Мароз. — Пад яе могуць узяць усіх, хто засьвяціўся».

«Белы легіён» у сям’і ведаюць. Калі Віктар вучыўся ў старэйшых клясах, ён уваходзіў у арганізацыю. Але ні тады, ні цяпер бацькі не лічылі «Белы легіён» шкодным.

«Я ня бачыў нічога такога, чаму мой сын ня можа быць там, — кажа Генадзь Барысавіч. — Гэта патрыятызм у тым рэчышчы, у якім мы яго выхоўвалі. Я бачыў, што ён знайшоў сябе. Знайшоў сапраўдных таварышаў».

Віктар у падарожжы па Новай Зэляндыі
Фота: svaboda.org

Аднак пра існаваньне «Белага легіёну» Марозы ня чулі ўжо больш за 10 год. Арганізацыя развалілася яшчэ ў пачатку 2000-х, і Віктар знаходзіў новыя хобі. У сямейным альбоме шмат здымкаў з падарожжаў, баскетбольных трэніровак і горных схілаў — усім гэтым займаўся Віктар. Апошняе, чым захапіўся Віктар — спортынг. Гэта спартовая стральба па мішэнях, якія імітуюць палёт птушкі ці бег зьвяроў. Адмыслова для спортынгу ў 2016 годзе ён набыў паляўнічае ружжо.

«Ён яшчэ ў пошуку. Ён яшчэ даволі малады чалавек, — кажа бацька. — А гэты сумны досьвед дазволяць стаць яму яшчэ больш мэтанакіраваным».

Баскетбол доўгі час быў хобі Віктара
Фота: svaboda.org

Віктара Мароза затрымалі 3 красавіка — праз два тыдні пасьля Міраслава Лазоўскага і першай партыі «легіянэраў». 4 красавіка ў ягонай здымнай кватэры і ў бацькоў правялі вобшук. Забралі «тканіну бел-чырвона-белага колеру», як напісалі ў пратаколе, паляўнічае ружжо ў сэйфе пад замком, патроны да яго і камуфляжную куртку.

«Куртку яму брат прывёз, калі вучыўся ў асьпірантуры ў Нямеччыне, — кажа маці Тацьцяна. — У такіх куртках ходзяць у лес, на паляваньне. Гэта проста сьмешна».

Тацяна Мароз
Фота: svaboda.org

Сын перастаў есьці і штовечар пытаецца, чаму тата не вяртаецца з працы

Зусім па-іншаму затрыманьне мужа ўспрыняла жонка Вікторыя. Яна родам з украінскага Дняпра (да 2016 года — Днепрапятроўску — Р.С.). Пазнаёмілася зь Віктарам онлайн і пераехала да яго ў Менск. За сем год замужняга жыцьця яна ні разу ня чула пра «Белы легіён», а таму вельмі зьдзівілася затрыманьню.

«Калі мне пра гэта распавялі, я ўспрыняла гэта як злы жарт. Гэта ж поўны абсурд, кажа Вікторыя. — Ужо шмат гадоў гэтая арганізацыя не існуе».

Вікторыя атрымлівае лісты ад мужа, а ён скрадзіцца, што ніхто ня піша
Фота: svaboda.org

Жонка дагэтуль не адышла ад шоку. А сын Ярмамір амаль перастаў есьці. Калі ў кватэры праводзілі вобшук, ён забіўся ў кут, накрыўся коўдрай і не выходзіў адтуль.

«Ён сказаў, што дрэнныя дзядзькі не адпускаюць тату дамоў, — кажа Вікторыя. — Увесь час кажа, што тата зараз вернецца з працы і яны пойдуць на шпацыр».

Тата нагадвае пра сябе толькі лістамі. Штотыдзень ад яго прыходзяць казкі пра сям’ю эльфаў — любімых казачных герояў Яраміра. А таксама пра космас і астранаўтаў, пра што раней любіў распытваць сын.

Славянскае імя сына Ярамір азначае «сонечны сьвет»
Фота: svaboda.org

Але сам Віктар лістоў ад сваякоў не атрымлівае. Ён просіць, каб яму пісалі, мяркуе, што жонка крыўдуе на яго. Вікторыя лічыць, што такім чынам на Віктара могуць ціснуць.

«Прыйдзецца хлопцам нялёгка, — лічыць Генадзь Барысавіч. — Будзе ціск. І трэба вытрымаць. Маральна ён вытрымае. Галоўнае, каб не было фізычных зьдзекаў. Гэта вельмі турбуе».

Дзеці знайшлі беларускія карані ў маці-расейкі

Віктар Мароз вырас у тыповай савецкай сям’і. Тата — вайсковец родам з Наваградчыны. Маці — настаўніца з расейскай Поўначы. У дзяцінстве ён марыў стаць вайскоўцам. Сам вырашыў паступаць у сувораўскую вучэльню. Аднак праз два гады бацькі забралі яго адтуль па стане здароўя. Пасьля школы ён паступіў у БНТУ, скончыў унівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Лягістычныя перавозкі».

Сямейнае фота канца 1980-х
Фота: svaboda.org

Лягіст па адукацыі, Віктар зь дзяцінства цікавіўся гісторыяй. Разам з братам яны склалі сямейны радавод. Нават знайшлі беларускія карані ў маці-расейкі.

«Я ніколі нават не падазравала, — кажа Тацьцяна. — Аказваецца, мая бабуля родам зь Беларусі».

Віктараў бацька да 17 год быў беларускамоўным. Ён падкрэсьлівае сваё паходжаньне з сям’і настаўнікаў з Наваградчыны. Ягоны брат стаў краязнаўцам, сабраў музэй пры школе.

«Для мяне аўтарытэтам заўжды быў дзед, які не ўступіў у калгас, — кажа Генадзь Барысавіч. — Калі я ўступаў у камсамол у 1972 годзе ён мне сказаў, што Савецкі Саюз разваліцца на маіх вачах. Бо ён пабудаваны на страху, ілжы і крыві».

Генадзь Барысавіч Мароз
Фота: svaboda.org

А сёньня ўжо Генадзь Барысавіч кажа, што нельга замоўчваць хлусьню супраць ягонага сына. Справу ён лічыць сфабрыкаванай, якая пад сабой ня мае падмурку.

«Гэтая справа несапраўдная, яна хлусьлівая, — кажа Генадзь Барысавіч. — Думаю, гэта зразумела кожнаму. Гэта правакацыя, ня болей за тое».

Мы ганарымся гэтым чалавекам

«Няхай людзі паглядзяць на чалавека, зь якога хочуць зрабіць тэрарыста, — кажа Вікторыя. — Мы ганарымся гэтым чалавекам».

Віктар вырас у праваслаўнай сям’і, але перад вянчаньнем перайшоў у каталіцтва
Фота: svaboda.org

Працоўнае месца Віктара ўжо занятае. Калі справа зацягнецца, жонцы з сынам давядзецца пераехаць са здымнай кватэры да сьвёкраў. Таксама Вікторыя задумваецца пра працу. Доўгі час яна гадавала дзіця і на сям’ю зарабляў толькі Віктар.

«Яшчэ нам не хапае ягоных пірагоў, — кажа жонка. — Печыва ў яго заўжды лепш атрымлівалася. Пару разоў на тыдзень муж нешта выпякаў».

Ужо пайшоў чацьвёрты тыдзень, як затрымалі Віктара. Але бацькі і жонка дагэтуль не адышлі ад стрэсу. Ад хваляваньня ў першыя дні бацька ня мог заснуць.

Фота: svaboda.org

Ад адваката вядома, што Віктар сёньня абвінавачаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 293 (частка 3) — гэта падрыхтоўка да масавых беспарадкаў, і 287 — стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня. Але сваякі настроеныя толькі на вызваленьне.

«Мы чакаем, калі гэта скончыцца, — кажа бацька. — Гэта зойме нейкі час, і трэба трываць, трэба чакаць, трэба верыць».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]