Палітычныя рэжымы бываюць розныя: разумныя й тупыя, паўсталыя на вялікіх ідэях і зусім аднаклетачныя.
Мастака Алега Ларычава затрымалі, завезьлі ў суд і выпісалі пяць сутак арышту. Звычайная гісторыя. Простая схема.
Ларычаў не актывіст апазыцыі, не заўсёднік дэманстрацый і пікетаў, Ларычаў — мастак, каардынатар стрыт-арт-праекту Signal.
Журналіст Зьміцер Галко заўважыў у «Фэйсбуку»:
«Мяркуючы па ўсім, Ларычава ўсё ж такі не за ягоныя заслугі прынялі, яны цэняцца значна вышэй і вартыя зьбіцьця ў пад'езьдзе невядомымі. Хутчэй за ўсё, Ларычава банальна паблыталі з Губарэвічам.
Губарэвіч быў у кампаніі Ларычава і Чалага ў піцэрыі і сышоў крыху раней.
Зараз традыцыйна садзяць палітычных лідэраў і актывістаў напярэдадні акцыі, якой баяцца.
Статкевічу далі тыя ж 5 сутак.
«Усё сыходзіцца».
Можа быць, і так, банальная памылка тупой сыстэмы, дзе стрэлачнік будзе пазбаўлены прэміі за месяц, а можа, гэтую памылку ніхто й не заўважыць.
Але мне падаецца, што нават калі гэта й так, усё ж ніякае памылкі няма. Такі зьбег абставінаў толькі падкрэсьлівае заўсёднае супрацьстаяньне творцы й прымітыўнае сыстэмы.
Сыстэмы бываюць розныя, разумныя й тупыя, паўсталыя на вялікіх ідэях і зусім аднаклетачныя, якія карыстаюцца простымі схемамі.
Сыстэмы, паўсталыя на вялікіх ідэях, прыцягваюць да сябе мастакоў вялікіх і ня надта вялікіх. Мастакі самі, сваёй воляй ствараюць шэдэўры і апяваюць у іх сыстэму, як, скажам, апявалі таленты рознага маштабу камуністычную альбо фашысцкую сыстэмы, што паўсталі, разьвіліся, завалодаўшы розумам сотняў мільёнаў людзей і канкуравалі паміж сабой у дваццатым стагодзьдзі.
Сыстэмы прымітыўныя й мысьляць прымітыўна, спадзеючыся, што мастака можна прыцягнуць да сябе сілай ці грашыма. Бо прымітыўная сыстэма ведае, што прапанаваць штосьці вартае мастака ў творчым сэнсе ў яе не атрымаецца менавіта з прычыны яе прымітыўнасьці.
Можна, вядома, выдаткаваць бюджэтныя грошы, замовіць і нават зьняць кіно пра НКВД ці раз за разам заклікаць, маўляў, напішыце мне новую «Паднятую цаліну».
Але дзе тое кіно, і дзе тая «Паднятая цаліна»?
Мастак і прымітыўная сыстэма ня здольныя да размовы як роўны з роўным і кожны зь іх гэта разумее. Нават калі мастак зь нейкіх абставін пагаджаецца працаваць, нічога вартага атрымацца ня можа, бо працуе ён з пагардай да замоўцы, а пагарда да творчасьці ня мае ніякага дачыненьня.
Часьцей за ўсё, мастак робіць так, як падказвае яму яго творчая існасьць, і звычайна ягоная творчасьць ня можа не сутыкнуцца з прымітыўнай сыстэмай наўпрост. І вось тады на сьвет выпаўзаюць усе крыўды прымітыўнае сыстэмы, настоеныя на пышным букеце комплексаў непаўнавартасьці, уся яе пошласьць, злоба, гопніцкае паскудзтва.
Тады мастаку, як, напрыклад, Алегу Ларычаву, прыпамінаецца ўсё, і дамалёўка колкага дроту на мурал «Масква-Менск», і вострыя сацыяльныя графіці, распаўсюджаныя праз групу Signal, і проста тое, што ён мастак.
Тады мастака чакаюць у пад'езьдзе імбіцылы ў трэніках, а на выхадзе зь піцэрыі — патрульны нарад і пяць сутак на Акрэсьціна.
Так што ніякае памылкі ў выпадку з Алегам Ларычавым няма, нават калі гэтая памылка і мела месца.
Алег Дашкевч, «Радыё Свабода»