Улюбёная кніга Юніса Міра – «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.
Бацька Юніса Міра — з Індыі, маці — з Віцебска. У дзявятым класе хлопцу стрэльнула ў галаву, што трэба вывучыць беларускую мову. І ён вывучыў! Два гады Юніс Мір размаўляў па-беларуску з усімі, акрамя бацькі. Хлопец ігнараваў касыя позіркі, дурацкія пытанні, рэплікі кшталту «ну вось, апазіцыянер знайшоўся…» і спыніўся толькі тады, калі зразумеў, што мову ведае добра, піша nn.by.
Юніс пражыў у Віцебску дзесяць гадоў, а пасля сям’я пераехала ў Мінск, і хлопец пайшоў у сталічную гімназію №12. Усё яго асяроддзе было рускамоўным, але для Юніса гэта не мела аніякага значэння. Яму было важна даказаць самому сабе, што ён здольны вывучыць мову.
«Па-першае, мне было цікава, як гэта будзе выглядаць. Па-другое, я хацеў вывучыць другую мову. Па-трэцяе — даведацца, чым наша краіна адметная, — распавядае Юніс. — Што мяне ўразіла, калі я пачаў размаўляць па-беларуску, — гэта як у Беларусі ставяцца да беларускай мовы. Кожны на мяне абарочваўся, спрабаваў выпытаць, чаму я размаўляю па-беларуску, бо мая знешнасць крыху не беларуская. Калі людзі даведваліся, як мяне завуць, яшчэ больш здзіўляліся».
Хутка Юніс стаў славутасцю ў школе: экзатычная знешнасць у спалучэнні з беларускамоўнасцю не маглі не прыцягнуць увагу. Аднак аднадумцаў у гэтай справе ў маладога чалавека не знайшлося: толькі адзін з сяброў Юніса два тыдні размаўляў з ім па-беларуску.
«Але для мяне гэта не было так важна. Я проста хацеў даказаць сабе, што магу гэта зрабіць, — зазначае хлопец. — Стаў цікавіцца гісторыяй, знайшоў прычыны, чаму ў Беларусі цяпер такая залежная сітуацыя. Цікавіўся Крэўскай уніяй, пад’ёмам Рэчы Паспалітай, яе падзеламі, бо я лічу, што гэта была моцная дзяржава. Вельмі цікава было даведацца, што дзяржаўныя дакументы друкаваліся на старабеларускай мове».
Юніс кажа, што для таго, каб авалодаць беларускай мовай, дастаткова пачаць чытаць беларускія кнігі. Улюбёная Юніса — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.
Бацькі хлопца ўспрынялі жаданне сына размаўляць па-беларуску ў штыкі, палічыўшы такія памкненні за рэвалюцыянерства.
«Хаця на самой справе я не вылучаў сваёй беларускай мовай нейкія палітычныя погляды. Я проста хацеў размаўляць на мове. Я не лічу, што беларускую мову трэба звязваць з палітыкай. Мне вельмі падабаецца мова сама па сабе, таму мне і было цікава вывучыць яе», — тлумачыць Юніс.
Для яго звязванне беларускамоўнасці з апазіцыяй было не тое што крыўдным, а хутчэй дзіўным.
«Вельмі цікава было назіраць за людзьмі, што глядзелі на мяне, Юніса Міра, які размаўляе па-беларуску. Можна сказаць, гэта быў такі эксперымент. І я лічу — паспяховы, бо ў мяне цяпер ёсць веданне беларускай мовы, якое дапамагае ў вывучэнні польскай», — дадае малады чалавек.
Пасля заканчэння школы Юніс з’ехаў у Польшчу і цяпер заканчвае першы курс універсітэта Лазарскага, вывучае міжнародныя адносіны.
У Індыі малады чалавек бывае амаль што кожны год, прыязджае наведаць сваякоў. Размаўляе з імі па-англійску, а цяпер пачаў вучыць і хіндзі.
«Індыя — вельмі кантрастная краіна, і мне ў ёй не падабаецца нічога, акрамя прыроды. У Кашміры, дзе нарадзіўся тата, надзвычай прыгожыя горы, — кажа Юніс. — І ў Беларусі мне таксама падабаецца прырода: вельмі прыгожыя азёры, багатыя лясы. Больш, напэўна, таксама нічога не падабаецца, таму я цяпер і не жыву ў Беларусі. Я не бачу тут такіх перспектыў, якія магу знайсці, напрыклад, у Еўропе. Таму я пераехаў у Польшчу, бо яна не вельмі далёка ад Беларусі, і бацькі не будуць за мяне хвалявацца. Хаця насамрэч, Варшава не вельмі адрозніваецца ад Мінску».