Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ганна Барвенава: У эпоху Скарыны мода Беларусі не адрозьнівалася ад Цэнтральнай і Заходняй Эўропы

03.05.2017 общество
Ганна Барвенава: У эпоху Скарыны мода Беларусі не адрозьнівалася ад Цэнтральнай і Заходняй Эўропы

За апошнія 25 гадоў выйшла некалькі кніжак, прысьвечаных беларускім строям.

Пра беларускае адзеньне і моду часоў Францішка Скарыны «Свабода» гутарыла з кандыдатам мастацтвазнаўства Ганнай Барвенавай, загадчыцай аддзелу выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларусі.

- Наколькі добра мы ведаем, у што апраналіся беларусы ў часы Скарыны?

- За апошнія 25 гадоў выйшла некалькі кніжак, прысьвечаных беларускім строям. У прыватнасьці, нашы дзьве дасьледчыцы з Акадэміі навук, Валянціна Бялявіна і Любоў Ракава, выдалі дзьве манаграфіі: «Мужчынскі касьцюм на Беларусі» і «Жаночы касьцюм на Беларусі». А такія дасьледчыкі, як Анастасія Скеп’ян і Юры Бохан, выдалі кнігу «Матэрыяльная культура беларускай шляхты». У гэтых кнігах закранутыя пытаньні, якія не асьвятляліся раней, у тым ліку — як апраналіся беларусы ў розныя часы. І ў тым ліку, хоць і мала, але закранутая тэма касьцюму эпохі Рэнэсансу.

Беларускі мужчынскі гарадзкі строй XVI стагодзьдзя. Рэканструкцыя Ганны Барвенавай паводле гравюраў Скарыны. Музэй гісторыі Магілёва

- Эпоха Рэнэсансу — гэта адрэзак часу, у якім жылі арыстакраты, шляхта, гараджане, местачкоўцы і сяляне. Скарына быў гараджанінам. Ці можам мы гаварыць пра апратку гараджанаў ягонага часу, мы ведаем пра яе?

- Крыніц хапае. Мы адзеньне гараджанаў яшчэ так не апісалі, як апісалі палякі або чэхі. У нас гэтая праца яшчэ ня зроблена. А крыніцы ёсьць, і ня толькі тэкставыя, але і выяўленчыя — гэта партрэтны жывапіс, кніжная графіка. Я кажу, як мінімум, пра два саслоўі — каралеўскі роды і іх атачэньне, а таксама гараджанаў.

- Дык калі я вас спытаю, у што апраналіся гараджане ў часы Скарыны, вы зможаце адказаць?

- Я асабіста пісала пра тое, як апраналіся каралі і магнатэрыя. А гараджане ў маіх тэкстах закраналіся ў тым сэнсе, што яны капіявалі адзеньне магнатаў і шылі тое самае, толькі зь менш каштоўных тканін. А наконт таго, як апраналіся каралі і магнаты, існуе партрэтны жывапіс, на якім усё відаць. Там і Жыгімонт І Стары, і Жыгімонт Аўгуст, і Барбара Радзівіл. Можам таксама гаварыць, адкуль куплялі тканіны, хто ім шыў, як тады шылі. Ведаем, як гэта рабілася ў каралеўскім горадзе Вільні.

Беларускі жаночы гарадзкі строй XVI стагодзьдзя. Рэканструкцыя Ганны Барвенавай паводле гравюраў Скарыны. Музэй гісторыі Магілёва

- Я калісьці чытаў кніжку гісторыка Кастамарава «Нарыс хатняга жыцьця і нораваў вялікарускага народу XVI i XVII стагодзьдзяў». Ён там называе шмат дэталяў гардэробу, пра якія мы сёньня нічога ня чулі, напрыклад зіпуны, абнізь або ічэтыгі. У першым выпадку гэта верхняе адзеньне, у другім — каўнер, у трэцім — абутак. Кастамараў, напрыклад, сьцьвярджае, што ў XVI стагодзьдзі маскоўцы насілі штаны толькі да кален, пераважна жоўтага, блакітнага або чырвонага колераў, а рукавы ў іх даходзілі да зямлі. Мы вось так пра сваё гарадзкое адзеньне эпохі Скарыны можам гаварыць? Напрыклад, вы можаце назваць некалькі прадметаў адзеньня?

- Касьцюмы на тэрыторыі ВКЛ і ў Масковіі вельмі адрозьніваецца, пачынаючы якраз з XVI стагодзьдзя, бо мы разышліся ў розныя бакі. Мы ў эпоху Готыкі выбралі эўрапейскі кірунак разьвіцьця і, адпаведна, касьцюму. Тады ў нас зьявіліся гатычныя строі. А тым больш у эпоху Рэнэсансу мы разьвіваліся ўжо ў цалкам эўрапейскім рэчышчы. Расейцы разьвіваліся ў іншым кірунку. У іх зусім іншыя адносіны да жанчын, іншы ідэал жаночай і мужчынскай прыгажосьці. І ў Кастамарава, і ў іншых напісана, што яны лічылі сябе ўсходам. І касьцюм іх, гэта цытата, «больш набліжаны да ўсходу» і ніяк не падобны да заходняга. А наш касьцюм цалкам у эўрапейскім рэчышчы.

Мы ў эпоху Готыкі выбралі эўрапейскі кірунак разьвіцьця і, адпаведна, касьцюму. А тым больш у эпоху Рэнэсансу мы разьвіваліся ўжо ў цалкам эўрапейскім рэчышчы. Расейцы разьвіваліся ў іншым кірунку. І ў Кастамарава, і ў іншых напісана, што яны лічылі сябе ўсходам. І касьцюм іх, гэта цытата, «больш набліжаны да ўсходу».

Наконт назваў асобных прадметаў адзеньня магу сказаць, што мы толькі пачалі гэта распрацоўваць, і адпаведны слоўнік з ілюстрацыямі пакуль ня створаны. А вось у палякаў такі слоўнік выдадзены, там ёсьць назва цэлага касьцюма ці ягонай дэталі і падаецца побач адпаведная ілюстрацыя. У нас такога пакуль няма. Але крыніц хапае, таму раней ці пазьней гэта будзе зроблена. Але, паводле слоўніка Францішка Скарыны, маем і барвы — барвовую, лазуровую, нябесную са златам. Маем там шоўк сіні і брунатны, чарчаты. Назвы тканінаў: воўна, шоўк, шоўк са златам, лён, лён перасукаваны, гарнастаі, ножкі казьлячыя. Прадметы адзеньня — вянец, жэзл. Ёсьць асобныя характарыстыкі: вянец пахвалы, вянец надзеі, вянец вагой талант злата. Кампанэнты адзеньня — рыза, плашч, апона, врэцішча, бот, баток, чобат, Аксэсуары — сумка, каліта. Упрыгожаньні — маніста, персьцень, сергі, сярга залатая, абручы, грыўны, зашчэпкі. «Пяцьдзесят пугавак» на адзеньні, пяцелькі, гаплікі, гафткі, запоны.

Усё гэта асобна аздаблялася. Напрыклад, вышываньне золатам па шоўку і льну. А хто гэта ўсё рабіў? Гафтаркі, ад слова «гафт» — вышываньне золатам і срэбрам. Сярод упрыгожаньняў былі званочкі — «званцамі залатымі»... Ну і так далей. Так што апісаць касьцюм таго часу нам складанасьці няма.

Наконт гараджан паўтаруся, што яны капіявалі магнатаў і каралёў, але ня мелі магчымасьці набываць каштоўныя тканіны. Таму мелі тыя самыя строі, толькі ў больш танным выкананьні.

Беларускія рэнэсансныя строі XVI стагодзьдзя на гравюрах Скарыны
Беларускія рэнэсансныя строі XVI стагодзьдзя на гравюрах Скарыны

- А штаны насілі?

- Вядома, яны так і называліся — штаны. І пояс да іх, і тэрмін «перапаясаны», «перапаясашыся».

- А Скарына ў што апрануты на сваёй гравюры? Там у яго барэт. А што яшчэ?

- Хутчэй за ўсё рыза — гэта тое, што пад плашчом, а ўверсе — плашч. Таксама добра бачны пояс. Барэт тады так і называўся. Гэта слова запазычанага паходжаньня, італьянскага. На Скарыну цалкам эўрапейскі строй.

- Яшчэ раз падсумоўваем. У эпоху готыкі, XIV-XV стагодзьдзі, мы сталі апранацца як эўрапейцы, бо наша шляхецкая і гарадзкая культура пайшла ў той бок. А ў Маскоўская дзяржаве захоўвалася свая, самабытная традыцыя, зьвязаная з усходам. Гісторыкі пішуць, што бацька Івана IV Жахлівага вялікі князь Маскоўскі Васіль ІІІ насіў чалму, татарскі халат і ятаган...

- Чалму, дарэчы, і ў нас насілі. У нас было захапленьне ўсходам... Гэта была агульнаэўрапейская хваля захапленьня арыенталізмам. Гэта пачалося ў XV стагодзьдзі. У нас у Радзівілаўскім летапісе адлюстраваны Ўсяслаў Чарадзей у чалме. Ня важна, што гэта пэрсанаж іншай эпохі, важна, калі ствараўся летапіс. У нас у часы Готыкі і Рэнэсансу і Дзеву Марыю, і біблейскіх пэрсанажаў, і гістарычных пэрсанажаў маглі адлюстроўваць у строях таго часу, калі выява стваралася. Так што ў Радзівілаўскім летапісе Чарадзей адлюстраваны ў гатычным строі — абціслыя порткі, выцягнутыя насы абутку і іншыя элемэнты Готыкі, і пры гэтым чалма на галаве. Агулам у эпоху Готыкі мужчыны ў нас насілі ўжо цалкам эўрапейскі строй, які падкрэсьліваў прыгажосьць мужчынскай фігуры, бо быў блізкі да цела. А на тэрыторыі Масковіі панаваў усходні варыянт касьцюму — шырокае, доўгае адзеньне з доўгімі рукавамі.

- Карацей, мы можам сказаць, што элемэнты побытавай культуры, да якой адносіцца і адзеньне, былі ў Беларусі эўрапейскія і гэта спрыяла арыентацыі нашых людзей на Захад, яны туды ехалі, там вучыліся і там нам кніжкі друкавалі...

- Менавіта так. Ужо пачынаючы з эпохі Готыкі, а тым больш у часы Рэнэсансу, у нас былі вельмі разьвітыя эканамічныя сувязі, а таксама матрыманіяльныя (шлюбныя) і культурныя. Ішоў вялікі гандаль за заходнімі і скандынаўскімі краінамі, гандлёвыя шляхі былі адкрытыя. Стваралася адпаведнае заканадаўства. Да нас ехалі купцы, траплялі іхнія тавары і, адпаведна, узоры адзеньня. Зразумела, што для нас гэта было ўжо як роднае. За два стагодзьдзі — XV i XVI — мы стварылі свае ўласныя ўзоры эўрапейскага адзеньня, гэта значыць у той стылістыцы, якая была модная ў астатняй Эўропе. Спачатку ў гатычнай, а пасьля ў рэнэсанснай, калі мова пра часы Скарыны. Да таго ж у эпоху Рэнэсансу яшчэ паехалі масава вучыцца на Захад. Гэта дадатковы канал кантактаў і камунікацыі матэрыяльных культураў.

Выявы беларускіх гуманістаў Францішка Скарыны і Васіля Цяпінскага зь іх кнігаў

- Вы сказалі, што беларусы стварылі свой узор рэнэсанснага строю часоў Скарыны. А былі нейкія адрозьненьні ад іншых эўрапейскі варыянтаў?

- У эпоху Рэнэсансу ўсе эўрапейскія краіны стварылі свае ўнікальныя ўзоры касьцюму. Да гэтага ў нас была адзіная культурная прастора моды, таму ў эпоху Сярэднявечча і Готыкі касьцюмы былі вельмі блізкія, вельмі падобныя. Але пачынаючы з эпохі Рэнэсансу ўсе эўрапейскія краіны мелі ўжо свае ўнікальныя ўзоры касьцюму. І беларусы ў тым ліку — яны стварылі свой, непаўторны касьцюм пачынаючы з эпохі Рэнэсансу.

- А ўбачыць гэтыя строі можна?

- Вядома, можна, у тым ліку на гравюрах Францішка Скарыны. Справа ў тым, што ў эпоху Рэнэсансу мастакі адлюстроўвалі біблейскіх пэрсанажаў у адзеньні свайго часу. Таму ў іканапісе, фрэскавым жывапісе біблейскія пэрсанажы, апрача Хрыста, адлюстраваныя ў адзеньні адпаведным эпосе стварэньня выявы. У выпадку Скарыны — у касьцюме эпохі Рэнэсансу. У Скарыны, напрыклад, каралева сядзіць на троне ў рэнэсансным касьцюме зь вялікім дэкальтэ і характэрнымі аборкамі спадніцы.

- А вось скажыце мне такую практычную рэч. Гафрыраваны высокі рэнэсансны каўнер у Васіля Цяпінскага быў зроблены зь якога матэрыялу?

- Гэта хутчэй за ўсё тонкі шоўк або тонкі-тонкі кужэльны лён.

Ганна Барвенава ў сваёй рэканструкццыі Рэнэсанснага беларускага строю часоў Скарыны
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]