У нашай краіне зноў прагучала гэта фраза. Нібы сігнал трывогі. Не брутальная каманда. І нават не пагроза.
Некалькі звычайных слоў, якія вымаўляюць дзе заўгодна. Цікавых хіба толькі таму, да каго яны адрасаваны непасрэдна. Але ў кантэксце беларускім сказанае мімаходзь набывае амаль біблейскі маштаб.
Каля сотні маладых актывістаў 16 сакавіка выйшлі на Цэнтральную плошчу сталіцы. Як звычайна ў той дзень. На акцыю ў падтрымку палітвязняў. Гэтым разам, каб не раздражняць залішне дабрадзеяў з Еўразвязу, рэжым узяў кароткую паўзу. Пікетоўцаў не білі і нават не разганялі. Ланцуг дзяўчат і хлопцаў з партрэтамі палітзняволеных толькі здымалі старанна аператары спецслужбаў. Міліцыянты напэўна ведалі, што сігналу атакі не будзе. Яны стаялі побач і ляніва між сабой перамаўляліся. І адзін з іх сказаў другому: “Хочаш, пакажу твайго брата – вунь з партрэтам, чацверты ў ланцугу”.
Гэта звычайная фраза – найдакладнейшы дыягназ расколатай нацыі. Зноў брат ідзе на брата. Па нейчай злой волі. Як тое ў нашай гісторыі ўжо не аднойчы было. І чым усё можа скончыцца, тут добра ведае кожны. Калі д’ябал нянавісці разводзіць людзей па розныя бакі нябачнай лініі падзелу, белы галубок з зяленаю галінкай у дзюбе ўжо не дапаможа. І не варта сцвярджаць, што ўсе вінаватыя. На вялікі жаль, гэта зусім не так. Інакш выйсце з тупіку было б куды якое простае.
Ужо не толькі Еўразвяз, які ў беларускай сітуацыі нічога не разумее, або не хоча зразумець, але і шмат хто з апазіцыі настойліва заклікае да прымірэння і ўзаемаразумення з нашымі ўзброенымі да зубоў і апантанымі нянавісцю апанентамі. Давайце забудзем усё, што было, і сядзем за стол перамоваў.
Давайце, панове! Чаму ж не? Сапраўды, колькі можна здзеквацца з уласнай краіны і вялікай часткі яе народа, пазбаўленага фактычна усіх правоў. Давайце памірымся. Можа, нават абдымемся ў нечаканай радасці. І пойдзем усе адной калонай. Але куды?..
У тым напрамку, той дарогай, па якой у 1994 годзе павёў краіну шклоўскі вылучэнец? Будзем разам з ягонымі прыхільнікамі сумаваць па сталінскіх часах, вынішчаць нацыянальную культуру, пераследваць усіх тых, хто хоча ва ўласнай краіне размаўляць на роднай мове? Будзем апантана лезці ў Расію, ствараючы з імперцамі “саюзную дзяржаву”. Адмовімся ад нашай незалежнасці. Перакрэслім святыя сімвалы продкаў, прыняўшы назаўсёды крамлёўскі наватвор узору 1948 года з пазнейшаю мясцовай падмалёўкай. Прызнаем сябе народам, у якога тысячагадовай гісторыі няма, а ёсць толькі Кастрычніцкая рэвалюцыя і падараванае ёю шчаслівае калгаснае жыццё. Гэта хіба той грунт, на якім мы можам аб’яднацца? Іншага ж няма.
Гэта толькі які-небудзь брусельскі бюракрат можа быць перакананы, што калі падчас нейкай акцыі пратэсту сутыкаюцца нязгодныя з рэжымам і спецназаўцы, то справядлівасць заўсёды на баку таго, хто ў форме. У Беларусі ўсё наадварот. Вось на плошчы сустрэліся браты. Той з іх, хто мае мужнасць выйсці з партрэтам незаконна асуджанага, бароніць гонар і годнасць сваёй зняважанай уладаю краіны. А той, хто выйшаў узброеным і ў форме, бароніць пасаду свайго гаспадара, які яму за тое шчодра плоціць. Дык хто з іх мае права на спагаду цывілізаванага свету?
І няўжо знойдзецца ў Беларусі палітык, які наважыцца падыйсці да тых дзяўчатак і хлопцаў, якія стаяць на плошчы, каб сказаць ім, што яны памыляюцца. Не варта змагацца з рэжымам. А трэба ісці з ім на перамовы. І можа ён, рэжым, будзе тады настолькі добры, што даруе ім смеласць і непакорлівасць. І нават не павыганяе са школаў, універсітэтаў, не кіне за краты і не пазбавіць права жыць на сваёй зямлі.
Так, перамовы заўсёды – лепшае выйсце з усіх канфліктаў. Але пры ўмове, што гэта насамрэч перамовы, а не акт капітуляцыі перад жорсткай і цынічнай уладай. Калі Польшча пакутліва шукала магчымасці пазбегнуць нацыянальнай катастрофы, там “Салідарнасць” сапраўды села за адзін стол з генералам Ярузельскім, якому ва ўмовах ваеннага становішча належала ўся ўлада. А нашай апазіцыі прапануецца балбатня з адстаўной казы барабаншчыкам. Каб прыняць капітуляцыю, ягоных паўнамоцтваў дастаткова. Але ж ісці туды нашы канфармісты збіраліся, здаецца, не па гэта.
Рэжым не хоча пераменаў. Ён і так сябе выдатна пачувае. А ягоны заснавальнік проста ў захапленні ад сваёй ролі ў вертыкальна-пакорлівай сістэме. Сам сабе страшэнна падабаецца. Дык дзеля чаго ён пойдзе на нейкія змены? Дыктатура – гэта механізм, сабраны па схеме татальнага страху. У ім варта выдаліць які-небудзь дробны вінцік, і ўсё пачынае рассыпацца. І каб дыктатару і надалей жылося бесклапотна, усё павінна заставацца, як раней. З дакладным падзелам людзей на сваіх і чужых. Нездарма ж правіцель паабяцаў перад тэлекамерай пакуль жывы, уладу не здаваць. Гэта ягоная прыватная ўласнасць. А таму зноў загадае брату ісці на брата.
І чамусьці ўжо даўно тут ніхто не ўспамінае, што суб’ектам права з’яўляецца народ. І ў той ужо далёкі час, калі вырашаўся лёс краіны, не знайшлося ў нас ніводнага палітыка, які ўзяў бы на сябе смеласць звярнуцца наўпрост да грамадзян Беларусі з прапановай выйсці на вуліцу і выказаць сваю волю. Не верылі ў народ, у ягоную палітычную сталасць. А калі б тое здарылася тады, не рызыкнула б прыляцець у Мінск чацвёрка расійскіх палітычных монстраў са сваімі ліпавымі “гарантыямі” дэмакратычнага працэсу ў Беларусі. І не было б у нашай гісторыі ніякага дыктатара, а быў бы ўсяго толькі дырэктар занядбанага саўгаса, які ў выніку непаразумення на кароткі тэрмін сеў у чужое крэсла.
Дык можа хоць сёння, маючы пятнаццацігадовы горкі досвед, мы ўсё ж не будзем паўтараць даўнія памылкі. І ўпершыню за два стагоддзі дазволім вырашаць свой лёс не спагадлівым чужынцам, а ўласнаму народу. Яго пазбавілі права выказваць сваю волю на рэферэндумах і выбарах. У такім разе, застаецца плошча. І праз яе давядзецца прайсці. Іншага шляху ўз’яднання расколатай нацыі гісторыя не ведае.І калі зноў дэмакратычны працэс падмяніць валтузнёй чынавенства, народ застанецца расколатым. І тыя два браты не памірацца ніколі.