Выданне прысвечана сямі беларускім мастакам ад Малевіча і Шагала да Цэслера і Вашкевіча.
Дзіцячая кніга “Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя. Віцебская школа” – унікальная, нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не выдавалі, пiша eurobelarus.info. Па-першае, яна напісаная не “савецкай” павучальнай мовай, а прапануе сваім маленькім чытачам спазнаваць роднае мастацтва ў форме гульні. Па-другое, казкі для выдання сачынялі Адам Глобус, Лявон Вольскі, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Кісліцына. Аўтары праекта – каманда “Дзіцячых творчых майстэрняў” галерэі "Ў". Выдаць кніжку сталася магчымым пры дапамозе краўдфандынгу, а таксама пры падтрымцы праекта CHOICE: Cultural Heritage - Opportunityy for Civic Engagement.
“Мы шмат вандравалі і заўсёды здзіўляліся, чаму ў галерэях і музеях усяго свету так шмат дзіцячай літаратуры пра лакальнае мастацтва. Гэтыя кнігі маляўнічыя, цікавыя, іх хочацца гартаць, маляваць выконваць розныя заданні. А пра беларускае мастацтва нічога такога не было. І мы падумалі, што трэба ўзяць справу ў свае рукі. Нічога звышнатуральнага мы не зрабілі, але для Беларусі гэта пэўны крок у бок спазнання ўласнага мастацтва», – распавяла PR-мэнэджар праекту Вольга Мжэльская.
Пра запатрабаванасць такой кніжкі сведаць лічбы: толькі па папярэдняй замове праз ахвяраванні на краўдфандынгу выдалі 400 асобнікаў. Тыя ж, хто не паспеў замовіць кнігу, могуць набыць яе ў кнігарні “ЛогвінаЎ”.
Куратарка выдання Сафія Садоўская зазначыла, што кніга – гэта частка цэлага праекту, які ўключаў у сябе заняткі для дзяцей.
“У аснове кнігі – мастацтва, гульня, творчасць, свабода і размова. Школьныя сістэмы амаль не працуюць з нашай культурай. І гэта праблема: дзеці не ведаюць гісторыю нашага мастацтва. Мы спрабуем распавесці пра наша і сусветнае мастацтва на занятках, мы даследуем яго праз дыялог, творчасць і гульню. Мы спрабуем быць не настаўнікамі, а саўдзельнікамі працэсу і такімі ж даследчыкамі, як дзеці.
Кніга для дзяцей – не тое ж самае, шт кніга для дарослых. Калі мы возьмем дзіцячую кнігу пра мастацтва савецкага часу, яна будзе пачынацца са словаў “Дарагі сябра!”, а потым простымі словамі будзе пераказвацца тое, што напісана ў кнігах для дарослых. Мне здаецца, гэта няслушны метад. Дзеці – гэта не “недадарослыя”, яны іншыя. Дзіцячая мова – гэта іншая мова, мова гульняў, казак, вершаў”.
Апроч выдання кніжкі, аўтары праекту правялі курс пра мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя – гэта была творчая лабараторыя, дзе дзеці даследвалі працы мастакоў. Цяпер рыхтуецца тэматычны дапаможнік, які можна будзе выкарыстоўваць бацькам і адукатарам.
Галоўны рэдактар кнігі і аўтар казак Адам Глобус распавёў, што наступная дзіцячая кніжка будзе прысвечана выключна Казіміру Малевічу.
“Кожны праект цікавы, калі ёсць перспектыва. Мы працуем для дзяцей, каб была перспектыва: нашы дзеці будуць вырастаць, а мы будзем рабіць новыя кніжкі”, – зазначыў ён.
Яшчэ адзін аўтар казак – філосаф, эсэіст Валянцін Акудовіч.
“У траўні 1975 года, пасля вандроўкі па Карпатах, я вырашыў, што, вярнуўшыся ў горад, не буду галіцца. Хутка 45 год маёй барадзе, мне здаецца, што я нарадзіўся з ёй. Я прызвычаіўся і да барады, і да мянушкі “дзед”. Але 10 месяцаў назад я стаў сапраўдным дзедам, у мяне нарадзіўся ўнук! І прыкладна ў той самы час арганізатары праекта і персанальна Глобус кажуць, што трэба напісаць казкі пра мастакоў. Я ў жыцці не пісаў казак. Але ж я ўжо сапраўдны дзед, і калісьці мне трэба будзе чытаць унуку казкі. І так я паспрабаваў”.
Яшчэ адзін аўтар кнігі Лявон Вольскі не стаў казаць доўгіх прамоў, затое адыграў невялікі душэўны канцэрт. Слухачы віталі Лявона як сапраўдную легенду – стоячы, і доўга не адпускалі, таму музыка зайграў яшчэ некалькі песень звыш праграмы.