Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Серп і граблі

14.05.2017 политика
Серп і граблі

Аказалася, што гэта зусім не карыкатура, а афіцыйны герб.

Калі я ўпершыню выпадкова ўбачыў гэту выяву, то падумаў, што гэткім чынам нехта з мастакоў уздумаў цынічна пасьмяяцца зь цяперашняга афіцыйнага герба беларускай дзяржавы. Сапраўды, угледзьцеся: усе элемэнты ў наяўнасьці: і збожжавы вянок, і чырвоная зорка, і стужка, і абрысы межаў, падобныя да беларускіх. Толькі на выяве схематычнай мапы дадаткова зьявіліся скрыжаваныя серп і граблі — прылады, якія, як вядома, згадваюцца ў пэўнага кшталту показках і анэкдотах пра розных недарэк.

Аказалася, аднак, што гэта — зусім не карыкатура, а афіцыйны герб незалежнай дзяржавы — Тувінскай Народнай Рэспублікі (ТНР), якім яна карысталася ў 1930-1935 гадах. (ТНР — дзяржава ў Паўднёвай Сыбіры, мела незалежнасьць у 1921-1944 гадах, у міжваенны пэрыяд лічылася адной з трох сацыялістычных краінаў сьвету — разам з СССР і Манголіяй). Першапачаткова тувінскія таварышы, відавочна, плянавалі разьмясьціць на сваім гербе серп і молат, але потым прыгадалі, што ва ўсёй рэспубліцы няма ніякіх прамысловых прадпрыемстваў. Ну і вырашылі замяніць молат граблямі.

Герб БССР у 1981–1991 гг

...Калі 22 гады таму Аляксандар Лукашэнка ўздумаў з дапамогай рэфэрэндуму замяніць гістарычныя нацыянальныя сымбалі — герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сьцяг, я якраз працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам газэты «Звязда», амаль штодня бываў у Вярхоўным Савеце. Памятаю, як у прэс-цэнтры ўпершыню зьявіліся аддрукаваныя на каляровым прынтэры першыя выявы прапанаваных Лукашэнкам «новых-старых» герба і сьцяга. У першым варыянце з герба БССР былі прыбраныя ня толькі серп і молат, але і чырвоная зорка. Праз гэта ўся кампазыцыя выглядала незавершанай і дзіўнай. У канчатковым варыянце зорка ўсё ж вярнулася. А вось у цэнтры вянка пустата і незавершанасьць так і засталіся.

Фота: svaboda.org

І тады, і цяпер не магу зразумець: калі так ужо карцела вярнуць савецкую сымболіку, навошта было яе перайначваць, перамалёўваць? Герб БССР хоць выглядаў стылёва завершаным, цэльным, з выразным кампазыцыйным цэнтрам. Ды і хоць нейкія гістарычныя карані ў яго былі. Няўжо Лукашэнку так ужо палохалі серп і молат? Дык тыя серп і молат можна знайсьці нават на дзяржаўным гербе далёкай ад камунізму і аўтарытарызму Аўстрыйскай Рэспублікі.

Усё ж схіляюся да думкі, што першы беларускі прэзыдэнт сьвядома, асэнсавана мяняў савецкую сымболіку «пад сябе», каб яшчэ і гэткім чынам замацаваць у гісторыі пэрыяд свайго кіраваньня. У чымсьці ён, відавочна, мэты сваёй дасягнуў: прыдуманыя ім у 1995 годзе сымбалі трывала асацыююцца ў грамадзкай сьвядомасьці менавіта зь ягонай асобай. Іншая справа, што разам зь ім яны, хутчэй за ўсё, у гісторыю і адыдуць.

Што да Тувінскай Народнай Рэспублікі, то ейная незалежнасьць праіснавала зусім нядоўга. Кіраўнікі ТНР так доўга і настойліва інтэграваліся з Масквой і кляліся ёй у адданасьці, што ўрэшце ў 1944 годзе ім параілі выступіць з прапановай увайсьці ў склад СССР. Просьбу ў Крамлі хуценька разгледзелі і прынялі Туву — але нават не саюзнай рэспублікай, а толькі ў склад РСФСР — на правах аўтаномнай вобласьці. З поўным скасаваньнем дзяржаўнай незалежнасьці з усімі яе атрыбутамі — у тым ліку і гербам, які быў такі падобны да цяперашняга беларускага. Дарэчы, думкі саміх тувінцаў наконт гэтага вырашана было ўвогуле не пытацца: рэфэрэндум не праводзіўся.

Валянцін Жданко, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]