Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сьцяг

15.05.2017 политика
Сьцяг

22 гады таму бел-чырвона-белы сьцяг быў толькі ў нашых сэрцах, а сёньня ён і ў сэрцах нашых дзяцей.

Пры арышце па г.зв. «справе патрыётаў» мяне прывезьлі дахаты рабіць ператрус. Трэба было бачыць, зь якой варожай радасьцю гэбэшныя апера даставалі з шуфляды бел-чырвона-белыя сьцягі. «О, дык столькі сьцягоў ў цябе!» Перапісалі ўсе – 16 штук і дадалі да іх раздрукаваны банэр «Пагоні». Тое ж адбывалася па месцы жыхарства і Арцём Леўчанка, у якога радасна канфіскавалі 15 сьцягоў.

«Во, – кажу я ім, седзячы ў кайданах у крэсьле, – бандыта знайшлі, дык да!» КДБэшнікі не разумелі маёй іроніі і патрасалі балаклавамі ў знак згоды – бандытызм быў навідавоку. Пачалі нават апісваць кавалкі нарэзанай чырвонай і белай тканіны, але потым вырашылі, што для доказнай базы па крыміналцы хопіць і 16-ці нашытых сьцягоў. Але я не зьдзівіўся б, каб і тканіну дапісалі ў злачынства, вунё ў Siarhei Palcheuski канфіскоўвалі тканіну – і дагэтуль ніводнай скаргай адбіць яе ня можа, бо крымінал гэта – захоўваць чырвоную і белую тканіну разам.

14 траўня спаўняецца 22 гады з таго жахлівага, дзікунскага «рэфэрэндуму», калі Лукашэнка чыніў свой першы антыканстытуцыйны пераварот. Быццам бы як праз туман, але я памятаю той дзень. Мне тады было 13 год. І я ніяк ня мог зразумець, чаму нацыя выракаецца свайго сьцяга і герба. Мне ніхто нічога не тлумачыў пра зьбіцьцё дэпутатаў парламента, пра незаконнасьць самога галасаваньня і нават пра тое, што сьцяг мяняецца на іншы. А можа нешта і тлумачылі, але гэта не адбілася ў памяці. Мне тады здавалася, што нацыя проста выракаецца сваіх самых сьвятых сымбаляў – сьцяга і герба. І калі ўлічыць тое, што народ не паўстаў супраць чырвона-зялёнага гвалту і беззаконьня, то мо і ня так ужо памылялася дзіцячае сэрца – нацыя выракалася…

Я памятаю, як я, 13-гадовы падлетак, тады плакаў – 14 траўня 1995 года. І менавіта тая крыўда за зьдзек з нацыянальных сымбаляў прывялі мяне праз 5-6 год у «Малады Фронт». Мяркую, каб не ганебны «рэфэрэндым» 1995 года, я ніколі не прыйшоў бы ў апазыцыйны рух. За што ахвяраваць сабою? За ліберальныя ідэі? За заробкі? За ўладу? На ўсё гэта было проста начхаць тады, калі мы, 13 – 18-гадовыя дзеці далучаліся да Маладога Фронту. Я заўсёды і з многімі размаўляў маладафронтаўцамі: што вас прывяло ў МФ? Амаль заўсёды адказ зводзіўся да аднаго – рэфэрэндум 1995 года. Я перакананы, каб не ганебны травень 1995 года, у Лукашэнкі і сёньня не было б апазыцыі.

Таму, можа быць, хлус і разважае пра першы «рэфэрэндум», як пра самую сваю пераможную бітву над іншадумствам, але я пэўны – гэта самая вялікая ягоная параза. Ілгун, па-злачынску апрануўшыся ў злачынную чырвона-зялёную кашулю, сам абазначыў сябе. Сёньня ніхто ня можа сказаць: я за праўду і за чырвона-зялёны сьцяг. Ці: я за бел-чырвона-белы сьцяг і БРСМ/КДБ/адміністрацыю.

І няхай сёньня за бел-чырвона-белы сьцяг затрымоўваюць, б’юць, садзяць – гэта не на доўга. Бо 22 гады таму сьцяг быў толькі ў нашых сэрцах, а сёньня ён і ў сэрцах нашых дзяцей. Бо як сьцяг уваскрос пасьля 70 год савецкага забыцьця, так ён уваскрэсьне і праз 22 ці колькі б там ні было год забыцьця лукашэнкаўскага.

Зьміцер Дашкевіч, «Фэйсбук»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]