15 траўня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэньня драматурга, рэжысэра, артыста, мастака і пісьменьніка Ўладыслава Галубка.
І сябры, і ворагі прызнавалі — у 20-я гады ягоны вандроўны тэатар быў самы папулярны ў Беларусі, пiша «Радыё Свабода». Любоў гледачоў Галубок тлумачыў як сапраўдны галівудзкі рэжысэр: «Яны прагнуць відовішча... Зацікавіць іх можна толькі моцнымі перажываньнямі. Падзеі павінны быць цікавымі! І — зразумелымі. Хай гэта будзе адвечная барацьба паміж сумленьнем і [падступствам], чысьцінёй і брудам, сьвятлом і цемрай, але толькі так, каб глядач суперажываў разам з акторам!»
Маці перадала яму талент знахара
Паводле мастака Яўгена Ціхановіча, «яна ведала шмат якіх траў (...) магла загаворваць рожу ды навучыла свайго сына Ўладыслава (...). Галубок вылечыў ад рожы многа людзей. [Ён] бярэ сьцізорык і заточвае драўляную трэсачку, мачае ў чарніла, якім піша п’есы, абводзіць рыскаю ўсю пляму рожы і па крузе піша нейкія лічбы (...), праходзіць час, рожа сыходзіць (...), але пасьля наданьня яму пачэснага званьня [народнага артыста. — рэд.] мусіў адмовіцца ад такой добрай справы, каб не перашкодзіць свайму аўтарытэту».
Быў ня рады званьню народнага артыста
Тэатральны дзяяч Яўген Рамановіч успамінаў: «Я пачаў яго віншаваць... — А, братка, не кажы! — замахаў ён. — Вось бягу прасіць, каб перарабілі на заслужанага. Ты разумееш, я заўсёды ў народзе, сярод простых людзей, а яны кажуць: «Народны артыст? Ніякая гэта не заслуга. Вось заслужаны — іншая справа...». Тэатральны мастак Оскар Марыкс дадае: «...Калі ён атрымаў званьне, жыхары вёсак, спачуваючы, гаварылі: «Ты ў нас народны і быў, а заслужанага завошта зь цябе зьнялі? Мы напішам, каб вярнулі».
Яго называлі «душагубам беларускай сцэны»
Галубка вінавацілі, што ў яго п’есах памірае шмат герояў. Ён адказваў: «Мяне празвалі душагубам беларускай сцэны, а вось у Шэксьпіра ў „Гамлеце“ аж пяць сьмерцяў, але ж яго не называюць душагубам».
Любіў натуралістычныя эфэкты
Паводле гісторыка Анатоля Валахановіча, «каронным нумарам Галубка была сцэна сьмерці пана Сурынты. У актора Б. Бусла, па п’есе — яго праціўніка, бліснула лязо нажа. Удар! Сурынта схапіўся за сэрца, пахіснуўся, і ўсе гледачы ўбачылі, як празь яго пальцы цячэ кроў, расплываючыся чырвонай плямай на белай кашулі. У залі крыкі, ледзь ня страта прытомнасьці (...). У выніку — адмоўныя адносіны да станоўчага героя, але забойцы, і гром аплядысмэнтаў Галубку — пану Сурынту. Усе ў залі рады, што ён жывы... Галубок павязваў пад кашулю мяшэчак з журавінамі».
Лічыў, што ў Меерхольда «няма чаго глядзець»
Яўген Ціхановіч згадваў: «Яму не падабаўся Меерхольд... У п’есе «Лес» ніякіх дэкарацый, сцэна пустая... на фанэрнай скрынцы сядзяць Аркашка дый Нешчасьліўцаў, ловяць рыбу. Ні табе вудаў, ніякіх снасьцяў... Адной толькі мімікай ды жэстыкуляваньнем дасягаецца ўражаньне, быццам трапечацца ў руках Аркашкі вялікі лешч. Гэты спэктакль мы з Галубком глядзелі ў Ленінградзе, дзе ён увесь час ірваўся кінуць залю і бегчы дамоў: «Што гэта за відовішча, калі глядзець няма чаго?» У пастаноўках жа Галубка былі «сапраўдныя яечня з двух дзясяткаў яек, украінскі боршч, катлеты з гарачай бульбай і кіслым малаком, якія... падаваліся на сцэну па ходу спэктакля».
Падчас гастроляў у яго стралялі
Было гэта, па словах артысткі Тацяны Шашалевіч, «на Аршаншчыне... у час спэктакля „Дыктатура“ І. Мікіценкі... стралялі ў Галубка за кулісы». Актор Уладзімер Дзядзюшка ўспамінаў: «Мы кінуліся ў грымёрку на гук стрэла... Бачым — шкло ў вакне разьбітае... Уладыслаў Язэпавіч выцірае кроў са шчакі. Бурчыць: «З абрэза... кавалкам шкла шчаку прыхапіла. Грыміравацца цяжка будзе...»
На трупу Галубка палявалі ваўкі
Этнограф Міхась Грынблат пісаў: «Успамінаецца паездка зь Негарэлага ва Ўзду зімою ўначы на развалках, калі паабапал нашага абозу доўга суправаджалі нас дзьве гайні ваўкоў, і іх вочы сьвяціліся злавеснымі агеньчыкамі...»
Аднаго разу ўвесь тэатар Галубка быў арыштаваны
Скрыпач Міхась Лучанок узгадваў: «Гастралявалі мы ў мястэчку Лоеў. Адсюль трэба было ехаць у вёску Жары. На прыстані нас чакалі з падводамі. Давезьлі да вёскі. Паказалі мы спэктакль, а назад ехаць — няма падвод... На параход мы спазьніліся, трэба было пеша ісьці аж да Лоева... Што рабіць?.. На шчасьце, з намі быў міліцыянэр з раёну. Ён спыніў выпадковую падводу і загадаў загрузіць нашы рэчы, сказаўшы, што мы арыштаваныя і нас трэба пераправіць у раён... „Арыштаваныя“ трымаліся бадзёра і весела. Я граў на скрыпцы „Вызваленьне славян“, а хормайстар Несьцер Сакалоўскі заўзята біў у бубен».
Дзеці Галубка мелі дрэнныя адзнакі ў школе, бо на першым месцы быў тэатар
Яўген Ціхановіч пісаў: «Часта дзеці мусілі кідаць школу, бо бацька браў іх у дарогу на канцэрты... Вучоба кульгала на дзьве нагі, што балюча адбівалася на дзіцячай псыхіцы... Усё ішло на тэатар, а школа была на другім месцы. Галубок сам ня меў асабістага жыцьця, але ж і з членаў сям’і выцягваў апошнія сілы — літасьці нікому не даваў».
Не любіў літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», але стаў яго сябрам
Па словах Яўгена Ціхановіча, «неяк пад ціскам маладнякоўцаў ён, прыйшоўшы дамоў са сходу, ускрыкнуў: „Маладняк, каб ты ня ўзрос!“ А між тым празь нейкі час ён падае заяву, каб яго прынялі ў гэтае згуртаваньне... Што прымусіла Галубка ў свае 44 гады зрабіцца маладнякоўцам, ня цяжка здагадацца... Трэба было, каб і зьнешне лічыцца ў шэрагу наватараў, як бы ўсім было бачна, што ён падзяляе свае думкі з маладнякоўцамі і пагэтаму крочыць разам з імі».
Ператвараў культавыя будынкі ў тэатры
Паводле Міхася Лучанка, калі ў адным зь мястэчак не было памяшканьня, каб паказаць спэктакль, «Галубок дамовіўся з членам школьнага савету мясцовай сынагогі аб арэндзе памяшканьня, і ўвечары сынагога была ўжо тэатрам...» У іншым мястэчку «па прапанове сельсавету мы давалі спэктакль у хрысьціянскай царкве. Нейкі дзядзька ўсё пагражаў падкласьці бомбу за абразу царквы. Але дзе там! Толькі народ пачуў, што прыехаў Галубок, як царква-тэатар была паўнюсенькая народу — якая там бомба!»
Тэатральныя мастакі не маглі зь ім паразумецца
Оскар Марыкс пісаў: «Я і многія іншыя не разумелі яго. Ён шукаў ляканічнага ўвасабленьня думкі. Марыў аб выразнасьці ў „дзьвюх прасьцінах“. А для мяне ісьці да У. Галубка — азначала адмовіцца ад прасторы сцэны, азначала ідэю, выказаную на велізарным палатне, раскрываць у кавалку бервяна».
Меў выдатныя фінансавыя здольнасьці
Па ўспамінах Сьцяпана Бірылы, «у яго былі выдатныя фінансавыя здольнасьці, прычым ён ня меў ніякага „гросбуха“. Усё было больш у галаве, чым у кнігах, усе фінансавыя справы рашаліся вельмі проста: „прыход — расход“, а трупа — 30 чалавек — рэгулярна атрымлівала зарплату... Пытаньні аб працы, найманьні і звальненьні рашаў аднаасобна».
Аднойчы пакрыўдзіў простага вартаўніка і потым кожны месяц дасылаў яму 400 царскіх рублёў
Па ўспамінах Міхася Лучанка, «...аднойчы Галубок пазычыў у вартаўніка 400 рублёў мікалаеўскіх, патрэбных для спэктакля, бо сваіх бутафорскіх мы не ўзялі. Скончыўся спэктакль, а пра грошы тыя мы забыліся і паехалі. Дзед дагнаў нас і ўчыніў скандал... Потым Галубок кожны месяц высылаў яму па 400 паперак гэтых мікалаеўскіх».
На яго спэктаклі была незвычайная рэкляма
У «Савецкай Беларусі» за 1925 год чытаем пра гастролі Галубка ў Слуцку: «З самай раніцы красаваліся непамерна вялікія плякаты: „Стой! Ты бачыў „Ганку“? Сьпяшы купіць білет, дармова завязём на спэктакль на пажарнай лінейцы“. І даўгая пажарная лінейка з гэткімі плякатамі праз увесь дзень круцілася па ўсім Слуцку. — Твой білет, — раздаецца голас пажарнага. — Садзіся. — Пусьціце мяне, — чуваць голас маладухі, — я купіла білет раней. — Не, я раней: я чакаю даўно.
І нарэшце ўвесь пажарны карнавал падаецца к нар.дому. Зьвіняць званкі, гоман, хохат. Яскравы агонь з факелаў разьлівае шырокі сьвет на публіку...»
Не любіў патаснасьці і не прызнаваў рэалістычна-прыземленай манеры акторскай дэклямацыі
Паводле Язэпа Семяжона, «ён гаварыў, што не прызнае дэклямацыйнай манеры чытаньня са сцэны, адкідаў утрыраваную ўмоўнасьць, але і пазьбягаў „прыземленай“ штодзённай натуральнасьці, лічачы, што „чытаць так, як гаворым у жыцьці, значыць абядняць манеру выкананьня паэзіі“. Я не знаходжу акрэсьленага тэрміну, якім можна было назваць манеру яго чытальніцкага майстэрства, яна залежала ад жанру твора...».
Быў занепакоены чуткамі, што бальшавікі хочуць зьнішчыць помнік Пушкіну работы Апякушына
«З асабліваю ахвотаю падыходжу да монумэнту чалавеку пісаўшаго аб „клеветниках России“ і ў рысах яго надуманаго, нібы крышачку кпійкучаго твару шукаю яго опіній аб цяперашнім „русском горе“. Успомнілася яго байка „О рыбаке и рыбке“... Мудры быў чалавек Пушкін, — стварыў байку — прароцтва гістарычных падзеяў у Расіі... а за яго мудрасьць маладое пакаленьне, як чуў, маніцца памятнікі зьняць... народ ні павінен бы дапусьціць гэтаго зьдзеку».
Ратаваў Максіма Багдановіча ад холаду
Зоська Верас успамінала пра віленскія падзеі часоў першай сусьветнай вайны: «Мы вымушаны былі перавозіць дзіцячы прытулак у Ратамку. Дні ўжо былі кароткія, холад, а ехаць трэба фурманкай вёрст 30... Раптам М. Багдановіч кажа: «І я паеду». Мы ўсе ахнулі: «Што вы кажаце! У такі холад!..» Зазлаваў Максім: «Што я — маленькі? Волі сваёй мець не магу? Сказаў — паеду, і паеду! Не забароніце». Зноў пасыпаліся пратэсты. Адзін Галубок маўчаў. Калі ж пачалася сапраўдная сварка, Галубок абазваўся: «Ціха, ша! Успакойцеся! Я пайду і хутка вярнуся, тады пабачым». Не было Галубка з гадзіну. Нарэшце... уваходзіць Галубок з аграмадным кажухом! «Маеце, дзядзька Максім, паедзеце».
Нягледзячы на шматлікія нападкі, абараняў жанр мэлядрамы
Віталь Вольскі пісаў пра творчасьць Галубка: «Яго сцэнічныя творы складаліся зь мяшчанскіх п’ес, з грубых бытавых камэдый і сьлязьлівых мэлёдрам». Галубок адказваў: «Чаму гэта мэлёдрама раптам разьюшыла абаронцаў высокага мастацтва? Нават В. Меерхольд пачаў з пераасэнсаваньня мэлядрамы! Ды мэлядраматызм проста ўрываўся ў яго праграмныя пастаноўкі „Зоры“ Э. Верхарна і „Вялікадушнага раганосца“ Ф. Комелінка. Паспрабуйце прыбраць мэлядраму з „Адысэі“, з „Дон Кіхота“! З „Вайны і міра“! Яна не замінае вялікаму мастацтву, а ўпрыгожвае яго».
Родзічы Галубка былі ўпэўненыя, што сапраўдны аўтар «Несьцеркі» — не Віталь Вольскі, а Ўладыслаў Галубок
Паводле ўспамінаў Ціхановіча, «у тры гадзіны ўначы пачалі вобыск [з куфра Галубка сярод іншых рэчаў] дасталі рукапіс амаль закончанай п’есы пад назвай „Несьцерка“. Зараз мы можам строіць толькі здагадкі, чаму аўтарам „Несьцеркі“ раптам аказаўся Віталь Вольскі-Зэйдэль?».
Паводле мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, «Яўген Ціхановіч, як і ягоныя сябры, і радня, быў перакананы, што рукапіс „Несьцеркі“ быў рэквізаваны ва ўласную карысьць В. Вольскім падчас вобшуку, якім ён кіраваў у доме Галубка».