Адным з першых па «справе патрыётаў» быў затрыманы вядомы беларускі кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха.
Спецназ КДБ «Альфа» забраў яго адразу па заканчэнні літаратурнай прэміі «Дэбют» 21 сакавіка. Што мы ведаем пра Алеся і чым мог быць небяспечны «класічны кніганош ХІХ ст.», як назваў Яўдаху ягоны сябар Сяргей Дубавец?
Алесь нарадзіўся ў Мінску ў 1975 годзе, атрымаў тэхнічную адукацыю, у войску не служыў — здароўе не дазволіла. У беларускіх колах пачаў мільгаць у 1990-я, далучыўшыся да кампаніі, якая сфармавалася вакол рэдакцыі «Нашай Нівы». З таго часу «беларускае слова» і ягоны распаўсюд стала для яго шляхам і жыццём.
Алесева інтэрнэт-крама knihi.by — найстарэйшы сайт, які займаецца гандлем выключна беларускай літаратурай, у тым ліку выданнямі, якія не даходзяць або забароненыя для продажу ў афіцыйных гандлёвых сетках краіны. Ад пачатку 2000-х гадоў Яўдаха дасылаў беларускія кнігі па ўсім свеце: у тым ліку замоўцам у ЗША, Аўстралію, Канаду і г.д. Не абыходзілася і без эксцэсаў, напрыклад, у 2013-м ён быў аштрафаваны на велізарную па тых часах суму за распаўсюд кнігі «Маладафронтаўцы».
Класічны кніганош ХІХ стагоддзя
«Ягоная справа была вельмі важнай для Беларусі, — лічыць алесяў сябар Усевалад Сцебурака, — Бо займацца беларускай кнігай для грошаў — гэта ўтопія. Сёння, як і пяць, і дзесяць год таму гэта не справа, на якой можна зарабіць мільёны: ён жа не прадаваў дапаможнікі для абітурыентаў альбо Дэна Браўна. Гэта быў бізнэс, які не мог існаваць без персанальнай зацікаўленасці прадаўца. Настолькі ж бізнэс, наколькі і справа Ідэі — сіметрычна. Займацца такім бізнэсам, не цікавячыся ім, немагчыма».
Яўдаха сумяшчаў у сабе рэчы, якія рэдка каму ўдаецца сумясціць: ён быў кніжнікам, але не ў сэнсе збірання рэдкіх кніг па букіністах для ўласнай бібліятэкі. Не быў літаратуразнаўцам, не калекцыянаваў знаёмствы з паэтамі і пісьменнікамі, але выдатна ведаў іх як аўтараў кніг, якімі ён займаўся. За гэта літаратары яго паважалі, але ён не імкнуўся стаць з імі ў адзін шэраг. Ён займаўся кнігамі як прадуктам — «беларускае слова» было ягонай зброяй.
«Гэта быў ягоны чын, ён класічны кніганош ХІХ ст., — мяркуе Сяргей Дубавец, — Яму ёсць на кавалак хлеба і ўсё. Алесь не гнаўся за раскошай, наадварот ахвяраваўся. У мяне была “Руская кніга”, ён агітаваў мяне рабіць другое выданне: усім займаўся цалкам, выдаў. Ясна, што ён нічога не наварыў на гэтым, мо яшчэ і страціў. У краіне няма кніжнага рынку, таму любы такі агмень пад наглядам, пад каўпаком. Уяўляю, як яму было цяжка... Але ён хлопец моцны, цягнуў, як мог».
Падарожжы, «Дынама» і бокс
Алесь не любіў кавярні і рэстараны, хутчэй мог запрасіць сяброў дадому альбо на прыроду. Клікаць яго ў бар ці клуб на выходныя было бессэнсоўным. Модныя тэндэнцыі ён альбо не прымаў, альбо прымаў мінімальна, таму ў сяброўскім коле нават атрымаў мянушку: «рэтраград». Гаджэты, стылёвую вопратку і сацыяльныя сеткі Алесь з іроніяй крытыкаваў.
«Ён з нас сцябаўся, — узгадвае блізкі сябар Павел Славінскі, — Нармальным адпачынкам для яго было паехаць у лес на тыдзень. Калі мы, скажам, ездзілі ў лес на выходныя, ён смяяўся, маўляў, гэта не сур’ёзна: каб нармальна адчуць прыроду трэба ехаць на тыдзень, каб дні праз два пачала нармальна працаваць галава, можна было абстрагавацца ад лішніх думак і г.д.»
Іншым бокам алесевых інтарэсаў быў футбол. Гуляў з сябрамі, прыкладна раз на тыдзень, заўзеў за мінскае «Дынама», бываў на выездах клубу: па Беларусі, ва Украіне, Грузіі.
«Гэта наша суполка: ганяем на выезда, камунікуем, так завязалася сяброўства, — тлумачыць Віталь Шабуня, які ведае Алеся ўжо 12 год, — Напрыклад, ездзілі ў Тбілісі, калі там праходзіў турнір: тбіліскае «Дынама», «Карпаты—Львоў», днепрапятроўскі «Днепр» і мінскае «Дынама». Так «ганялі» штогод, камунікавалі. Людзі ў курсе падзеяў, вельмі перажываюць, пытаюцца пра варыянты дапамогі. Футбольная тэма ж перацякае і ў чалавечыя адносіны — мы ўсе сябры».
Разам з Віталём Алесь ў свой час займаўся боксам — для тонуса і падтрымкі формы. Маўляў, мужчына — гэта заўжды абаронца, таму мае быць моцным і ўпэўненым у сабе. Пры гэтым Яўдаха заставаўся ціхім і неканфліктным чалавекам. «Не разу не бачыў, каб з кімсці сварыўся», — дадае Віталь.
«Кшталцавацца» — што гэта?
Паводле сяброў, Алесь быў вельмі паслядоўным чалавекам і аднолькавым як для сяброў, так і для сваякоў — двудушнасці ў ім ніколі не было. Менавіта гэтым ён імпанаваў: адчувалася ўпэўненасць, сіла, але без напругі. Гэтым і заваёўваў давер: сваім трошкі іранічным, але вельмі “пацанскім” стаўленнем.
«Алесь — чалавек вельмі псіхічна ўстойлівы, стабільны, надзейны, трошкі флегматычны, — распавядае Усевалад Сцебурака, — Ніколі не бачыў у яго дэпрэсіяў, наадварот, заўсёды падбадзёрваў. Ён ніколі не будзе наракаць ці выгаворваць сумныя гісторыі з уласнага жыцця. Класічны мужчынскі падыход: сваё трымаў глыбока і не дзяліўся з першым сустрэчным, але «не жаваў соплі» і быў лёгкім на пад’ём».
Адно з улюбёных алесевых словаў — «кшталцавацца» — самаўдасканальвацца. Менавіта праца над сабой была ягоным шляхам: у бізнэсе, у спорце, у чалавечых адносінах і г.д. Пра яго можна сказаць: прыземлены ў добрым сэнсе, не мройнік, спакойны і надзейны.
«Гэта чалавек звышсціплы, — дадае Міхась Міцкевіч, — Былі спрэчкі і за чаркай, і ў паходзе ля вогнішча, але не магу ўзгадаць сітуацыі, каб ён павысіў голас.У падарожжах я заўжды намагаўся трапіць з ім у адзін намёт, каб пасля адбою яшчэ паў гадзінкі з Алесем «патрындзець». Ён чалавек начытаны, у мяне нават было ўражанне, што думкі, якія мне прыходзілі ў галаву, Алесь ужо даўно абдумаў і зрабіў высновы. Ён для мяне прыклад, апора. Калі я вагаўся ў нечым, у Алеся быў такі аўтарытэт, што ягоная думка была апошняй кропкай ў маёй спрэчцы з самім сабой».
Заўжды верны Ідэі
Начытанасць Алеся ў сяброўскім коле была легендай: яго цікавіла ўсё, па кожным пытанні ён меў сваё меркаванне, якое часта рознілася ад агульнапрынтага. Таму з ім было цікава гутарыць на любую тэму. Пры гэтым — адкрыты да дыялогу: мог выслухаць любое меркаванне, нават калі яно не супадала з ягоным.
«Для мяне Алесь быў прыкладам у плане ведання мовы і гісторыі, — працягвае Павел Славінскі, — Напрыклад, у гісторыі, дзякуючы яму, шмат якія моманты сталі для мяне зразумелымі. Гэта быў ягоны ўнёсак у развіццё майго кругагляду. Ён размаўляў увесь час на мове, але пры гэтым для яго не было праблемай пераключыцца на рускую. Так і з кнігамі: апроч беларускіх аўтараў ён з задавальненнем чытаў таго ж Пялевіна, то бок ніякага шавінізму ў яго не было».
Прынцыповай пазіцыяй Алеся было не з’язджаць з краіны, што б не сталася. І тут варта ўзгадаць ягоную дэжурную фразу, старадаўні рыцарскі дэвіз: «Рабі, што мусіш, а будзе, як будзе». Міхась Міцкевіч памятае, як пасля падзеяў Плошчы-2010, калі вакол панавала скруха і расчараванне, шмат хто з агульных з Алесем сяброў падумваў пра тое, каб з’ехаць за мяжу. Але аднойчы Яўдаха за кубкам кавы ў сябе на кухні прывёў цікавы прыклад:
«Калі Чачня змагалася за незалежнасць і загінуў Джахар Дудаеў, там таксама былі ўпадніцкія настроі, — перадае алесевы словы Міцкевіч, — Тады нехта сказаў: “Хто змагаўся за Джахара, можа ўстаць і пайсці, а хто змагаўся за незалежнасць — працягваем». На мяне гэта паўздзейнічала, праўда, а што змянілася? На дадзены момант гэта параза — наша асабістая ці грамадства, але не параза Ідэі. Гэта алесева думка, з якой ён жыў і ніколі не вагаўся. Ён заўжды быў верны сваёй Ідэі».
«Не веру!»
Такім чынам, паводле фармальных падставаў, Алесь Яўдаха — ідэальны фігурант «Справы патрётаў». Глядзіце: ён некалі меў праблемы праз кніжку «Маладафронтаўцы», быў у тусоўцы фанатаў «Дынама», трымаў сябе ў добрай фізічнай форме, меў штампы пра выезды ва Украіну. Канешне ж ведаў Міраслава Лазоўскага. А як не ведаць? Абодва ж займаліся кніжным гандлем. Па ўсім падыходзіць! Гучыць абсурдна, але логіка тых, хто арыштоўваў Алеся, бачыцца менавіта так. Але…
«Лічу, што на яго месцы мог быць кожны, — кажа Усевалад Сцебурака, — Лазоўскі па маладосці мог быць у «Белым Легіёне» і не хаваў гэтага, наадварот — ганарыўся. Данілаў сімпатызаваў вайсковай тэме. Але Алесь нават у войску не служыў ніколі! Я бачу толькі шызоідны момант, што ў Міраслава нумар Яўдахі мог быць на хуткім выкліку ў тэлефоне, бо яны абодва займаліся кніжкамі, кантактавалі. Глабальна, канешне, гонар апынуцца ў такой кампаніі, але гэта абсурд».
Ніхто з алесевых сяброў не верыць у выстаўленыя абвінавачванні — ані яму асабіста, ані рэшце абвінавачаных, для ўсіх гэта нонсэнс. «Шок», «Чалавек трапіў цалкам выпадкова», «Ніколі не чуў ад яго нічога рэвалюцыйнага», «Ён там не павінен быць», «Не веру!» — так гучаць рэакцыі людзей, якія ведалі Яўдаху па 5-10 год, фактычна былі для яго сям’ёй.
«Зачыстка тэрыторыі ад беларусаў»
Паводле Сяргея Дубаўца, «Справа патрыётаў» — першая справа ў Беларусі, паводле якой пасадзілі людзей, якія ў выпадку пэўных агрэсіўных раскладаў былі б 100-адсоткавымі абаронцамі незалежнасці. Дык што ж за дзяржава садзіць сваіх абаронцаў?..
«Слова «акупацыя» у нас асацыюецца з немцамі, а мы, нібыта, і не так страшна жывем, — працягвае Дубавец, — Але гэта акупацыйная адміністрацыя, якая душыць беларушчыну па ўсіх франтах, напханая прарасійскімі элементамі і нават грамадзянамі РФ у сілавых ведамствах. У нас шмат кажуць пра патрыятызм, незалежнасць, але зараз маскі скінутыя. Чаму заўтра цябе ці мяне не арыштаваць?.. Заканамерна, што іх пасадзілі і будуць далей садзіць. Гэта зачыстка тэрыторыі ад беларусаў».
Паводле Дубаўца, фігурантам «Справы патрётаў» варта было б даваць не статус «палітвязняў», на што дагэтуль не могуць адважыцца беларускія праваабаронцы, а статус «палонных». Чаму менавіта палонных? Бо іх захапіла чужая ўлада, акупацыйная адміністрацыя, якая не прымае самастойных рашэнняў, і сядзець яны будуць не паводле закону, а паводле рашэння «зверху». У рэшце рэшт, з такой логікай усё стае на свае месцы.
Алесь Кіркевіч, «Новы Час»