Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

20 нечаканых фактаў пра Язэпа Пушчу

20.05.2017 общество
20 нечаканых фактаў пра Язэпа Пушчу

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэньня паэта Язэпа Пушчы (Плашчынскага).

Яго эмацыйна-яркая, парадаксальная, сьмелая па сваіх пачуцьцях і думках паэзія натхняла, раздражняла, злавала, прыводзіла ў захапленьне. Легендарны вершаваны цыкль «Лісты да сабакі» выклікаў крытычныя войны, перадае «Свабода».

Калі паэт Язэп Пушчa апынуўся ў сталінскім зьняволеньні, то самым ганебным лічыў абгаворваць сваіх сяброў:

«Іудам быць ня змусіць сьледчы,

Ня будзе подпіс здраду сьведчыць!»

1. Незабыўнае дзіцячае ўражаньне — пʼяная рыба ў Сьвіслачы

Падчас Першай сусьветнай вайны, у 1915 годзе, па ўспамінах Язэпа Пушчы: «...наша армія адступала на ўсход, і Менск рыхтаваўся да эвакуацыі. У гэты час з бровара ў Лошыцы ў Сьвіслач спусьцілі сьпірт, сьпілася рыба, і пʼяную яе лавілі чым папала, нават бралі рукамі». Гэты эпізод знайшоў сваё адлюстраваньне ў паэме «Песьня вайны».

2. Адбіў сваю будучую жонку ў паэта Паўлюка Шукайлы

Станіслава Плашчынская ўспамінала пра сваю першую сустрэчу зь Язэпам Пушчам на літаратурнай вечарыне «Маладняка» ў Слуцку: «...ён так прыгожа чытаў свае вершы... Мы былі зачараваны... Пара было ісьці. Пушча папрасіў дазволу правесьці мяне дадому. А Шукайла буяніў... Я вельмі падабалася Шукайлу, ён прапаноўваў мне быць яго жонкай».

3. Раўнаваў жонку да клясыка ўкраінскай літаратуры

На зьезд «Маладняка» прыехаў будучы ляўрэат Сталінскай прэміі, украінскі паэт Уладзімір Сасюра, які закахаўся ў жонку Язэпа Пушчы, чакаў яе каля падʼезду, «цалаваў рукі і прыціскаў да сябе», падарыў ёй верш «Коханій Стасі». Па ўспамінах Станіславы: «Я ўсё расказала мужу, яго гэта вельмі пакрыўдзіла... Язэп напісаў верш:

...Яе няхай цалуе іншы,

Хай вочы карыя ў сінь сьвецяць.

А я пайду, бо буду лішнім,

Дзе вецер гойсае між вецьця...

Затым даслаў Сасюру ліст, у якім прасіў... «ня ўносіць у наша жыцьцё разлад».

4. З уласнай ініцыятывы выкладаў у роднай вёсцы францускую і нямецкую мовы

У 1920 годзе быў прызначаны настаўнікам у Каралішчавіцкую школу: «...я сваім одумам праз два-тры месяцы пачаў выкладаньне на беларускай мове, ды яшчэ ўвёў нямецкую і францускую мовы, бо я, толькі што скончыўшы рэальнае вучылішча, больш-менш ведаў іх». Пазьней у лісьце да Адама Бабарэкі пісаў: «...трэба хоць збольшага ведаць новыя эўрапейскія мовы...» (24.10.1927).

5. Заклікаў не пераацэньваць нашаніўскую пару

У артыкуле «За стыль эпохі» (Узвышша, 1929, № 1) адзначаў: «...мы занадта пераацэньваем нашаніўскую пару. (...) дарэмна яе ўзводзіць у нейкі культ, канон, і кожны радок паасобных нашаніўцаў лічыць нечым вялікім, бо гэта нішто іншае, як самападман, гэта нішто іншае, як недаацэнка сучаснасьці...». У лісьце да Бабарэкі выказваўся: «...ці ж ня хамства зь яго [Жылуновіча] боку гаварыць, што да Кастрычніцкай рэволюцыі і ён, і Гурло разам з другімі беларускімі пісьменьнікамі прынясьлі ў беларускую літаратуру вялікі скарб. (...) я ў далейшым буду рэзкім у адносінах да гэтай спадчыны, яна не павінна ацяжарваць далейшых росквітаў літаратуры». (03.02.1928)

6. Меркаваў, што сучасная яму беларуская паэзія ператвараецца ў «сьсінелы труп»

«...поўнасьцю ўцяміць аздараўленьня нашай лірыкі не магу. Баюся... што яна ляжыць на сьмертным адры. Ці ня другія гэта раньш затаіліся, а мы, трымаючы нос па паветры, кажам, што гэта [пах] ад сьсінелага трупа поэзіі».

7. Лічыў Дубоўку эстэтычна блізкім расстралянаму бальшавікамі Гумілёву

Аналізуючы паэму Дубоўкі «Кругі», адзначаў: «Ён вельмі блізкі, хоць разам з тым і зусім процілеглы ідэолёгічна, Н. Гумілёву. (...) усе гэтыя казачныя і романтычныя дрэвы і кветкі неяк блізкія Гумілёўскай экзотыцы, яго „романтическим цветам“; або падарожжа ў цягніку, — ізноў жа вельмі блізка да падарожжа ў „заблудившемся трамвае“ (...) толькі ў Гумілёва — мужнасьць аджыўшага веку, а ў Дубоўкі — мужнасьць нашых дзён».

8. Крытыкаваў сучасную яму беларускую архітэктуру і захапляўся стылёвай разнастайнасьцю дойлідзтва Пецярбургу

«Калі мы кінем вокам на новыя менскія будынкі, дык па іхняй архітэктуры цяжкавата распазнаць, пад што гэты будынак пабудаваны — пад кватэры, пад гандлёвую ўстанову ці пад які клюб? Усе яны вельмі аднастайныя — у стылі казарменнай прастаты». «...У Кацярынінскім палацы... мяне захапіла тое, як мастакі-архітэктары сьмела прытрымліваліся свайго стылю, асабліва кідаюцца ў вочы зусім самастойныя стылі Рострэлі і архітэктара, які прыйшоў яму на зьмену, — Камэрона...»

9. Цкаваньне менскіх крытыкаў прымусіла яго зьехаць у Ленінград

У 1927 годзе з БДУ пераводзіцца ў Ленінградзкі ўнівэрсытэт. У лісьце да ЦК КП(б)Б (25.01.1928) патлумачыў: «Калі я выйшаў з „Маладняка“, дык зараз жа распусьцілі чуткі, што Пушчу „ўгробім“; ...па сягоньняшні дзень у „Маладняку“, „Полымі“ і ва ўсіх літаратурных нашых газэтах праводзіцца гэтае ўгробліваньне; яно мяне давяло да таго, што я змушан быў пакінуць Менск і перавесьціся ў Ленінградзкі ўнівэрсытэт, каб сапраўды заняцца сурʼёзна вучэньнем і творчай працай і каб ацьвярозіцца ад чаднага паветра не марксысцкай, а якраз Менскай крытыкі».

10. Зьміцер Жылуновіч лічыў, што Язэпу Пушчу «трэба лячыцца»

У рэцэнзіі на зборнік «Дні вясны» (1927) Жылуновіч (пад псэўданімам Янка Пільны) пісаў: «...яму падабаюцца нялюдзкія вобразы, словы і разуменьне... Пісьменьніку трэба лячыцца, каб не спаралізаваць сябе. Яму трэба прайсьці інфэкцыённую камэру і забавіцца ад шкодных наростаў, атруціўшых яго думкі і ўзбаламуціўшых яго настрой».

11. На паэта складалі даносы яго вучні, а затым пісалі яму рэкамэндацыі ў СП БССР

Такім вучнем быў Алесь Звонак, у якога Язэп Пушча выкладаў беларускую літаратуру на агульнаадукацыйных курсах. Па ўспамінах Алеся Звонака: «Язэп Пушча задушэўна, па-сяброўску гаварыў пра мае вершы... А потым сказаў прыйсьці на пасяджэньне бюро „Маладняка“. Так я стаў паэтам, захаваўшы назаўсёды пачуцьцё ўдзячнасьці да свайго першага настаўніка». Празь некалькі год «удзячны вучань» разам з Платонам Галавачом напіша: «...гр. Пушча, вы — ня наш і ніколі ім не былі!.. ашалелы ад злосьці кулацкі пясьняр зьяўляецца яўным носьбітам буржуазнае рэакцыі... зь ім трэба рашуча змагацца...» У 1958 г. Алесь Звонак напіша Язэпу Пушчу рэкамэндацыю ў СП БССР.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]