Калі Лукашэнка вырашыў стаць прэзідэнтам Беларускага алімпійскага камітэту, ён быў адзiны, хто прагаласаваў супраць.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Ўладзімір Някляеў напісаў пра сяброўства з выдатным беларускім шахматыстам Віктарам Купрэйчыкам.
«Не стала Віктара Купрэйчыка. Міжнароднага грасмайстра, найбліскучага беларускага шахматыста, унесенага ў Сусветную залу шахматнай славы.
Мы сябравалі. Ён адзін з самых даўніх маіх сяброў. Таму цяжка. Вельмі.
Апошнімі гадамі ён невылечна хварэў. Але памёр не праз хваробу. Праз выпадак. Спраўдзілася ягонае: «Мы паміраем выпадкова».
Ён любіў не толькі шахматы. Шмат што яшчэ. У тым ліку музыку, літаратуру. За грошы, выйграныя на адным з апошніх (ветэранскіх) турніраў, выдаў па-беларуску кнігу Івана Буніна. Калі спыталі, навошта яму гэта, адказаў: «Хачу, каб любілі Буніна па-беларуску».
Грошы, якія перакладчыкі бунінскай кнігі не ўзялі ў яго як ганарар, ён перадаў на помнік Рыгору Барадуліну.
Ён быў чалавекам гонару. Чалавекам сумлення. Калі Лукашэнка вырашыў стаць прэзідэнтам Беларускага алімпійскага камітэту, Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць. Падняўся на сходзе і сказаў, што ён супраць, бо алімпійская хартыя не дазваляе кіраўніку дзяржавы кіраваць алімпійскім камітэтам.
Здавалася б - гэта так проста. Але падняўся, сказаў і прагаласаваў супраць ён адзін.
Людзей з гэтакім пачуццём годнасці, якая дазваляе выстаяць аднаму супраць усіх, на свеце не так шмат. Яшчэ меней такіх сяброў. Але яны ў мяне былі і ёсць - і гэта калі не ўсё, што я займеў у жыцці, дык найгалоўнае ў ім. Найблізкае, найдарагое, за што дзякуй сябрам, дзякуй Віктару…
Свой бескампрамісны характар ён выяўляў і ў шахматах, і ў жыцці. Калі б не рызыкаваў так, як рызыкаваў, кар'ерна мог бы дамагчыся большага. Але не было б тады той імклівай прыгажосці, з якой ён жыў, гуляў, за якую яго любілі…
На развітанне - адзін з бунінскіх вершаў, які ён папрасіў мяне перакласці і амаль пры кожнай нашай сустрэчы чытаў:
Апоўначы ў названы час
На вокны наплывала поўня.
Яна ўжо спала. Белай коўдры
Свяціўся спушчаны атлас.
Яна ляжала на спіне,
І грудзі поўнямі бялелі.
І, як у возеры лілея,
Жыццё яе стаяла ў сне, -
і трэба было бачыць, як ён глядзеў у тое возера на тую лілею, у тое саснёнае жыццё…