Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Самаахвярнасць і гераізм — тое, што адрознівала Юрку Моніча»

25.05.2017 общество
«Самаахвярнасць і гераізм — тое, што адрознівала Юрку Моніча»

Чаму пад Барысавам дагэтуль жыве памяць пра легендарнага абаронцу беларусаў з 1920-х гадоў.

Паездку на барысаўскія рэдуты, дзе былі пахаваныя ахвяры бальшавіцкага тэрору, а таксама на месца гібелі беларускага героя, ваяра БНР і абаронцу сялянаў Юрку Моніча арганізаваў Рух салідарнасці «Разам», піша «Новы Час».

Пра сумную гісторыю барысаўскіх рэдутаў распавёў мясцовы актывіст, ветэран адраджэння Анатоль Аскерка. Ён з паплечнікамі з 2001 года некалькі разоў усталёўваў на трагічным для беларусаў месцы памятны крыж — тут з 1918 па 1936 год бальшавікі хавалі расстраляных «ворагаў народу» — але нязменна мясцовыя улады знішчалі помнік.

Магчыма, такую нервовую рэакцыю крыж выклікаў з-за суседства з «ідэалагічна правільным» помнікам загінулым рускім салдатам падчас бітвы з Напалеонам, але, як заўважыў Аскерка, ужо з таго часу гэтая пагорыстая зямля стала апошнім спачынам для беларускіх сыноў — значная частка беларусаў ваявала на баку Напалеона пад кіраўніцтвам польскага генерала Дамброўскага.

У савецкі час у лагчынах барысаўскай батарэі расстрэльвалі і закопвалі тых, хто адмаўляўся прымаць несправядлівасць бальшавіцкага ладу.

«Мясцовым чырвонаармейцам загадалі ладзіць харчразвёрстку. Яны адмовіліся забіраць апошні хлеб у сваіх землякоў. Тады завадатараў расстралялі», — распавядае Анатоль Аскерка.

Таксама, па словах барысаўскага актывіста, тут расстрэльвалі і закопвалі вязняў турмы, у якую перапрафілявалі маёнтак Радзівілаў.

Тут, верагодней за ўсё, у 1924 годзе пахаваны і кадравы вайсковец, беларускі герой, абаронца сялянаў, які 5 гадоў вёў эфектыўную партызанскую барацьбу з савецкімі уладамі, Юрка Моніч. Атрад Моніча падчас вайсковых аперацый захопліваў экспрапрыіраваны бальшавікамі хлеб і вяртаў яго сялянам, чым ратаваў іх сем’і ад галоднай смерці. Да яго з вялікай пашанай ставіліся сяляне цяперашніх Барысаўскага, Крупскага, Бярэзінскага раёнаў, а камуністы яго ўзненавідзелі. Калі Моніча забілі, ягоны твар знявечылі, а цела вазілі па вёсках, каб застрашыць сялянаў. Добрая памяць пра Юрку Моніча ў мясцовых жыве дагэтуль. Вяскоўцы паціху на месцы гібелі героя насыпалі курган.

Мясціны блізу вёскі Радзіца, што каля Крупак, дзе загінуў Моніч, сталі другім пунктам вандроўкі. Там 10 гадоў таму паводле ідэі мастака Алеся Пушкіна на высокай сасне ўсталяваны прыгожы драўляны крыж. Паводле старшыня Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што гэта своеасаблівы працяг народнай традыцыі ўшанавання героя, калі пасля ягонай смерці, у памяць пра яго беларусы выразалі крыжы на соснах.

«Мы ўшаноўваем памяць сапраўднага змагара! Ён, сын беларускіх сялянаў, настаўнік, афіцэр Першай сусветнай вайны, мог абраць значна лягчэйшы жыццёвы шлях, але абраў шлях змагання за Беларусь, за тое, каб мы мелі ўласную дзяржаву. Ён разумеў, што ў змаганні з бальшавікамі не пераможа іх, але лічыў важнейшым бараніць сваю зямлю і свой народ ад чужынцаў, пакуль хопіць сілаў. Самаахвярнасць і гераізм — тое, што адрознівала Юрку Моніча. Менавіта таму ён жыве ў народнай памяці, і наша задача — гэтую памяць захаваць», — адзначыў Вячаслаў Сіўчык.

«Моніч не рабаваў, як пішуць афіцыйныя крыніцы, а вяртаў нарабаванае людзям. Удзячныя сяляне навакольных вёсак дапамагалі яму выжыць у лесе доўгія гады і змагацца з бальшавікамі. Адабранае ў камуністаў жыта раздавалася па вёсках, што выратавала ад галоднай смерці шматлікія сялянскія сем’і. Гэта святы ўчынак і ахвяра, якую мы памятаем», — распавяла мясцовая жыхарка Вольга.

У памятнай імпрэзе ля крыжа прымалі ўдзел таксама сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая, паэт Славамір Адамовіч, святар БАПЦ Леанід Акаловіч, прадстаўнік ад Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, а таксама актывісты Алесь Мазур і Алена Скам’янава з Мінска, Віталь Паўлаў з Воршы, спадарыня Аксана з Ліды, спадар Іван з Барысава.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]