Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лары Каброўскі з Чарльстану знайшоў карані ў Каброўцах на Гарадзеншчыне

27.05.2017 общество
Лары Каброўскі з Чарльстану знайшоў карані ў Каброўцах на Гарадзеншчыне

Калі адбывалася прэзыдэнцкая кампанія, у Чарльстане Каброўскі давялося быць адным з галоўных арганізатараў сустрэчы.

У Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні адбылася сустрэча з Лары Каброўскім (Larry Kobrovsky) з Чарльстана ў Паўднёвай Караліне (ЗША). Ён юрыст, у сваім горадзе ўзначальвае аддзяленьне Рэспубліканскай партыі, перадае «Радыё Свабода».

Сваякі Лары Каброўскага жылі да вайны ў цяперашніх Гарадзенскім і Шчучынскім раёнах. Вёска Каброўцы знаходзілася ў Шчучынскім. Яна сапраўды існуе і яна сталася для яго «містычным месцам», паездка туды зрабіла на яго незабыўнае ўражаньне.

Фото: svaboda.org

Амэрыканскі госьць пабываў таксама ў Скідзелі, Азёрах, Новым Двары і адчуў, што належыць гэтай зямлі, прызнаўся ён: «І гэта было ні з чым не параўнальнае перажываньне: прайсьці па той дарозе, па якой ішоў некалі прадзед, каб разьвітацца зь сям’ёю перад ад’ездам у Амэрыку. Гэтае рашэньне было слушным, інакш мая сям’я загінула б і мяне не было». Лары Каброўскі задаволены, што змог расказаць сваю сямейную гісторыю гарадзенцам, паколькі выглядала, што ў Горадні аб ёй ня ведалі. Яму хацелася б, каб больш людзей, хто мае ў Беларусі свае карані, таксама прыяжджалі сюды, знаёміліся зь людзьмі.

Фото: svaboda.org

Ён зь дзяцінства меў патрэбу дасьледаваць сваё паходжаньне. І, можна сказаць, усё жыцьцё рыхтаваўся да гэтай паездкі, прызнаўся госьць.

Продкі Лары былі выселеныя з Каброўцаў, зазначае гарадзенскі гісторык Сяргей Токць. Напачатку ХІХ стагодзьдзя было некалькі ўказаў, па якіх габрэям забаранялася жыць у вёсках. Таму шмат сем’яў маюць прозьвішча паводле назвы нейкай вёскі, кажа ён.

Спадар Каброўскі падзякаваў Сяргею Токцю, які быў ягоным гідам у родных мясьцінах і напісаў пра Скідзель кнігу.

Уражаньне зрабіла Горадня: «Гэта самы прыгожы горад у Беларусі», мяркуе амэрыканскі госьць. У яго ўзьнікла думка паспрабаваць зрабіць Чарльстан і Горадню партнэрскімі гарадамі. Абодва маюць цікавую гісторыю і варта будзе іх паяднаць, лічыць ён.

Фото: svaboda.org

Габрэі ў партызанскім атрадзе

«Мой прадзед прыехаў у Амэрыку адзін, - распавядае Лары Каброўскі. — Зарабіў за два гады грошы і выслаў на квіток, каб прыехала жонка. Яны ніколі не забываліся, адкуль яны, паколькі падтрымлівалі ліставаньне з роднымі. Пакуль не пачалася Другая Сусьветная вайна. І доўга ня ведалі, чаму гэтае ліставаньне перарвалася. Чаму раптам перасталі прыходзіць лісты».

Брат прадзеда Лары Каброўскага, Залман, да вайны працаваў кавалём у Азёрах. Калі пачалася вайна зь немцамі, многія сваякі загінулі ў гарадзенскім гета. Але яму ўдалося ўратавацца. І ня толькі яму. У раёне Марцынконіса, на поўнач ад Шчучынскага раёну ўдалося стварыць партызанскі атрад, ваяваць зь немцамі, разам зь імі змагаліся беларусы. Іх уратаваў лес, які захаваўся дагэтуль. Тыя, хто ацалеў такім чынам, пасьля вайны змаглі перабрацца спачатку ў Палестыну, некаторыя пазьней пераехалі ў ЗША.

Фото: svaboda.org

Пачыналі ў шахтах

«Мае прадзеды пачыналі сваё амэрыканскае жыцьцё ў штаце Пэнсільванія, дзе было нямала іншых людзей з Усходняй Эўропы — з Польшчы, Літвы, Беларусі. Габрэі, беларусы, палякі, літоўцы. Яны працавалі ў шахтах. Выконвалі самую цяжкую працу і мелі рэпутацыю вельмі добрых працаўнікоў», распавядае амэрыканскі госьць. Між іншым, і сям’я ягонага будучага зяця мае карані ў Польшчы.

Адзін з ураджэнцаў Каброўцаў узначальваў у Ізраілі філію «Кока-колы», а другі, чыя сваякі паходзілі з гэтай вёскі, стаў у Амэрыцы футбольнай зоркай. Існуюць і зямляцкія суполкі, але звычайна першае пакаленьне, якое выехала, трымаецца разам, хто памятае родныя мясьціны, дзе жылі побач, былі знаёмыя, сустракаліся. Але такіх людзей засталося мала. Наступныя пакаленьні такіх шчыльных сувязяў ужо звычайна не падтрымліваюць.

Фото: svaboda.org

У 1984-м у Беларусь ня трапіў

Лары Каброўскі заўсёды хацеў прыехаць сюды, але да 1992 году гэта было немагчыма, кажа ён. Замежнікі сустракаліся з цяжкасьцямі: «Для мяне гэта было як падарожжа на Месяц, марай прыезд сюды. Мая прабабка, якая паходзіла са Скідзеля, была добрай прыязнай асобай. Пабываўшы цяпер у Скідзелі, я зразумеў, паміж якіх людзей яна жыла і адкуль у яе быў такі выдатны характар. Калі я быў у Скідзелі, у Новым Двары, у Азёрах, мяне многія запрашалі да сябе, былі вельмі прыязныя».

Першы раз ён прыехаў у 1984 годзе ў Літву, думаў, што гэта зусім блізка і ён зможа трапіць у Беларусь, але не атрымалася. У Вільні быў толькі адзін гатэль, дзе можна было жыць і нельга было пераначаваць недзе ў іншым месцы. Толькі пазьней удалося гэта ажыцьцявіць, калі Беларусь стала незалежнай. Гэтым разам ён прыехаў са сваёй дачкой, чым вельмі цешыцца. І каб быў жывы прадзед, ён бы яму аб гэтым расказаў.

Наведваньне Беларусі дае вельмі цікавы досьвед. Таму што амэрыканцы ня маюць ведаў аб Беларусі, кажа спадар Лары, і ён будзе расказваць аб тым, што бачыў. Людзі робяць найбольшае ўражаньне. Яны цёплыя, адкрытыя. Добрыя, шчырыя людзі. І шкада, што гістарычна ўсё так адбылося, іначай бы і ён быў мясцовым. Нашы карані ў адной зямлі і мы тут жылі разам сотні гадоў, была адна прырода на ўсіх, адзін прыгожы горад Горадня, зазначае Лары Каброўскі.

Фото: svaboda.org

Трамп любіць досьціпы

Калі адбывалася прэзыдэнцкая кампанія, у Чарльстане яму давялося быць адным з галоўных арганізатараў сустрэчы і ён размаўляў з кожным з кандыдатаў на прэзыдэнта Амэрыкі, успамінае Лары Каброўскі. У яго была магчымасьць пазнаць іх крыху бліжэй. Між іншым, Дональд Трамп ніколі не рыхтуе сваіх выступаў, заўсёды выступае спантанна, ужывае досьціпы, распавядае госьць.

«Я ведаў, што ў Трампа вельмі шмат прыхільнікаў і быў упэўнены, што ён выйграе, кажа Лары Каброўскі. — Я адчуваў гэта па людзях, ведаў, што яны думаюць. Перш за ўсё за яго былі гатовыя галасаваць рабочыя, тыя, якія цяжка працуюць. Хаця людзі маюць розныя пачуцьці і меркаваньні, што датычыць яго асобы. Нават у маёй сям’і, дадаў ён з усьмешкай. — Але ў маім выпадку не было сумневаў, што ён выйграе. Вельмі цікава было назіраць, як ён выказваецца і як уплывае на публіку».

І, як вядома, адзін з членаў сям’і Дональда Трампа мае сямейныя карані ў наваградзкіх ваколіцах. Таму ён таксама мог бы прыехаць у Беларусь, каб пашукаць свае карані, мяркуе госьць.

З прадстаўнікамі ўлады не сустракаўся

Гарадзенцаў цікавіла: «Вы не апошні чалавек у Чарльстане. Калі прыехалі сюды, ці была зацікаўленасьць каб сустрэцца ў прадстаўнікоў мясцовай улады?» Аб маючай адбывацца сустрэчы шырока паведамлялася ў сеціве.

Лары Каброўскі зазначыў, што мэта ягонага прыезду, сама паездка цалкам прыватная. Ён прыехаў з уласнай ініцыятывы, каб убачыць мясьціны, адкуль паходзіць ягоная сям’я. Самым важным было сустракацца зь людзьмі тварам у твар, размаўляць, ня маючы на ўвазе прадстаўнікоў ўлады.

Гісторык Сяргей Токць падсумоўвае: эмігранты «дасягалі посьпехаў у іншых краінах — у Амэрыцы, Аўстраліі, у Ізраілі. І нярэдка займаюць высокае месца ў грамадзтве, уплываюць на жыцьцё, на палітыку ў сваёй краіне. Але пры гэтым іх вабіць на радзіму, на Гарадзеншчыну, яны ня хочуць губляць глыбокай сувязі, прыяжджаюць, сустракаюцца з людзьмі. І нам гэта, здаецца, таксама дадае моцы і надзеі на лепшае».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]