30 траўня спаўняецца 90 гадоў аднаму з найстарэйшых дзеячаў беларускай эміграцыі.
«Радыё Рацыя» успамінае найважнейшыя моманты з жыцця славутага беларуса.
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 года ў Менску ў сям’і грамадскага дзеяча і навукоўца Яўхіма Кіпеля і Марыі Кіпель.
З 1930 года разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расеі. З 1944 года ўэміграцыі.
Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, Цюбінгенскім універсітэце. У 1955 годзе атрымаў ступень доктара геалагічных навук Лювенскага ўніверсітэта (Бельгія). Выпускнік Ратгерскага ўніверсітэта па спецыяльнасці бібліятэказнаўства.
Пазней пераехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, сабраў калекцыю беларускіх выданняў.
Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый. З 1972 года — старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. З 1982 года ўзначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва.
Вітаўт Кіпель – аўтар шэрагу публікацый беларусазнаўчай тэматыкі. У 1993 годз выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША» (беларускае выданне падрыхтаваў перакладчык Сяргей Шупа, у ЗША кніга выйшла ў 1999 годзе).
У 2017 пабачыла свет другое выданне кнігі, што выйшла значна таўсцейшая, больш як 600 старонак, багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй.
Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенкі як рэдактара. Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе» (2003, 2-е, дапоўненае выданне — 2006).
Выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць» (2015).
Сябры і калегі з дапамогай «Радыё Свабода» павіншавалі юбіляра.
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, Атава:
«Маю вялікую прыемнасьць павіншаваць ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі гэтага выдатнага і нястомнага дзеяча на беларускай ніве зь вялікім юбілеем. Так доўга, як памятаю, спадар Вітаўт імкнуўся палепшыць лёс нашага народа і дапоўніць веды заходняга сьвету пра Беларусь і беларушчыну. Ведаем мы ўсе яго як нястомнага старшыню Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Але быў ён таксама некалькі гадоў першым заступнікам старшыні Рады БНР, прыяжджаў разам са спадарыняй Зорай на зьезды славістаў Канады, выдаў вялікую колькасьць публікацый, і — тое, што цаню сёньня, як ніколі — быў ён заўсёды цудоўным сябрам, гатовым дапамагчы ў нашай супольнай працы на карысьць Беларусі. Дык жадаю гэтаму вялікаму патрыёту і сябру яшчэ шмат гадоў, добрага здароўя і сілаў, каб працягваць пачатую ім тры чвэрці стагодзьдзя таму працу для дабра і славы нашага народу!».
Доктар Янка Запруднік, Нью-Ёрк:
«Вітаўт Кіпель — мой даўні сябра цягам і супрацоўнік на працягу больш як 60 гадоў. У ім адметнае вельмі моцны гаспадарчы інстынкт у доглядзе беларускай інтэлектуальнай спадчыны і яе ўзбагачэньні праз выданьне кніжак, і спрыяе ён гэтаму ня толькі розумам, інтэлектам і ведамі, але і фінансава. Ён наш самы вялікі мэцэнат. Пра гэта мала гаворыцца, але гэта — так. Яшчэ хачу сказаць пра ягоную ролю ў распаўсюдзе кніжак — пакуль кніга ня дойдзе да чытача — ён не супакоіцца.
Доктар Ала Орса-Рамана, Нью-Ёрк:
«Пра Вітаўта Кіпеля можна казаць шмат, але я назву чатыры ягоныя якасьці, якія мяне прывабліваюць. Першае — ягоная любоў да Беларусі і ўсяго беларускага, да беларускай культуры. Побач з гэтым і ягоная бязьмежныя веды пра гісторыю Беларусі, мы называем яго «жывая энцыкляпэдыя». Трэцяе — гэта надзвычайная энэргія. Ён бясконца працуе і ніколі не адмаўляецца нешта рабіць, калі справа ідзе пра Беларусь. Ну і чацьвёртае — ён вельмі цікавы і прыемны чалавек, зь ім прыемна сустракацца і гутарыць. Жадаю яму пражыць яшчэ 90 гадоў!».
Сайт далучаецца да віншаванняў і найлепшых пажаданняў.