Беларусы Цюменскай вобласці наведалі вёску Рагінь Гомельскай вобласці, адкуль паходзяць іх продкі.
Самаходы — так называлі сібірскія старажылы перасяленцаў з Беларусі. 24 сям’і з беларускіх вёсак Рагінь, Бушаўка, Асінаўка, Мяркулавічы і Антонаўка Рагачоўскага павета прыехалі ў канцы ХІХ стагоддзя ў Сібір па лепшую долю.
На радзіме ім катастрафічна не хапала зямлі. У Сібіры яны заснавалі вёску Ермакі. Тут і дагэтуль жывуць нашчадкі тых добраахвотных перасяленцаў з Беларусі.
У межах беларуска-расейскага праекта «Вяртанне» жыхары сяла Ермакі Цюменскай вобласці наведалі вёску Рагінь Гомельскай вобласці, адкуль паходзяць іх продкі, перадае «Радыё Рацыя».
Алена Новікава, бабулю якой перавезлі ў Сібір у двухгадовым узросце, узгадвае, што ў доме ляжала беларуская бульба:
— Усё, што яны маглі рабіць у Беларусі, яны перавезлі з сабой. Яны везлі насенне льну, везлі бульбу. Я ўжо жыла ў бабулі ў 1960-х гадах, і заўжды ў закуточку, у падполлі, ляжала некалькі бульбін, якія ішлі толькі на расаду. Гэта была чыста беларуская культура. І мне казалі: «Гэта адтуль, з «Рагіні». І мы ўсё жыццё гэтую бульбу вырошчвалі і елі.
Каардынатар праекта, доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская распавядае, чаму беларусы перасяліліся ў Сібір:
— Пасля адмены прыгонніцтва зямлі ўсім не хапала. Напрыклад, я чытала ў архіве прашэнне селяніна, калі той прасіў перасяліцца, бо ў яго толькі пяць дзесяцін зямлі, а восем душ мужчынскага пола і сем душ жаночага пола. Тады сем’і былі вельмі вялікімі.
Алена Новікава гаворыць, што яшчэ ў дзяцінстве абяцала сваёй бабулі прывезці роднай беларускай зямлі:
— Мая бабуля не памятала роднай зямлі, бо ёй было ўсяго два гады, калі яе перавезлі ў Сібір. Але яна жыла аповедамі сваёй маці. Мая бабуля вельмі сумавала па Беларусі. Яна гаварыла: «Я не памятаю сваёй зямлі, але мне вельмі хацелася б патрымаць хоць жменю роднай зямлі». А я, дзяўчынка 12-гадовая, ёй адказвала: «Я вырасту, я паеду ў тваю вёску, толькі скажы, як яна называецца, я прывязу табе жменю зямлі».
Доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская гаворыць, што беларусы Сібіры трымаюцца сваёй ідэнтычнасці.
— Яны жывуць кампактна. Гэта сапраўды беларускія вёскі. Гэта Ермакі, Асінаўка, Ялоўка. Паколькі там практычна няма чужога мясцовага насельніцтва, яны ўсведамляюць повязь з продкамі, яны ведаюць, хто першы сюды прыйшоў.
Кіраўніца фальклорнага гурта «Расіяначка» Надзея Вычужаніна называе сябе самаходам.
— Мы – самаходы. Паколькі нашы продкі прыйшлі ў канцы ХІХ стагоддзя сваім ходам у пошуках шчаслівага жыцця, іх празвалі самаходамі. Таму мы – самаходы, але ў пашпарце ў нас стаіць пазначэнне «рускі».
На дадзены момант у сяле Ермакі жыве 290 чалавек. Праект «Вяртанне» рэалізуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Бацькаўшчына» разам з Рагінскім сельсаветам, Рагінскім цэнтрам народнай творчасці, адміністрацыяй Вікулаўскга муніцыпальнага раёна Цюменскай вобласці Расеі і «Цэнтрам культуры і вольнага часу Вікулаўскага раёна».