Чыноўнікі, пачынаючы з самага верху, не «просто зажрались», а ўшчэнт загуляліся, як нецвярозы, пыхлівы і азартны кліент у казіно.
Мільёны жыхароў Беларусі ведаюць, што наша нацыянальная ідэя — гэта пабудова прававой дэмакратычнай краіны, у якой заможна, культурна і годна змогуць жыць прадстаўнікі ўсіх палітычных перакананняў, веравызнанняў, нацыянальнасцяў. Але чыноўнікі з такім вызначэннем нязгодныя, яны шукаюць нешта асаблівае.
Пошукі аўтарытарным рэжымам нацыянальнай ідэі працягваліся больш чым 20 гадоў. За гэты час праведзены дзясяткі дыскусій, абаронены дысертацыі, выдадзены кнігі, брашуры. Але актыўная дэмагогія прыўладных вучоных выніку не дала. Тады праблемай заняўся правіцель, выказваючы самыя розныя фармулёўкі. Працэс зацягнуўся, ды нарэшце няўлоўная ідэя знайшлася — нацыю павінен аб’яднаць і павесці наперад… хакей!
А. Лукашэнка даў рашэнню сваё абгрунтаванне: «Самая большая идеология — это там, где поднимается дух людей, дух народа. Я сейчас имею в виду не обычные общественные массовые мероприятия, а спортивные».
На «адказны фронт», які названы ідэалагічным, накіраваны выпрабаваны, «жалезны» палкаводзец. Кіраўніца прэзідэнцкай адміністрацыі Н. Качанава так і заявіла: «Хоккей — это идеология, которая может сплотить нацию. Президент уделяет этому виду большое внимание. И я рада, что на эту должность назначили именно Семена Борисовича Шапиро.
Хоккей у нас в стране любят. Во время чемпионата мира вся страна прильнула к экранам и искренне переживала неудачный старт нашей команды».
Нягледзячы на абсурднасць такіх вызначэнняў, зразумець правіцеля і яго прыслужнікаў можна. Узвядзенне на руінах савецкай імперыі незалежнай краіны, сапраўднага Беларускага Дома — задача няпростая. Яна патрабуе не толькі яснага розуму, фізічных і душэўных намаганняў, але і нацыянальнай свядомасці, патрыятызму, высокай маралі. А ўсё гэта на дарозе не валяецца. Вось і атрымалася прыкрая няўвязка.
У пераходны перыяд кіраванне рэалізацыяй гістарычна важнай для беларусаў мэты, за якую гераічна змагаліся продкі, перахапілі людзі выпадковыя, прытым адукацыйна, прафесійна і маральна непадрыхтаваныя. Многія з іх далёкія ад тутэйшых традыцый, культуры, абсалютна глухія да надзённых нацыянальных праблем.
Як, напрыклад, можа мабілізоўваць народ на значныя здзяйсненні чалавек, які сам няўпэўнены ў патрэбе будаўніцтва Беларускага Дома, адраджэння роднай мовы, развіцця нацыянальнай культуры? А на яго ж вымушаны арыентавацца ўсе грамадзяне: ад рабочага да акадэміка.
Акрамя таго, бліжэйшыя прыслужнікі правіцеля размяркоўваюць уласныя сілы і ўменне неадпаведна важнасці задач, якія перад сабою ставяць. Найперш ім трэба спрытна дагадзіць босу, бо без гэтага не ўтрымаешся ў крэсле. Шмат часу забіраюць прыдумкі, як хапануць паболей народных грошай, ды так, каб не трапіць за краты. А таму будаўніцтва незалежнай краіны, на якое ні жадання, ні сіл у многіх чыноўнікаў звычайна не хапае, ідзе паводле астаткавага прынцыпу.
На думку ўлады, вызначэнне хакею ў якасці нацыянальнай ідэі дапаможа адным махам вырашыць некалькі праблем. Па-першае, імідж «хакейнай дзяржавы» падсвечвае змрочную «карону» адыёзнага правіцеля, дапамагае яму рабіць прарыў у вялікі свет, куды яго не пускаюць, па-другое, грамадзяне, што «прильнули к экранам», не пабягуць на пратэстныя маніфестацыі і мітынгі, па-трэцяе, развіццё гэтага віду спорту хоць складаная справа, але не патрабуе нават тысячнай долі намаганняў, якія павінны пайсці на ўзвядзенне сапраўднага Беларускага Дома.
У ХХ стагоддзі спорт стаў пляцоўкай зацятага спаборніцтва палітычных сістэм: капіталістычнай і сацыялістычнай. Напрыклад, І. Сталін палічыў, што савецкія спартсмены ў 1952 годзе правалілі Хельсінскую алімпіяду, быў у страшэнным гневе, наладзіў усім жорсткую прачуханку. У незалежнай Беларусі актыўная цынічная валтузня каля спорту ўсчалася з прыходам аўтарытарызму.
Усе ўзурпатары ўлады любяць масавыя гульні, паказ сілы. Спорт яны любяць за падабенства з ваеннымі баталіямі: хто каго? Нам жа не пашанцавала найбольш, бо правіцель лічыць сябе прафесійным спартсменам, для піяру наладжвае сумніўныя турніры са сваім удзелам, пастаянна павучае трэнераў і каманды. Тут ён — унікум. Няма ніводнай краіны ў свеце, дзе б кіраўнік на поўным сур’ёзе праводзіў на вышэйшым узроўні нарады, прысвечаныя хакею. Яго разважанні такія: «Посмотрим, что будет дальше. Сделают выводы, начнут играть — будем это принимать. Нет — значит, мы с этим мириться не будем. Я почему так остро реагирую? Не потому что спортсмен и занимаюсь спортом всю жизнь. А потому что спорт — это величайшая идеология. Если россияне выигрывают у немцев в канун 9 Мая, это уже какие-то политические ассоциации. Россияне духом воспрянули. А нам какие подарки преподносят наши деятели? Смотрят миллионы людей, переживают, а у них такое отношение».
Доўгі час А. Лукашэнка і У. Пуцін палымяна заклікалі заходніх дзяржаўных функцыянераў і СМІ не змешваць спорт з палітыкай. А самі паралельна ператваралі яго ў ідэалагічную зброю, у сродак адцягнення народных масаў ад палітычнай актыўнасці. А што мы чуем цяпер? Яны палічылі неабходным абвергнуць свае хітрыкі і для ўнутраных патрэбаў заявіць насельніцтву на ўвесь голас: «Спорт — гэта наша ўсё!»
Але, на жаль, спорт даўно не такі, якім яму належыць быць. У «Алімпійскай хартыі» напісана: «Мэтай алімпізму з’яўляецца станаўленне спорту на службу гарманічнага развіцця чалавека, каб садзейнічаць стварэнню мірнага грамадства, якое клапоціцца пра захаванне чалавечай годнасці». А што ў рэальнасці? Нягледзячы на высокія словы палітыкаў і спартыўных чыноўнікаў, у гэтай галіне няма нічога святога. Спорт стаў не толькі спаборніцтвам медыкаў і фармаколагаў, бо за кошт допінгу вынослівасць арганізма можа дасягаць 70%. Гэта яшчэ маштабная, часта крымінальная камерцыя. Вакол спорту адбываюцца пастаянныя скандалы ў звязку з бруднымі здзелкамі, махінацыямі. Адносным і фальшывым стаў патрыятызм, нацыянальны гонар, бо за зборныя краін выступаюць спартсмены, закупленыя ў розных кутках свету. Пад выглядам сутыкнення спартыўных фанатаў спецслужбы часта ўчыняюць палітычныя правакацыі. Так, напрыклад, было ў Егіпце, дзе хацелі перашкодзіць рэвалюцыі, спыніць рух краіны па шляху дэмакратыі.
Вынаходнікі нацыянальнай ідэі для беларусаў забыліся на тое, што хакей — гэта проста гульня, хто б у яго ні гуляў — дзеці або дарослыя. Акрамя таго, з пляшкай піва на канапе каля тэлевізара ні здароўе не ўмацуеш, ні патрыятызму не выявіш. Ды яшчэ пры такіх выніках: «В хоккее провал, в футболе провал, в биатлоне, где мы всегда были наверху, — провал». Уяўляю, колькі мацюкоў неслася над Беларуссю ў час гульні нашай каманды на апошнім чэмпіянаце свету. Словам, на нацыянальную ідэю хакей ніяк не цягне!
Шмат дурноты пабачыў я на роднай зямлі ў час улады Сталіна, Хрушчова, Брэжнева і іншых. Але такой, як цяпер, яшчэ не было. Аўтарытарны рэжым прынёс з сабою тузаніну і салдафонства ў кадравай палітыцы, заблытанасць, марнаванне сродкаў і застой у гаспадаранні, вяртанне да сталінскіх традыцый у ідэалогіі.
Чыноўнікі, пачынаючы з самага верху, не «просто зажрались», а ўшчэнт загуляліся, як нецвярозы, пыхлівы і азартны кліент у казіно.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com