Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як дзяўчынка з Пружанскага раёну стала хрэсніцай Індзіры Гандзі

11.06.2017 общество
Як дзяўчынка з Пружанскага раёну стала хрэсніцай Індзіры Гандзі

47-гадовая беларуска — адзіная ў краіне хрэсніца самой Індзіры Гандзі.

Гэтая гісторыя — пра сілу мары. Пра людскую веру. І пра тое, што калі моцна-моцна папрасіць лёс аб добрым, яно абавязкова здзейсніцца. Калі не верыце, тады паслухайце пра жыхарку аграгарадка Кабылаўка Пружанскага раёна Людмілу Каташэвіч. Сёння яна звычайны палявод. Але адкруцім час амаль на пяць дзесяцігоддзяў таму. І вось высвятляецца, што 47-гадовая беларуска — адзіная ў краіне… хрэсніца самой Індзіры Гандзі.

Журналіст «Рэспублікi» Гaнна Петрачэнка пабывала ў вёсцы, дзе нарадзілася хросная дачка вядомай індыйскай жанчыны-палітыка.

Хiндзi-русi бхай-бхай

Май. Івацэвіцкі раён. Вяртаюся з камандзіроўкі, збілася з шляху, раблю прыпынак у вёсцы Чамялы. Трэба падкарэкціраваць маршрут ды трохі перадыхнуць. Прысаджваюся на лавачку да бабуль. Прадставілася і, каб падтрымаць гутарку, прашу чым-небудзь здзівіць журналіста. Адказ ашаламляльны:

— Напішыце пра сям’ю Яніны і Міхаіла Грышчэняў. Хроснай маці іх малодшай дачкі Люды стала Індзіра Гандзі.

Не спяшаюся верыць на слова. Па-першае, дзіўна, што людзі сталага ўзросту ў маленечкай вёсачцы арыентуюцца ў палітычных персанажах. Па-другое, Індзіра Гандзі па паходжанні з парсаў, невялікай групы індыйцаў з іранскімі каранямі, якая прытрымлівалася зораастрызму. Гэта значыць, праваслаўныя рытуалы ёй, мякка кажучы, малазнаёмыя. Ды і да чаго прэм’ер-міністру Індыі радніцца з малодшай дачкой нейкіх Яніны і Міхаіла з Чамялоў? Мае развагі ўслых суразмоўніц не пакрыўдзілі. Больш за тое, каб не быць галаслоўнай, Марыя Скурчык падводзіць мяне да суседняга драўлянага дома:

— Вось дом, дзе ў 1969 годзе нарадзілася Люда. Гэтую сям’ю ведалі ўсе ў акрузе. Дружная, вясёлая i, галоўнае, вялікая — 14 дзяцей. Чатыры хлопцы, астатнія — дзяўчынкі. Зараз у хаце ніхто не жыве: бацькі памерлі, а дзеці раз’ехаліся хто куды. Вам бы пагаварыць з Любай, сястрой, якая на дваццаць гадоў старэйшая за Люду.

Любоў Міхайлаўна сапраўды памятае ўсё. Можна нават сказаць, што ідэя ўзяць за куму індыйскага палітыка нарадзілася з жарту, які менавіта гэта дзяўчына некалі пусціла ў гутарцы з заезджым сталічным госцем. Бойкая на размову Люба дай і прапануй яму стаць хросным татам сястрычкі, якая нарадзілася некалькі дзён таму. Суразмоўца ў адказ выдаў свой жарт: лепш бы паклікалі ў радню Індзіру Гандзі. Палітыкаў-жанчын у тыя часы было мала. А iмя індыйскага прэм’ера часта гучала з радыёпрыёмнікаў.

Любе ідэя спадабалася. Але як давесці яе да толку? Трэба пісаць ліст у Дэлі. Зноў задачка з зорачкай. Дзяўчына не ведала ні англійскай мовы, ні хіндзі:

— Пісала па-руску ад імя бацькоў. Спачатку паведаміла гісторыю нашай сям'і і тое, што ў нас у кастрычніку нарадзілася дзясятая дачка. Потым у далікатнай форме папрасіла стаць ганаровай хроснай маці адной з дачок беларускага народа. Яшчэ мне параілі дадаць фразу, што згода Індзіры Гандзі будзе сімвалізаваць умацаванне палітычнай дружбы паміж «братам» Савецкім Саюзам і «сястрой» Індыяй.

Люба адправіла ліст. Успамінае іншая сястра, Вера Міхайлаўна:

— Прайшло некалькі месяцаў, і тут паштальён прыносіць канверт, падпісаны на замежнай мове. Мы адразу зразумелі, адкуль вестачкі.

Каб даведацца, хто што напісаў, Люба адправілася ў раённы аддзел адукацыі. Метадысты замерлі ад здзіўлення: яны трымалі ў руках ліст, напісаны той самай Індзірай Гандзі! Гербавая пячатка, шчыльная папера, упэўнены почырк.

Лідар індыйскага народа з радасцю паведаміла, што яна згодная стаць хроснай маці дзіцяці «адной з лепшых жанчын савецкага народа». Індзіра шчыра захаплялася адвагай гэтай жанчыны і адзначыла, што яна, на жаль, была адзіным дзіцем у сям'і.

Індзіра паабяцала, што абавязкова прыедзе ў госці ў Беларусь i ўключыць вёску Чамялы ў маршрут наступнай паездкі ў Савецкі Саюз. А пакуль яна віншуе. І раз ужо яна хросная мама, то просіць пакінуць за ёй права выбару імя.

Індзіра прапанавала назваць дзяўчынку сугучным імем — Ірэнай. Але ад моманту адпраўкі ліста і да моманту атрымання адказу прайшло каля пяці месяцаў, і імя малодшай дачцэ ўжо далі.

У чаканні гасцей

Навіна аб тым, што ў Чамялы прыедзе Індзіра Гандзі, разляцелася па акрузе ў момант. Сям’ю пачалі наведваць прадстаўнікі мясцовай улады. Вырашылі зрабіць Грышчэням рамонт. Яно і зразумела: дом будаваў бацька сямейства, дах зрабіў саламяны. Матэрыял не самы трывалы, з часам прадзіравіўся. Кіраўніцтва раёна адрамантавала хату за бюджэтны кошт. Пазней па адзінай вуліцы Чамялоў паклалі жвіровую дарогу. Чакалі гасцей.

А Індзіра Гандзі працягвала пісаць лісты. Кожны год! Дасылала віншаванні і ўсходнія навіны. Лісты прыходзілі, як правіла, восенню, калі Індыя адзначае цудоўнае свята — Дзень маці. У зваротах замежная «сваячка» не пакідала надзеі ўбачыцца з беларускай хрэсніцай. Аднойчы яна папрасіла зрабіць фатаграфію мамы з малюткай на руках. Пошукамі майстра займалася Люба:

— Мы адправілі два фотаздымкі. Каб зрабіць першы, спецыяльна ездзілі ў Івацэвічы, каля дваццаці кіламетраў ад дома. У другі раз выклікалі фатографа дадому.

А падрастаючая Люда блыталася, як жа яе па-сапраўднаму клічуць:

— Многія называлі мяне Індзіра, але я не крыўдзілася, а ганарылася гэтым.

Адносіны Iндыi з СССР паляпшаліся, верагоднасць сустрэчы расла. Але прэм’ер-міністр Гандзі так і не пабывала ў гасцях у Чамялах. У 1984 годзе маці дваіх дзяцей Індзіру застрэлілі ва ўласным доме яе целаахоўнікі.

Люба і родныя збіраліся на пахаванне. Але выехаць за мяжу ў савецкі час было няпроста.

Так абарвалася вялікая надзея ўбачыцца з жывой легендай. Але вера ў тое, што цуды і мары ператвараюцца ў рэальнасць, па-ранейшаму жыве ў вяскоўцаў, на вачах якіх нарадзілася дружба не знаёмых адзін аднаму і пражываючых за тысячы кіламетраў людзей.

Сёння Людміла працуе паляводам у ААТ «Айчына» Пружанскага раёна. Выгадавала дачку і сына. Гэтую гісторыю на сямейных вячорках родныя заўсёды ўспамінаюць з усмешкай. І заўсёды называюць малодшанькую сястрычку Індзірай. I не ў крыўду. А з гонарам.

Фото: Reuters

Індзіра Прыядаршынi Гандзі - індыйскі палітык і цэнтральная фігура ў партыі «Індыйскі нацыянальны кангрэс». Яна і на сёння застаецца адзінай жанчынай прэм’ер-міністрам Індыі. Індзіра Гандзі была дачкой першага прэм’ер-міністра краіны Джавахарлала Нэру. Яна служыла прэм’ер-міністрам з 1966 па 1977 год, а затым з 1980-га аж да дня яе забойства ў 1984 годзе. Такім чынам, яна была другім па працягласці службы прэм’ер-міністрам Індыі пасля бацькі. У 1999 годзе Індзіра стала «Жанчынай тысячагоддзя», згодна з апытаннем, праведзеным Бі-бі-сі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]