Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ксёндз з Багдана: Мова ў дзяржаве павінна быць адна – беларуская

14.06.2017 общество
Ксёндз з Багдана: Мова ў дзяржаве павінна быць адна – беларуская

І пачынаць трэба з чыноўнікаў, якія жывуць на народныя грошы.

Праг гэта «Народнай Волі» рассказаў пробашч парафіі Святога арханёла Міхаіла ў вёсцы Багданава Валожынскага раёна ксёндз Ігар Лашук.

«Калі мы жывём у Беларусі, то і мова павінна быць адна. Беларуская»

– Ксёндз Ігар, якой была рэакцыя вашых бацькоў, калі вы прыйшлі і сказалі, што вырашылі стаць каталіцкім святаром? Іх гэта не засмуціла, яны ж, натуральна, марылі мець унукаў, прадаўжэнне роду. Як увогуле вы прыйшлі ў рэлігію?

– Па-першае, я не адзіны ў сям’і, нас у бацькоў пяцёра. І мае мудрыя, разумныя тата і мама прынялі мой выбар. Хаця, калі прыйшоў і сказаў, што вырашыў паступаць у семінарыю, мама трошкі паплакала, тата трошкі пазлаваўся. Але на гэта былі прычыны. Я тады вучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце ў Гродне, здавалася, будучыня мая праяснялася, а тут трэба ўсё пакінуць. Яшчэ і часы былі савецкія, атэістычныя, святарства не віталася ні дзяржавай, ні грамадствам.

Аднак я не вельмі люблю казаць пра гэта – як я прыйшоў у рэлігію. Я нарадзіўся католікам. Як кажуць, выбару не было: бацькі пахрысцілі, выхавалі, нягледзячы на тое, што часы для веры былі драматычныя: касцёлы зачынены, ксяндза бачылі толькі на пахаваннях, ён маліўся на польскай мове, нам, малодшым, не зразумелай. Але захаплялі яго культура, эрудыцыя, пашана да кожнага чалавека. А тата мой, дарэчы, быў паляк і вельмі прыгожа размаўляў па-польску.

– Тата, напэўна, быў беларус, заходнік і вучыўся ў польскай школе. Тады многія беларусы называлі сябе палякамі…

– Вы, прабачце, не маеце рацыі так меркаваць. Я маю кнігу хросту сваёй парафіі ад XVII стагоддзя. І ўсе прозвішчы там запісаны па-польску, з 1648 года. А калі так пісалі, калі мой тата адчуваў і лічыў сябе палякам, дык так і ёсць. Ён, дарэчы, шмат цярпеў за гэта... І я ніколі не буду ніводнага чалавека, калі ён лічыць сябе палякам альбо расейцам, перапэўніваць у тым, што ён беларус.

Я аднолькава шаную ўсіх – і расейцаў, і беларусаў, і палякаў. Мама мая, дарэчы, беларуска.

– А вы – беларус?

– Я па тату – паляк, але з вялікай пашанай стаўлюся да беларускай культуры, мовы. Я размаўляю на ёй з маленства, бараню беларускую мову. Лічу, што калі мы жывём у Беларусі, то і мова павінна быць адна. Беларуская. Я супраць двухмоўя на дзяржаўным узроўні. Мы ж бачым, што сталася ад гэтага двухмоўя – за апошнія 20 гадоў. Беларуская мова амаль знікла, у гарадах яна практычна нідзе не гучыць. А самае страшнае, што сёння беларускую мову нават параўноўваюць з так званай «колхозной», кажуць, што на ёй немагчыма тварыць, займацца навукай. Але паглядзіце на Ізраіль, мову ёй сфарміравалі нашы яўрэі – з нашых беларускіх земляў. І як там з навукай? Пазайздросціць можна. Гультаі не вучаць моў – і невукі.

Так атрымалася, што гісторыя стварыла на нашых землях «тутэйшасць», што, на маё меркаванне, нядобра, бо гэта прыстасаванства і як бы «мая хата с краю». Але і зразумець гэтую з’яву трэба: жыць жа хочацца, таму мы ўвесь час гаварылі на мове захопніка. Прыйшлі палякі – па-польску, прыйшлі расейцы – па-расейску. І нельга сёння казаць, што расейская альбо польская мовы вышэйшыя за беларускую.

– Вы прынцыпова кажаце «расейскі», «расейцы». Чаму?

– А я не ведаю, чаму расейцы экспрапрыявалі слова «рускі». Была калісьці тут прыгожая дзяржава – Кіеўская Русь.RUTHENIA– так я чытаў на старадаўніх мапах у Ватыкане. У яе склад уваходзіла акрамя сённяшняй Украіны вялікая частка сучаснай Беларусі і маленькая частка сённяшняй Расіі. І была руская мова (нават Біблія Францішка Скарыны называецца Руская Біблія), з якой паўсталі тры мовы – беларуская, расейская і ўкраінская. Кожны з трох народаў сфарміраваў сваю мову. І слова «руская» падобная да слова «хрысціянская», гэта корань, з якога выраслі дрэўцы «беларускае», «украінскае» і «расейскае». Гэта як хрысціянства – вера, а веравызнанні каталіцкае, праваслаўнае і г.д.

Мова ў дзяржаве, незалежна ад нацыянальнасцяў, якія пражываюць у гэтай краіне, фарміруе дзяржаву і яе статус у свеце, адзінства ў грамадстве, паразуменне. Двухмоўе заўсёды прывядзе да прыніжэння адной мовы другой.

– Для Касцёла Беларусі такой праблемы не існуе. Падаецца, Касцёл свядома ўзяў курс на беларусізацыю…

– Але ж і дзяржава павінна праводзіць моўную палітыку.

Нядаўна ў школе ў Багданаве, дзе я зараз служу, была лінейка. Скончыўся навучальны год, і мяне запрасілі, каб я блаславіў дзяцей. У нас там усё па-беларуску – і першакласнікі па-беларуску размаўляюць, і выпускнікі, і настаўнікі, і вяскоўцы паўсюль па-беларуску. У нас там – як павінна быць у Беларусі.

Але прыехалі двое чыноўнікаў з Валожына – і размаўлялі з дзецьмі выключна па-расейску. Як так? Калі двухмоўе, то чыноўнік МУСІЦЬ размаўляць на дзвюх мовах і адказваць на той мове, на якой да яго звяртаюцца. Ён утрымліваецца за кошт народа і павінен служыць народу. Бо толькі ПАН, які ў нішто ставіць народ, культуру і мову, звяртаецца да народа як захоча, са сваёй пазіцыі, з пагардаю, з прыніжэннем мовы. Гэта вельмі балюча. Яшчэ раз кажу чыноўнікам: вы служыце людзям, бо лепш ведаеце законы, і вы павінны дапамагаць іх выконваць, каб у дзяржаве быў парадак, а выходзіць, што законы самі і не выконваеце. Мова – як прыклад.

«Просіш пабудаваць касцёл – быццам прыйшоў за дазволам вырабіць касмічны карабель»

– Ксяндзам складана працаваць у Беларусі?

– Вельмі складана, цяжка камунікаваць з чыноўнікамі. Прыходзіш да іх з прапановамі, жаданнем штосьці здзейсніць для краіны, а адчуванне, што ты не для Беларусі, а для нейкай чужой дзяржавы намагаешся нешта зрабіць. Не тое што не дапамагаюць – замінаюць.

Просіш пабудаваць касцёл – быццам прыйшоў за дазволам вырабіць касмічны карабель. Такія дзіўныя, быццам кімсьці закадзіраваныя, паводзіны. Кажуць: не маеце права атрымаць зямлю, бо недзе там касцёл недабудаваны. Альбо – назавіце інвестара, тэрміны. Даходзіць да абсурду: прынясіце паперку, што не трэба паперкі! Большага вэрхалу, чым чыноўнікі, у краіне ніхто не робіць…

– Не баіцеся так крытыкаваць чыноўнікаў?

– Я не крытыкую. Я кажу пра тое, што ёсць.

– Але ж вы былі пробашчам у Лідзе, Мінску, а зараз вас накіравалі ў вёску Багданава Валожынскага раёна. Гэта паніжэнне?

– Служыць людзям – гэта не паніжэнне. Парафія багданаўская не горшая за любую мінскую. Гэта цудоўнае беларускае месца. 90 працэнтаў мясцовага насельніцтва – католікі.

– Паводле вашага назірання, католікаў многа ў Беларусі? У вас у Багданаве расце колькасць парафіян?

– Я не лічыў дакладна, але змяншаецца, вёска вымірае, нараджальнасць падае. 10 гадоў таму людзі ў касцёл не ўмяшчаліся, а сёння кажуць: вялікі касцёл.

Чуў у сродках інфармацыі, што вёска будзе адраджацца. Як? Мне падаецца, што ў першую чаргу эканоміку на вёсцы трэба адрадзіць, і тады жыццё ў ёй адродзіцца. Людзі пойдуць туды, дзе ёсць праца.

А што тычыцца веры… Многае залежыць ад святара, яго паводзін, як ён ставіцца да чалавека. З людзьмі трэба працаваць. Калі на літургію прыходзіць дзесяць чалавек і ты ім крычыш: «Жах! Людзі не ходзяць у касцёл!» – які ў гэтым сэнс? Перастануць прыходзіць і гэтыя дзесяць. Хрыстос пачынаў з дванаццаці, і то яшчэ напрыканцы Яго зямнога жыцця ўсе ўцяклі ад Яго. Трэба сваімі дзеяннямі, сваім прыкладам людзей заахвочваць. У Касцёле нічому дрэннаму не навучаць, толькі жыць па Боскіх законах і ў суладдзі з Божым светам.

– Але ж таго, што было на пачатку 1990-х, калі ў касцёлы, цэрквы ішлі літаральна вёскамі, гарадамі, сёння няма?

– Веруючых менш не стала. Тады проста людзі перасталі баяцца, за наведванне храмаў улада ўжо не пераследавала. А сёння з маленства ходзяць у касцёлы, і страху няма. Ніхто гэтага не саромеецца, гэта натуральная частка жыцця. Таму сёння шмат чаго залежыць ад структур касцёла, ад святароў: яны часамі робяцца чыноўнікамі-пачасоўнікамі, а павінны быць пастыры – якія моляцца і прамаўляюць Божае Слова. Калі ксёндз стаў чыноўнікам, то толку будзе мала. Мне хіба трэба было б быць будаўніком, хоць я калісьці марыў быць кіраўніком калгаса, нават вучыўся ў Гродне ў сельгасінстытуце. І генеральным сакратаром марыў быць, але ў партыю не прынялі, сказалі, што веруючы, малітоўнік у арміі знайшлі. І добра, што так сталася.

«Я ведаю, колькі я каштую, і магу ацаніць гадзіну сваёй працы, але гэтага не раблю»

– Ксёндз жыве за кошт парафіі? А калі яна невялічкая?

– Так, зарплату нам выдае парафія, мы наняты на працу.

– І ёсць фіксаваная зарплата?

– Фіксаванай няма. Найніжэйшая магчымая – трохі больш за 200 рублёў.

–Можна пражыць за гэтыя грошы?

– А як пенсіянеры жывуць? Мы тут нічым не адрозніваемся. Так склалася тысячагоддзямі…

– А людзі думаюць, што святары зарабляюць нашмат больш, чым простыя грамадзяне ў сярэднім па краіне.

– Я вучыўся 12 гадоў – у Рызе, Польшчы, Італіі, Англіі. Нядаўна вось атрымаў дыплом па спецыяльнасці “камунікацыі ў галіне грамадскіх сувязяў” факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Я ведаю, колькі я каштую, і магу ацаніць гадзіну сваёй працы, як яе ацэньвае, напрыклад, адвакат ці юрыст. І яны застануцца далёка, далёка… Бо на маю адукацыю выдаткавана столькі сродкаў і маімі бацькамі, і касцельнымі арганізацыямі! Але я гэтага не раблю. Можа, дзе на якой багацейшай парафіі святар і больш зарабляе…

– Жывяце толькі на ахвяраванні, але ж вы ў касцёле можаце ўсталёўваць прэйскурант цэн.

– Ні ў якім разе! Толькі добраахвотныя ахвяраванні. Так у нас у Касцёле.

– Я так разумею, што ў ксяндза няма і свайго ўласнага дома, кватэры?

– У кожнай парафіі ёсць дом для ксяндза, у якім ён жыве. Зараз у мяне драўляны сялянскі дом, які я з дапамогай ахвярадаўцаў аднавіў, правёў камунікацыі, агарод засеяў. Матэрыяльны дабрабыт залежыць ад выхавання чалавека. Я баюся наракаць і гнявіць Бога ў гэтым накірунку. Хаця адразу пасля Мінска было вельмі цяжка: трапіў з вялікай актыўнасці ў вялікую пасіўнасць. А зараз арганізаваў працу, якая прыносіць задавальненне. Якія тут цудоўныя людзі! У Беларусі самыя лепшыя людзі ў свеце. Атрымліваю асалоду ад свежага паветра, свабоды, натуральных прадуктаў, у мяне ўсё сваё – бульба, буракі, цыбуля, агуркі. Асабліва памідоры люблю.

– А ў вас ёсць прыслуга? Трэба ж, каб нехта гатаваў вам ежу, прыбіраўся дома, апрацоўваў агарод…

– Я сам усё раблю. І мыю, і прыбіраю, і агарод праполваю. Калі-нікалі жанчыны з парафіі з генеральнай уборкай дапамогуць, а так імкнуся ўсё сам. І мне падабаецца.

– Як звычайна праходзіць ваш дзень? З боку падаецца, што ў святароў многа вольнага часу: адслужыў літургію – і свабодны…

– Можна свой час арганізаваць так, каб нічога не рабіць, а можна напоўніць яго працай. У нядзелю людзі адпачываюць, а ў мяне, напрыклад, чатыры службы. Дый яшчэ спавядаю чалавек 40–50. А калі Вялікдзень ці Каляды! У нас рэдка здараецца, калі на тыдні не выпадае ніводнага свята. Ёсць іншыя рэчы – людзі бяруць шлюб, хрысцяць дзяцей, а іх трэба падрыхтаваць да гэтага.

– Як вы бавіце вольны час? Ведаю, што ксёндз Завальнюк займаецца пчалярствам, мітрапаліт Кандрусевіч любіць пакатацца на ровары, многія ксяндзы гуляюць у футбол, і ў Беларусі нават праходзіў чэмпіянат Еўропы па міні-футболе.

– Маё вялікае і, напэўна, галоўнае хобі – будаўніцтва. Усё будую і будую. У Мінску, у Серабранцы, служыў 15 гадоў – пабудаваў вялікую капліцу, маладзёжны цэнтр і распачаў будаваць касцёл. А яшчэ маладзёжны цэнтр і капліцу ў Бараўлянах, у Раўбічах. Мая першая парафія ў 1993–1994 гадах была ў Лідзе – таксама актыўна ўдзельнічаў у будоўлі. Нават калі я прыйшоў вучыцца ў семінарыю, ішла будоўля. Зараз вось рамантуем касцёл у Багданаве.

– А навошта пайшлі вучыцца ў БДУ амаль у 50 год?

– Ксёндз Юрый Санько сагітаваў. А ў мяне якраз было больш вольнага часу, які марнаваць дарма не хацелася. Дый потым, цікава было апынуцца ў маладзёжным асяродку, даведацца, пра што людзі думаюць. І ўражанні вельмі пазітыўныя! БДУ – прагрэсіўны ўніверсітэт, вось бы яшчэ па-беларуску вучыў – цаны б яму не было.

«У сучаснай Беларусі дзясятка паўтара ксяндзоў адышлі ад святарства»

– У Касцёле, як у свецкіх інстытутах, ёсць кар’ерная лесвіца. І калі дрэнны той салдат, які не марыць быць генералам, то кім жадае стаць добры ксёндз?

– Добры ксёндз жадае збаўлення, трапіць у Валадарства нябеснае, а не ў пекла…

Я па натуры – кар’ерыст, але Бог мне паказаў, што гэта не патрэбна. Даволі жорстка было паказана. Але я пастараўся захаваць агульначалавечыя якасці і не злавацца на гэты свет. Я думаю, што Бог мяне вельмі любіць, калі так вядзе па жыцці. Бо з тых, каму многа дае, і патрабуе адпаведна.

– А калі працу ксяндза заўважаць, ацэняць, якую наступную пасаду могуць прапанаваць?

– Біскупам можна стаць. І біскупы патрэбны, але гэта адказнае служэнне, а не ПАСАДА. Бог судзіць не па прыгажосці і адзенні, якое носіць чалавек, ці па велічыні крыжа на шыі і з якога ён металу, а па тым, што ў сэрцы.

Могуць касцельнай узнагародай адзначыць альбо «па вушах надаваць», каб не вылузваўся. Потым святым вызнаўцам зробяць ці закатуюць і будзеш пакутнікам. Усякага ў гісторыі было…

– Усе, з кім вы вучыліся ў духоўнай семінарыі, і сёння працуюць ксяндзамі?

– Я паступаў у Рыжскую духоўную семінарыю ў 1986 годзе, а магістратуру закончыў ужо ў Польшчы. Там нас свяцілі, і чалавек сем з выпуску адышлі ад святарства. І сёння ёсць выпадкі, калі ксяндзы адыходзяць ад святарства. У сучаснай Беларусі такіх прыкладаў дзясятка паўтара назбіраецца. А колькі клерыкаў манахаў і манахінь сышло!..

– Для Касцёла гэта надзвычайная сітуацыя?

– Хутчэй балючая. Але гэта свабодны выбар чалавека, ніхто нікога не прымушае да служэння.

Асноўная мэта ксяндза – гэта малітва і абвяшчэнне Божага слова. Іншае немагчыма. Калі ксёндз больш займаецца іншымі справамі, чым малітвай і абвяшчэннем Божага слова, значыць, ён не туды трапіў. Духоўнае жыццё ксяндза будзе падаць.

– А былі выпадкі, калі Касцёл адхіляў святара ад служэння?

– Былі.

– І за якія грахі?

– Розныя. Ёсць грахі, калі чалавек трапляе ў розныя залежнасці. Папа Францішак публічна гаворыць пра грахі Касцёла і вельмі часта звяртаецца да сумлення святароў.

– Сёння конкурсы ў духоўную семінарыю вялікія?

– У Беларусі дзве семінарыі – у Гродне і ў Пінску. Апошнім часам колькасць кандыдатаў на святарства невялікая. У нас добрая моладзь, ёсць нямала юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства, але некаторыя вагаюцца, ці варта ісці гэтым шляхам. Семінарыя – гэта не пачатак паклікання, а магчымасць падрасці ўверх, гэта вучэнне яднання з Богам у духоўным служэнні чалавеку.

– Можа, справа і ў простых рэчах? Напрыклад, каталіцкія святары ахвяруюць магчымасцю мець сям’ю дзеля работы. І ўжо неаднойчы ў грамадстве, у тым ліку і ў самой каталіцкай царкве, шырока абмяркоўвалася пытанне аб адмене цэлібату. І сапраўды: чаму б ксяндзам, прадстаўнікам Касцёла, які столькі ўвагі надае сямейным каштоўнасцям, самім не ствараць сем’і, не паказваць добры прыклад вернікам?

– Магчыма, калі б ксяндзы былі жанатыя, было б больш парадку. Жонка трымала б у руках – не піснуў бы (усміхаецца).

Але калі Каталіцкі касцёл лацінскага абраду так здаўна пастанавіў, што цэлібат мусіць быць, то так і ёсць… Адменяць! Будзе па-іншаму. Каталіцкія святары ўсходніх абрадаў жэняцца, моляцца і Богу служаць.

Цэлібат робіць чалавека больш незалежным, больш адданым Богу і справе веры. Калі чалавек уздымаецца і ідзе да святарства, ён прыпадабняецца Езусу Хрыстусу. Ён ведае, куды ён ідзе. А тыя святары, якія паддаліся спакусам, магчыма, не да канца былі перакананы ў сваім пакліканні і ў тым, чаго яны хацелі ад жыцця. Заўсёды трэба ведаць, чаго ты хочаш. Калі ты любіш Бога і любіш людзей – ты аддаеш самога сябе дзеля гэтай любові.

– У вашым жыцці было каханне?

– Першае ў 14 гадоў.

– А ў больш сталым узросце хацелася мець адносіны з жанчынамі?

– Чаму ж не хацелася? Я звычайны чалавек. А для чалавека такога паняцця, як «ніколі не хацелася», існаваць не можа. Калі ён так кажа – то падманвае сам сябе. І ў маім жыцці было каханне. Нядаўна праз сацыяльныя сеткі спаткаўся з каханнем часоў Гродзенскага сельгасінстытута. Яна ўжо замужам, дзеці, унукі. Перапісваемся. Але жыве далёка, у госці не цягаюся (усміхаецца). У жыцці трэба ўмець адказваць і за сваё жыццё, і за жыццё іншага чалавека. Не спакушай!!!

– А няма шкадавання, што не маеце ўласных дзяцей?

– Бывае шкада. Першае прыказанне Божае «Будзьце плодныя і размнажайцеся». Гэта натуральнае права кожнага чалавека. Яно моцна ў нас сядзіць, асабліва ў мужчынах. Бываюць розныя выпадкі і ў святарстве. Касцёл да кожнага падыходзіць індывідуальна і з пашанай. Калі з’явілася жыццё, гэта ж жыццё. Трэба прыняць – бо гэта ад Бога. Смерць – ад д’ябла. Сродкі камунікацыі ўсюды даступныя, чуеце, што робіцца ў свеце і са святарамі, дый з біскупамі. Чалавек ёсць чалавек. Дзякуй Богу, ён не Бог. А Бог любіць, як сказана ў псальме, «ганарлівым на зямлі галаву панізіць»… У мяне ёсць пляменнікі, сям’я. Трымаемся разам.

– Самая вялікая мара ксяндза Ігара Лашука?

– Збавіцца, трапіць у Валадарства нябеснае, адразу ў неба. Нават без чыстца. Хацелася б яшчэ пабудаваць некалькі касцёлаў. Хаця баюся з-за гэтых будоўляў правароніць галоўную мэту – збаўленне. Усе астатняе для мяне не існуе… Калі чалавек сталее, усё сыходзіць у нуль – машына, кватэра. Якія мары могуць быць? Здароўе? Яно альбо ёсць, альбо яго няма. Жыць трэба па Божых прыказаннях, гэта галоўны вынік жыцця. Псальм кажа: «Не нам, Пане, не нам, але Імені Твайму дай хвалу». Толькі Богу – а Бог многа дасць табе і яшчэ нават тут, на зямлі. А Пс.112 кажа: «Стане род праведных плённы, будзе ён бласлаўлёны». Няхай так стане. Жывём людзьмі, бо станем перад Богам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]