Нечаканы погляд на гістарычную ролю славутага беларускага першадрукара.
Беларускі першадрукар Францішак Скарына зрабіў кніжнае слова, а празь яго і ўсе веды чалавецтва, даступнымі для ўсіх і кожнага.
Наватарству і арыганінальнаму падыходу беларускага асьветніка да кнігадрукаваньня прысьвечаная кніга «Францішак Скарына. Чалавек-легенда» беларускага дасьледчыка Алеся Сушы. Кніга выйшла ў сэрыі «Беларуская дзіцячая энцыкляпэдыя». Сёньня яе прэзэнтавалі на міжнародным сымпозіюме ў Празе — «Францішак Скарына і Прага».
Выданьне для дзяцей прадстаўляе беларускага першадрукага як незвычайна наватарскага і адважнага ў свой час інтэлектуала, які імкнуўся да як мага больш эфэктыўнага данясеньня сваіх кніг да шырокага чытача.
«Радыё Свабода» сабрала 15 тэзісаў з кнігі, якія сьведчаць пра інавацыйны падыход Скарыны да кнігі і посьпех сярод чытачоў.
Скарына-эстэт
Ніводнае з папяровых кірылічных выданьняў ня мела такога багатага і дасканалага мастацкага афармленьня, як выданьні беларускага першадрукара. На прыблізна 1200 аркушах яго праскіх выданьняў зьмешчаны выявы з 49 гравюр і сотні заставак, канцовак, ініцыялаў.
Стваральнік эфэктыўнага бізнэс-пляну
На беларускіх землях першая кніга Скарыны «Псалтыр» выкарыстоўвалася для навучаньня грамаце, рэлігійнага-маральнага выхаваньня, для богаслужэньня. Таму яна лічылася адной з найбольш запатрабаваных. Верагодна, менавіта таму Скарына абраў яе, каб праверыць, наколькі будзе карыстацца попытам яго выдавецкая дзейнасьць. І не памыліўся.
Цукербэрг 2.0. Таленавіты піяршчык і майстар інтэрактыўнасьці
Выданьне Скарыны адрозьнівалася наватарскім характарам. Да асноўнага тэксту выдавец дадаваў аўтарскую прадмову, у якой выказваў яе значнасьць, і пасьляслоўе. Яго творы — гэта размова з чытачом. Асьветнік імкнуўся ня проста выкласьці сутнасьць праблемы, а зацікавіць суразмоўцу, пачаць зь ім жывую адрасную дыскусію.
Скарына ня строіў зь сябе багему
Ён імнкнуўся зрабіць кнігу зразумелай і даступнай «паспалітым» людзям — шырокім колам насельніцтва. Прадмова і пасьляслоўе былі ўжо напісаныя не на царкоўнаславянскай мове, а на мове блізкай і зразумелай кожнаму. Сучасныя дасьледчыкі называюць яе старабеларускай.
Патрыёт і адраджэнец
Прафэсар Карскі пісаў, што «Псалтыр» стаў адной зь першых кніг, у тэксьце якой былі адлюстраваны асаблівасьці старабеларускай мовы. Нават асноўны тэкст набыў многія мясцовыя рысы. Таму дасьледчыкі звычайна кажуць, што гэта пераклад на царкоўнаславянскую мову ў беларускай рэдакцыі. Некаторыя архаічныя словы Скарына тлумачыць на палях па-беларуску.
Даў рады без гугл-транслэйту
У 1517 −1519 гадах Скарына апублікаваў у Празе 23 кнігі Старога Запавету. Пераклад, зроблены Скрынам, ня мае вядомых аналягаў і, відавочна, быў зроблены самім першадрукаром. Ён абапіраўся найперш на чэскае выданьне Бібліі 1506 году, клясычны лацінскі пераклад і царкоўнаславянскія тэксты Бібліі. Яму, бясспрэчна, былі знаёмыя габрэйскі і грэцкі тэксты Сьвятога Пісьма.
Практычны як iPhone
«Біблія» Скарыны — гэта не царкоўнае і не акадэмічнае выданьне для навуковых мэтаў, гэта — першае выданьне Сьвятога Пісаньня для хатняга чытаньня. Назва «Малая падарожная кніга» сьведчыць пра тое, што яна прызначалася для зручнага выкарыстаньня. Ня столькі для царкоўных патрэб, колькі для хатняга чытаньня і ў часе падарожжаў. Гэтым самым мэтам адпавядаў малы фармат выданьня. «Малая падарожная кніжка» была ўдвая меншая за «Біблію».
Скарыну лічылі вельмі крутым
Ягоная друкарня ў Вільні разьмясьцілася ў доме найстарэйшага бурмістра Якуба Бабіча. Гэта сьведчыць пра вялікую ўвагу і зацікаўленасьць, зь якімі віленчукі паставіліся да выдавецкай ініцыятывы Скарыны.
Не раскідваўся грашыма
Большасьць праскіх выданьняў беларускага асьветніка надрукаваны на даволі грубай таннай паперы, верагодна чэскай вытворчасьці.
Стварыў попыт на паперу
Падчас яго працы ў Вільні ўзьнікае першая паперня. Паводле розных дадзеных, гэта адбылося ў 1522-1524 гадах. Віленскі папяровы млын меў дзяржаўных характар. Верагодна, што дзейнасьць Скарыны паўплывала на ўзьнікненьне ў краіне вытворчасьці ўласнай паперы. Пазьней папяровыя млыны ўзьніклі ў Нясьвіжы, Бакштах, Быцені, Відзах, Еўі, Заслаўі, Лыскве, Любчы, Слуцку, Смаргоні і іншых беларускіх гарадах і мястэчках.
Шырока карыстаўся матэрыяламі з тагачанага public domain
У Празе Скарына скарыстаўся магчымасьцямі адной зь мясцовых друкарняў. Тут ён асвоіў асноўныя прыёмы і мэтады кнігадрукаваньня, што спатрэбіліся для заснаваньня першай друкарні ў ВКЛ. Магчыма, у Празе Скарына замовіў друкарскае абсталяваньне для гэтай друкарні. Паводле іншай вэрсіі, яно магло быць выраблена ў самой Вільні эўрапейскімі майстрамі або паводле прывезеных Скарынам чарцяжоў і схемаў. Пасьля эпохі Скрыны ў Беларусі былі заснаваныя дзясяткі друкарняў.
Просты, як Джобс
У шрыфтах Скарына не выкарыстоўваў курсіваў, усе літары ў яго маюць прамыя абрысы. У большасьці скарынаўскія літары ня маюць засечак — папярочных элемэнтаў з хвосьцікамі на канцах асноўных штрыхоў літар. Гэта спрашчала ўспрыманьне і аблягчала чытаньне тэксту. З гэтай самай мэтай Скарына пазьбягаў выкарыстаньня многіх складаных літар старажытнага кірылічнага альфабэту.
Даў людзям карцінкі
Скарына быў фактычна першым кірылічным першадрукаром, хто здолеў удала выкарыстоўваць графічнае мастацтва для аздобы кнігі. На думку мастацтвазнаўцаў, узровень ягонага мастацкага афармленьня кнігі ня быў пераўзыдзены ажно да сярэдзіны 18 ст.
Прымаў адважныя рашэньні
Партрэт беларускага першадрукара зьмешчаны ў дзьвюх ягоных кнігах — гэта ўнікальны твор мастацтва. Але разьмяшчэньне партрэта сьвецкай асобы ў Бібліі — гэта дзёрзкі выклік царкоўнай традыцыі.
Кнігі Скарыны зачытвалі да дзірак
«Псалтыр» — самае рэдкае выданьне. Яно захавалася да нашага часу толькі ў двух асобніках. У кожным адсутнічае па некалькі старонак. Гэта сьведчыць пра актыўнае выкарыстаньне гэтага выданьня.