Барыс Рагуля хацеў, каб напісанае ім дапамагло беларускім палітыкам у барацьбе за свабоду.
Беларускі грамадскі дзеяч старой гвардыі, выхаваны як і вялікая частка беларусаў Раісйкай імперыі на Пушкіне і Тургеневе, сталы потым палітыкам, паслом, сенатарам у Сойме, шчырым беларусам. Гэта Васіль Рагуля, народзіны якога адзначаюцца 16 ліпеня. Пабачыў свет ён у 1879 годзе, піша «Новы Час».
Васіля Рагулю можна назваць забытай постаццю палітычнай гісторыі Заходняй Беларусі. «Пенсіянер» беларускага руху, незалежнік падчас Другой сусветнай вайны, стары эмігрант, аўтар невялічкіх, але надзвычай рэдкіх, цікавых і карысных для добрага арыентавання ў палітычнай гісторыі Беларусі ўспамінаў, так проста і названых — «Успаміны». Вельмі рэдкая і малаўжываная крыніца для сучасных палітолагаў і палітычных гісторыкаў. Да ўсяго заўвагі, парады і крытыка палітыка вельмі актуальныя ў святле цяперашніх застрашанасці і раскіданасці беларускіх прадэмакратычных сілаў.
Зрэшты, Васіль Рагуля — гэта рэдкі беларускі дэмакратычны голас 20‐га стагоддзя, досвед беларуса, які працаваў дзеля дэмакратыі і незалежнасці Беларусі, які зведаў, сапраўды, дэмакратычны досвед, перыяд. Успаміны былога пасла, сенатара Сойму Рэчы Паспалітай часта не проста актуальныя, але і прарочыя.
Як натуральны дадатак ці працяг успамінаў успрымаюцца лісты Васіля Рагулі да Юркі Віцьбіча, укладзеныя і надрукаваныя Алегам Гардзіенкам у АRCHE. Яны чытаюцца, як тэстамент палітыка, як зварот да наступнікаў, як сумнае падсумаванне цікавага, але паразлівага досведу. Дасведчаны, нерадыкальны, дыпламатычны, загартаваны рэальнай палітыкай і вязніцай у Лукішках, ён як ніхто выдатна разумеў «беларускую хваробу» ці слабасць, так добра вядомую нам сучасным — несалідарнасць, няўменне кансалідавацца і ісці на кампраміс унутры прадэмакратычных сілаў Беларусі. Таму ў выгнанні ў Бельгіі ў лістах да Юркі Віцьбіча чытаем амаль настаўленні: «Час ужо адкідаць асабістыя амбіцыі для агульнай справы, пайсці на спатканне з іншым (…). Калатня ні да чаго добрага не давядзе. Запамятайце, беларусы, урокі прошласці».
У іншым лісце Рагуля просіць: «Досыць лаянкі і ігры ў міністраў». Так шкадобліва пазначае стары палітык, што беларусы ўвальваюцца ў «дробныя самалюбствы, з міністэрскімі амбіцыямі, неадпаведных людзей і непачуваючых адказнасці перад гісторыяй і народам». І амаль прарочай гучыць ягоная засцярога, кінутая ў 1951 годзе: «Разброд сілаў прывядзе да таго, што падчас вялікіх падзеяў няўнікнёна прыйдуць да нас палякі, украінцы, расійцы ды іншыя суддзі».
Нібыта папярэджанне ён напісаў ва ўступе да «Успамінаў»: «Я буду шчаслівы, калі напісанае мною ўсцеражэ нашых сучасных і будучых палітычных і грамадскіх дзеячаў ад паўтарэння памылак іх бацькоў».
Памёр апошні беларускі дэмакрат старой гвардыі 16 чэрвеня 1955 года ў Нью-Ёрку, куды да сябе яго забраў сын Міхась. І стала так, як прадбачыў сам палітык: «Я і не спадзяюся занесці свае косці на Бацькаўшчыну». Аднак застаюцца спадзеў і намер сучасных — занесці, нагадаць, вярнуць на Бацькаўшчыну імя, ідэі, пасланні смелага, стрыманага, неамбітнага і такога праўдзівага беларуса, які стараўся не забываць памылак мінуўшчыны.