Чаму ідэалёгію хочуць зьвязаць са спортам?
Начальнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава на нарадзе па разьвіцьцю хакея заявіла наконт спорту наступнае: «гэта ідэалёгія, гэта тое, што можа зьяднаць нацыю».
Крыху раней штосьці падобнае заяўляў і Лукашэнка: «Найгалоўная ідэалёгія — гэта спорт. Спаборніцтвы спартовыя глядзяць мільёны. Гэта ўзьдзеяньне на людзей».
Выходзіць, што ўсе спробы выгадаваць дзяржаўную ідэалёгію ў прабірцы адмысловых дзяржаўных ведамстваў і ўстановаў, прывязваючы яе да створаных на падставе савецкіх сымбаляў цяперашняй улады, каб «узьдзейнічаць на людзей», не далі ніякага плёну.
Пры ўсіх намаганьнях розных БРСМ, ідэалягічных вэртыкаляў, спэцслужбаў і немалых укладзеных сродках, на выхадзе аказаўся — нуль.
Адказ на тое, чаму не атрымалася, здаецца, даволі просты. Таму што ідэя, як і душа, не гадуецца ў прабірцы. Ідэя — нешта жывое, прывабнае, зразумелае без усякіх тлумачэньняў і, пагатоў, навязваньня.
Чаму ідэалёгію хочуць зьвязаць са спортам?
Апроч таго, што сказаў Лукашэнка пра «мільёны людзей, якія глядзяць спартовыя спаборніцтвы», на яго, відаць, надта вялікае ўражаньне зрабілі пэрфомансы нашых і ўкраінскіх футбольных фанатаў пад час адборачных гульняў апошняга чэмпіянату Эўропы 2016 на тле расейска-украінскага канфлікту.
Стадыёны ў Львове й Барысаве былі надзвычай красамоўных колераў і банэры — адпаведных тэкстаў. А футбольныя фанаты, у адрозьненьне ад апазыцыйных партый, — грамада зь вялікім энэргетычным патэнцыялам, творчым падыходам да справы й нефармальнымі стасункамі.
Выціснуўшы палітычную апазыцыю ў маргінэс, не атрымалася туды ж выпхнуць і сымбалі незалежнае Беларусі — мову, бела-чырвона-белы сьцяг і Пагоню, і гэтыя сымбалі пры першай магчымасьці былі запатрабаваныя на стадыёнах.
Фанатамі пачалі ўзмоцнена займацца спэцслужбы. Арыштоўваць, даваць тэрміны, сачыць за дзейнасьцю, і іх запал удалося трохі зьбіць. Але і ўлада нешта зразумела пра найбліжэйшую пэрспэктыву для дзяржавы.
Ня ведаю, як пойдзе справа ў спн. Качанавай на глебе спорту ў якасьці новай беларускай ідэалёгіі, але ўвесь папярэдні досьвед у галіне шуканьня правільнага ідэалягічнага кірунку гаворыць пра тое, што пад сьцягі хакейнага «Дынама» можна сабраць хіба Менск-Арэну, але краіну пад гэтыя сьцягі не зьбярэш і дынамаўскімі сьцягамі не натхніш, як не сабралі й не натхнілі постсавецкімі пераробкамі.
Краіна не хакейны клюб, краіне трэба жывыя не спартовыя, але нацыянальныя сымбалі, і над тым, што адчулі футбольныя фаны, здаецца, пачынаюць задумвацца і ўладныя колы.
У гэтым сэнсе вельмі паказальны выпадак з супярэчлівымі заявамі наконт вяртаньня ва ўжытак нацыянальнага сьцяга кіраўніцтва лібэральных дэмакратаў, партыі, празь якую ўлада агучвае магчымыя варыянты сваіх дзеяньняў. Здаецца, пакуль гэтая ініцыятыва ЛДПБ была прызнаная трохі заўчаснай. Пакуль.
Як у камэнтах з гэтае нагоды тонка падмеціў у фэйсбуку гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут: «Юстас ня так зразумеў Алекса».
Але сам факт зьяўленьня такой ініцыятывы сьведчыць, што наверсе ідзе дыскусія пра кірунак разьвіцьця краіны і новай ідэалёгіі. Шукаюцца формы й адсочваецца рэакцыя грамадзтва. Які наступны крок будзе найбольш рацыянальным.
На тле апошніх падзеяў у нашым геаграфічным рэгіёне ясна адно, беларусам і беларускай дзяржаве, каб існаваць надалей, трэба жывое паветра, каб дыхаць, бо штучным паветрам не надыхаесься, яго папросту не бывае.
Алег Дашкевiч, «Радыё Cвабода»