Каб турысты ехалі ў горад і ў краіну, там павінна быць добра самім жыхарам.
Нязьменнасьць часу, нетурыстычнасьць, невізуальнасьць, няяркасьць — так Міхал Анемпадыстаў, фатограф, дызайнэр, паэт і публіцыст, апісвае на «Радыё Свабода» менскі раён Асмалоўку, дзе ён вырас. Ён упэўнены, што Асмалоўка не прываблівае і ня будзе прываблівасьць турыстаў. Гэта месца выключна для мясцовых. Акурат таму яно і павінна захавацца.
У любым вялікім горадзе ёсьць месца не для турыстаў
Я там вырас. Фактычна наш дом быў на Камароўцы. Але частка маёй жыцьцёвай інфраструктуры месьціліся акурат на Асмалоўцы. Там была пошта, якой мы карысталіся. Пошта для таго часу — вельмі істотнае месца. Карэспандэнцыя, пасылкі, падпіска на газэты і часопісы — што асабліва важна, — усё гэта было на пошце. У сярэдзіне Асмалоўкі быў дзіцячы садок, куды мяне вадзіла мама. Гэта 1969 год.
Крамы на Асмалоўцы мелі крыху лепшы асартымэнт, чым тыя, што былі ў нас каля дома. На Асмалоўцы былі кварталы для высокапастаўленых вайскоўцаў. Таму жыў генэралітэт, палкоўнікі і падпалкоўнікі. І ў крамах былі крыху лепшыя прадукты, часам дэфіцытныя тавары. А таму мае бацькі туды хадзілі.
Сёньня нічога выключнага, апроч гэтых дамкоў, там няма. Абсалютна аднастайная забудова. Там няма дамінантаў. Але два гэтыя кварталы з цэласнай аднастайнасьцю вызначаюць усю прастору Асмалоўкі.
Я сумняюся, што гэты раён мае турыстычны патэнцыял. Але гэта нічога не мяняе. Бо апроч турыстаў ёсьць жыхары гораду. І для жыхароў гораду гэты раён акурат патрэбны. Там можна проста хадзіць, адпачываць, бавіць свой час і дыхаць гэтым паветрам.
У любым вялікім горадзе ёсьць такое месца не для турыстаў. Туды прывозяць толькі абраных сяброў. Паказваюць, дзе адпачываюць гараджане. Асмалоўка — гэта акурат такое месца.
У тым, што пісалі ў сродках масавай інфармацыі прыватныя асобы, — не было гаворкі пра стварэньне ў Асмалоўцы нейкага турыстычнага зьвярынцу. Гаворка ішла пра тое, што гэтая прастора каштоўная сама па сабе. Што яна патрэбная не турыстам, а нам — гараджанам. У якасьці гэтай часавай дамінанты, якая не мяняецца цягам апошніх 60 гадоў.
Разумееце, каб турысты ехалі ў горад і ў краіну, там павінна быць добра самім жыхарам гэтай краіны і гэтага гораду. Яны павінны стварыць утульную прастору для сябе. Калі ў горадзе зручна, прыгожа, камфортна, туды паедуць турысты.
Добры прыклад савецкай архітэктуры для людзей
Каштоўнасьць Асмалоўкі ў тым, што гэта цэльная забудова па адным праекце. Яна выбітная на прасторы Менску. З пункту гледжаньня архітэктуры гэта добрыя будынкі. Вельмі прафэсійна прапрацаваныя прапорцыі. Дэкору там няшмат, але зроблены ён на высокім узроўні. Прадуманыя дэталі, на якія звычайны чалавек не зьвяртае ўвагі.
Гэта добры прыклад савецкай архітэктуры для людзей. Там няма ніякай пампэзнасьці, характэрнай для паваеннай архітэктуры. Там ёсьць чалавек, няхай гэта і генэрал ці адстаўнік. Але і ён таксама чалавек. Гэта прастора для быцьця чалавека.
І яшчэ важны момант. Над Асмалоўкай увесь час навісала небясьпека зносу, і таму ў раёне нічога не рабілася. У гэтых кварталах захавалася некранутая атмасфэра. Агароджы засталіся, хоць па ўсім горадзе іх даўно павыломвалі. Дрэваў вельмі шмат, хоць па ўсім горадзе іх пасьпілоўвалі. Там адчуваньне нязьменнасьці часу. Гэта прастора, якая зьнітоўвае некалькі пакаленьняў.
І, безумоўна, гэта не баракі. Гэта вілы, малакватэрныя дамы, элітная забудова. І тое, што там не рабілі капітальнага рамонту з дня пабудовы, гэта злачынства мясцовых уладаў. Шмат знаёмых у мяне там маюць кватэры, якія сваімі намаганьнямі зрабілі рамонты. Там выдатныя кватэры. Усё зроблена. Усё працуе. Там ёсьць усё, што патрабуецца для якаснага ўзроўню жыцьця.
Жывая назва. Як гараджане ствараюць тапаніміку гораду
У маім дзяцінстве назвы «Асмалоўка» не было. Пасьля вайны тапаніміка складалася па-іншаму. Тыя раёны, дзе захавалася забудова — Камароўка, Старажоўка, — яны так і называліся. А дзе праклалі новыя вуліцы і ўзьніклі новыя забудовы, была ўжо прывязка да вуліц, а не да кварталаў. Камуністычная, Чырвоная, Куйбышава — гэта іншы прынцып арганізацыі гарадзкой тапанімікі. Ці «пад шпілем» — вакол гэтага тапоніма гуртаваўся цэлы квартал.
Дарэчы, у маю бытнасьць нельга было сустрэць ані Траецкага прадмесьця, ані Верхняга гораду, ані Ракаўскага прадмесьця. Хоць гэта і гістарычныя назвы, але яны не ўжываліся. Толькі калі гэтыя назвы прагаварылі, увялі ў гарадзкі і гістарычна-культурны кантэкст, тады яны замацаваліся ў штодзённай гутарковай мове.
А новая назва Асмалоўкі — абсалютная нармальна. Горад — гэта жывы арганізм. Узьнікла патрэба ў такой назьве — і яна зьявілася. Але ня зьверху, як Першамайскі, Фрунзенскі ці Цэнтральны раён. Вось гэта штучныя назвы, якія зьвязаныя толькі з адміністрацыйным падзелам гораду. Яны ніякім чынам ня ўлічваюць ні прасторавых адметнасьцяў, ні гістарычных.
Асмалоўка ўзьнікла зьнізу. Як кажа Харэўскі, спачатку ў асяродзьдзі архітэктараў і будаўнікоў, як такая паўжартаўлівая назва. Пазьней яна была прагавораная ў культурнай прасторы. І толькі ў 2000-х гадах яна замацавалася. Гэта добры прыклад таго, як гараджане ствараюць тапаніміку гораду.
На карцінцы яе вельмі цяжка паказаць
Цяпер адбылася важная рэч — насычэньне Асмалоўкі зьместам і сэнсам. Па дзесяць разоў мы паўтараем, што там утульна, што там не зьмяніўся час. Гэта перадаецца праз вэрбальны кантакт. Людзі прымаюць гэтыя аргумэнты, у іх ствараюцца пэўныя вобразы Асмалоўкі.
А вось карцінка гэтага не перадае — ані прасторы, ані ўтульнасьці. Я працую з карцінкай. Карцінка ня можа перадаць камэрнасьць прасторы, кантакт з прыродай, што там шмат дрэваў. У Асмалоўцы ціха. А карцінка гэта не перадае.
На жаль, ёсьць такія аб’екты, якія вельмі складана пераводзіць у карцінку. Вось курганы, гарадзішчы старыя. Туды падымаесься — дух займае. А здымі гэтае гарадзішча на фотаапарат — дык нейкая горка выходзіць.
Я вельмі шмат здымаў Менск. А вось Асмалоўку — усяго пару разоў. Яна не пераводзіцца ў гэты візуальны шэраг. Візуальна яна прайграе. Там можна злавіць нейкія моманты — раніцу, вечар. Патрэбны пэўны стан дня і асьвятленьня.
Вялікі плюс Асмалоўкі ў тым, што там бачна неба. У адрозьненьне ад іншых раёнаў, там яно не закрываецца дамамі. Там можна нават злавіць нізкую лінію гарызонту.
Асмалоўка — гэта месца, на якое трэба не глядзець, яго трэба адчуваць.
Мы яшчэ доўга будзем ганарыцца Асмалоўкай. Калі яе не зьнясуць
Каб Асмалоўка ўяўлялася каштоўнасьцю, яе трэба напоўніць зьместам. Трэба прагаварыць, чым яна адметная, чым яна важная для нас. І гэта рабіць праз такія ракурсы: хто там жыў, хто гэта пабудаваў, што яна значыць для людзей сёньня.
На Асмалоўцы няма нейкіх пунктаў, да якіх можна прывязвацца. Фактычна цэнтральнай вуліцай магла б стаць вуліца Чычэрына, якая ўпіраецца ў тыл Опэрнага тэатру. Раней там была кавярня «Уют», цяпер — «Гурман». Калі паўстае адна такая ўстанова, дык лягічна працягваць і рабіць вуліцу з кавярнямі.
Асмалоўка — сапраўды ўнікальнае для гораду месца, якім мы яшчэ будзем доўга ганарыцца. Калі яго не зьнясуць. А калі яго зьнясуць, там будзе іншая абсурдная сытуацыя, якая паўтараецца кожнага разу: улады бяруць нейкае ўтульнае, прыгожае і зручнае месца і цалкам руйнуюць яго.
Потым на гэтым месцы будуюць нешта новае. Яно менавіта таму і будуецца, што там зручна і ўтульна. І людзі, якія хочуць туды пераехаць, думаюць, што будуць жыць у такой утульнай прасторы. Але пабудаваныя там новыя дамы ўжо не ўспрымаюцца ўтульнымі і зручнымі.
Там паўстане абсалютна іншая прастора. Гэта будуць паралелепіпэды дамоў, перагружаны аўтамабільны трафік. Гэта будзе не элітны раён, а проста развадзілава. Яны выселяць жыхароў і заробяць на гэтым. Але жыць там будзе няўтульна. Гэта дакладна.