У Беларусі зноў загаварылі пра мабілізацыю. Такая служба будзе ўведзеная Міністэрствам абароны.
Чым яна будзе розьніцца ад таго, што існавала раней і называлася — «забралі ў партызаны», то бок выклікалі на вайсковыя зборы з запасу, сказаць цяжка. Пагатоў у мяне, як і шмат у каго ў нас, адносіны да войска збольшага іранічныя. Бо войска — гэта тая сфэра, дзе парадак і патас ушчыльную мяжуе з канфузам і сарказмам, што на прыватным, што на публічным узроўні. Як той парадны танк, што заваліў слуп на галоўным праспэкце сталіцы.
Сутыкненьне такіх розных катэгорый ня можа не спараджаць дваістага стаўленьня да войска, што, у сваю чаргу, дае безьліч падставаў для жартаў і анэкдотаў.
Днямі, разважаючы пра гэтую дваістасьць, я апынуўся па справах у менскім мікрараёне Ўручча і прыгадаў, як у 1985 годзе, на сутыку вясны й лета, мяне першы раз мабілізавалі на вайсковыя зборы альбо, як казалі ў народзе, «у партызаны», акурат у вайсковую частку, што месьцілася тут.
Здарылася тое напярэдадні візыту ў Менск новаабранага генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.
Зборы былі маштабныя. Вайсковымі намётамі заставілі ўсё вялікае поле непадалёк ад вайсковай часткі. Газэты, радыё й тэлевізія скрозь трубілі пра міжнародную разрадку. Усьмешлівы маладжавы генсек быў пазытыўным героем часу й сапраўднай зоркай тэлеэкранаў.
Мы штораніцы з паўгадзіны маршавалі на пляцы, некалькі разоў хадзілі на палігон страляць з АК-47, але асноўная наша задача палягала ў тым, каб «упрыгожыць» сховішчы артылерыйскіх складоў, што вытыркаліся высокімі засыпанымі шэра-бурай зямлёй буграмі над паверхняй зямлі й былі відаць ажно з шашы, па якой мусіў ехаць Гарбачоў.
Баючыся, што раптам генэральны сакратар заверне па дарозе з аэрапорту да нашай вайсковай часткі, камандзіры паставілі нам, «партызанам», задачу «ўкрасіць» гэтыя шэрыя бугры ўзорамі.
Пасьля нядоўгай гарачай і творчай дыскусіі аб форме ўзору, было прынятае бескампраміснае рашэньне рабіць яго ў выглядзе вялікае літары «Х».
Чаму быў абраны менавіта такі, як сказалі б сёньня, дызайн, дакладна невядома. Але пагалоска сьцьвярджала, што варыянт-канкурэнт з крыжоў-квадратаў быў адрынуты з прычыны таго, што ў СССР армія — не турма, і кратаў нам маляваць ня трэба.
Яшчэ адным аргумэнтам на карысьць літары «Х» было тое, што зь яе пачынаецца слова «хорошо».
Сказана – зроблена.
Ад рана да вечара пад актыўным веснавым сонцам потныя й запыленыя, каўтаючы штораз ваду з флягаў, мы як мурашы па мурашніку ў абсалютна новай салдацкай форме сноўдалі з кавалкамі сьвежанарэзанага дзёрну па вэртыкалях і гарызанталях тых бугроў-сховішчаў і выкладалі на іхных схілах літару «Х» яркім і сакавітым зялёным колерам.
Такі фронт работ хутка набыў адпаведны сабе назоў у «партызанскім» асяродку, і стаў называцца — «абкладаць склады х…мі».
Склады былі вялікія, але літары «Х» яшчэ большыя. Урэшце, за дзень да прыезду генсека ўсе бугры былі абкладзеныя, як мае быць.
Камандзіры былі ўсьцешаныя якасным выкананьнем вайсковага заданьня і пры сканчэньні збору аб’явілі мабілізаваным «падзяку за службу». Асобным «партызанам» нават прысвойваліся чарговыя званьні.
Ня ведаю, ці пабачыў Гарбачоў нашу выключнае прыгажосьці й дасканаласьці працу, але ягоны картэж імкліва праляцеў міма, і мая першая мабілізацыя ў «партызаны» на гэтым шчасьліва скончылася, пакінуўшы на памяць па сабе новую вайсковую флягу.
Пасьля, калі-нікалі праяжджаючы міма, я яшчэ нейкі час бачыў плён нашай упартай вайсковай вучобы, але з часам зялёныя літары на шэрых буграх скукожыліся, зацёрліся й пажухлі, як неўзабаве скукожыўся і пажух, відаць, пакрыты той самай вялікай літарай «Х», і сам Савецкі Саюз.
Алег Дашкевіч, «Радыё Свабода»