У Менску прайшла сустрэча са слыннай беларусісткай, першай амбасадаркай Польшчы ў незалежнай Беларусі Эльжбетай Смулковай.
Імпрэзу вёў журналіст «Радыё Свабода» Валер Каліноўскі — аўтар кнігі «Пані Эльжбета. Гіcторыя адной прыязьні», якая летась выйшла ў выдавецтве «Інбелкульт».
Дарога да прыхільнікаў аказалася нялёгкаю — Эльжбеце Смулковай давялося зрабіць не адзін прыпынак паміж лесьвічнымі пралётамі, каб трапіць на «верхатуру» менскага «Прэс-Клюбу». Але ўсе нязручнасьці кампэнсаваліся свойскай атмасфэрай у залі — гераіню вечарыны віталі абдымкамі, кветкамі, аплядысмэнтамі.
Народ сабраўся рознага веку: ад немаўляці на руках у маці, якую ў 1990-х хрысьціла пані Эльжбета, калі працавала ў Менску, і да паважных навукоўцаў. Сама пані Эльжбета днямі адзначыла свой 86-ы дзень нараджэньня. Перадусім прыйшлі тыя, хто памятае яе па амбасадарскай працы або па сумесных навуковых дасьледаваньнях.
Эльжбета Смулкова пасьпяхова спалучыла навуковую і дыпляматычную дзейнасьць. Яна адна з самых выбітных беларусістак, больш за 60 гадоў вывучае і пашырае беларускую мову і культуру ў Польшчы і сьвеце. Былая кіраўніца катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першая кіраўніца польскай дыпмісіі ў Беларусі — у Менск яна прыбыла праз тры тыдні пасьля абвяшчэньня Вярхоўным Саветам незалежнасьці новай дзяржавы.
Адкрываючы імпрэзу, Валер Каліноўскі згадаў пра трагічны лёс, які напаткаў яе сямʼю пасьля падзей 1939 года на заходніх землях Беларусі і Ўкраіны.
Яна нарадзілася ў 1931 годзе ў Львове. У 1940-м страціла бацьку — ён быў забіты бальшавікамі і значыцца ва «ўкраінскім Катынскім сьпісе». Разам з маці і сястрой адбыла пяцігадовую высылку ў Сыбір. Потым было вяртаньне ў Польшчу і пачатак навуковай дзейнасьці.
Валер Каліноўскі адзначыў, што пад час апошняга наведваньня Львова перадаў кнігу пра Смулкову ў бібліятэкі яе роднага горада, навуковую імя Стэфаніка і ўнівэрсытэцкую.
Выступаючы зь вітальным словам, дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі адзначыў, што меў дзьве прафэсійныя мары — і абедзьве яны рэалізаваліся ў адзін дзень:
«Найперш, сустрэцца з пані Эльжбетай у Менску, па-другое, прывезьці ў Беларусь з канцэртам піяніста Лешака Можджара. Удалося спрычыніцца да абедзьвюх падзеяў, чаму я бязьмежна рады... Што тычыцца Эльжбеты Смулковай, дык гэта выбітная асоба як у навуковым, так і ў дыпляматычным жыцьці. Яна стварыла падмурак таго, чым мы карыстаемся дагэтуль — добрасуседзтва і шчырага сяброўства паміж нашымі народамі».
Прысутным паказалі залічбаваны сямейны альбом: рэдкія фатаздымкі бацькі, маці, мужа Віктара, зь якім пражылі 63 гады. Дом у Львове, які стаіць да гэтага часу, месцы высылкі ў Нарымскім краі. Вяртаньне на радзіму, пачатак філялягічнай адукацыі. Праца над грунтоўным зборам «Браслаўшчына», перадача даверчых лістоў першаму кіраўніку сувэрэннай Беларусі Станіславу Шушкевічу. Увесь жыцьцёвы, навуковы, дыпляматычны шлях.
Сама Эльжбета Смулкова засяродзілася найперш на дзіцячых уражаньнях ад сыбірскай высылкі.
«У пасёлку жылі людзі, якіх прывезьлі і кінулі ў тайгу фактычна голымі, без анічога, — згадвае яна. — Гэта было, мабыць, гадоў за 10 да нас, як пачалася калектывізацыя і пачалі змагацца з „кулакамі“. Яны нашу маму суцяшалі: не турбуйцеся, вы хоць на чымсьці гатовым, гэта мы пачыналі з нуля. Так што ўжо будзе лягчэй...»
У 1950-х, пасьля паваеннага пераезду ў Польшчу, Эльжбета Смулкова зацікавілася беларускай культурай і гэтае захапленьне пранесла праз усё далейшае жыцьцё. Удзельнічала ў дыялекталягічных дасьледаваньнях у Беластоцкім ваяводзтве, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасьць, а таксама ў розных рэгіёнах Беларусі, па выніках якіх напісала ўнікальныя працы. Яе тэмы сягалі далёка за традыцыйныя рамкі — ад земляробчай лексыкі да акцэнталёгіі беларускай мовы і асаблівасьцяў моўнага і культурнага памежжа.
Прызначэньне Эльжбеты Смулковай на дыпляматычную службу стала для многіх нечаканай, але знакавай падзеяй. 12 верасьня 1991 году яна была прызначаная Генэральным консулам, на гэтай пасадзе прабыла да 7 траўня 1992 году. Потым выконвала функцыі ўпаўнаважанай у справах Польшчы ў Беларусі, ад 11 верасьня 1992 па 30 верасьня 1995 была першай амбасадаркай Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.
Ёй давялося ўсталёўваць дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю, наладжваць новыя сувязі ў палітыцы, эканоміцы, культуры, навуцы, вырашаць праблемы, якія паўставалі на супольных межах, у дачыненьнях людзей і прадпрыемстваў, быць сьведкай тварэньня ў Беларусі новага дзяржаўнага ладу, дэмакратычных зьменаў, а пазьней і першых выбараў прэзыдэнта. Яе амбасадарская кадэнцыя скончылася ў 1995 годзе, калі Беларусь пачала акрэсьліваць іншы вэктар палітычнага разьвіцьця.
Удзельнікам вечарыны паказалі невялікі відэаролік пра завочнае адзначэньне 85-гадовага юбілею Эльжбеты Смулковай у Менску акурат у гэтыя дні летась. Вітаньне адбылося падчас круглага стала ў яе гонар у рамках 25-й навуковай канфэрэнцыі «Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі».
Адказваючы на пытаньне вядоўцы, якімі праектамі яна занятая цяпер, гераіня вечарыны адзначыла, што апошнія два дзясяткі гадоў яе цікавіць праблема моўнага і культурнага сумежжа — беларуска-польска-літоўскага і беларуска-польска-ўкраінскага. Гэта і сёньня застаецца ў полі навуковага інтарэсу.
Як дыплямат спадарыня Смулкова выказала меркаваньне, што трэба зрабіць, каб беларуска-польскія стасункі выйшлі з замарожанага стану і атрымалі дынамічнае разьвіцьцё:
«Па-першае, трэба, каб быў узаемны давер. Калі даверу няма, нечага дасягнуць складана. Па-другое, мы абавязаныя выкарыстаць усе прававыя магчымасьці, дэкляраваныя трактатам аб добрасуседзтве і сяброўстве, падпісаным яшчэ 25 гадоў таму. Ён заснаваны на Хартыі ААН, закладае асновы супрацоўніцтва ў Эўропе. Калі ўсё гэта задзейнічаць, будзе падстава для ўзаемаразуменьня. З польскага боку гэтая воля заўсёды абсалютна выразная — нягледзячы на праблемы эканамічныя, памежныя, з нацыянальнымі меншасьцямі. Для дыялёгу патрэбная воля, а калі яе падмяняе палітыка і прапаганда, то гэта ніяк не спрыяе паразуменьню».
Валер Каліноўскі працытаваў урывак са сваёй кнігі, дзе пані Эльжбета выказваецца пра адзін з галоўных складнікаў нацыянальнай ідэнтыфікацыі — мову. У 2014-м, калі запісваліся першыя інтэрвію, яна казала: «Калі беларускі народ сам не захоча гаварыць на роднай мове, яе чакае лёс лаціны. Яна захаваецца ў тэкстах, але прэтэндаваць на большае будзе складана. Найгорш, калі пад гнётам татальнай русыфікацыі паступова перастане гаварыць па-беларуску вёска — тады быць бядзе...» Тым ня меней пані Эльжбета выказала спадзеў, што яе засьцярогі занадта радыкальныя і беларусы мову ня страцяць.
А як спадарыня Смулкова ацэньвае цяперашнюю «мяккую лібэралізацыю» ў моўнай, культурнай сфэры?
«Сапраўды, незалежна ад розных праблемаў мова жыве, яна «прарываецца» ў новыя асяродкі, — пагаджаецца Эльжбета Смулкова. — Канечне, цяжка ў адзін момант усё вярнуць назад, асабліва калі ад нараджэньня чалавека яму навязваецца расейская мова — сямʼёй, грамадзтвам. Тым ня меней пры пэўнай матывацыі ўсё можна вярнуць. Усё ў руках саміх беларусаў...»
Успамінамі пра сумесную навуковую і мовазнаўчую працу з Эльжбетай Смулковай падзялілася яе вучаніца, прафэсарка Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук Ганна Энгелькінг і прафэсарка філялёгіі зь Белдзяржунівэрсытэту Ніна Мячкоўская, пра плённыя кантактаваньні расказалі дырэктар Інстытуту літаратуразнаўства НАН Іван Саверчанка, дырэктар Інстытуту мовазнаўства НАН Ігар Капылоў, доктар гістарычных навук Эмануіл Іёфэ і іншыя.
Падчас імпрэзы таксама можна было набыць кнігу Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні». Выручка пойдзе на падтрымку беларускага паэта Алеся Чобата, які мае праблемы са зрокам.