Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гэта па-беларуску

01.07.2017 общество
Гэта па-беларуску

Асаблівасьці сьветапогляду, стэрэатыпы паводзін, безь якіх нельга ўявіць гарадзкога беларуса 21 стагодзьдзя.

«Продкі нашы цягам усёй сваёй гісторыі мелі прагу да чытаньня... І сёньня мы любім чытаць. Бо чытаць — гэта па-беларуску!» — пачуеш такія словы на канале «Беларусь-3», і душа ўдзячнасьцю поўніцца, першыя хвіліны хочацца аж да столі скакаць. Па-першае, з прычыны ўдалае спробы зірнуць трохі інакш на беларускую самабытнасьць, па-другое — бо няма звыклага працягу: — «Беларусы — памяркоўны народ, а ішчо ў нас самыя красівыя дзевушкі».

Пасьля разумееш — не, працягу ўсё ж такі хочацца. Бо ўласным вачам верыш больш, як мітам, няхай сабе й самым прыгожым. Такая ўжо чалавечая натура, што тут зробіш — інстынкт самазахаваньня. Любоў да чытаньня, вядома, адметная, але ня самая яскравая рыса нашых землякоў-сучасьнікаў.

У апошнія два дзесяцігодзьдзі часьцей кідаюцца ў вочы іншыя асаблівасьці сьветапогляду, стэрэатыпы паводзін, безь якіх хоць і нельга ўявіць гарадзкога беларуса 21 стагодзьдзя, але казаць пра іх уголас не прынята. Вінаваціць цяжкую гісторыю, асаблівасьці традыцыйнай мэнтальнасьці, уплыў захаду або ўсходу не выпадае, бо тое, што толькі ўзьнікла, або што праявілася і адразу тыповым сталася, можа быць толькі вынікам умоваў тутэйшага існаваньня тут і цяпер. Бо гэта па-беларуску:

Пры сустрэчы з даўнім знаёмым найперш настойліва распытаць пра асабістае жыцьцё, пасьля трапна пракамэнтаваць ягоны зьнешні выгляд. Апынуўшыся ў чужым жытле, абавязкова адзначыць састарэлы дызайн кухні, тэрміновую неабходнасьць нацяжной столі ў вітальні. Просьбу дапамагчы чым-небудзь апроч парадаў — праігнараваць. Бо не дачуў, ня так зразумеў, няма як даехаць.

Набыць малога сабаку за вялікія грошы. Заўжды і паўсюль цягаць яго пад пахаю ў краму, на кірмаш, у госьці, нават калі сабаку тамака зусім ня рады.

На працягу застольля падрабязна распавядаць усім прысутным пра ўласныя хваробы, жаліцца на здароўе: «Учора ў галаве шумела, сёньня ня мог на нагу стаць...» Нізкі ўзровень гемаглябіну ў аналізах пяцігадовай даўнасьці таксама падыдзе. Выразаць паўлітру, злупіць патэльню мяса за адзін вечар. Пасьля спакойна храпці ўсю ноч, ані варухнуўшыся.

Сталага чалавека, які ня мае пасады, не саромеючыся клікаць памяншальным імем і на ты.

Пасадзіць на трох дачных сотках тры грады памідораў, адну гуркоў і колькі баразён яшчэ чаго-небудзь. Распавядаць пра свой гарод і працу на ім так, нібы тамака гектар сама мала, з прыбытку ад ураджаю сямʼя толькі й жыве, а два зьмерзлыя калівы — значная шкода дабрабыту. Рэгулярна кампаставаць глузды калегам па працы, усім, хто апынуўся побач, падрабязнымі справаздачамі: «У суботу цыбулю прапалолі, радыску выкінулі. Агуркі палілі толькі ўчора, з кабачкоў невядома што будзе...»

Ганарыцца сваімі нашчадкамі. Найперш іхняй пераборлівасьцю ў ежы. Жаліцца з робленаю тугою на твары: «Мой жа такі худзенькі і нічога ня есьць, толькі дарагую каўбаску і ёгурцікі...» Уменьне ўключаць тэлевізар пультам, гуляцца ў тэлефоне і лічыць да дзесяці на мове, падобнай да ангельскай, мець за прыкметы выключных разумовых здольнасьцяў дзіцяці. Аддаць пяцігадовае малое ў два, а лепей тры платныя гурткі, нават калі яно яшчэ палову гукаў не вымаўляе і зусім ня ўмее гуляць самастойна.

Маючы два даволі сьціплыя заробкі на сямʼю, набыць кватэру, зрабіць рамонт, зьезьдзіць у адпачынак. Не забывацца паўсюль хваліцца сваімі посьпехамі. Пры гэтым, вырачыўшы вочы, упарта даводзіць: «Усё самі. Ніхто не памагае!»

Сутыкнуўшыся зь якой праблемаю, шукаць ня сродкі яе вырашэньня, а дурнейшага за сябе, на каго можна яе сьпіхнуць.

Набыць у крэдыт машыну ці дарагі айфон. Пасьля на кожным рагу лямантаваць: «Ой, няма грошай!» Шукаць маральнай, а то й матэрыяльнай падтрымкі ў тых, хто ня мае ні машын, ні айфонаў. Не саромецца на працы піць чужую каву. А як да заробку не хапае, дык пазычыць у суседкі-пэнсіянэркі, каб свае даляры не мяняць.

У грамадзкім транспарце ёмкую сумачку паставіць да вакна, усесьціся самой, заняўшы паўтара сядзеньня, пакінуўшы іншаму пасажыру толькі палову месца. Пасьля ўсяляк дэманстраваць сваю незадаволенасьць. Збоку на плашчык селі, сьпераду нагам нязручна, ззаду ў сьпіну дзьме.

Зрабіць рамонт ня горш як у суседзяў: каб і арачка пры ўваходзе, і плястык па ўсіх кутах, і нацяжная столь пад зорнае неба. Кардонныя скрыні з розным рызьзем, трохлітровыя слоікі з нарыхтоўкамі пакінуць навідавоку ў ранейшых месцах.

Пры вялікай сямʼі ды магутным родзе штодзённы догляд за ляжачым хворым ці састарэлым ускласьці толькі на аднаго родзіча, часьцей родзічку, ня самую фізычна дужую і забясьпечаную. Астатнім, спаслаўшыся на звыклае: «У самога здароўя няма» або «Ўся сямʼя на мне», абмежавацца пераказам рэцэптаў самаробных лекаў з часопіса «Народны доктар». У выпадку чаго, нягледзячы на хваробы і сямейныя абавязкі, узяць актыўны ўдзел у дзяльбе спадчыны.

Абгаворваць і клясьці суседа, падазраванага ў крадзяжы жалезнага бака, суседку, што з жанатым сантэхнікам падгульвае. У выпадку, калі сусед на два катэджы накраў, а суседчын палюбоўнік у выканкаме сядзіць, лісьліва ўсьміхнуцца і ўхвальна прамовіць, пажадана пры сьведках: «Ну, калі ўсё па- вумнаму, па-разумнаму...»

Ва ўсіх жыцьцёвых праявах шукаць нешта пазытыўнае — найперш для ўласнага азадку.

Тацяна Барысік, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]