Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Падабенства лесу: Хакейнае «Дынама» і «справа патрыетаў»

01.07.2017 политика
Падабенства лесу: Хакейнае «Дынама» і «справа патрыетаў»

Як усе ж няпэўна й непрадказальна віруе жыцьце ў краіне Беларусь.

Нiякiх гарантый нармальнага існаваньня не дае ні відавочны посьпех, ні чэснае слова, ні зацьверджаная ўсімі магчымымі пячаткамі афіцыйная дамова.

Зь іншага боку, відавочны абсурд разьдзімаецца да жахлівых памераў, каб пасьля лопнуць, як паветраны баленік, пакінуўшы па сабе адно скукожаную рваную гумку.

Але, разам з тым, есьць нейкая агульная парадыгма разьвіцьця для падзеяў, здавалася б, далекіх адна ад адной, як, прыкладам, «справа патрыетаў» і чарговыя закалоты ў стане хакейнага «Дынама».

Днямі з «Дынама» разьвітаўся галоўны трэнэр канадзец Крэйг Вудкрафт, пад кіраўніцтвам якога клюб паказаў найлепшы вынік на працягу гладкага сэзону, заняўшы найвышэйшае за ўвесь час выступу ў лізе-КХЛ месца ў табліцы, набраўшы рэкордную колькасьць балаў, паказваючы часам вельмі цікавую гульню. І хоць у плэй-оф для «Дынама» ня склалася, але ў наступны год заўзятары глядзелі з аптымізмам.

Марна. Новы сэзон клюб будзе пачынаць з чыстага аркуша. Канадзкі вэктар разьвіцьця быў прызнаны спрэчным, маўляў, замежныя легіянэры ня спраўдзілі надзеяў. «Дынама» прапанавалі сканцэнтравацца на ўнутраных рэсурсах.

Апроч слова «легіянэры», у «справе патрыетаў» і хакейнага «Дынама» есьць яшчэ адно агульнае слова – абсурд.

Вудкрафт прызнаваўся, што быў шакаваны, калі пачуў ад Старшыні назіральнае рады клюбу Ігара Шуневіча, што ў наступным сэзоне каманда адмовіцца ад легіянэраў.

Здавалася б, з трэнэрам пашанцавала, трохгадовы плян разьвіцьця, прапанаваны трэнэрскім штабам, ухвалены кіраўніцтвам клюбу, склад каманды стабілізаваўся, адна з найлепшых наведнасьць у лізе, амаль кожны матч – аншляг на Менск-арэне. Варта рухацца далей. Але не.

«Дынама», як базавы клюб зборнай, нягледзячы на лепшы сэзон, паляцеў пад адхон, як і трэнэрскі штаб зборнай, як і кіраўнік Фэдэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі з-за ня надта ўдалага выступу нацыянальнай каманды на Чэмпіянаце сьвету.

Хакеем у нас цікавяцца многія, а рашэньні прымае адзін чалавек. Дый не адно ў хакеі. Беларуская рэчаіснасьць непрадказальная, бо кіруецца настроямі гэтага чалавека, якія б ягоныя настроі ні былі – захапленьне, раздражненьне, страх…

Пры ўсей рознасьці кантэкстаў,«справа патрыетаў» супадае са справай хакейнага «Дынама» па этапах разьвіцьця. Спачатку эмоцыя (у адным выпадку страх, у іншым гнеў), пасьля эмацыйна прамоўленыя словы (у адным выпадку пра баевікоў, якіх рыхтуюць у Літве й Польшчы, у іншым – «стыдоба і пазорышча», наконт выступу нацыянальнай зборнай), далей непасрэдныя дзеяньні адпаведных структур (затрыманыя ўяўныя «баевікі» і разагнаныя хакейныя спэцыялісты й легіянэры).

І вынік гэтага ўсяго таксама аднолькавы: валіцца шытая белымі ніткамі «справа патрыетаў» і хлопцаў выпускаюць на волю. Фэдэрацыя хакея і «Дынама» адкручваюць назад рашэньні пра адмову ад паслугаў хакейнага замежнага легіену, бо разумеюць, што выключна на свае кадры клюб разьлічваць ня ў стане.

Але што зроблена, тое зроблена. Час сышоў, на інтарэсы хакейных заўзятараў і спэцыялістаў ніхто не зьвяртае ўвагі, як не зьвяртаюць увагі на здароўе і жыцьцевыя пляны вырваных са звычайнага асяродку й кінутых за краты па надуманай справе хлопцаў-патрыетаў.

Як хакейнае «Дынама» наўрад ці складзе канкурэнцыю ў наступным сэзоне ў КХЛ, гэтак і краіна Беларусь безнадзейна адстае паводле ўзроўню дзяржаўнага разьвіцьця ў сваей палітычнай лізе.

Але краіна не хакейны клюб, рызыкі зьвязаныя зь яе абрынаньнем на дно значна вышэйшыя й на парадак больш небясьпечныя.

Алег Дашкевіч, «Радыё Cвабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]