Культура Рэчы Паспалітай дала найбольшае распаўсюджанне гэтаму шляхетнаму звычаю ў Еўропе.
Настальгія. У адных беларусаў яна па СССР. У другіх – па Вялікаму княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай. Адных вабіць танная каўбаса і вялікія абшары зніклай дзяржавы, другіх – страчаны рыцарскі дух і шляхетныя звычаі даўніны. Таму не дзіва, што час ад часу некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі – і мужчыны, і жаншчыны – гавораць аб неабходнасці адрадзіць звычай цалаваць дамам рукі, пiша Андрэй Берастоўскі для istpravda.ru.
Спрэчны звычай
Між тым, звычай цалаваць руку выклікае больш спрэчак, чым якое-небудзь іншае правіла этыкету. І звязана гэта з тым што спрадвеку ў розных культурах і цывілізацыях такі знешне просты жэст перадаваў розныя пачуцці і ідэі, а Беларусі пашанцавала быць на мяжы розных цывілізацый і стаць «плавільным катлом» для розных народаў. Так сярод праваслаўных і каталікоў распаўсюджаны звычай цалаваць руку святара, а той, у сваю чаргу робіць такі ж знак пашаны святару больш высокага рангу.
Падобны звычай цалаваць руку старшаму па ўзросту каб выразіць шанаванне ёсць і ў мусульман (але сярод беларускіх мусульман ён сустракаецца рэдка). Цалуюць руку людзям, якіх лічаць адметнымі ці героямі, перад якім пакланяюцца. Вядомы выпадак, калі адна немаладая жаншчына пацалавала руку прэзідэнту Беларусі. Таксама пад маскай джэнтльмена можа хавацца лавелас, які цалуе жаншчынам рукі, каб у перспектыве атрымаць дазвол пацалаваць іх куды-небудзь яшчэ. Таму сучасная беларуская дама можа проста пачырванець, калі мужчына, з якім яе пазнаёмілі, пацалуе яе руку («Хіба, я святая або нейкая гераіня? Ці можа так спадабалася яму?»).
Гістарычна цалаванне рукі было таксама выражэннем адданасці васала сюзерэну ў еўрапейскай феадальнай іерархіі. Гэта закранала і беларускія землі, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Закранаў гэты звычай і выражэнне лаяльнасці манарху. У дзённіку аднаго з Радзівіллаў было нагадана аб цырымоніі цалавання каралеўскай рукі.
Паступова гэты звычай перайшоў у выражэнне пашаны мужчыны жаншчыне. З ХХ ст. і манархам, і жаншчынам часцей за ўсё рукі паціскаюць. Цікава, што культура Рэчы Паспалітай дала найбольшае распаўсюджанне гэтаму шляхетнаму звычаю ў Еўропе, таму ў сучаснай Польшчы здараюцца выпадкі, калі госць вяртаецца ў дом гаспадароў, таму што забыў пацалаваць руку гаспадыне. Але нават у Польшчы і Румыніі гэты звычай знікае на карысць больш эгалітарнаму пацісканню рукі.
“Таварыш жаншчына”
Магчыма мужчыны сучаснай Беларусі былі б больш шляхетнымі, калі б дарогі Польшчы і Беларусі не разыйшліся ў 1772-1795 гг. Аднак акрамя звычая цалаваць руку даме, які выклікае спрэчкі сярод людзей, якія лічаць сябе культурнымі, існуюць і больш прызнаныя добрыя манеры, праяўленне якіх чакаецца ад ветлівага мужчыны: уступіць месца ў аўтобусе, прытрымаць дзвер для дамы, паднесці рэчы і г.д. І гэтага як раз не хапае многім беларускім мужчынам.
Думаю, не трэба ва ўсім вініць савецкую ўладу. Справа крыху глыбей. Яшчэ ў галантныя часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі звычай цалавання жаночай рукі ў знак пашаны абмяжоўваўся знатнымі дамамі (альбо вельмі багатымі жаншчынамі нязнатнага паходжання). Калі дваранін цалаваў руку, маўляў прыгоннай сялянке, гэта магло лічыцца недахопам яго выхавання.
Калі бальшавікі і левыя эсэры захапілі ўладу ў Расіі ў 1917 г. адна класавая дзяржава змяніла другую, улада дваран змянілася ўладай чыноўнікаў пераважна з ліку былых рабочых і сялян. Але ўсе спробы поўнасцю знішчыць дваран і інтэлігентаў, якія цалавалі дамскія ручкі, не мелі поспеху, бо зусім адмовіцца ад культуры паводзін было б для краіны Саветаў дэградацыяй у вачах Заходняй Еўропы. Таму гэты звычай так і захаваўся сярод вузкага кола добра выхаванай інтэлігенцыі.
Аб гэтым, дарэчы, сведчыць савецкі кінематограф (не толькі і не столькі сюррэалістычны фільм «Пакроўскія брамы», але і шматлікія іншыя, дзе жаншчынам цалавалі руку і станоўчыя, і адмоўныя героі, напрыклад, «Іван Васіл'евіч змяняе прафесію», «Брыл'янтавая рука»).
Савецкая ідэалогія насаджала ідэю роўнасці мужчыны і жаншчыны, і “таварышу жаншчыне” таварыш мужчына паціскаў руку. Але прыкладна тое ж самае было і ў капіталістычных краінах, дзе паступова звычай паціскаць руку жаншчыне згладзіў праблемы гендэрнай і класавай няроўнасці, аб якіх нагадвала цалаванне рукі знатнай дамы.
Нават у Вялікабрытаніі ад цырымоніі цалавання каралеўскай рукі (kissing of hands) захавалася толькі назва, і сёння пацалаваць працягную руку каралевы значыць парушыць дыпламатычны пратакол (галаву не адсякуць, але будуць лічыць гэта дробным хуліганствам).
Між тым Польшча адрадзілася ў ХХ ст як нацыянальная, а не класавая дзяржава, бо галоўнай праблемай новай Польшчы быў не ўнутраны (як у Расіі), а знешні вораг – Германія і СССР. Да таго ж працэнт шляхты на ўсё насельніцтва зямель былой Рэчы Паспалітай быў значна вышэй за працэнт дваран, пражываючых на спрадвечна рускіх землях Расійскай імперыі. Таму шляхецкія звычаі ў адроджанай Другой Рэчы Паспалітай не вынішчалі, як і саму шляхту. Гэта паўплывала на тое, што гэты звычай захаваліся нават пры камуністах, і адрадзіўся ў сучаснай Польшчы.
Пасля распаду СССР Беларусь, як і Расія апынулася ў культурным вакууме. Гэта выражаецца, напрыклад, у тым, што амаль зніклі словы «таварыш» і «грамадзянін», але на змену ім нічога не прыйшло. Беларускія ветлівыя звяртанні «спадар/спадарыня» і «пане/пані», як і рускія эквіваленты «господин/госпожа» маюць даволі абмежаваную папулярнасць і беларусы звяртаюцца адзін да аднаго гендэрна: «мужчына», «жаншчына» ці «дзяўчына». У такой сітуацыі ўзнікае пытанне: наколькі правамерна гаворыць аб магчымасці адраджэння звычая цалаваць дамам рукі?
Этыкет і перспектывы
Безумоўна мужчыны з вытанчаным выхаваннем, якія могуць пацалаваць руку даме не толькі 8 сакавіка, не зніклі як маманты. Аднак практычна ўсё, што сёння робіцца ў плане адраджэння звычая цалаваць руку даме з'яўляецца трансфармацыяй гэтага звычая і нават пародыяй на яго.
Сучасныя дапаможнікі па этыкету жорстка абмяжоўваюць правілы цалавання дамскай рукі кавалерам. Нельга цалаваць руку на вуліцы, нельга - дзяўчыне, нельга – жаночую руку ў пальчатцы, нельга хапаць руку дамы без дазволу, нельга асыпаць яе руку пацалункамі з гучнымі цмокамі ці палка прыпадаць да яе а-ля Мікалай Баскаў, нельга цалаваць даме руку за сталом. А калі кавалер цалуе не тыльны бок далоні замужняй дамы, а, маўляў саму далонь ці запясце, хай не здзіўляецца магчымасці атрымаць ад яе мужа выклік на дуэль: бо такім чынам няўдалы кавалер паказвае іншым або наяўнасць інтымнай сувязі з чужой жонкай, або запрашэнне да такой сувязі.
Дамы, для якіх этыкет не з'яўляецца пустым гукам, таксама маюць свае абмежаванні: напрыклад яны не торкаюць руку ў твар мужчыне а падаюць яе ўперад на узроўні таліі далонню ўніз а не да сябе (каб у кавалера быў выбар паціснуць руку дамы, калі ён не гатовы яе пацалаваць).
Таму масавае адраджэнне гэтых правілаў этыкету ў сучаснай беларускай рэчаіснасці даволі праблематычна: грамадства Беларусі маральна не гатова да такіх самаабмежаванняў. У большасці выпадкаў лічыцца дастаткова ветлівым, калі мужчына і жаншчына вітаюць адзін аднаго безкантактна, сярод дзелавых людзей дазваляецца пацісканне рукі, знаёмыя мужчына і жаншчына могуць павітацца ці развітацца праз пацалунак у шчаку (трэба адрозніваць апошняе ад распаўсюджанага на Захадзе варыянта, калі цалуюць не саму шчаку, а паветра).
Сёння звычай галантна, па-шляхецку, цалаваць даме руку сустракаецца ў наступных сітуацыях. Гістарычная рэканструкцыя. Напрыклад, баль у стылі ХІХ ст., дзе мужчыны і жаншчыны, юнакі і дзяўчаты гуляюць у дваран. Парушэнняў правілаў этыкету пры гэтым бывае шмат, бо строга іх трымацца не кожнаму дадзена, але галоўнае іншае: такія гульні не мяняюць сутнасць чалавека.
Адна справа ўявіць сябе чырвонаармейцам пад Сталінградам і пастраляць халастымі кулямі з трохлінейкі, і зусім іншая пажыць у такую эпоху, зведаць што такое голад, смерць сяброў, крыкі параненых, якіх вораг дабівае штыкамі, заградатрады, вошы, штрафбаты, фільтрацыйныя лагеры... Кожная гістарычная рэканструкцыя – гэта добрая магчымасць лепей уявіць сабе падзеі мінулага, але яна не зменіць сучаснасць.
Яшчэ адна праява псеўдагалантнасці - гэта калі хлапец (мужчына) цалуе руку дзяўчыне (жаншчыне) ў якасці жарта. Гэта могуць быць як людзі, якія толькі што пазнаёміліся, так і блізкія сябры. Безумоўна, нічога дрэннага ў такіх жартах няма, калі гэта здзек над рыцарскім звычаям, а не над дамай. Але такімі жартамі культуру паводзін не падняць.
І, ўрэшце, руку жаншчыне могуць цалаваць каб выразіць пяшчоту, а не пашану. Напрыклад, каханай дзяўчыне, жонцы, маці... Пры гэтым мужчына ці хлапец можа лічыць гэта выражэннем галантнасці, як і звонку гэта можа выглядаць па-шляхецку, але пачуцці такі жэст перадае зусім іншыя. Класічны пацалунак дамскай рукі ў знак пашаны хуткі і «сухі»: калі мужчына нахіляецца да працягнутай рукі і крыху дакранаецца да яе губамі (нават магчыма і не дакранацца).
У шматлікіх сітуацыях, калі нецвярозы мужчына цалуе руку малазнаёмай жаншчыне шляхетнасць толькі звонкавая, бо за такой галантнасцю часцей за ўсё стаяць гармоны, якія прабуджае алкаголь.
Тым не меньш, пакуль нельга сцвярджаць што ў Беларусі звычай цалаваць руку даме ў знак пашаны паступова знікне зусім. Гісторыю, у тым ліку і шляхетнасць адрадзіць поўнасцю немагчыма, але трансфармацыя польска-літоўскай галантнасці продкаў сучасных беларусаў не абавязкова павінна перайсці ў нейкі сурагат. Насамрэч, каб падняць культуру паводзін у Беларусі на якасна новы ўзровень, трэба пачынаць не з адраджэння звычая цалаваць руку жаншчыне, а з распаўсюджвання больш прызнанных і меньш спрэчных правілаў паводзін.
Пры гэтым папулярызацыя звычая цалаваць рукі жаншчыне знаходзіцца ў руках саміх жаншчын: бо, па этыкету ініцыятыва першай падаць руку кавалеру належыць менавіта даме. Але і сучасны беларускі мужчына можа праяўляць больш увагі да сваей жонкі, бо калі бацька цалуе руку маці не толькі раз у год, яго дачка і сын навучацца правільна ставіцца да гэтага звычая.