Як у заходнебеларускіх мясьцінах вырастаюць шчырымі патрыётамі.
У Горадні ня стала Ігара Жука, майго калегі з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Мы ніколі не былі сябрамі, але існуе гісторыя нашых кантактаў зь ім.
Калі КПБ страціла кіраўнічую ролю, у будынак Дому палітасьветы (размоўна — «Палітпрос») засялілі філфак Гарадзенскага ўнівэрсытэту. І паставілі кіраваць маладога выкладчыка Ігара Жука. А тут Беларусь стала незалежнай, і начальства вымушанае было вывесіць бел-чырвона-белыя сьцягі. Аўтобусам я езьдзіў на працу ў рэдакцыю і ўглядаўся ў сьцягі: спачатку на райвыканкаме, затым на гар- і абласным гмаху. Але быў неўзабаве яшчэ адзін — на даху філфаку. Жук вывесіў. Гэта было зусім незвычайна, каб над унівэрсытэцкім будынкам.
Начальства ачомалася і пачало ціснуць: зьняць, не паложана. Ён не пагаджаўся, але мусіў урэшце спусьціць свой улюбёны сьцяг.
Ігар ганарыўся, што кожны год сталі павялічваць набор на беларускае аддзяленьне. Была і ягоная заслуга ў гэтым. Але, але… Ня так даўно ён успамінаў, як потым пачалі кожны год скарачаць набор, беларусісты перасталі быць патрэбныя.
Ігар захапляўся крытычнымі тэкстамі Сяргея Дубаўца і гаварыў мне, што гатовы быў даць яму аўдыторыю, каб той расказаў, як трэба пісаць вострыя адметныя рэцэнзіі. Сам ён быў крытыкам хутчэй акадэмічнага складу. Рабіў разбор, напрыклад, нашага альманаху «Новы Замак» грунтоўна, у клясычным стылі. Я ўкладаю і рэдагую альманах, Ігар быў у рэдкалегіі. Непакоіўся аб апошнім нумары. У мяне захаваўся e-mail ад яго: «Сяргей, добры дзень! Ці можаш паведаміць, што там з новым нумарам альманаха? Мне дасылалі свае матэрыялы Ала Петрушкевіч і Аліна Паўлоўская. Такія-сякія парады я ім прапаноўваў і рэкамэндаваў даслаць на адрас выданьня. А што з астатнімі матэрыяламі? Ці ёсьць патрэба калектыўнага абмеркаваньня? І.Ж.»
Сам ён пісаў марудна, стыхія выкладчыка — вуснае слова. Аднойчы мы сабраліся разам, я сказаў, што падрыхтаваў нумар і пасьля выходных буду перасылаць у Менск. А яму зьнянацку заманулася напісаць рэцэнзію на невялікі паэтычны зборнік. Прэзэнтацыя была месяц таму, а ён толькі цяпер прапануе, калі час здаваць. Я сказаў яму аб гэтым. Але магу, маўляў, крыху пачакаць. Ён: колькі часу дасі? Тыдзень. Тыдзень? Трэба месяц як мінімум! Я кажу: Ігар, тады мы страцім адзін нумар, кніжка вершаў маленькая, трэба, калі хочаш, зрабіць хутчэй. Ён успыхнуў: вы прывыклі свае блогі пісаць па-хуткаму! І так і не напісаў. Нават для наступнага нумару, нават праз год.
Наогул выйшлі пяць нумароў «Новага Замку», Жук напісаў усяго адзін тэкст. Тэкст, канечне, добры, называўся «Васіль Быкаў: з гісторыі аднаго не-прыезду». Але зноў мне трэба было здаваць нумар, а не было біяграфічных зьвестак Ігара і здымка, хаця я прасіў. Здымак ён так і не даслаў, я паставіў той, які зрабіў сам, Ігару ён спадабаўся. Я яму адказаў: каб быў няўдалы, я б ня ставіў.
Сам ён выпусьціў дзьве кніжкі — літаратуразнаўчыя этуды і манаграфію, абедзьве па 112 старонак. Этуды называліся «Сустрэчны рух», выданьне абласной філіі Беларускага фонду культуры. Падпісаў мне і пры сустрэчы ўручыў: «Сяргею Астраўцу (гэта мой літаратурны псэўданім), харошаму пісьменьніку і слаўнаму хлопцу з павагай і шанаваньнем. 16.09.98». Я сказаў: занадта станоўча ты… Слаўным і харошым я сябе нейк не лічыў, няёмка было чытаць, але яму захацелася так падпісаць тады.
Аднойчы ён папрасіў маю новую кніжку, сказаў, што хоча напісаць пра яе. Калі ласка! Але нічога не напісаў. Пры сустрэчы сказаў: «Так прозу ня пішуць, а пасьлямоўе ў цябе бліскучае». Мне было дзіўна такое чуць. Гэта ж элемэнтарна: напісаць, што спадабалася, а што не. Аўтару самому будзе цікава. А «пракурорскія» словы «так прозу ня пішуць», яны гучаць непераканаўча. Прозу якраз пішуць так, як пішуць сёньня. Ня так, як уяўляецца некаму, хто ніколі яе не пісаў, хто заглыблены ў беларускай савецкай літаратуры, час якой мінуў. Уголас ён сапраўды хваліў звычайна тэксты, якія для мяне былі ўчорашнім днём. Што зробіш, мы былі рознымі: ён літаратуразнаўцам, я практыкам.
Адзін час мы зь ім жылі, уласна кажучы, на адной вуліцы, але ў розных канцах. Ён ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце, перажываў, што пытаньне з кватэрай адсоўваецца, былі 1990-я гады, фінансаваньне будаўніцтва было вельмі мізэрным. Але была вялікая радасьць, калі для выкладчыкаў аднойчы закончылі дом.
Непадалёк ад інтэрнату была галоўная гарадзенская кнігарня. Мы аднойчы завіталі зь ім, ён набраў цэлы стос. Памятаю: і энцыкляпэдычны том пра Янку Купалу. Ён быў выкладчыкам, мог сабе дазволіць. Я, наадварот, кніжкі тады набываў зрэдку. Наогул часы былі даволі безграшовыя. Людзі кінуліся ў Польшчу, зарабляць таварам, гандлем. Ігар таксама мусіў паспрабаваць, набыў патрыманы бусік. Але гэта было не ягоным, ясна. Можа й тадышнія хваляваньні даліся ў знакі. Пазьней у чалавека былі праблемы з сэрцам, патрэбная была апэрацыя, апэрацыя платная, у Вільні. На той час сума гучала фантастычна. Дзе ўзяць? Тэрмін падыходзіць. Вельмі ён хваляваўся. Выйсьце ўрэшце знайшлося: альма матэр пагадзілася аплаціць. Потым кожны месяц з заробку вылічвалі.
Ігар Жук двойчы ўдзельнічаў у праграмах Радыё Свабода. Адзін раз, калі мова была пра песьню Лявона Вольскага «У турме» на верш Якуба Коласа, Ігар быў вялікім знаўцам творчасьці народнага пісьменьніка. Яму вельмі падабаўся радок з «Сымона-музыкі» — «Кавалі другія, ланцугі ўсё тыя».
Другім разам мова была пра Васіля Быкава. Жука заінтрыгавала думка аб тым, што Быкаў сябе аднойчы назваў больш сачыніцелем, чым фіксатарам фактаў з франтавога і ня толькі франтавога жыцьцёвага вопыту. Свае думкі дасьледчык выказаў на Быкаўскіх чытаньнях у Новым замку, у абласной бібліятэцы.
Нашы адносіны не былі без шурпатасьцяў, але былі ўзаемапаважнымі. Ён быў шчырым патрыётам, з гартам, атрыманым ад бацькоў. Яны, як вядома, паходзілі з былых заходнебеларускіх мясьцінаў, нарадзіўся Ігар у вёсцы Зані Мядзелскага раёну.
Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»