Народны мемарыял становіцца Будзіцелем нацыі, своеасаблівым беларускім Майсеем.
Той, хто дайшоў да Курапатаў, урэшце ўсведамляе, што не можа быць моцнай дзяржава, якая забівае сваіх самых лепшых сыноў і дачок — найбольш працавітых, таленавітых і адукаваных. Яны — грунт любога народу. І калі гэты грунт нішчыцца, няма будучыні ў Бацькаўшчыны...
Мы жывём у незвычайны час, калі на нашых вачах адбываецца шмат чаго цікавага і доўгачаканага. У тым ліку — вяртанне Курапатаў у свядомасць грамадства.
Слухачка Лятучага ўніверсітэта Алёна Мезенцава з Кобрына папрасіла адказаць на шэраг пытанняў для даследавання, што робяць са сваімі выхаванцамі выкладчыкі гэтага грамадскага асяродку. Паразважаем пра ролю і месца Курапатаў у сённяшнім жыцці беларусаў.
Чым з’яўляюцца Курапаты для беларусаў і еўрапейцаў?
Курапаты — месца масавай згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў, знак нацыянальнай бяды, народная святыня і нацыянальны некропаль, сімвал трагедыі беларусаў у гады сталінізму. Гэты людажэрны рэжым забіў самых працавітых, таленавітых і адукаваных. Велізарныя страты лепшых прадстаўнікоў нацыі паслабілі яе, што і сёння адбіваецца на праблемах у нашым змаганні за волю і незалежнасць.
Гэтае месца нагадвае, што, у адрозненне ад дэмакратыі з яе цярпімасцю, павагай да правоў чалавека і яго свабоды, дыктатура трымаецца на нецярпімасці, бяспраўі чалавека і гвалце, у тым ліку палітычным, эканамічным і фізічным.
Паколькі ў Курапатах былі расстраляныя прадстаўнікі розных краінаў і этнасаў, урочышча з’яўляецца помнікам трагедыі еўрапейскага маштабу. Курапаты атаясамліваюцца не толькі з самай жудаснай трагедыяй беларусаў, калі нацыя страціла сваю эліту — нацыянальную інтэлігенцыю, але і з ідэалогіяй сённяшніх уладаў, якія лічаць Іосіфа Сталіна «выбітным менеджарам» і ўзвышаюць яго ролю ў гісторыі СССР і БССР. Урэшце, Курапаты ёсць сімвалам апошняй хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння, бо менавіта з адкрыцця таямніцы ўрочышча ў маі 1988 года паўстаў масавы народны рух за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.
Што найбольш уражваеў Курапатах?
У гэтым месцы ўражвае факт масавага забойства (паводле розных ацэнак, ад 7 да 300 тысяч ахвяраў сталінізму). Калі ўявіць, што гэтыя людзі з гонарам, годнасцю і сумленнем адначасова паўсталі з сваіх магілаў, народ Беларусі пераўтварыўся б у сучасную еўрапейскую нацыю. Кранае і той факт, што мемарыял сапраўды народны, бо створаны людзьмі, коштам іх уласных высілкаў і сродкаў.
Знаёмства з гістарычнай тапаграфіяй Курапатаў пашырае спіс уражлівых кропак. Гаворка ідзе пра аўтэнтычныя краявіды, пра месца, дзе ў маі 1988 года з дапамогай мінскіх школьнікаў беларускія археолагі пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка адкрылі таямніцу Курапатаў, пра месца, дзе ў выніку раскопак і эксгумацыі былі ўпершыню ідэнтыфікаваныя парэшткі ахвяраў — вязняў Гарадзенскага астрогу Моўшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама, расстраляных летам — ранняй восенню 1940 года, а таксама месца забойства позняй восенню 1938 — зімой 1939 гадоў не менш за 373 ураджэнцаў Усходняй Беларусі, у тым ліку 19 жанчын, рэчы якіх былі спаленыя катамі…
Немажліва абыякава прайсці каля кранальных памятных крыжоў і камянёў сваякам ахвяраў, забітых сталіністамі ў розных кутках Беларусі. Ва ўрочышчы ўражвае ўсё: палявы маршрут «Дарогі смерці» — апошняе, што бачылі бязвінныя людзі перад расстрэлам, месцы, дзе праходзіў высокі драўляны плот з варотамі, што з 1937-га па 1941-ы агароджвалі расстрэльны палігон, ямы на месцах, дзе стаялі будкі ахоўнікаў і назіральныя вышкі…
Але больш за ўсё кранаюць 510 западзінаў ад мажлівых пахаванняў, у якіх ляжаць парэшткі нашых продкаў, скошаных бязлітаснай касою сталінізму… Кранаюць кветнікі, разбітыя неабыякавымі беларусамі на тэрыторыі Народнага мемарыяла ў памяць пра тых, хто з волі чужынцаў ляжыць на курапацкіх пагорках… Кранаюць знакі пашаны замежнікаў, у тым ліку Лава Клінтана — дар беларускаму народу ад народа ЗША дзеля памяці, польскія сцяжкі як напамін пра тое, што ва ўрочышчы забітыя ўраджэнцы Другой Рэчы Паспалітай…
Хто і дзеля чаго бывае ў Курапатах?
У Курапатах бываюць розныя людзі. Свядомыя беларусы прыходзяць сюды на талокі і экскурсіі, на традыцыйныя ўшанаванні ахвяраў, якія ладзяцца 29 дня кожнага месяца ў памяць пра трагедыю ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў Мінску былі забітыя больш за 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Шмат хто бывае ва ўрочышчы асабіста, а некаторыя — падчас традыцыйнага шэсця на Дзяды. Часцяком наведваюць Курапаты журналісты, палітыкі, праваабаронцы, навукоўцы і замежныя госці. У кожнага з іх — свая місія, але ўсіх аб’ядноўвае жаданне больш ведаць пра Курапаты і нешта зрабіць, каб ні з адным народам свету не адбылася трагедыя кшталту сталінскіх рэпрэсій, ад якіх беларусы да гэтага часу не могуць апрытомнець.
Не раз беларуская моладзь ставіла намёты ва ўрочышчы, каб бараніць яго ад нядобрасумленных дзялкоў, якія з дапамогай хцівага чыноўніцтва імкнуцца забудаваць недакранальную для будаўніцтва тэрыторыю ахоўнай зоны Народнага мемарыяла.
Бывае, што ў Курапатах людзі распальваюць вогнішчы, ладзяць выпіўкі, ездзяць на роварах, выгульваюць сабак, робяць прабежкі… Бывае, што вандалы разбураюць крыжы, малююць на іх і камянях святыні абражальныя сімвалы і надпісы. Усе гэтыя абуральныя праявы не павінны адбывацца на тэрыторыі нацыянальнага некропалю. Дзякуй Богу, апошнім часам такія праявы дэградацыі асобы радзей маюць месца ў Курапатах, але, на жаль, яшчэ маюць…
Чаму была створана ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў»?
Пра Курапаты клапоцяцца розныя структуры грамадзянскай супольнасці. Сярод іх — актывісты КХП-БНФ, «Маладога фронту», Руху салідарнасці «Разам», Партыі БНФ, БХД, АГП, іншых апазіцыйных партый і рухаў, а таксама ГА «Хрысціянская злучнасць «Курапаты», грамадзянскіх ініцыятыў «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» і «Эксперты ў абарону Курапатаў», якую прадстаўлю і я.
Апошняя ініцыятыва была створаная напрыканцы 2013 года ў адказ на тыя выклікі, што паўсталі перад нацыянальным некропалем і патрабавалі новых, прафесійных падыходаў. Таму наша ініцыятыва аб’яднала прафесіяналаў у розных галінах. Мы дзейнічаем у прававым полі, каб бараніць Курапаты праз суды і СМІ, даследаваць і папулярызаваць гісторыю гэтага месца праз выставы, выданні і прэсу.
Сярод іншых кірункаў дзейнасці — збор дадатковых сведчанняў, пашырэнне ахоўнай зоны Курапатаў, правядзенне міжнароднага конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі гэтага знакавага для беларусаў і грамадзянаў Еўропы месца, а таксама вырашэнне вострых экалагічных праблем, што паўсталі перад Народным мемарыялам, аточаным напружанымі аўтамагістралямі — МКАДам і шашою Заслаўе–Калодзішчы.
Мы супрацоўнічаем з усімі структурамі грамадзянскай супольнасці, калі супрацоўніцтва грунтуецца найперш на павазе да чалавека і ягонай справы, а таксама на жаданні рэальна бараніць Курапаты. Менавіта такое супрацоўніцтва дае плён. Мы запрашаем на нашыя мерапрыемствы прадстаўнікоў усіх структураў грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у адпаведнай тэматыцы, а з прадстаўнікамі КХП-БНФ і «Маладога фронту» ажыццяўляем цесную супрацу ў розных кірунках.
Чаму ўлады пайшлі на мемарыялізацыю Курапатаў?
У тым, што зараз адбываецца вакол Курапатаў, мы бачым добрыя вынікі дзейнасці якраз грамадзянскай супольнасці Беларусі. Калі стваралася грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў», мы паставілі задачу вярнуць Курапаты ў свядомасць беларусаў. На гэта скіраваная ўся нашая дзейнасць па юрыдычнай абароне Народнага мемарыяла, даследаванні яго гісторыі і распаўсюду ведаў пра Курапаты, захаванні і пашырэнні ахоўнай зоны гэтай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, мемарыялізацыі сімвалу трагедыі нацыі.
Сёння, дзякуючы найперш высілкам беларускай моладзі, якая ў чарговы раз абараніла Курапаты ад свавольства чыноўніцтва і дзялкоў, а таксама дзякуючы намаганням іншых структураў грамадзянскай супольнасці, дзяржава ВЫМУШАНАЯ была змяніць сваё стаўленне да Курапатаў і пайшла на прызнанне неабходнасці мемарыялізацыі гэтага месца. Такое прызнанне дарагога каштуе, бо легалізуе Курапаты ў грамадстве і далучае дзяржаўныя СМІ да распаўсюду ведаў пра гэтае лёсавызначальнае для беларусаў месца.
Мы пазітыўна ставімся да магчымай змены адносінаў дзяржавы да Курапатаў, бо гэты крок можа стаць пачаткам грамадскага дыялогу ў краіне, — аднак пакідаем за сабою права супрацы з дзяржавай толькі пры выкананні шэрагу ўмоваў, выкладзеных у адкрытым лісце ад 5 красавіка беларускай грамадскасці да міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова.
У гэтым лісце, між іншым, зазначаецца, што амаль трыццаць гадоў ушанаванне, упарадкаванне і ахова Курапатаў адбываліся сіламі прадстаўнікоў і структураў беларускага грамадства. Прычым, як правіла, не толькі без дапамогі дзяржаўных органаў, але часцяком нават насуперак іх намаганням пашкодзіць памятнае месца і прынізіць яго значэнне.
Дзякуючы грамадскім актывістам у Курапатах ужо паўстаў Народны мемарыял. І гэта дае грамадству падставы патрабаваць ад дзяржавы не толькі выконваць яе канстытуцыйны абавязак па ахове помніка, але і абавязкова лічыцца з грамадскай думкай ва ўсіх пытаннях, звязаных з любой дзейнасцю на тэрыторыі ўрочышча і вакол яго.
Таму прапанаваныя дзяржаўнымі структурамі захады дзеля мемарыялізацыі на тэрыторыі матэрыяльнай нерухомай гістарычна-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты» беларускае грамадства зразумее і падтрымае толькі пры выкананні ўмоў, якія б пацвердзілі намер дзяржавы паразумецца з грамадствам.
Ці мажлівая супраца грамадства і ўладаў па Курапатах?
Мы прапанавалі мінімум такіх умоў са спадзевам на ўзважаны і добразычлівы адказ дзяржаўных структур, які зрабіў бы магчымай супрацу па ўшанаванні памяці ахвяраў савецкіх бальшавіцкіх рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі. Гэта ўсяго пяць пунктаў.
Перш чым абвяшчаць конкурс на «найлепшы праект памятнага знаку ў Курапатах», дзяржава павінна вызваліць усіх абаронцаў Народнага мемарыяла і грамадзянаў, затрыманых паводле палітычных абвінавачванняў. Бо немагчыма ўшаноўваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій у абстаноўцы палітычнага тэрору.
Ахоўная зона Курапатаў павінна быць вернутая, дзе гэта фізічна магчыма, да праекту 2003 года і захаваная назаўсёды, каб больш не дапусціць маніпуляцый ёю ў неадпаведных мэтах.
Мемарыялізацыя не можа адбывацца як абстрактны акт «ушанавання ўсіх ахвяраў ХХ стагоддзя». Дзяржава мае інфармацыю пра тое, хто і кім бязвінна забіты ў Курапатах і іншых падобных мясцінах. Дзяржава абавязаная адкрыць імёны курапацкіх ахвяраў і толькі пасля гэтага мае маральнае права прапаноўваць захады для іх ушанавання.
Курапаты не належаць уладзе Рэспублікі Беларусі ці нейкім дзяржаўным альбо грамадскім структурам. Гэтае святое месца ўсяго беларускага народа. Любы конкурс на праекты помнікаў ці на змену выгляду Курапатаў можа быць або грамадскім (пры магчымым спрыянні дзяржавы), або, калі дзяржава пажадае яго падтрымаць інстытуцыянальна, грамадска-дзяржаўным. Гэта азначае, што фармуляванне ўмоваў творчага спаборніцтва і фармаванне журы павінна праходзіць з удзелам прадстаўнікоў грамадства і грамадскіх структур, найперш тых, хто мае досвед ва ўшанаванні і абароне Курапатаў і нашчадкаў ахвяраў рэпрэсій, а ўсе этапы конкурсу павінны быць адкрытыя для грамадскага абмеркавання.
Падставовыя прынцыпы мемарыялізацыі Курапатаў былі сфармуляваныя беларускай грамадскасцю яшчэ 25 сакавіка 2002 года і пацверджаныя 14 мая 2016 года. Іх абмяркоўвалі і падтрымалі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменнікаў, суполка «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, прафсаюз РЭП, «Цэнтр Супольнасць» і вялікі шэраг іншых арганізацый, ініцыятыў і дзеячаў. Правілы конкурсу і патрабаванні да ўдзельнікаў не павінны супярэчыць гэтым прынцыпам.
Мы лічым, што выкананне гэтых умоў стала б істотным крокам для грамадзянскага паразумення ў нашай краіне, адкрыла б магчымасць для многіх беларускіх творцаў прыняць удзел у далейшай мемарыялізацыі Курапатаў і гарантавала б дапамогу шырокіх колаў беларускай грамадскасці.
Сярод падпісантаў лісту — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, грамадская дзяячка Валянціна Свяцкая, мовазнаўца Вінцук Вячорка, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, мастакі Мікола Купава, Генадзь Драздоў і Ігар Марачкін, бард Аляксей Галіч і грамадскі актывіст Алесь Макаў.
Мы лічым, што Курапаты з’яўляюцца месцам, якое насамрэч можа аб’яднаць беларусаў дзеля будаўніцтва дэмакратычнай і квітнеючай Бацькаўшчыны. І таму мы ўпэўнены ў пазітыўным вырашэнні сённяшняй сітуацыі вакол Народнага мемарыяла і будзем рабіць усё мажлівае, каб не дапусціць чарговага супрацьстаяння ў Курапатах. Апроч таго, мы прыкладзем адпаведныя высілкі, каб па выніках адкрытага Міжнароднага конкурсу на лепшы праект ушанавання ў Курапатах памяці ахвяраў сталінізму Народны мемарыял атрымаў годнае мастацкае абрамленне з улікам беларускіх нацыянальных традыцый і сучасных сусветных падыходаў да помнікаў такога ўзроўню.
Курапаты — беларускі Майсей
Дагледжаныя, шануемыя, даследаваныя, вывучаныя і вядомыя грамадству Курапаты пачынаюць аддаваць яму свой магутны патэнцыял — Народны мемарыял становіцца Будзіцелем нацыі, своеасаблівым беларускім Майсеем.
Усёй сваёй трагічнай гісторыяй гэты Будзіцель выціскае з беларуса раба, сагнутага над чаркай і шкваркай, уздымае яго да высакароднага, годнага і сумленнага жыцця.
Жыцця, у якім прачынаецца прага да сапраўднай, а не сфальсіфікаванай гісторыі Бацькаўшчыны, да свабоды ад гвалту, які прыгнятае, знявечвае і не дазваляе нам людзьмі звацца, да імкнення быць вольнымі гаспадарамі на зямлі сваіх продкаў, каб перадаць сваім нашчадкам квітнеючую краіну, да будаўніцтва дзяржавы, якая служыць чалавеку і бароніць яго ў цяжкую хвіліну, да штодзённай працы над сабою, калі кожны шукае вытокі сваіх праблемаў не ў іншых, а ў сабе…
І той, хто дайшоў да Курапатаў, урэшце ўсведамляе, што не можа быць моцнай дзяржава, якая забівае сваіх самых лепшых сыноў і дачок — найбольш працавітых, таленавітых і адукаваных. Яны — грунт любога народу. І калі гэты грунт нішчыцца, няма будучыні ў Бацькаўшчыны. З гэтай думкай да людзей прыходзіць асэнсаванне неабходнасці бараніць не толькі памяць пра нашых продкаў, але і стваральнікаў будучыні сваёй краіны.
Марат Гаравы, «Новы Час»