Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Крыж Купалы

08.07.2017 культура
Крыж Купалы

Адзін і адзіны з мільёнаў, адзін і адзіны, спалёны.

Купалле.

Дзень народзінаў Янкі Купалы. 135 гадоў.

На сто гадоў меней часу прамінула паміж гэтымі тэкстамі. Вершаваным і празаічным.

Ляўкi

Дарога вяла на Ляўкі.

Праз ніву. Праз лес. Праз вякі.

Цяжарна ўздыхала ралля.

Храплі на аселіцах коні.

Свістала ў прасторы Зямля —

Каля небасхілу, каля

Той жылкі, што б'ецца на скроні.

Дарогу ўздымала гара,

I там, дзе дарога знікала,

Над вечнай вадою Дняпра

Стаяў нерухомы Купала.

Кацілася шляхам сваім

Рака — як магла, як хацела.

Быў страшны Купала — на ім,

Яшчэ даваенным, жывым,

Святочна кашуля гарэла.

Хісталіся цені жуды

Сляпымі маланкамі ў змроку...

Адзін толькі крок да вады!

Не зробіць ён гэтага кроку.

Ён скуру здзярэ, як луску,

I рушыць на вольны гасцінец...

Ён пройдзе яшчэ праз Маскву

Па цьмяных прыступках гасцініц.

Ён будзе на сходках начных

Спяваць, зратаваных ад кулі

Сяброў абдымаць — і на іх

Святочна запальваць кашулі.

Ён будзе!

...Кружыла Зямля.

Храплі на аселіцах коні.

Усё гэта будзе — пасля.

Усё гэта будзе — ніколі.

Пасля — у мальбе і праклёнах.

Ніколі — у спратах віны.

...Адзін і адзіны з мільёнаў,

Адзін і адзіны, спалёны

На росстанях смутных

Вайны...

На Крыжы

Урывак з аповесці

- Досыць! - зірнуўшы на Сталіна, які насуплена маўчаў, павярнуўся да Несцярэнкі Тухачэўскі. - Выконвайце абавязкі, палкоўнік! - І Несцярэнка ступіў да Купалы: “Гэта тут. Кладзіце крыж і самі кладзіцеся”.

Купала паклаў крыж. Лёг на яго спінай, раскінуўшы рукі і заціснуўшы медальён у левай, каб бліжэй да сэрца, руцэ. Над ім плыў месяц і роіліся зоркі…

На трэці дзень па смерці ён адчуў сябе шчаслівым…

“Не бойся, не бойся... - казала, кругляючы над ім, над могілкамі Спагада. - Балюча не будзе, на трэці дзень ужо не баліць…

- Прыбівайце! - падаў Несцярэнка малаток з цвікамі Маякоўскаму, які стаяў каля крыжа, нібы прымяраючыся да яго, і адступіў назад: “Я паэт, а не кат!”

Несцярэнка паглядзеў на Сталіна, той падышоў, узяў цвікі і стаў раздаваць кожнаму па адным. “Усе ўсё бралі?.. Прэміі, званні, ордэны… Дык і цвікі возьміце… Трэба было раней не браць… А цяпер позна...

- Але патрэбныя ўсяго тры цвікі, - узяўшы свой цвік, пакруціў яго ў пальцах Кіраў. - Як у Хрыста: па адным у рукі і ў ногі адзін, - а святы Серафім устрапянуўся: “Калі ўжо як у Хрыста, дык два крыжы яшчэ трэба. Для двух разбойнікаў”.

- Які Хрыстос? Якія разбойнікі?.. - выхапіў малаток з рук Несцярэнкі і замахаў ім Кашкадамаў. - Вы тут казкі папоўскія не расказвайце, а рабіце, што суд пастанавіў!

Горкі, Куйбышаў, Маякоўскі, усе, каго прыгаварылі да расстрэлу, моўчкі глядзелі на Кашкадамава, на Купалу, адзін на аднаго… Некаму трэба было ўзяць малаток і ўвагнаць першы цвік.

Доўга стаялі…

- Як выконваць?.. - нарэшце плаксіва спытаў Горкі. - Я не ўганяў цвікі ніколі…

- Не ўганяў! - стукнуў касцяшкамі пальцаў сабе ў лоб Кашкадамаў. - Карціны ніколі не вешаў?.. Хто першым быць хоча? - павярнуўся ён да старых могілкаў, дзе выйшлі з Малога сабору і наблізіліся да брамы трое русявых, у зрэбнае апранутых, з шэра-блакітнымі вачамі моцных мужчын. - Можа, нехта з вас?

Тыя запераміналіся з нагі на нагу, пра нешта перагаварылі паміж сабой, адзін ступіў наперад.

- Нельга нам. Гэта Купала. Некалі жрацы казалі, што з’явіцца чалавек з іменем бога - і павядзе нас, і зратуе. Дык, можа, ён гэта. З іменем бога. Так што нам нельга.

Кашкадамава, як на спружыне, падкінула.

- Якія яшчэ жрацы? Якога бога? Я сам і жрэц, і жнец, і на дудцы грэц! А вы хто?

Падскокі ягоныя ні на аднаго з русявых ніяк не паўздзейнічалі, і той, які ступіў наперад, сказаў спакойна: «Я Круглец. Яны, - паказаў на паплечнікаў, - Кумец і Няжыла. Жрацы нашы - крывіцкія, а імя бога - Купала. Ён бог сонца, праз якое жывем, і агню, праз які ачышчаемся. І якраз на Купалу, у дзень бога нарадзіўся чалавек з ягоным іменем, якога вы збіраецеся раскрыжаваць. Але гэта без нас, гэта вы самі, калі ваш суд...

- Ды што іх слухаць! - не вытрываў маршал Тухачэўскі. - Бог агню, бог сонца! Мы ў якім часе?.. Давай, Кашкадамаў! - махнуў ён, як малатком ударыў, правай рукой, і Кашкадамаў увагнаў цвік у правую руку Купалы. Спрытна, адным ударам, кінуўшы малаток пад ногі Горкаму. - На!..

Дарма Спагада сказала, што балець не будзе. Яшчэ як забалела! Але не так, каб не стрываць. Трываць можна было.

Боль быў не такі, як апёк чырвонага каменьчыка ў левай далоні. Не гарачы. Халодны.

“Заторгаўся…” - працадзіў Кашкадамаў, а палкоўнік Несцярэнка, насмешлівым позіркам змераўшы ўсю расстрэльную кампанію, падняў з-пад ног Горкага малаток, паклаў адну на адну, левую на правую, да крыві нацёртыя ступні Купалы: “Што гэта ў вас? Стыгматы?.. - І, выбраўшы найдаўжэйшы цвік, увагнаў яго на чвэрць. - А цяпер давайце кожны па чарзе, па адным разе…”

На гэты раз болем працяла, як токам. «Калі так, - скрозь боль падумалася, - патрыярха працінала, якога токам катавалі, дык не дзіва, што не вытрываў. І падпісаў паперу - і пачалі маліцца ў храмах за тых, хто знішчаў храмы. “За краіну нашу і ўлады яе…” Перад раскрыжаваным Хрыстом - за Сталіна.

Як лёгка вінаваціць… - яшчэ падумаў. — І як не проста павінаваціцца. Цяжэй, чым боль стрываць».

- Давайце-давайце… Сяргей Міронавіч, пакажы прыклад, ты ж ва ўсім першы хацеў быць, - узяў Сталін малаток у Несцярэнкі і падаў Кіраву. - Давайце, усе давайце… Цюк, цюк… Ці ўсе вы думаеце, як трое гэтых паганцаў, што можна глядзець, як некага катуюць, забіваюць, і заставацца чысценькімі? Маўляў, мы тут не пры чым… А хто пры чым, калі не вы? Калі вы тут?

Яны пастаялі адзін перад адным, Сталін і Кіраў, вочы ў вочы, і апошні не стрываў, адвёў позірк, узяў малаток. “Цюк” - цюкнуў па цвіку Кіраў, хуценька падаўшы, нібы яму руку апякло, малаток Куйбышаву, той таксама хуценька цюкнуў, і Горкі за імі, прамахнуўшыся і ўдарыўшы Купалу па пальцах, за што прабачыўся, а Купала кіўнуў: “Нічога, Аляксей Максімавіч, бывае…” - і Маякоўскі, і таварыш Коган, і ўсе, хто быў асуджаны, і хто проста быў на судзе, адзін за адным падыходзілі, бралі адзін у аднаго малаток: цюк, цюк, цюк, цюк, цюк…

Калі ты тут, дык ты тут.

Уладзімір Някляеў, «Фэйсбук»

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]