Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ніна Шыдлоўская: «Я зразумела, што адчувалі людзі ў 1937-м»

08.07.2017 политика
Ніна Шыдлоўская: «Я зразумела, што адчувалі людзі ў 1937-м»

«Справа патрыетаў» — гэта паўтор той сітуацыі ўжо ў ХХІ стагоддзі.

Шмат у чым, дзякуючы гэтай неверагодна мужнай і прыгожай жанчыне патрыеты апынуліся на волі. З Нінай Шыдлоўскай «Новы Час» сустрэўся праз некалькі дзен пасля вызвалення хлопцаў, каб пагаварыць пра тое, навошта яна ўвязалася ў гэту бойку, што яе натхняла, а што бянтэжыла.

Пасля таго, як усе патрыеты апынуліся на волі, Наста Дашкевіч напісала на сваей старонцы ў Фэйсбуку: «Усе дома. Усе шчаслівыя. І я ведаю тую, хто шчаслівая болей за ўсіх! Ніна, ты арганізавала людзей, падтрымку, кампанію салідарнасці, перамагаючы слезы свае і блізкіх! Ты дэманстравала неверагодную моц духа, нягледзячы на паўсюдную стому. Такая крохкая і заўсёдна жартаўлівая жанчына, што ўступілася за некалькі дзясяткаў хлапцоў і іх родных! Дзякуй табе ад усіх нас! Ты — прыклад мужнасці, хараства, прафесіяналізму і цудоўнага пачуцця гумару!»

— Ніна, сапраўды, без цябе хлопцы маглі б атрымаць рэальныя тэрміны. Коштам уласнага здароўя і часу, ты зрабіла шмат, каб зламаць распрацаваны некім сцэнар. Але навошта табе гэта было трэба? Навошта было браць на сябе цяжар змагання за ўсіх?

— Іначай быць не магло. У мяне не было нават часу на роздум. І сення, калі я задаю сабе пытанне, ці рабіла б усе гэта зноў, ведаючы ўжо ўсе, што было, пра ўсе падводныя камяні, з якімі сутыкнулася, адказваю сабе: рабіла б.

Я цудоўна асэнсоўвала: будуць спрабаваць дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, грамадскія арганізацыі таксама будуць дапамагаць, але, зноў жа, сегментарна (сярод затрыманых частка людзей з «Маладога фронту», частка былых легіянераў, частка наогул не належыць ні да якіх арганізацый). Была небяспека, што на фоне масавых затрыманняў «справа патрыетаў» проста згубіцца.

Асэнсаванне сур’езнасці небяспекі прыйшло пасля той фэйкавай улеткі (18 сакавіка ў сацыяльных сетках разышлася фэйкавая ўлетка нібыта ад імя «Белага легіену» з заклікам да гвалтоўнай змены дзяржаўнага ладу. — рэд). Асэнсаванне, што гэта рэальная небяспека зусім іншага ўзроўню. Я не ведала канечне, што рыхтуецца, нават уявіць не магла такога сцэнару, але было проста кожнай клетачкай адчуванне: гэтым разам сітуацыя значна страшней і горш.

Суадносіла, што адбываецца, з сацыяльнай і палітычнай сітуацыяй. Бачыла, што людзей збіраюцца выкарыстаць у палітычнай гульні. І адчувала, што магу дапамагчы. Алгарытм дзеянняў адразу ўзнік у галаве. Першае, што было патрэбна, — публічнасць, шырокі розгалас. Другое — наладзіць сувязь паміж тымі, хто праяўляў ініцыятыву і дапамагаў, паміж сваякамі затрыманых. Трэцяе — інфармаванне міжнароднай супольнасці. Каб усю энергію і высілкі сканцэнтраваць і накіраваць на дапамогу хлопцам.

— Што давала сілы?

— Найперш сілу давала абсалютная перакананасць у невінаватасці затрыманых. А яшчэ эмацыйны напал, сумесь абурэння і нейкай любові ў чыстым выглядзі да тых добрых людзей, якія патрапілі ў страшную рэпрэсіўную машыну. Я — мабыць першы раз у жыцці — зразумела, як маглі сябе адчуваць людзі ў 1937-м. «Справа патрыетаў» — гэта паўтор той сітуацыі ўжо ў ХХІ стагоддзі.

Трэба было як мага грамчэй заявіць, што бяда прыйшла, і нам усім супольна трэба ратаваць не толькі гэтых канкрэтных людзей, але нас усіх. Сітуацыя паказала, што любы чалавек можа трапіць пад рэпрэсіўную машыну, і не можа быць нават намеку на справядлівасць ці законнасць.

— Ты сказала пра падводныя камяні… Што мелася на ўвазе?

— Калі сутыкаешся з падобнай сітуацыяй, то ведаеш: есць, так бы мовіць, ворагі, тыя, хто робіць зло, ты ад іх апрыеры не чакаеш нічога добрага. Але калі нешта падобнае робяць людзі са стану сваіх… Гэта выклікае найбольшае неразуменне. У мяне тады не было часу ацэньваць словы, учынкі, бяздзеянне тых ці іншых. Я проста сабе такія факты канстатавала. Зараз не час яшчэ гаварыць шмат пра якія дэталі. Магу толькі сказаць: хай сабе і не самым танным коштам, але мне ўласна за гэты час сталі больш яснымі шмат якія моманты ў дзейнасці некаторых людзей і арганізацый.

— Ты маеш на ўвазе кагосьці канкрэтнага?

— Я вельмі чакала, што змагу на сто адсоткаў абаперціся на нашы праваабарончыя арганізацыі. Таму што сітуацыя абсалютна відавочная: людзей выкарыстоўваюць у палітычнай гульні, гэта палітычная замова, прытым нават не да канца зразумела, ці ўласна нашай дзяржавы. І, з аднаго боку, канечне, вялікі дзякуй той жа «Вясне», якая дала памяшканне для правядзення прэс-канферэнцыі, дапамагала кансультацыямі і не толькі мне, і сваякам.

А, з іншага, моцна здзівіла нежаданне, нават супраціўленне таму, каб адназначна заявіць: людзі затрыманыя па палітычных прычынах. Адсылкі да нейкіх крытэраў у дадзенай сітуацыі — зручнае прыкрыцце, на маю думку. Заўседы есць магчымасць, так бы мовіць, індывідуальнага падыходу. І абурыла, што знаходзіліся тыя, хто дапускаў выказванні: маўляў, дыму без агню не бывае… Было цяжка растлумачыць гэта сваякам затрыманых. Я сама не магла гэта зразумець і тады, і зараз. Мне падаецца, каб ацэнка з боку праваабаронцаў была ад пачатку адназначнай і агучана адразу, то хлопцы б маглі выйсці раней.

— А што палітычныя лідары, ці была ад іх нейкая падтрымка?

— А я не ведаю, можа і была, можа хтосьці з іх пісаў лісты хлопцам, можа хтосьці яшчэ што добрае рабіў. Ведаю толькі, што на самым пачатку Мікалай Статкевіч звярнуўся асабіста да Ангелы Меркель з просьбай узяць пад увагу гэту справу. І ўсе.

— То бок ніхто больш з партыйных лідараў асабіста табе дапамогу не прапаноўваў?

— Не. Можа напачатку быў не зусім зразумелы мой статус (вядома, што я былая жонка Міраслава Лазоўскага). Але са згоды сваякоў затрыманых я хутка публічна акрэсліла свой статус як грамадскага прадстаўніка сем’яў. І тут ужо была не Ніна Шыдлоўская, якая персанальна за кагосьці перажывае, а прадстаўнік усіх затрыманых. Але ніхто не выходзіў на мяне. Ніхто не звяртаўся ні з прапановамі, ні з парадамі, ні тым больш з дапамогай. Наколькі я ведаю, ніхто нічога падобнага не прапаноўваў і сваякам затрыманых наўпрост. А вось інтэлектуальная эліта, грамадскі сектар зрэагавалі адразу і адназначна, уключыўшыся ў нашу кампанію «Патрыет — не злачынца».

— З чым, на твой погляд, звязана такая пазіцыя большасці лідараў апазіцыі?

— У мяне такое ўражанне, што шмат у каго дасюль застаецца боязь хоць неяк датыкнуцца да гэтай справы. Я не магу гэтага зразумець. Калі напрыканцы 1990-х дапамога ад тады дзеючага «Белага легіена» была патрэбная, ніхто нічога не апасаўся. А зараз… Ці гэта з-за правілаў гульні, якія задаюцца нашай уладай, і мала хто з палітычнага ці грамадскага сектару здольны падысці да краю «зоны вольнасці». Страх? Абыякавасць? Не ведаю. Я нават зараз не гатова даць гэтаму ацэнку. Проста канстатую.

Затое і пералік тых, хто разам са мной змагаўся за патрыетаў, таксама вялікі. Я б дужа хацела назваць кожнага і падзякаваць. Але спіс вялікі, таму зараз толькі некаторых назаву, без чыей дапамогі было б немагчыма. Найперш, Наста Дашкевіч, Алесь Кіркевіч, Павел Юхневіч, Ганна Шапуцька, Зміцер Сасноўскі, усе мае калегі па «Бацькаўшчыне» і Саюзу пісьменнікаў. Суполцы «BY_help» дзякуй асобны. Неверагодна спрацавалі!

А яшчэ быў цэлы шквал падтрымкі ад людзей, якія часам нават не называліся і нават не ведалі затрыманых асабіста. І гэта давала неверагодныя сілы і мне, і сваякам перажыць бяду.

Дарэчы, за ўвесь час мне не даводзілася пабачыць хоць кагосьці, хто б паверыў таму шальмаванню патрыетаў, якое пайшло праз БТ і СБ. Мне здаецца людзі ўсе ж пачалі думаць. Да шмат каго нарэшце дайшло: не важна, як ты жывеш, чым ты займаешся, наколькі трымаешся законаў, калі будзе замова, рэпрэсіўная машына можа цябе зачапіць і раздавіць.

Я вельмі ўдзячная незалежным медыя, якія адгукаліся на мае прапановы, ды і самі шукалі нагоду, каб расказваць пра затрыманых. Бо хлопцы — не медыйныя персоны, пра іх было мала што вядома. А публікацыі дапамагалі фармаваць справядлівае меркаванне і пра «справу патрыетаў» і пра саміх затрыманых.

— Што для цябе было самым цяжкім падчас гэтых месяцаў?

— Мяне вельмі непакоіла, што маглі вырабляць з псіхікай затрыманых. Бо як могуць уздзейнічаць сілавыя структуры на людзей, я ведаю. Тым больш, калі задумана такая гучная справа, а пад яе не існуе пераканаўчых доказаў. Было зразумела, што будуць спрабаваць атрымаць ад хлопцаў хоць што-небудзь любымі спосабамі. А інфармацыі пра гэта не было, і дапамагчы там затрыманым я не магла. Гэта было, бадай, самым цяжкім.

На пачатку таксама было складана працаваць з некаторымі сваякамі, цяжка растлумачыць, чаму нельга маўчаць, чаму трэба рабіць усе супольна і публічна.

А на сення самае цяжкае — што справа не спыненая, абвінавачванні з 16-ці чалавек не знятыя. Так, хлопцы зараз па сваіх хатах, гэта цудоўна. Але, як далей будзе ісці гэта палітычная гульня, ад чыйго настрою, загаду і бачання выгады будзе залежыць лес гэтых людзей, мы не ведаем. Хлопцы сталі закладнікамі ў эканамічна-палітычнай гульні пад назвай «Беларусь паміж Усходам і Захадам». Тое, што зараз адбываецца, мне вельмі нагадвае падзеі 2010 года. Тады Беларусь максімальна пачала кантактаваць з Захадам, але пасля дасюль не зразумелых і алагічных падзей на Плошчы быў зроблены разварот у супрацьлеглы бок. І зараз, як толькі зноў пачалі цяплець стасункі з Захадам, з’явілася «справа патрыетаў».

Не ведаю, ці гэта спецслужбы расійскія, ці гэта нашы пастараліся, але зноў пачаліся спробы сапсаваць кволыя парасткі дыялогавых механізмаў. Гульня працягваецца. Скончыцца сесія ПА АБСЕ, і як далей будуць разыгрываць партыю лесаў людзей, пакуль не вядома.

Таму вельмі важна, каб увага міжнародных структур да справы патрыетаў не аслабла. Я вельмі ўдзячная і дыпламатычнаму корпусу, і міжнародным структурам, якія працуюць у Беларусі, за цікаваць да справы патрыетаў, за жаданне дапамагчы ў яе вырашэнні. Але — яшчэ раз падкрэслю! — з вызваленнем хлопцаў нічога не скончылася. Гэта толькі перадых. Я б сказала, нават, гэта толькі пачатак. Нельга губляць пільнасць і расслабляцца.

Трэба найперш звяртаць увагу на тое, што справа па артыкуле 287 не спыненая. Патрабаванне пра зняцце абвінавачванняў з усіх фігурантаў павінна гучаць на ўсіх узроўнях. На ўзроўні міжнародных структур, палітычных і грамадскіх арганізацый, а таксама на звычайным людскім узроўні.

Пакуль гэта не адбылося, чужая і страшная гульня працягваецца. І ў такую гульню могуць уцягнуць любога. Ад таго, каб трапіць пад кола рэпрэсій, сёння ніхто не застрахаваны. Хоць мы жывём ужо ў 2017 годзе, а не ў 1937-м.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]