Пакуль дакладна можна сказаць толькі адно - гэтых унівэрсытэтаў было ня менш за два.
У часы Скарыны ўнівэрсытэты ў Эўропе былі каталіцкімі — гэта значыць знаходзіліся пад кантролем Каталіцкай царквы і непасрэдна мясцовага герарха, пiша «Радыё Свабода».
Факультэтаў, як правіла, было чатыры. Асноўныя — тэалягічны, юрыдычны і мэдычны. Перш чым паступіць на іх, трэба было скончыць факультэт свабодных мастацтваў (або навук) са ступеньню бакаляўра. На гэтым факультэце спачатку вывучалі «трывіюм» — граматыку, рыторыку і лёгіку, а пасьля «квадрыюм» — арытмэтыку, геамэтрыю, астраномію і музыку.
Мы ведаем, што ў канцы 1506 году Францішак Скарына разам зь некалькімі сваімі землякамі, у тым ліку Венцэславам са Слуцку, атрымаў у Кракаве ступень бакаляўра. А дзе ён вучыўся на мэдычным факультэце — ня ведаем, як і ня ведаем дакладна, дзе ён знаходзіўся наступныя шэсьць гадоў.
Увосень 1512 году, калі Скарына прыехаў у Падую здаваць экзамэн на званьне доктара мэдыцыны, ён ужо мусіў недзе скончыць мэдычны факультэт і атрымаць ступень магістра. Да таго ж у дакумэнтах Падуанскага ўнівэрсытэту Скарына названы доктарам свабодных навук і прафэсарам.
Так што за тыя шэсьць гадоў, пра якія мы пакуль нічога ня ведаем дакладна (1506-1512), Скарына пасьпеў стаць лекарам, пачаў лячыць людзей, а таксама зрабіўся доктарам свабодных навук і нават прафэсарам.
Улічваючы, што мовай выкладаньня ўсюды была лаціна, Скарына мог скончыць адзін з унівэрсытэтаў Нямеччыны, мог вучыцца ў Вене, Празе або (пра гэта загаварылі апошнім часам) у Капэнгагене — там якраз чвэрць стагодзьдзя перад магчымым прыездам туды Скарыны, а менавіта ў 1479 годзе, дацкі кароль Крыстыян І заснаваў унівэрсытэт.
У адным з Падуанскіх дакумэнтаў нашага асьветніка называюць «secretarii regis Datiae». Была гэта Дакія (Румынія) або Данія, пакуль дакладна невядома. Але развагі пра магчымую дацкую мэдычную адукацыю Скарыны, на жаль, ня маюць пад сабой падстаў, бо мэдычны факультэт у Капэнгагенскім унівэрсытэце зьявіўся толькі ў 1788 годзе.
Так што колькі дакладна ўнівэрсытэтаў скончыў Скарына мы ня ведаем. Наперадзе дасьледчыкаў чакаюць новыя адкрыцьці.
Пакуль дакладна можна сказаць толькі адно — гэтых унівэрсытэтаў было ня менш за два. А можа і болей.