Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзевяць спосабаў, як правесцi лета ў Беларусi

20.07.2017 общество
Дзевяць спосабаў, як правесцi лета ў Беларусi

Гайд па цікавых падзеях ліпеня і жніўня.

Сабралі аскепкі сваіх мараў пра цікавае лета і склалі з іх гайд па цікавых падзеях ліпеня і жніўня. Сёлета ты паспееш і паваланцёрыць, і кіно паглядзець, і музыку паслухаць, і патанчыць як чорт. Чытай наш гайд, каб зарыентавацца, пiша 34mag.net.

TheatreHD

Праект TheatreHD палюбіўся нам за магчымасць паглядзець спектаклі вядомых ва ўсім свеце тэатраў і опер у якасных запісах і анлайн. Вельмі зручна: можна схадзіць у «Цэнтральны», а пасля з выглядам знаўцы распавядаць пра мастацкія дасягненні Metropolitan Opera. Зараз такое паўторыцца з жывапісам: каманда TheatreHD ладзіць новы праект, які і перанясе цябе ў музейную залю, і дасць падгледзець за жыццём знакамітых мастакоў: у «Цэнтральным» і Falcon Club будуць паказваць дакументалкі і буйнейшыя выставы (таксама на кінаэкране).

Вялікія планы і HD-здымка дазволяць палашчыць позіркам самыя патаемныя мясціны карцін – і ўсё гэта без адрыву ад радзімы і вялікіх фінансавых выдаткаў. Гою ўжо паказалі, але на Мікеланджэла 23 ліпеня ты яшчэ паспееш. А за ім – і Рэнуар, і Манэ (той, які Клод), і рускі авангард!

Дзе: Менск, кінатэатр «Цэнтральны»

Калі: да канца лістапада

Freaky Summer Party

Нечакана, але фэст, у назве якога ёсць слова «паці», часам можа быць сур'ёзным. Сёлета блок EDUTAINMENT уключае 7 лекцый на розныя тэмы – ад бізнэсу да ўрбаністыкі і медыя. Шукай на сайце поўны спіс адукацыйных мерапрыемстваў.

Уваход на FSP платны. Пасля 21 ліпеня квіткі няхіла падаражаюць, таму не спі ў шапку!

Дзе: Менск, урбан-парк Dreamland

Калі: 29–30 ліпеня

Белкіналета

Дворык Нацыянальнага гістарычнага музея на Маркса – вось дзе зараз віруе сінефільскае жыццё. Лета ў Беларусі мо і не наступіла, а вось «Белкіналета» дакладна здарылася.

Аматары кіно ўжо не першы год сочаць за камандай Cinema Perpetuum Mobile і іх праектам. У гэтым годзе СРМ падрыхтаваў праграму, якая дазволіць паглыбіцца ў беларускую дакументалістыку і асаблівасці сацыяльнага кіно (будзе і вечар на гендарную тэматыку).

Паглядзець поўную праграму можна тут.

Уваход вольны.

Дзе: Менск, Нацыянальны гістарычны музей (К. Маркса, 12)

Калі: ліпень–жнівень

Археалагічны летнік у Крэўскім замку

З дзяцінства марыш пабываць на раскопках, сустрэць аўтэнтычнага беларускага прывіда і паспаць у намёце на гістарычна знакавай зямлі? Гэты летнік можа задаволіць самых неўтаймаваных рамантыкаў.

Дадамо да рамантыкі трошкі фактуры. Летнік запрашае валанцёраў і валанцёрак для пашукова-гістарычнай працы ў Крэве. Жыць прыйдзецца ў намётах (аргі патрабуюць браць з сабой спальнікі). Прадастаўляецца ежа і магчымасць пазнаёміцца з крэўскай лазняй. Тут можна знайсці анкету на ўдзел і спіс рэчаў, якія давядзецца захапіць.

Дзе: а/г Крэва, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць

Калі: 17–30 ліпеня (далучыцца можна ў любы час і на любую працягласць работ)

Валанцёрскі фэст

Калі ты хочаш валанцёрыць, але пакуль не наважваешся глыбока нырнуць у гэтую тэму, то «Валанцёрскі фэст» – найлепшы варыянт. Запаўняеш анкету, абіраеш арганізацыю, якой хочаш дапамагчы, – і спрабуеш рабіць гэта цягам 5 гадзін. Не вельмі складаны чэлендж, які дазваляе выявіць сур’ёзнасць намераў і шырыню магчымасцяў.

Інфа пра арганізацыі, у якіх можна паспрабаваць свае дабрачынныя сілы, ёсць у анкеце на ўдзел. Ад фестывалю DOTYK да галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Больш інфы тут.

Дзе: Менск, Культурны цэнтр «КОРПУС», (пр-т Машэрава, 9)

Калі: 11 жніўня

А-fest

Сярод хэдлайнераў музычнага фэсту ў Лошыцы – Марыя Чайкоўская, Джон Ньюман (гэта ён спявае на папулярных радыёхвалях сваё «Love me again»), Akute і джаз-бэнд De-Phazz.

Акрамя праслухоўвання музыкі, ёсць і іншыя магчымыя актыўнасці: аўдыяфлэшмоб, паласа перашкод, гонкі на бочках і «забавы розных эпох – ад рэтра-забаваў да сучасных гульняў».

У гэтым годзе арганізатары абяцаюць выправіць мінулыя факапы: фуд-корт стане большым, піва будуць наліваць хутчэй, а чэргі да прыбіральняў зменшацца.

Уваход вольны.

Дзе: Менск, Лошыцкі парк (пр-т Чыжэўскіх, 10)

Калі: 12 жніўня

Mirum Music Festival

У гэтым годзе ў лайнапе – Рэспубліка Паліна і Jamala. Поўнага спіса музыкаў пакуль няма – на гэты час вядома пра ўдзел вышэйназваных, а таксама 1/2 Orchestra, БХЦ і Ishome. Можа, у бліжэйшы час аргі раскрыюць яшчэ некалі цікавых імёнаў, але, уласна, і гэты спіс ужо спакушае глянуць на квіточкі, якія абыдуцца ў 31,50 BYN.

Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласць

Калі: 19 жніўня

Open Air CINEMА

Кінавідэапракат вырашыў зладзіць бясплатныя кінапаказы ў Верхнім горадзе – і мы гэта вельмі ўхваляем. Першыя два паказы ўжо прайшлі, але Кінавідэапракат абяцае, што яны не апошнія – сінефільская радасць працягнецца ажно да восені. Сачы за навінамі Кінавідэапраката, каб не прапусціць анонсы.

Дзе: Верхні горад

Калі: ліпень–жнівень

Vulica Brasil

Бразільска-беларускі фестываль стрыт-арту Vulica Brasil не патрабуе шмат словаў – пра яго маўкліва распавядуць муралы Кастрычніцкай вуліцы.

А вось пра валанцёрства дакладна трэба трошкі сказаць. Фэст шукае людзей з рознымі магчымасцямі і кампетэнцыямі. Смела пазначай іх у валанцёрскай анкеце. Дапаможаш зладзіць цудоўную падзею, адчуеш сябе ў віры культурніцкага жыцця, пазнаёмішся з людзьмі – заўсёды цікава аказвацца па той бок вялікага івэнту. Усю праграму так проста не агучыш, лепей зірні

сам(-а).

Дзе: Менск

Калі: 17 жніўня – 3 верасня

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]