За 4,5 месяца актывiсты пераклалi 500 старонак складанага, насычанага спэцыяльнай тэрміналёгіяй тэксту.
Асьветніцкая ініцыятыва «Дзея» завяршыла пераклад на беларускую мову Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Праект ажыцьцёўлены ў супрацы з Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
«За 4,5 месяца ўдалося сабраць каманду з 70 чалавек і перакласьці 500 старонак складанага, насычанага спэцыяльнай тэрміналёгіяй тэксту, — адзначыла каардынатарка праекту Вераніка Мазуркевіч. — Мы ня проста пераклалі Грамадзянскі кодэкс. Такім чынам узьнятае пытаньне фактычнай адсутнасьці законаў на першай дзяржаўнай мове краіны.
У камэнтары для «Радыё Свабода» каардынатарка «Дзеі» Вераніка Мазуркевіч расказала, чаму для перакладу ўзяты найперш Грамадзянскі кодэкс:
«Ідэя нарадзілася яшчэ ў той час, калі я выкладала бізнэс-курс беларускай мовы, які арганізавала Асацыяцыя эўрапейскага бізнэсу. Тады ўзьніклі праблемы з тым, што няма зацьверджанай тэрміналёгіі для працоўных дамоваў, для стасункаў паміж юрыдычнымі асобамі. Не было нават з чым зьверыцца, бо заканадаўства па-беларуску ў гэтай галіне зусім не распрацаванае. Вырашылі пачаць менавіта з Грамадзянскага кодэксу, бо гэта закон, да якога маюць дачыненьне ўсе грамадзяне краіны. Тэкст даволі вялікі, але ўсё атрымалася зрабіць, бо знайшлося шмат неабыякавых людзей, якім было цікава паўдзельнічаць у ініцыятыве».
Пасьля заканчэньня працы Вераніка Мазуркевіч правяла апытаньне, каб даведацца, што насамрэч рухала добраахвотнікамі.
«Большасьць сказала, што гэта ў прынцыпе вельмі важна, бо можа зьмяніць сытуацыю з заканадаўчымі актамі ў іх беларускамоўнай вэрсіі. Але некаторыя сярод іншага называлі, прыкладам, жаданьне навучыцца карыстацца перакладніцкай плятформай. Або нарэшце ўдумліва пачытаць тэкст, да якога пры іншых абставінах не дайшлі б рукі. Або нават магчымасьць падцягнуць беларускую мову».
Цяпер «Дзея» шукае сродкі на прафэсійную рэдактуру выніковага тэксту беларускамоўнай вэрсіі Грамадзянскага кодэксу. Дзеля гэтага стартавала кампанія на «Талацэ».