Як у Пінску пасварылася спажывецкае таварыства з гандляром.
Пасьля двух гадоў судоў пінскі прадпрымальнік Аляксандар Гардзіевіч перамагае раённае спажывецкае таварыства («райПО», РСТ). Але праз спынены бізнэс паразу церпяць усе: само таварыства, прадпрымальнік, горад, пакупнікі, перадае «Радыё Свабода».
У 2000 годзе пінчук Аляксандар Гардзіевіч вырашыў паспрабаваць сябе ў бізнэсе. Былы афіцэр, ваяр-афганец, маёр запасу стаў прадпрымальнікам. Кіраўніцтва Пінскага раённага спажывецкага таварыства выдзеліла яму гандлёвую плошчу на рынку па Ленінградскай вуліцы. Аляксандар Гардзіевіч пабудаваў тут павільён, у якім гандляваў вопраткай і абуткам.
Праз два гады прадпрымальнік павялічыў сваю гандлёвую кропку і арандаваў у РСТ 58 квадратных мэтраў.
«Тады гандаль ішоў даволі добра. Людзі ахвотна наведваліся ў маю краму. У сваю чаргу я сумленна аплочваў падаткі, рахункі РСТ. Даваў працу некалькім чалавекам.
Праўда, я тады не асабліва зьвяртаў увагу, што з 2003 па канец 2014 году аплочваў арэнду за 75 квадратных мэтраў, хоць мой павільён займае 58. Зрэшты, памер арэнднай платы быў прымальны, у межах 80 даляраў».
Арэнда расьце, пакупнікоў меней
Але сытуацыя для прыватных гандляроў як у Пінску, гэтак і ўва ўсёй краіне пачала мяняцца. Указ № 285 забараніў ІП наймаць на працу асобаў, якія не зьяўляюцца для іх родзічамі. Аляксандар Гардзіевіч вымушана звольніў трох прадаўцоў і стаў працаваць сам.
Моцным ударам стала павелічэньне арэнднай платы.
Рахунак за арэнду пінскаму прадпрымальніку вырас за некалькі гадоў з 80 да 380 даляраў. Гардзіевіч не пагадзіўся:
«У 2008 годзе ў дамове з РСТ на арэнду гандлёвая плошча стала раптам гандлёвым месцам. Гэта вельмі істотна, бо плошча — проста кавалак асфальту. А месца — прадугледжвае наяўнасьць камунікацыяў, зручнасьцяў, адпаведна і цэны зусім іншыя. Я сам пабудаваў павільён, ён мой асабісты. У арэнду я браў толькі зямлю, на якой стаяла мая крама».
Анатоль Шумчанка, старшыня абʼяднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва», кажа, што ўласьнік досыць часта прымае аднабаковыя рашэньні на сваю карысьць:
«На жаль, такая сытуацыя вельмі характэрная для ўсёй краіны. Уласьнік, толькі каб умацаваць сваё матэрыяльнае становішча, зьмяняе дамовы, як яму больш выгадна і калі захоча. Часта ўмовы робяцца для арандатараў проста кабальныя. У гэтай галіне неабходна наводзіць парадак. Дамовы павінны быць доўгатэрміновыя: заключацца і дзейнічаць бязь зьменаў, пакуль прадпрымальнік працуе. А ў нас дыктуюцца ўмовы, выгадныя ўласьніку, а калі прадпрымальніку гэта не падабаецца, яго могуць проста выкінуць з месца».
Для мяне гэты чалавек памерлы, — бухгальтар РСТ
Аляксандар Гардзіевіч паспрабаваў адстаяць сваё права на «плошчу»:
«Я папрасіў Тацьцяну Боміхаву, бухгальтарку РСТ, патлумачыць, у чым рэч. Але мне ў вочы было сказана, маўляў, калі мала, то каштарыс яшчэ больш павялічаць. Так і адбылося. У наступным месяцы мне выставілі рахунак за арэнду на мільён большы».
Паводле Аляксандра Гардзіевіча, жанчына вельмі эмацыйна рэагавала на ягоныя заўвагі і патрабаваньні, не жадала ісьці на саступкі. Тацьцяна Боміхава, бухгальтарка Пінскага РСТ, не пажадала патлумачыць акалічнасьці справы і абгрунтаваць свае пераразьлікі і карэспандэнту Радыё Свабода:
«Я не хачу нешта камэнтаваць. Прыходзьце да нашага юрыста альбо зьвяртайцеся ва ўсе судовыя інстанцыі, там цэлыя стосы справаў на Гардзіевіча, і адтуль можаце выцягнуць інфармацыю. Бо для мяне гэты чалавек памерлы, таму вы можаце пісаць што заўгодна».
Замест рынку — у суд
Гардзіевіч спыніў гандаль, але працягнуў барацьбу за «плошчу».
«Пры канцы 2014 году я пастанавіў зачыніць павільён. Бачыў, што РСТ ня мае намеру пайсьці насустрач. Было сказана, што пераразьлікаў ніхто ня будзе рабіць, таму я ў адказ перастаў аплочваць рахункі за арэнду, што мне выстаўляла РСТ. Аплочваў толькі вываз сьмецьця ды электраэнэргію, каб ня мець праблемаў з камунальнікамі ды энэргетыкамі. Але спрабаваў пераканаць кіраўніцтва спажывецкага таварыства правесьці пераразьлік арэнднай платы, а таксама патрабаваў, каб у дамове „арэнднае месца“ было заменена на „арэндную плошчу“».
Праз год зьмянілася кіраўніцтва РСТ.
«У канцы 2015 году РСТ узначаліў Аляксандар Селюжыцкі. Я тады прыйшоў да яго на асабістую сустрэчу ды папрасіў нармальна ўрэгуляваць спрэчныя пытаньні. Але ў адказ прагучала, што спрэчку вырашыць суд. І ў выніку амаль два гады цягнуліся гэтыя суды».
РСТ у позьве ў суд патрабавала ўжо ня толькі спагнаць з Гардзіевіча запазычанасьць за ўсю плошчу як за за «гандлёвае месца», але і само «месца» — павільён — дэмантаваць. У адказ Гардзіевіч паскардзіўся ў пракуратуру і аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.
Суд быў прыпынены. Праверка цягнулася год. Гандаль ня вёўся, РСТ не атрымлівала платы, горад — падаткаў. Але на гэтым этапе РСТ перамагло — у задавальненьні скаргаў Гардзіевічу адмовілі. Справу разглядаў Берасьцейскі гаспадарчы суд, які прызнаў «плошчу» «месцам» і пастанавіў спагнаць каля 10 тысячаў даляраў.
Гардзіевіч ня думаў капітуляваць:
«Я склаў касацыйную скаргу, сабраў дадатковыя дакумэнты і змагаўся за свае правы далей. У выніку 27 чэрвеня сёлета чарговы суд у Берасьці, гэтым разам з удзелам судзьдзі Дземʼянюк, прыняў адваротнае рашэньне. Суд прыняў да ўвагі, што паміж мною і РСТ не была падпісаная ў адпаведнай форме дамова арэнды аб месцы і плошчы гандлёвага месца. Высьветлілася іншае парушэньне: дамова на арэнду ў канцы 2012 году наагул была сфальсыфікаваная РСТ. Я ня ставіў подпісаў, а дату дамовы замазалі бялілам і паправілі, што высьветліла экспэртыза. Суд стаў на мой бок, а РСТ адмоўлена ў спагнаньні зь мяне вялізнай сумы грошай».
РСТ не здаецца
Аляксандар Селюжыцкі, старшыня праўленьня Пінскага раённага спажывецкага таварыства, сказаў у інтэрвію Свабодзе, што справа ня скончаная:
«Я прапаноўваў Гардзіевічу розныя варыянты разьвязаньня сытуацыі. Казаў, каб заплаціў ды гандляваў далей. А тое, што некалі было, усё ж мае тэрміны даўнасьці. Пагатоў, калі я прыйшоў на гэтую пасаду, суды ўжо цягнуліся і цяпер працягваюцца. А тое, што там 58 квадратаў ці 75 — гэта ўсё неістотна. Таму я тут асабліва сказаць нічога не магу. Суды будуць працягвацца нягледзячы на тое, што і апошні суд стаў на бок Гардзіевіча».
У Берасьці адмовіліся прыняць касацыйную скаргу ад РСТ, але пінскія каапэратары не здаюцца. У юрыдычным аддзеле РСТ карэспандэнту Свабоды сказалі, што сваю праўду зараз будуць шукаць у Менску:
«Наша пазыцыя палягае ў тым, што мы патрабуем спагнаць зь яго запазычанасьць за арэнду з 2015 году і цяпер жадаем, каб ягоны павільён быў дэмантаваны. Але бачым, што судзьдзі штораз займаюць адваротную пазыцыю. Мяркуем, справа канчаткова будзе вырашацца ў Вярхоўным судзе Беларусі».
Рынак арэнды: спрэчак у Беларусі практычна няма
Сёньня спрэчак паміж арандатарам і ўласьнікам у Беларусі практычна няма. Пытаньні досыць дасканала прапісаныя ў заканадаўстве, канфлікты звычайна вырашаюцца бакамі мірна да суду. Пры гэтым на рынку арэнды яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў сытуацыя была іншая, кажа Ўладзімер Мазалаў, старшыня ГА «Берасьцейскі саюз прадпрымальнікаў».
«Раней пры выканкамах існавалі камісіі, якія дапамагалі разьвязваць спрэчныя пытаньні арэнды. Але апошнія два гады зваротаў не было. Гэта пытаньні субʼектаў гаспадараньня. І сёньня існуе разуменьне, што не аплочваць арэнду нельга. Ёсьць дамова, гэта ўсё рэгулюецца грамадзянскім кодэксам. У дамове ўсё дакладна прапісваецца. Калі нехта не жадае працаваць на рынку, павінен ануляваць падпісаныя дакумэнты».
Анатоль Шумчанка, старшыня абʼяднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва», зьвяртае ўвагу, што сёньня вельмі рэдкія выпадкі, калі суды становяцца на бок прадпрымальнкаў:
«Рэч у тым, што паміж бакамі была падпісаная дамова згодна Грамадзянскага кодэксу, дамову патрэбна выконваць, яна мусіць быць законнай і павінна адпавядаць інтарэсам абодвух бакоў. Але гэта сьведчыць, што за свае правы варта змагацца і адстойваць сваю пазыцыю. Гэта вельмі добры прыклад».
Залатая спрэчка
Вынікі спрэчкі паміж прадпрымальнікам і РСТ прыблізна ацэньваюцца так:
Гардзіевіч — не зарабіў больш за 10 тысяч даляраў.
РСТ — не атрымала каля дзесяці тысяч даляраў за арэнду 58 м².
Горад Пінск — не атрымаў 6 тысяч даляраў падаткаў.
Органы пракуратуры, суду і іншыя патрацілі 4064 чалавека-дні на разбор скаргаў.
За страчаныя грошы можна было купіць 29 тройскіх унцый золата (каля 900 грамаў) і пакрыць ім гэтую плошчу ў 17 м² слоем у 0,847 мілімэтраў.