Яшчэ адна таямнiца беларускага першадрукара.
500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю, пiша Сяргей Абламейка для «Радыё Свабода».
Раней некаторыя навукоўцы лічылі, што Скарына сам ствараў гравюры для сваіх кніг. Сёньня ўжо вядома, што гравюры да Бібліі Скарыны рабілі чэскія і нямецкія майстры, якіх ён наймаў і якім даваў непасрэдныя заданьні.
Зьмясьціў у Бібліі два сваіх партрэты
Навукоўцы даўно падазравалі, што ў Бібліі ёсьць не адзін партрэт Скарыны. Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі прафэсар Кіеўскага ўнівэрсытэту Пётар Уладзіміраў пісаў, што на каляровай ілюстрацыі ў Кнізе Прамудрасьці Божай пад назвай «Бласлаўленьне» ў вобразе апостала Яна, які моліцца да Хрыста, можа быць выяўлены сам Скарына.
Беларускі мастацтвазнавец Мікола Шчакаціхін лічыў, што на гравюры «Бласлаўленьне» выяўлены цар Салямон. Але гэты біблейны пэрсанаж заўсёды маляваўся ў царскім аблачэньні. Малады ж чалавек на гравюры апрануты ў чырвоную доктарскую мантыю часоў Скарыны — чырвоны колер у тыя часы быў адзнакай вучонасьці.
Таму ідэю, што гэта сам малады Скарына ў доктарскай мантыі, падтрымлівалі і беларускія мастацтвазнаўцы Лявон Баразна і Віктар Шматаў.
Да іх думкі летам 2017 году далучыўся і чэскі гісторык-скарыназнавец Пэтр Войт. І вось якраз з працамі Пятра Войта і зьвязаныя новыя адкрыцьці ў вывучэньні Скарынаўскіх ілюстрацый. Як аказалася, Скарына зьмясьціў у Бібліі ня толькі два свае партрэты.
За выявамі біблейных пэрсанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асобаў
Беларускі асьветнік стаў другім чалавекам у сьвеце пасьля нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра, хто за выявамі кніжных пэрсанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асобаў.
Выявы людзей на кніжных ілюстрацыях у часы Скарыны былі тыпізаваныя, ня мелі пэрсанальных адрозьненьняў і былі ўсе падобныя паміж сабой. У Скарыны ж, як заўважылі навукоўцы, выявы маюць рэзка індывідуальныя рысы — яны ўсе адрозьніваюцца адна адной.
У Пятра Войта зьявілася падазрэньне, што за выявамі біблейных пэрсанажаў у кнігах Скарыны стаяць рэальныя гістарычныя асобы. Такія выявы называюць крыптапартрэтамі, бо яны не падпісаныя. Войт стаў больш пільна вывучаць некаторыя Скрынаўскія ілюстрацыі і сапраўды здолеў ідэнтыфікаваць каля дзесяці тагачасных гістарычных дзячаў.
Сярод іх чэскі кароль XV стагодзьдзя Іржы з Падэбрад, кароль і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары, чэскія каралі з дынастыі Ягайлавічаў Людвік і Ўладзіслаў ІІ, папа рымскі Юлій ІІ, чэская каралева Ганна дэ Фуа — жонка Ўладзіслава ІІ Ягайлавіча і т.д. На думку гісторыка, Скарына мог рабіць гэта на знак падзякі за дапамогу або апекаваньне.
Чэскія каралі Людвіг Ягайлавіч (зьлева) і Іржы з Падэбрад (справа) пад сваімі біблейнымі крыптапартрэтамі. Каляж Пятра Войта.Пэтр Войт лічыць, што ў будучым трэба стварыць міжнародны калектыў гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, які зрабіў бы параўнаньне герояў усіх скарынаўскіх ілюстрацый зь вядомымі выявамі тагачасных гістарычных асобаў.
Мог зашыфраваць партрэты арыстакратаў ВКЛ і сваіх сваякоў
Але ёсьць у справе ідэнтыфікацыі прататыпаў на гравюрах нашай першай друкаванай Бібліі і чыста беларускі аспэкт. Навукоўцы ўжо даўно заўважылі, што на некаторых малюнках у Бібліі Скарыны можна бачыць гербы тагачасных беларускіх дзяржаўных і вайсковых дзеячаў. У прыватнасьці на гравюры «Людзі Ізраілевы з палкамі каля Храму Божага» з тытульнага ліста Кнігі «Лічбы» (1519) гісторык Генадзь Лебедзеў ідэнтыфікаваў гербы Радзівілаў, Гаштольдаў і Астроскіх.
Тытульны ліст Кнігі Лічбаў. Гравюра "Людзі Ізраілевы з палкамі каля Храму Божага". У верхнім шэрагу на сьцяжках рыцараў гербы Радзівілаў, Гаштольдаў і Астроскіх. Ніжэй відаць герб Скарыны і чорны двухгаловы арол — герб Сьвятой Рымскай імпэрыі.