Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Тысячы людзей будуць бараніць незалежнасць Беларусі, нават са зброяй у руках»

28.07.2017 политика
«Тысячы людзей будуць бараніць незалежнасць Беларусі, нават са зброяй у руках»

Сітуацыя ў Беларусі цяпер падобная да краінаў Балтыі.

Беларусы адсвяткавалі Дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэта адбылося 27 ліпеня 1990 года. Старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў, у той час дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання, добра памятае тыя падзеі. Ён удзельнічаў у іх як сябра фракцыі Беларускага Народнага Фронту. Ён падзяліўся сваімі меркаваннямі і ўспамінамі ў інтэрв’ю «Радыё Рацыя».

- У Беларусі адзначаецца некалькі Дзён Незалежнасці. Частка грамадства адзначае Дзень Волі, калі 25 сакавіка 1918 года была створаная Беларуская Народная Рэспубліка. Улады святкуюць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня, у гадавіну вызвалення Менску ад нямецка–фашысцскіх войскаў 3 ліпеня 1944 года. І вось 27 ліпеня, у гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет XII склікання прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Можна і іншыя даты прыгадаць. А якая для Вас галоўная, якую Вы святкуеце?

- Ну вядома 25 сакавіка, бо, калі б не было 25 сакавіка, не было б ні БССР, ніякіх далейшых Дэкларацый аб суверэнітэце, нават ці захаваліся б беларусы — вялікае пытанне.

Так што для любога патрыёта Беларусі асноўная, першая дата — 25 сакавіка. А 27 ліпеня — гэта чарговая дата, чарговы крок, даволі важны, але не апошні. Потым было 25 жніўня, праз год, калі гэтай Дэкларацыі быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону.

Потым было 8 снежня 1991 года, калі ў Белавежскай пушчы распусцілі Савецкі Саюз. Таму дата 27 ліпеня не самая асноўная ў нашым жыцці, але забываць пра яе не варта.

- 1990 год быў годам «параду суверэнітэтаў». Беларусь была не адзінай, не выключэннем.

- Наадварот, яна спазнялася. У Беларусі дэкларацыя была прынятая ўслед за Расеяй і Украінай. Беларусь ішла ў фарватары ўслед за гэтымі краінамі.

- І за Балтыйскімі краінамі.

- Балтыя ніякіх дэкларацый не прымала. Балтыя лічыла, што акупіравана Савецкім Саюзам. Вярхоўны Савет Літвы першым заявіў аб выхадзе з СССР. То бок Балтыя пайшла іншым шляхам. Ніякіх дэкларацый балтыйскія краіны не прымалі, а адразу прынялі рашэнне аб вяртанні сваёй незалежнасці, якая была ў іх да Другой сусветнай вайны 20 гадоў.

- А чаму ў Беларусі працэс набыцця суверэнітэту ішоў так павольна?

- Ён ішоў ва ўсіх рэспубліках павольна, за выключэннем краін Балтыі, якія былі акупіраваны ў 1940 годзе, гвалтоўна ўключаны ў СССР. Заходнія дзяржавы гэтага не прызнавалі ніколі. А астатнія рэспублікі стваралі СССР і яны ж яго распусцілі. І я б не сказаў, што гэты працэс ішоў павольна, нават у параўнанні з краінамі Балтыі. Афіцыйна Савецкі Саюз даў волю Балтыі ў пачатку верасня 1991 года, пасля путчу і праз некалькі месяцаў сам знік. Так што, розніца паміж нашай і літоўскай, напрыклад, поўнай незалежнасцю — 3 месяцы.

- А як гэтая падзея: прыняццё Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце адбывалася? Хто змагаўся за, а хто супраць. Вы ж памятаеце, як дэпутат Вярхоўнага Савета?

- Вядома я памятаю. Прыняць Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі апазіцыя настойвала адразу, як толькі Вярхоўны Савет XII склікання пачаў сваю працу: вясной 1990 года. А тым больш пра падобныя дэкларацыі гаварылі ўжо ў Расеі і ва Украіне.

Мы зрабілі свой праект, распаўсюдзілі яго. Спачатку, як заўжды, усе нашыя дакументы адкінулі, узялі ў штыкі. А тут дэкларацыі прынялі Расея, а потым Украіна.

Ну значыць, Мікалай Дземянцей, кіраўнік Вярхоўнага Савета, кажа: пара і нам прымаць. Ну і пачалі прымаць, за кожны пункт змагаліся. І потым, пад канец, атрымалася так, што каб Дэкларацыя была карыснай для наменклатурна–камуністычнай большасці, яны ўставілі пункт, што будзе падпісана новае саюзнае пагадненне.

Мы, апазіцыя, у знак пратэсту выйшлі з зала. А яны прынялі Дэкларацыю з гэтым пунктам. А потым мы з гэтых дэпутатаў моцна смяяліся: «Ну што, хлопцы, развалілі Савецкі Саюз! — Мы ж не развальвалі, гэта вы прагаласавалі за Дэкларацыю. — Мы за яе не галасавалі…»

Трэба адзначыць ролю Анатоля Вярцінскага, паэта і журналіста. Ён тады не выйшаў з зала. Застаўся і галасаваў. А потым прапанаваў зрабіць гэты дзень святочным. І дэпутацкая большасць на хвалі парыву зрабіла яго святочным, і ён такім заставаўся аж да рэферэндуму 1996 года.

- Можа зараз ёсць сэнс узнавіць гэта свята як дзяржаўнае?

- Я лічу, што гэтае свята павінна быць ва ўсіх дзяржаўных пераліках. Но я б яго не рабіў выходным днём. Для мяне гэта адметная дата, але для мяне яна не з’яўляецца такой выбітнай. Я лічу, што адзін Дзень Незалежнасці, у які не трэба працаваць, гэта толькі 25 сакавіка. Астатнія даты трэба памятаць.

У гэтыя дні трэба рабіць нейкія святочныя канцэрты, можа мерапрыемствы сярод моладзі. Канешне, гэты дзень моладзь павінна ведаць і памятаць. Дарэчы, ва ўсіх школьных падручніках гэта дата ўжо ёсць. Сённяшнія ўлады мусілі яе ўнесці, бо каб не гэты дзень, яны б ніколі не былі ўладамі.

- А як успрыняло абвяшчэнне суверэнітэту Беларусі кіраўніцтва былога Савецкага Саюза, Міхаіл Гарбачоў?

- Ён быў вельмі рады, што там быў запісаны пункт аб стварэнні новага саюза. Вельмі добра ўспрыняў.

У дэкларацыях аб суверэнітэце іншых рэспублік такога не было. Канешне, яму наша дэкларацыя спадабалася. Яна добра клалася ў рэчышча так званага Новаагароўскага працэсу. Праз год Гарбачоў спасылаўся на беларускую дэкларацыю, калі ініцыяваў стварэнне новага саюза.

Але тут адбыўся путч. Так што, жартуючы, я кажу, што адзін са стваральнікаў нашай незалежнасці гэта ГКЧП. За што яму вялікі дзякуй можна сказаць.

- Але і зараз шмат людзей усё ж працягваюць насталгіраваць па Савецкаму Саюзу.

- З кожным днём іх усё менш і менш. Яны проста паміраюць. Так што колькасць тых, для каго Беларусь з’яўляецца незалежнай з дзяцінства і іншай яны не ведаюць, з кожным днём нарастае.

Вось нядаўна 19–гадовая спартсменка, стоячы на п’едэстале, калі гімн не той, не беларускі уключылі, яна сышла з п’едэстала. Вось і адказ, як моладзь шануе незалежнасць. Мы можам з гэтым гімнам пагаджацца ці не пагаджацца, але гэта гімн незалежнай краіны. І маладая дзяўчына ўсяму свету паказала, як трэба любіць Беларусь. Вось самы просты адказ — што значыць незалежнасць для нашай моладзі.

Калі перафразаваць выказванне аднаго вядомага палітыка, значыць, незалежнасць Беларусі — гэта ўсур’ёз і надоўга. А можа, назаўсёды?

- Так. Тым больш, што калі будуць нейкія пагрозы незалежнасці, то тысячы і дзясяткі тысячы людзей будуць яе бараніць, нават са зброяй у руках. Бо незалежнасць такая рэч, да якой чалавек прывыкае і не забывае. Як у Балтыі.

Нават калі ў балтыйскіх краін адабралі незалежнасць узброеным шляхам, то ўсё роўна іх жыхары пра яе ніколі не забывалі. І нават у Савецкім Саюзе яны мелі нашмат больш прэферэнцый толькі таму, што раней былі незалежнымі. Ім дазвалялася і мовай карыстацца. І падаткі ім меншыя давалі. Нездарма туды ўсе ездзілі глядзець, як ім добра жывецца. А чаму? Таму што Савецкі Саюз баяўся іх былой незалежнасці.

- Але зараз дастаткова небяспечная сітуацыя. Расея пачала зноў спрабаваць сабраць так званы «рускі свет» ці прыхільнікаў «рускага свету». Наколькі гэта небяспечна?

- Расея зараз — гэта ўжо не Савецкі Саюз. Сілы, якія мае Расея, разоў у 10, а то і ў 20 меншыя, чым у СССР. Гэта настальгія. Так заўжды было ў гісторыі.

Трэба ўспомніць, як паміралі імперыі, Візантыя ці Рымская імперыя: не адразу, гэта быў працяглы працэс. У іх былі нейкія дробныя поспехі, яны маглі выйграць бітву, захапіць нейкі кавалак тэрыторыі. Але ўсё роўна працэсы ідуць на развал.

Тым больш, сітуацыя ў самой сённяшняй пуцінскай Расеі неспрыяльная. Паглядзіце, колькі там пратэстных настрояў. Зараз людзі вельмі абураныя. Ну вось захапілі Крым. Крым наш! Але жыццё то пагоршылася. Так па халеру ім той Крым, калі пенсіі меншыя, заробкі меншыя! Так што ў сённяшняй Расеі далёка не кожны падзяляе гэтыя імперскія памкненні.

Канешне, прапаганда моцная, але і антыпуцінскія настроі за гэтыя гады ўзраслі. Чаму? Таму што ўвяліся санкцыі з–за Крыма, жыццё рэзка ўпала. Канешне, людзі пачалі бунтаваць. Такіх пратэстаў не было ўжо гадоў 15, калі тысячы людзей выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне, ад Уладзівастока да Масквы і Пецярбурга.

Канешне, спробы захапіць Беларусь, ці нейкія іншыя кавалкі, былі, ёсць і будуць, пакуль у Маскве ёсць людзі, якія хочуць імперыю аднавіць. Але ўсё роўна гістарычны працэс паказвае, што гэта марныя спадзяванні. У адносінах з Украінай праект «Маларосіі» накрыўся венікам.

Ну захапілі яны Крым, але ніхто гэтага не прызнаў. І захоп Крыма нанёс такі ўдар па эканоміцы Расеі, якога ні адна лакальная вайна не нанесла. Страты ад Крыма каласальныя. Спадзяванне на адмену санкцый не спраўдзіліся. Трамп паказаў ім, як кажуць дулю і нават без кішэні. Яны на Трампа так маліліся, а што ён сказаў: «Вызваляйце Крым і выводзьце войскі з Данбасу і будзем сябраваць». І паехаў сабе ў Вашынгтон. І на гэтым усё скончылася.

Але, канешне, кожная краіна павінна ведаць, што калі да незалежнасці ставіцца абыякава, то страціць яе можна ў любы час. Ці думалі прыхільнікі Савецкага Саюза, што ён разваліцца без вайны? Хто б мог падумаць? А ён разваліўся. Ніхто з ім не ваяваў, а ён сам распаўся. Так што калі чалавек не думае пра незалежнасць, яна можа сама знікнуць без рэвалюцый, войнаў, знешніх чыннікаў Таму трэба ўвесь час думаць пра незалежнасць, быць патрыётам сваёй краіны, гаварыць на сваёй роднай мове, ведаць сваю гісторыю, культуру і любіць сябе, як незалежнага чалавека ў цэнтры Еўропы. Калі сам паважаеш сябе, то цябе будуць паважаюць і іншыя. Бяда беларусаў, што многія з нас самі сябе не паважаюць. І гэта самая страшная пагроза для незалежнасці – непавага да саміх.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]