Новыя таямніцы з жыцця беларускага першадрукара.
Каб зразумець,чым у 20-я гады XVI стагодзьдзя Вільня прывабіла славутага ў будучыні прафэсара мэдыцыны Базэльскага ўнівэрсытэта Філіпа Аўрэала Тэафраста Бомбаста фон Гогенгайма, больш вядомага як Парацэльс, трэба зразумець, якой у часы Скарыны была сталіца Вялікага Княства Літоўскага, піша svaboda.org.
Вільня часоў Скарыны
Горад быў падзелены на Рускую і Літоўскую паловы. Руская, або, на сучаснай мове, беларуская, займала ўсходнюю частку і была ў два разы большая за літоўскую, дзе жылі балты і палякі. У горадзе было 7 цэркваў рымскага закону і 14 цэркваў грэцкага закону. Дзьве траціны насельніцтва гораду складалі беларусы.
Горадам кіравала Рада ў складзе 24 радцаў і 12 бурмістраў. Магдэбурскае права, якое Вільня атрымала ў 1387 годзе, было нададзена «абодвум законам», таму адна палова радцаў і бурмістраў заўсёды належала да рымскага закону, а другая — да грэцкага. На практыцы горадам кіравалі два бурмістры і чатыры радцы, якія мяняліся. Судовая ўлада належала Лаве, якой кіраваў пажыцьцёва абіраны войт.
У горадзе былі Высокі і Нізкі замкі, Палац каралевы, Нямецкі і Маскоўскі дамы для купцоў, палацы членаў Паноў-рады і іншых магнатаў ВКЛ. Галоўнай вуліцай была Замкавая, якая пераходзіла ў Вялікую. На поўдні, захадзе і поўначы, дзе не было ракі, горад атачала мураваная сьцяна з чатырма вежамі-брамамі — Вілейскай, Троцкай, Рудніцкай і Вострай (Медніцкай). Троху пазьней сьцяну працягнулі і па беразе Вілейкі, пабудаваўшы пятую браму — Спаскую.
У горадзе існавала 20 рамесьніцкіх цэхаў. У Вільні жыў брат Скарыны Іван, які быў нашмат старэйшы за Францішка, яшчэ ў іх было дзьве сястры.
Пяць дактароў мэдыцыны ў адным горадзе!
Вільня ў 20-я гады XVI стагодзьдзя была перадавым у мэдычным сэнсе горадам. У тыя часы ў сталіцы ВКЛ працаваў выдатны беларускі лекар, доктар мэдыцыны і свабодных навук Марцін Душнік. Ён заснаваў першую ў Вільні бальніцу — шпіталь сьвятой Марыі Магдалены, які месьціўся ў спэцыяльна пабудаваным для гэтага будынку пад Замкавай гарой.
Агулам у той час у Вільні жыло пяць дактароў мэдыцыны. Гэта Францішак Скарына, Марцін Душнік, Мэндэль Франк, Ян Валентус і доктар Томас. Прафэсар Неміроўскі сьцьвярджае, што ніводзін з тагачасных польскіх, чэскіх або нямецкіх гарадоў ня мог пахваліцца такой колькасьцю дактароў мэдыцыны, якія б там жылі ў адзін час.
З гэтага робіцца зразумелым, чаму Вільня вабіла і іншых славутых мэдыкаў — тады былі папулярныя дыспуты паміж навукоўцамі.
З кім спрачаўся Парацэльс
Выдатны беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч першым у 80-я гады мінулага стагодзьдзя зьвярнуў увагу на той факт, што якраз у часы жыцьця Скарыны ў Вільні туды наведаўся і Парацэльс. Гэта адбылося паміж 1520 і 1525 гадамі.
Парацэльс падарожнічаў па многіх гарадах Эўропы, ён быў рэфарматарам мэдыцыны і актыўна заклікаў навуковую супольнасьць адмаўляцца ад старых догмаў. У канцы жыцьця Парацэльс напісаў мэмуары, у якіх ёсьць аповед і пра яго падарожжа ў Літву. Там Парацэльс прызнаецца, што падчас дыспуту ў Вільні зь мясцовымі дактарамі мэдыцыны ён пацярпеў сакрушальную паразу і быў выгнаны з гораду.
Дык вось Валянцін Грыцкевіч, а ўсьлед за ім і Яўген Неміроўскі лічаць, што Скарына ня мог ня браць удзелу ў тым дыспуце, бо наш асьветнік, як і іншыя дактары мэдыцыны, уваходзіў у гуманістычны гурток пры Віленскай курыі, якім кіраваў біскуп Ян. Толькі зь імі і мог спрачацца ў Вільні Парацэльс.