Нашчадкі Ігната Дамейкі правялі тыдзень у Беларусі, каб адзначыць 215-ю гадавіну з дня народзінаў свайго продка – нацыянальнага героя Чылі.
Журналісты svaboda.org аб’еехалі з імі мясьціны, дзе нарадзіўся і вырас Ігнат Дамейка, ды запісалі інтэрвію з кожным.
ПРАПРАЎНУЧКА ПАС ДАМЕЙКА, 80 ГОД, ДАСЬЛЕДЧЫЦА БІЯГРАФІІ ІГНАТА ДАМЕЙКІ, ЖЫВЕ Ў СЫДНЭІ, АЎСТРАЛІЯ
Апошнія 20 год Пас дасьледуе біяграфію свайго прадзеда — Ігната Дамейкі. У 2002 годзе яна выдала кнігу «Ігнат Дамейка: жыцьцё ў эміграцыі». Зараз працуе над кнігай пра ягоныя адкрыцьці ў Чылі.
«Я ня ведаю, ці ў мяне хопіць часу, бо я старэю», — кажа Пас.
Калі да ўлады ў Чылі прыйшоў Сальвадор Альендэ, Пас эмігравала ў Аўстралію разам са сваёй сям’ёй. З пачатку 1970-х яна жыве ў Сыднэі.
Сваім прадзедам яна не цікавілася, пакуль ня выйшла на пэнсію. Аднойчы прыехала ў Чылі наведаць сваякоў і захварэла. Пакуль ляжала ў ложку, прачытала кнігу «Мае падарожжы», якую даў ёй тата.
«Я палюбіла гэтую кнігу, перачытала яе, — кажа Пас. — Пасьля гэтага я пачала дасьледаваць ягонае жыцьцё. І потым вырашылася на падарожжа ў Беларусь. Я хацела наведаць зямлю маіх продкаў».
У 1999 годзе Пас прыехала ў Беларусь. Магчыма, яна стала першай з нашчадкаў Дамейкі, якія наведалі ягоную гістарычную радзіму ад ХІХ стагодзьдзя.
У 2002 годзе яна прыехала сюды ў другі раз. Гэтым разам каб адсьвяткаваць 200-годзьдзе народзінаў Ігната Дамейкі. Разам зь ёй было каля дзесяці сваякоў. За адзін дзень яны аб’ехалі мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём Дамейкі: Наваградчына, Дзятлаўшчына, ваколіцы Шчучына. Яны ехалі амаль тым самым маршрутам, што і сёлета. Але замест двух дзён мелі адзін.
«Мы выехалі а шостай раніцы зь Вільні, і вярнуліся туды а 3-й раніцы наступнага дня, — кажа Пас. — Гэта была самая цяжкая экскурсія ў маім жыцьці».
Ігнат Дамейка быў вельмі рэлігійным чалавекам. Такім ж застаюцца ягоныя нашчадкі. Усе яны маюць вялікія сем’і. Пас кажа, што сёньня па сьвеце жывуць сотні Дамейкаў, якія паходзяць ад Ігната.
«Гэтая постаць аб’ядноўнае нашую сям’ю, — кажа Пас. — Мы ўсе моцна любім Ігната, ганарымся ім».
На прэзэнтацыі беларускага перакладу сваёй кнігі ў Міністэрстве замежных справаў
Са сваёй першай паездкі ў 1999 годзе яна захапіла камень зь Мядзьвядкі — месца, дзе нарадзіўся Ігнат Дамейка.
«Камень ляжыць на маім працоўным стале, — кажа Пас. — Калі я пішу пра Ігната, гэты камень злучае мяне зь Беларусьсю».
Яшчэ адзін сувэнір з радзімы Дамейка яна прывязе дахаты сёлета. Каля сядзібы ў Жыбартоўшчыне яна знайшла абломак кафлі. Дамейка быў у Жыбартоўшчыне за пару гадоў перад сьмерцю — у канцы 1880-х гадоў. У той час тут жыла ягоная дачка і зяць. Ігнат прыехаў наведаць іх і пасяліўся ў тым самым пакоі, дзе жыў у час свайго юнацтва.
«Мы ня можам вымавіць назву гэтай вёскі і называем яе проста «Жыбо», — кажа Пас. — Зь ягоных успамінаў я ведаю, наколькі ён моцна любіў гэтае месца. Яно вельмі шмат для яго значыла».
Пас апантаная сваім прадзедам. Гады, якія яна правяла за дасьледаваньнем ягонай біяграфіі, называе самымі шчасьлівымі ў сваім жыцьці.
Пас у дзятлаўскім касьцёле, дзе быў Ігнат Дамейка
«Дамейка захоплівае цябе, — кажа Пас Дамейка. — Людзі, якія чытаюць пра ягонае жыцьцё, усе захапляюцца ім. Усё, чым я займаюся, дзеля Ігната, робіць мяне шчасьлівай».
ПРАПРАЎНУК МІГЕЛЬ ДАМЕЙКА, 63 ГАДЫ, ІТ-ІНЖЫНЭР, ЖЫВЕ Ў САНЬЦЬЯГА, ЧЫЛІ
Мігель нарадзіўся ў Аўстраліі, але ўжо даўно жыве ў Чылі. Працуе ІТ-інжынэрам на амэрыканскую кампанію. Распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для рэстарацый і фуд-тракаў.
Ягоная паездка ў Белаусь — першы выезд у Эўропу. Сястра Пас настаяла, каб ён паехаў у гэтую вандроўку.
«Гэта неверагодна, тут людзі любяць Ігната Дамейку, — кажа Мігель пра беларусаў. — Яны ведаюць пра Дамейку больш, чым у Чылі. А ён жыў там доўгі час».
Падчас экскурсіі ў Менску, Дамейкаў адвезьлі на вуліцу Ігната Дамейкі. Гэта кароткая вуліца — даўжынёй у 300 мэтраў — у прыватным сэктары на ўскраіне горада. У Саньцяга, кажа Мігель, ёсьць вуліца Дамейкі ў цэнтры горада, і яшчэ некалькі ў прыгарадах. А яшчэ цэлы горад, названы ў ягоны гонар і вульканічны ланцуг даўжынёй у 350 кілямэтраў.
У Чылі захаваўся дом, дзе жыў Ігнат Дамейка. А ў ім ягоны ўласны кабінэт, з працоўным сталом, мэбляй, кнігамі і інструмэнтамі. Там нічога не зьмянілася ад часоў Ігната Дамейкі. З пакаленьня ў пакаленьня сваякі даглядалі за домам і захоўвалі рэчы свайго продка.
Гэты дом разьмяшчаецца ў адным з найстарэйшых раёнаў Саньцьяга. Зусім нядаўна ўрад Чылі прапанаваў зрабіць у доме музэй, і будынку надалі статус нацыянальнага помніка.
Мігель кажа, што ягоны бацька быў апантаны Ігнатам Дамейкам, і распавядаў пра яго ўвесь час. Ён прывучыў Мігеля езьдзіць у Дамейкаў дом. І сёньня Мігель езьдзіць туды, каб сустрэцца са сваякамі.
«Некаторыя месцы ў Беларусі вельмі нагадваюць паўднёвае Чылі, — кажа Мігель. — Поўдзень Чылі вельмі зялёны».
Яго зьдзівіла, што Беларусь неверагодна бясьпечная краіна ў параўнаньні з Чылі. Па прыезьдзе яму сказалі, што ён можа знаходзіцца ў любы час і ў любым месцы пры гэтым будзе ў бясьпецы. У Чылі такое немагчыма ўявіць.
«Я публікую фота ў фэсбуку і ўсе сябры пытаюцца, што гэта за дзіўныя месцы», — кажа Мігель.
ПРАЎНУЧКА СЫЦЫЛІЯ ДАМЕЙКА, 71 ГОД, КІНАРЭЖЫСЭРКА, ЖЫВЕ Ў ВАШЫНГТОНЕ, ЗША
Усе дні ў Беларусі Сыцылія не выпускала з рук відэакамэру. Яна прафэсійная кінарэжысэрка. Але кіно пра падарожжа ў Беларусь здымае выключна для сям’і.
«Я бы не называла гэта дакумэнтальным фільмам, — кажа Сыцылія. — Гэта я проста раблю для нашай сям’і. Мы яшчэ не вярнуліся, а ўжо ўсе пытаюцца, калі я апублікую відэа. Ня ведаю, што атрымаецца ў выніку».
Сыцылія зьбіралася прыехаць у Беларусь у 2002 годзе разам зь іншымі Дамейкамі. Але ў той час яна працавала над дакумэнтальным фільмам у Афрыцы. Пераймалася, што не змагла прыехаць на радзіму прадзеда.
«Калі выдалася гэтая нагода, я сабе сказала: „Гэта мой шанец, каб паехаць“. У нас вельмі кранальная паездка. Шмат эмоцый».
У мясцовых людзях Сыцылія бачыць рысы, характэрныя для ейных сваякоў. Яна кажа, што сучасныя Дамейкі вельмі ганарацца сваім славянскім паходжаньнем.
«Шмат людзей тут выглядаюць, як мае сваякі. Я бачу тыя самыя рысы твару, — кажа Сыцылія. — Я адчуваю сувязь з гэтай зямлёй».
Як і для многіх Дамейкаў, прадзед Ігнат — прыклад для Сыцыліі. І яна абсалютна ня зьдзіўленая, што каталіцкі касьцёл Чылі зьбірае інфармацыю, каб бэатыфікаваць, а магчыма і кананізаваць Ігната Дамейку.
«Я думаю, яго могуць бэатыфікаваць, — кажа Сыцылія. — Ён з шэрагу людзей, якія былі правільнымі ва ўсім. Ён ня зь ліку «герояў», якія дома білі сваіх жонак, адмаўляліся ад дзяцей. Ён пражыў вельмі правільнае жыцьцё».
Па яе словах, гэта была ідэя папы Яна Паўла II, каб надаць сьвятасьць Дамейку. Зараз праходзіць першая стадыя бэатыфікацыі — збор інфармацыі пра Ігната Дамейку. Калі каталіцкі касьцёл пацьвердзіць, што ён вёў праведнае жыцьцё, Дамейка можа быць бэатыфікаваны. А калі будуць адбывацца цуды, яго могуць нават кананізаваць.
«Я бы вельмі ганарылася. Я думаю, ён гэтага заслугоўвае», — кажа Сыцылія.
Ігнат Дамейка шмат чаго зрабіў для Чылі. Ён быў сузаснавальнікам унівэрсытэта, правёў вадаправод у Санцьяга, заснаваў горную школу, зрабіў шмат геалагічных адкрыцьцяў. І хоць ён лічыцца нацянальным героем Чылі, і ў XIX, і ў XX стагодзьдзі да яго ставіліся з насьцярогай.
«Гэта быў час асьветы, калі людзі адварочваліся ад рэлігіі. І тое асяродзьдзе ня вельмі любіла яго, бо ён быў каталіком. Але пры гэтым ён быў вельмі разумным і шчырым. Настойлівым».
ПРАПРАЎНУК МІГЕЛЬ ЗАЎШКЕВІЧ ДАМЕЙКА, 63 ГАДЫ, ГОРНЫ ІНЖЫНЭР, ЖЫВЕ Ў САНЬЦЬЯГА, ЧЫЛІ
«У Чылі я Мігель, а ў Беларусі і Расеі я Міхаіл Андрэеевіч», — прадстаўляецца на добрай расейскай мове Мігель.
Ён адзіны з Дамейкаў, хто размаўляе па-расейску. Мігель быў спікерам сям’і на ўсіх афіцыйных прыёмах. З Дамейкаў паходзіць ягоная маці. Бацька Мігеля — Андрэй Міхайлавіч Заўшкевіч, прыехаў у Чылі з Савецкага Саюза, калі быў дзіцем.
Мігель — горны інжынэр у пятым калене. Усе ягоныя продкі па мужчынскай лініі былі горным інжынэрамі. У Чылі шмат гор і эканоміка дагэтуль залежыць ад экспарту карысных выкапняў. Найперш — медзі. Па колькасьці гэтага мэталу Чылі займае другое месца ў сьвеце.
«Раней у сям’і было шмат горных інжынэраў, але зараз я хіба адзіны», — кажа Мігель.
Мігелеў бацька паходзіць з Санкт-Пецярбургу. Але Мігель ведае, што прозьвішча Заўшкевіч — беларускае. Нават сам тлумачыць, што яно азначае: за ракой Уша.
«Я лічу, што гэта так, — кажа Мігель. — У мяне няма інфармацыі пра продкаў зь Беларусі. Але я буду шукаць».
У дадатак да расейскай мовы за час візыту ў Беларусь Мігель вывучыў некалькі фраз па-беларуску. На кожнай сустрэчы ён зьвяртаўся да публікі «землякі», а свае прамовы заканчваў словамі «вяліка дзякуй».
Раней Мігель часта прыяжджаў у Расею. Але ў Беларусі ён ніколі ня быў. Яго тут уразіла «прыгажосьць і спакой Менску». Ён кажа, што хацеў быў вярнуцца, каб знайсьці сваіх беларускіх продкаў па бацькавай лініі. А яшчэ падвучыць беларускую мову.
«Вітаю вас, землякі. Дзячым вам за гэты сардэчны прыём на радзіме», — зьвяртаўся ён да жыхароў Дзятлаўшчыны.
Мігель выступаў на навуковых канфэрэнцыях у Вільні і Менску. Тэма яго лекцыі «Чалавек навукі і чалавек веры». Большасьць Дамейкаў — вельмі рэлігійныя. Такім быў і Ігнат Дамейка.
«Ён быў шчыры каталік, і ў той жа час ён быў чалавекам навукі, — кажа Мігель. — Для свайго часу гэта было вельмі рэдкім, вельмі дзіўным. Ён змог аб’яднаць дзьве гэтыя рэчы».
Імя Ігната Дамейкі ёсьць у школьных падручніках у Чылі. У Нацыянальным музэі навукі ёсьць асобная частка, прысьвечаная Дамейку. Мігель кажа, што ў сям’і ганарацца продкам зь Беларусі. І дагэтуль многія называюць дзецей у гонар Ігната Дамейкі — «Ігнацыо».